Вы тут

Палёт над кавалкам падлогі. Дзе раскоша, а дзе неабходнасць для жыхароў?


Некалькі гадоў таму ў нашым пад'ездзе на першым паверсе правалілася падлога. Менавіта ў тым месцы, дзе ўсе, увайшоўшы ў дзверы з вуліцы, ступаюць у калідор. З прыступачкі людзі рабілі крок уніз — і... Ступаючы ў адно і тое ж месца ўвесь час, фактычна працёрлі дзірку. ДСП — ненадзейны матэрыял, а дому ўжо больш за 40 гадоў. І калі хто не ведаў аб праваленым месцы, мог і паляцець незнарок, свае і то часам забывалі і спатыкаліся. Неўзабаве праблему дзіркі ў падлозе калідора вырашылі: на старую ДСП наставілі латачку. Жыхары пад'езда тады яшчэ разважалі: вядома, часовы варыянт, бо чакаем жа капрамонту, дом 1975 года. Так і жылі.


У жніўні мінулага года капрамонт-такі пачаўся. А ў студзені 2020 рамонтнікі ТАА «Бытбудрамонт» з'ехалі са двара. І пакінулі жыхароў другога пад'езда дома № 2 па вуліцы Матусевіча ў Мінску ў збянтэжанасці.

У прыватнасці, напрыканцы рамонту паклалі плітку на частку калідора каля ліфта. На тую частку, дзе да таго з падлогай усё было ў парадку, мала таго, там ляжаў лінолеум, які да рамонту быў у прыстойным стане. Але пры капрамонце пакінулі без увагі якраз тую частку калідора, дзе былі праблемы. Менавіта тут праходзіць асноўны паток наведвальнікаў пад'езда. Тут з двара ўваходзяць мала таго, што ўсе жыхары пад'езда, але яшчэ і тыя, хто ў доме не жыве, у прыватнасці, паштальёны ды супрацоўнікі розных службаў, што кідаюць аб'явы ў паштовыя скрыні, якія вісяць менавіта тут над падлогай.

Гэта галоўная частка калідора ў вуглавым пад'ездзе 9-павярховага дома. Менавіта таму, што вуглавы, калідор сапраўды не маленькі, складаецца з некалькіх частак. «Але ж і кватэр у нашым пад'ездзе больш, чым у іншых у гэтым доме, значыць, адлічэнняў на капрамонт было больш», — разважалі жыхары, аглядаючы вынікі дзіўнай работы: пры ўваходзе з дзвярэй частка калідорчыка выкладзена пліткай, а далей — на прыступку ўніз ідзе старая падлога са шчылінамі і латкамі. Прычым, верх прыступкі абкладзены, а па баках яна проста абмазаная цэментам. Тыя, каму трэба да ліфта, праходзяць праз гэтую дсп-шную падлогу, каб зноў патрапіць у цывільную зону, дзе ляжыць плітка. Сапраўды, не лагічна.

Мала таго, яшчэ адно пытанне засталося пасля капрамонту: у іншых пад'ездах таго ж дома (за выключэннем двух) прыступкі з вуліцы абсталявалі з'ездамі для калясак, што адпавядае патрабаванням часу ў арганізацыі безбар'ернага асяроддя. А тут — нічога падобнага. Да пад'езда № 2 вядзе лесвіца з найбольшай колькасцю прыступак, даволі высокая. І гэтая лесвіца напраўду вузейшая, чым у іншых пад'ездах. Дом стары, і тут жыве шмат немаладых людзей, і чамусьці не пашчасціла менавіта самаму высокаму пад'езду. Але ж ёсць куды пашырыць, прыкідвалі мужчыны. Капрамонт жа прадугледжвае паляпшэнне недасканалых канструкцый, ці не?..

А калі пытанні застаюцца, то трэба іх некаму задаць.

Зварот быў накіраваны ў «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама» ў лютым гэтага года.

Праз некалькі тыдняў, 11 сакавіка, адказ прыйшоў за подпісам першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска Д. С. Драпея. У ім, у прыватнасці, дадзена спасылка на загад Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі № 5 ад 04.02.2015 года, які мае назву «Аб некаторых пытаннях правядзення бягучага рамонту жыллёвага фонду». У прыватнасці, там сказана: што «ў жылых дамах, уключаных у перспектыўныя праграмы капітальнага рамонту, работы па бягучым рамонце пад'ездаў не ўключаюцца ў гадавыя планы бягучага рамонту жыллёвага фонду, а праводзяцца пры капітальным рамонце такіх дамоў за кошт сродкаў спажыўцоў». І далей невялікае ўдакладненне: «...аб'ёмы неабходных работ па рамонце пад'ездаў не ўключаюцца ў склад праектнай дакументацыі на капітальны рамонт дома».

Праўда, паабяцалі, што пытанне ўкладкі пліткі будзе разгледжана ў ходзе правядзення бягучага рамонту пад'ездаў жылога дома.

