Вы тут

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi


Пра спартсменаў з абмежаванымi магчымасцямi гавораць не так часта, як хацелася б. А мiж тым у iх ёсць чаму павучыцца — мужнасцi, сiле духу i ўменню дасягаць сваiх мэт.

Пандэмiя каранавiруса i яе наступствы ўнеслi карэктывы не толькi ў алiмпiйскi, але i ў паралiмпiйскi рух. XVI Паралiмпiйскiя летнiя гульнi пройдуць у Токiа з 24 жнiўня да 5 верасня 2021 года. Як беларусы рыхтуюцца да галоўных стартаў i як развiваецца паралiмпiйскi рух, расказаў генеральны сакратар Паралiмпiйскага нацыянальнага камiтэта Рэспублiкi Беларусь Мiкалай Шудзейка.


Перанос паралiмпiяды на год Мiкалай Мiкалаевiч лiчыць разумным рашэннем. «Вучэбна-трэнiровачны працэс не спыняўся. Асаблiвай панiкi нi ў кога не было, хiба што лёгкае пачуцце прыкрасцi. Але работу нiхто не спыняў. Трэнеры хутка адкарэктавалi графiк, адаптавалi яго пад сiтуацыю. Усе спартсмены спакойна ўспрынялi новыя ўмовы. Жыццё на гэтым не заканчваецца».

Паралiмпiйцы аказаліся ў выгадным становiшчы. У некаторых вiдах спорту адбываецца змена пакаленняў. Квалiфiкацыйны перыяд на паралiмпiяду яшчэ не скончаны, i ў моладзi ёсць час выступiць на турнiрах, набраць рэйтынгавыя балы i адабрацца на гульнi. Верагодна, налета беларуская паралiмпiйская каманда папоўнiцца моцнымi спартсменамi.

Вялiкiя надзеi

Пакуль паралiмпiйцы заваявалi 10 лiцэнзiй у Токiа, адна з iх у лёгкай атлетыцы. Дзевяць лiцэнзiй зарабiлi плыўцы: сем мужчынскiх i дзве жаночыя. У планах — атрымаць пуцёўкi на паралiмпiйскiя спаборнiцтвы па дзюдо, фехтаваннi, веславаннi на байдарках i каноэ, акадэмiчным веславаннi. У 2021 годзе ў праграму Паралiмпiйскiх гульняў дададуцца бадмiнтон i тхэквандо. У Брэсце сфармiравалася добрая школа тхэквандо, i ў беларусаў ёсць усе шанцы раздзялiць паралiмпiйскi дэбют гэтага вiду спорту.

Вялiкiя надзеi кiраўнiцтва Паралiмпiйскага камiтэта ўскладае на лiцэнзii ў тэнiсе на iнвалiдных калясках: «Каляндар дазваляе выступаць на спаборнiцтвах i набiраць балы для лiцэнзii. Калi не атрымаецца зарабiць лiцэнзiю, то wild card (асаблiвае запрашэнне на спаборнiцтва для спартсмена, якi не прайшоў квалiфiкацыю. — «Зв.») у нас дакладна павiнна быць».

Сярод безыменных лiцэнзiй у плаваннi ёсць i iмянное запрашэнне. Арганiзатары паралiмпiяды запрашаюць Аляксея Талая паспаборнiчаць за тытул паралiмпiйскага чэмпiёна. Аляксей — спартсмен без рук i ног, якi стаў зоркай мiжнародных спаборнiцтваў. «Лёша выступае ў цяжкiм класе, дзе мала спартсменаў. I каб спаборнiцтвы адбылiся, патрэбна пэўная колькасць удзельнiкаў. Вось арганiзатары яго персанальна i запрашаюць. Я ўпэўнены, што характар змагара i жыццёвы стрыжань дапамогуць яму падрыхтавацца i годна выступiць на паралiмпiядзе», — адзначыў Мiкалай Шудзейка.

На Паралiмпiйскiх гульнях у Лондане, а потым у Рыа сапраўдны фурор здзейснiў сцiплы беларускi хлопец Iгар Бокiй. У 2012 годзе ён заваяваў пяць залатых медалёў, у 2016 — шэсць залатых i адзiн бронзавы. У Токiа ў 11-разовы паралiмпiйскi чэмпiён па плаваннi можа калi не пераўзысцi, то паўтарыць свой поспех. «Iгар — унiкум. Спецыялiсты адзначаюць, што ён валодае асаблiвай плывучасцю. Бог даў яму вялiкi талент, а Iгар любiць ды ўмее працаваць, каб пастаянна ўдасканальваць свае навыкi. Мы шчыра верым, што ў Токiа ён зноў заваюе россып узнагарод», — кажа генеральны сакратар Паралiмпiйскага камiтэта.

