Вы тут

Сям'я фатографаў праклала маршрут па беларускім «замежжы»


Аказалася, што ў нашай краіне існуюць некалькі дзясяткаў населеных пунктаў, якія маюць сваіх цёзак на сусветнай геаграфічнай карце. Каб іх праехаць усе, сям'і спатрэбіўся амаль тыдзень. Вынікам паездкі сталі сотні фотаздымкаў, частка якіх увайшла ў экспазіцыю выстаўкі, што днямі адкрылася ў Гродне.


Сяргей і Наталля Марозавы — прафесійныя фатографы, якія вельмі любяць вандраваць. Заўсёды падчас адпачынку выбіраюцца ў творчае падарожжа. Напрыклад, летась падарожнічалі па Грузіі, а перад гэтым здзейснілі вандроўку ажно на Алтай. Сёлета таксама меркавалі адправіцца за мяжу, але з-за пандэміі перагледзелі планы. Сталі шукаць «замежны» акцэнт у Беларусі. І ўбачылі, што на геаграфічнай карце нашай краіны нямала назваў, якія маюць вядомыя аналагі за мяжой. Не разважаючы доўга, узялі дзяцей і без усялякіх візаў адправіліся ў Літву, Манголію і нават у Палесціну.

— Па праўдзе, ідэя ажыццявіць такое падарожжа па Беларусі ў нас была даўно, — прызнаецца Сяргей Марозаў. — І вось нарэшце сёлета нам удалося здзейсніць свае планы і праехаць Беларусь уздоўж і ўпоперак у пошуках населеных пунктаў з замежнымі назвамі. Дарэчы, некаторыя з іх нават не маюць шыльдаў, але мы ўсё роўна іх знайшлі.

Многія мясціны, такія, як Парыж, Балі, Малі даволі часта на слыху, але аказалася, што ў Беларусі нямала назваў, якія не так вядомы. Напрыклад, Каўказ, Дублін, Місуры, Дубай.

— Я адкрыў спіс населеных пуктаў Беларусі, і аказалася, што ён няпоўны. Яшчэ штосьці знаходзілі падчас вандроўкі. Калі потым падсумавалі, аказалася, што такіх «замежных» аналагаў больш за трыццаць. Гэта і аграгарадкі і маленькія вёсачкі. Быў складзены маршрут працягласцю 3,5 тысячы кіламетраў. Наша падарожжа заняло шэсць дзён, — расказаў суразмоўнік.

Большасць вёсак аказаліся зусім маленькія. Напрыклад, у Балі можна налічыць да дзясятка дамоў, з якіх палова ўжо нежылыя. Ці Манголія, дзе зараз, па словах Сяргея, можа, адзін-два дамы заселены, яшчэ адзін пусты. Калі глядзець зверху, бачна, што вёска раней была вялікая, але цяпер там поле.

Сяргей — прафесійны фатограф, дацэнт кафедры журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, мае сваю ўласную фоташколу. Намінант і лаўрэат многіх рэспубліканскіх і міжнародных фотаконкурсаў, член фотаклуба «Гродна». Аўтар 50 персанальных выставак у Беларусі, Літве, Расіі. Ён лічыць, што сапраўдны здымак павінен быць «жывы», ён павінен адлюстроўваць альбо выклікаць эмоцыі.

Са сваёй жонкай Наталляй пазнаёміўся менавіта на глебе агульных інтарэсаў. Цяпер ствараюць сумесныя творчыя праекты. «Геаграфічны парадокс» — адзін з іх.

Вось на здымку знакаміты Парыж, які знаходзіцца ў Віцебскай вобласці. Аб ім нямала напісана, бо тут нават стаіць Эйфелева вежа ў мініяцюры. Гэта ініцыятыва мясцовага святара, таму вежа ўвянчаная крыжам. На краме вялікая шыльда з надпісам «Парыж». Ёсць здымкі з Косава, Палесціны, Сахаліна, Новай Зямлі, што знаходзіцца на мяжы з Расіяй. Ёсць нават Місуры, што незвычайна для нашых мясцін. А вось населеных пунктаў з назвай Беларусь вандроўнікі сустрэлі нават два — у Мінскай і Віцебскай абласцях.