Па другім пытанні больш катэгарычна: «У жылым доме № 21 па вул. Матусевіча праводзіўся капітальны рамонт без мадэрнізацыі. А работы па пашырэнні лесвіцы адносяцца да работ па мадэрнізацыі». Паводле адказу, выканаць работы па ўсталяванні пандуса і з'езда для калясак немагчыма з-за будаўнічай асаблівасці пад'езда і небяспекі загрувашчвання шляхоў эвакуацыі пры пажары. Лесвіца сапраўды вузкая паводле забудовы. Але ж і ў такім выглядзе яна наўрад ці дапаможа належнай эвакуацыі пры пажары. Ці нельга яе хоць бы пашырыць на крайні ўзровень апорнай сцяны? Наогул пытанне мадэрнізацыі — гэта пытанне інжынернай думкі. Але заставалася паціснуць плячыма...

Чарговая вестачка (за 1.07.2020) з адміністрацыі Фрунзенскага раёна зноў абудзіла думкі: на дошцы інфармавання будуць тлумачэнні нормаў заканадаўства ў частцы выканання рамонтных работ «дадатковых памяшканняў пад'езда ўласнымі сіламі», то-бок за сродкі жыхароў. А «Жыллёвая камунальная гаспадарка № 2 Фрунзенскага раёна г. Мінска» дапаможа з закупкай матэрыялаў і выбарам падраднай арганізацыі на выкананне работы.

Гэта выдатна, што звароты застаюцца на кантролі ў чыноўнікаў, што іх выкананне адсочваюць. Гэта цудоўна, што ў адказ гатовыя даваць тлумачэнні са спасылкамі на нормы і правілы, прынятыя ў гэтай сферы. Вось толькі часам яны здаюцца дзіўнаватымі — калі бачыш, што зроблена за час капрамонту, а што тут жа пабач выглядае недаробкай. Чаму адна частка падлогі трапляе пад нормы капрамонту, а другая ў гэтым жа доме — не? Прычым, прыступка гэтай жа часткі калідора можа быць адбудавана, а яго асноўная частка — не?.. У чым логіка? Гэтая недарэчнасць выклікае ўсмешку нават у дзяцей. А дарослыя збянтэжаныя: ім прапануюць заплаціць яшчэ за рамонт «дадатковага памяшкання». Мала таго, што на пандусе лесвіцы сэканомілі ў тым пад'ездзе, дзе самая вялікая колькасць кватэр, — маглі б ужо і нешта для людзей зрабіць на кампенсацыю (паводле чалавечай логікі). Ды і галоўны калідор, без якога не было б пад'езда наогул (бо ніхто не змог бы патрапіць у кватэры, не прайшоўшы па ім) наўрад ці хтосьці лічыць «дадатковым памяшканнем» дома.

Тым больш што справа не датычыцца касметычнага рамонту ўсяго пад'езда, афарбоўкі сцен і г. д. (гэта ў пад'ездзе рабілі гадоў сем таму). Аказалася — сцены ды лесвічныя парэнчы могуць фарбаваць у планавым парадку час ад часу. А калі трэба ўмацаваць хісткую старую падлогу агульнага калідора — гэта не ўпісваецца ў нормы ні бягучага рамонту, ні капітальнага?! Канструкцыя падлогі з ДСП — нетыповая для калідораў першага паверха пад'езда, больш трывалы варынт той жа звычайны бетон. І тады сапраўды ўсе нарматывы зразумелыя. Але, напэўна ж, бываюць выпадкі, калі патрэбныя больш гнуткія падыходы. Нездарма ж у нас удасканальваюцца час ад часу нарматыўныя акты і нават законы — пад рэчаіснасць.

Калідор, праз які ідзе ўвесь паток людзей — гэта, трэба думаць, нешта надта эксклюзіўнае, нейкая раскоша? Ці не таму яго могуць рабіць толькі за дадатковую плату, якую трэба ўзяць з людзей, якія мелі спадзеў на капрамонт? Мелі спадзеў менавіта таму, што гэта ўсё ж падлога першага пад'езда, якая з'яўляецца сістэмнай (а ніяк не дадатковай!) часткай любога дома. Наогул, няма трывалай падлогі — не будзеш жыць ні ў доме, ні ў кватэры.

А што, было ж такое, што абыходзіліся наогул без яе, чаго ўжо там, — у першабытныя часы якая была падлога ў пячорах, але ж людзі выжылі...

Аднак цывілізацыя ўсё ж прапануе больш клопату пра чалавека. І вельмі хацелася б, каб усе захады па клопаце былі лагічнымі і паслядоўнымі, каб чалавек мог трывала адчуваць сябе на зямлі. Але пакуль кожны раз, праходзячы праз калідор, так і згадваеш знакамітае: «Чаму людзі не лётаюць як птушкі?»

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».