Сакрэт майстэрства

Усяго ў спiсах нацыянальных i зборных камандаў Беларусi 88 топавых спартсменаў-паралiмпiйцаў. Дзякуючы новым методыкам падрыхтоўкi, развiццю фармакалогii i медыцыны ўзровень спартыўнага майстэрства ў свеце значна ўзрос, адпаведна, вырасла i канкурэнцыя. Але беларусы не адстаюць. «Нам вельмi дапамагаюць Мiнiстэрства спорту i турызму, спартыўныя федэрацыi. Асобны дзякуй рэгiянальным адмiнiстрацыям, якiя падтрымлiваюць сваiх землякоў паралiмпiйцаў».

Шмат залежыць i ад трэнераў, якiя працуюць са спартсменамi. Мiкалай Шудзейка кажа, што сакрэт поспеху паралiмпiйскага руху ў Беларусi — у сiмбiёзе ўзросту, вопыту i маладосцi: «Настасся Шляпцова — малады трэнер па тэнiсе на — iнвалiдных калясках. Сама ў мiнулым спартсменка, але, вiдаць, вырашыла, што другой Вiкторыяй Азаранка ёй не стаць, i пераключылася на трэнерскую работу. У яе асаблiвы дар прыцягваць да сябе людзей. I яна гарыць сваёй справай. Генадзь Вiшнякоў, трэнер Iгара Бокiя, — скарбнiца ведаў. Ён захапiўся падрыхтоўкай рэзерву, актыўна працуе з моладдзю. Сабраў каманду маладых таленавiтых спецыялiстаў. У кожнага з iх ёсць свая група спартсменаў, i мы ўжо назiраем канкурэнцыю. А здаровая канкурэнцыя ў спорце матывуе i рухае наперад».

Мастацтва трэнера, якi працуе з людзьмi з асаблiвасцямi здароўя, заключаецца i ў тым, каб фiзiчныя нагрузкi не прыносiлi шкоду арганiзму. У штаце нацыянальнай паралiмпiйскай каманды — 10 заслужаных трэнераў Рэспублiкi Беларусь. Спартсмены кожны сезон праходзяць дэталёвае медыцынскае абследаванне, з iмi пастаянна працуе ўрач. Гэта дапамагае павышэнню спартыўнага майстэрства i паляпшэнню вынiкаў.

Спорт як лад жыцця

Мiкалай Шудзейка лiчыць, што спорт неабходны iнвалiдам: «Гэта цудоўны спосаб самарэалiзацыi. Чалавек мае магчымасць убачыць свет, завесцi новых сяброў, атрымаць прызнанне. Ён разумее, што грамадства па заслугах ацэньвае яго працу. Чалавек адчувае сябе патрэбным».

Для развiцця спорту неабходны рэзерв. Суразмоўнік называе гэтае пытанне балючай тэмай. Але работа ў такiм кiрунку вядзецца. Добры трэнд у сацыяльнай палiтыцы — школы iнклюзiўнай адукацыi. У Мiнску пяць такiх школ, дзе вучацца дзецi з iнвалiднасцю. «У сталiчнай школе № 12 мы стварылi музей паралiмпiйскай славы, рэгулярна праводзiм там мерапрыемствы, — расказвае Мiкалай Мiкалаевiч. — Нацыянальны паралiмпiйскi камiтэт падтрымлiвае цесныя сувязi са спецыялiзаванымi школамi для дзяцей з парушэннямi слыху i зроку. Такiя школы ёсць у Маладзечне, Шклове, Васiлевiчах, Жабiнцы і Гродне — у кожнай вобласцi, акрамя Вiцебскай. У маладзечанскай школе асноўны спорт — лёгкая атлетыка. Там працуе галоўны трэнер нацыянальнай каманды Iгар Фартуноў. З розных гарадоў туды прыехалi лёгкаатлеты. Выдатная група атрымалася, дзеткi растуць i развiваюцца на вачах. Праўда, часам вялiкая праблема — пераканаць бацькоў «адарваць» крывiначку ад дому i адпусцiць у iншы горад».