«Замежныя» назвы — не адзінае, што захапіла Марозавых. Напрыклад, у Наталлі быў свой творчы багаж з цікавымі назвамі. Сюды ўвайшлі планеты Сонечнай сістэмы, такія як Марс, Юпітэр, Нептун, Венера. Ёсць у яе здымкі з Рая. І сапраўды, у вёсцы знайшлі дамы з даволі экзатычным выглядам, здаецца, што бабуля, якая сядзіць на лаўцы, знаходзіцца ў такім вось райскім куточку.

— З тых жыхароў, што сустракаліся падчас вандроўкі, мала хто мог растлумачыць, адкуль з'явілася тая ці іншая назва, — кажа Наталля. — Але ёсць меркаванне, што мясцовыя ўладары некаторых сядзібаў захапляліся рымскай міфалогіяй, адсюль і назвы вёсак-планет. Прычым, Марсы нават два.

У свой маршрут Марозавы ўключылі і Харошае, і Глыбокае, і Горы, і Канаву, і Новае Жыццё, і Радасць... Усяго ў маршруце аказалася каля 70 населеных пунктаў. Каб здзейсніць задумку, прыйшлося ў дзень праехаць больш за 10 вёсак і аграгарадкоў. Многія здымкі зроблены з вышыні птушынага палёту. У гэты час наваколле асабліва прыгожае, таму здымкі-пейзажы выглядаюць даволі маляўніча. Трапляюцца і вельмі цікавыя аб'екты, напрыклад, возера амаль круглай формы. І ў цэнтры такі ж круглы востраў.

А вось што ўспамінаецца без энтузіязму, дык гэта дарогі. Даволі працяглыя ўчасткі аказваліся гравійнымі ці нават пясчанымі. Бывала, што такі ўчастак цягнецца на 30—40 кіламетраў. Таксама не ўсюды ўдавалася смачна паесці — мясцовыя кафэ не маглі прапанаваць разнастайны асартымент. Пры ўсім пры тым, падарожжам Марозавы задаволеныя. Па-першае, удалося больш дасканала паглядзець беларускія прасторы, па-другое, зрабіць здымкі населеных пунктаў з цікавымі і «замежнымі» назвамі. А многія, на жаль, знікаюць...

Па словах арганізатара выстаўкі, старшыні фотаклуба «Гродна» Аляксандра Ласмінскага, аўтары паказалі Беларусь у незвычайным ракурсе. Гэта новая тэма і ў турыстычным кірунку, бо такога цэласнага маршруту пакуль няма. А чаму б не праехаць па дарозе з «геаграфічнымі парадоксамі»?

— Аказалася, што вядомая частка замежжа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Пакуль гэта толькі фотападарожжа, але, на маю думку, знойдзецца нямала ахвотнікаў праехаць па турыстычным маршруце, які б прывёў і ў Парыж, і ў Дубай, пабываць на Каўказе, Сахаліне, у Манголіі, апынуцца на Марсе ці Венеры, — упэнены старшыня фотаклуба. — Вядома мала арганізаваць проста турыстычны маршрут, трэба прыдаць гэтым населеным пунктам адпаведны змест. Таму што для турыста важна не толькі назва, але і магчымасць нешта ўбачыць, скарыстацца турыстычнай інфраструктурай. Гэта той рэзерв нашага турыстычнага патэнцыялу, які пакуль ніяк не выкарыстоўваецца.

Па словах Аляксандра Ласмінскага, трэба ствараць больш умоў для папулярызацыі нашай краіны прафесійнымі фатографамі. Напрыклад, у Польшчы часта праводзяцца спецыяльныя фотапленэры, прычым міжнародныя, устаноўлены пляцоўкі, якія адкрываюць маляўнічыя краявіды. Адтуль могуць рабіць здымкі як звычайныя турысты, так і прафесійныя фатографы. Усё гэта працуе на імідж краіны, сцвярджае старшыня фотаклуба і журналіст. Дарэчы Сяргей Марозаў плануе наступны свой праект прысвяціць замкам Беларусі, прычым тым, якія пакуль не вельмі вядомыя і патрабуюць рэканструкцыі. Большасць здымкаў, як і ў праекце «геаграфічнага парадоксу», будзе зроблена з дапамогай квадракоптара.

Маргарыта Ушкевіч

Фота дадзена Сяргеем Марозавым

Загаловак у газеце: І Балі, і Малі, і Новая Зямля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».