Часта спартсмены, сутыкнуўшыся з пагаршэннем здароўя, не хочуць развiтвацца са спортам i пераходзяць у разрад паралiмпiйцаў. Дарэчы, у такой сiтуацыi ў 14 гадоў аказаўся Iгар Бокiй. Нацыянальны паралiмпiйскi камiтэт рады дапамагчы ўсiм, калi ў спартсмена няма агульных медыцынскiх супрацьпаказанняў. Але i гатовых спартсменаў трэба падрыхтаваць да новых правiлаў. Па словах Мiкалая Мiкалаевiча, работы шмат, але яно таго варта.

Тое, што важна

Развiццё паралiмпiйскага спорту робiць вiдавочнай важную праблему — стварэнне безбар'ернага асяроддзя. «Гэта адно з самых актуальных пытанняў у нашай рабоце. Выязджаючы на спаборнiцтвы, атрымлiваем дзяржаўную задачу — прывезцi як мага больш iнфармацыi пра безбар'ернае асяроддзе ў iншых краiнах. Уважлiва за гэтым назiраем, прывозiм фота, буклеты, усяляк пераймаем вопыт. I пацiху ў нас усё змяняецца. Элементарны прыклад — практычна ўсюды ёсць жоўтая рыфлёная плiтка для невідушчых людзей. Новыя станцыi метро маюць лiфты i пад'ёмныя прылады. Сучасныя спартыўныя аб'екты на 100 % адаптаваныя пад патрэбы iнвалiдаў. Калi рэканструявалi стадыён «Дынама», усё безбар'ернае асяроддзе ўзгаднялi з намi. Стадыён у гэтым плане вельмi добры. Басейн i лёгкаатлетычны манеж БДУФК — выдатны прыклад, мы там часта спаборнiцтвы праводзiм. Вяслярны канал у Брэсце — узор па стварэннi безбар'ернага асяроддзя. На шчасце, наша грамадства разумее, што ёсць людзi з асаблiвымi патрэбамi, якiм трэба стварыць умовы».

Паралiмпiйцы — унiкальныя людзi. Гэта тлумачыцца не толькi тым, як яны спраўляюцца з нягодамi, але i тым, як доўга яны гэта робяць. Тамара Сiвакова, пяцiразовая паралiмпiйская чэмпiёнка па лёгкай атлетыцы, якая дагэтуль выступае, 16 жнiўня адзначыць свой 55-гадовы юбiлей. Лыжнiку i бiятланiсту Дзмiтрыю Лобану 39 гадоў, лёгкаатлету Юрыю Бучкову — 49. Найстарэйшая з членаў нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы — 36-гадовая Ганна Канюк. Нядаўна скончыла кар'еру 52-гадовая лыжнiца i бiятланiстка Ядвiга Скорабагатая. «Гэтыя людзi салiднага ўзросту застаюцца канкурэнтаздольнымi. Усё залежыць ад чалавека. Калi ён настроены сур'ёзна i робiць усё для дасягнення мэты, ён доўга будзе наверсе. У нас ёсць усе ўмовы для развiцця, i мы падтрымлiваем кожнага свайго спартсмена», — адзначае Мiкалай Шудзейка.

На шляху да новых дасягненняў

Пра тое, што Нацыянальны паралiмпiйскi камiтэт рады кожнаму спартсмену, сведчыць i вялiкая колькасць ахвотных змянiць спартыўнае грамадзянства на беларускае. Да беларускiх паралiмпiйцаў далучылася расiйская дзюдаiстка Алена Багданава з татальнай слепатой. На Паралiмпiйскiх гульнях у яе вагавай катэгорыi, 57 кiлаграмаў, павiнна быць дзве цалкам сляпыя ўдзельнiцы. У сусветным рэйтынгу Алена займае другi радок. Гэта гарантуе ёй пуцёўку ў Токiа. Ёсць i адваротныя прыклады. Беларусы Раман Макараў, Сяргей Пунько, Аляксандр Давiдовiч выступаюць пад расiйскiм сцягам. Браты Дзмiтрый i Раман Салеi з'ехалi ў Азербайджан, праўда, паралiмпiйскi чэмпiён па плаваннi Дзмiтрый Салей вярнуўся на радзiму i зноў выступае за Беларусь.

Пакуль Паралiмпiйскiя гульнi знаходзяцца ў ценю галоўнай падзеi свету — Алiмпiйскiх гульняў. Узнiкае пытанне аб справядлiвасцi. Але Мiкалай Шудзейка настроены аптымiстычна: «Мы бачым, як змянiлася стаўленне грамадства да iнвалiдаў. I ў гэтым ёсць заслуга нашых спартсменаў. Спадзяюся, на будучых Паралiмпiйскiх гульнях наша каманда зноў гэта дакажа».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота дадзена Нацыянальным паралiмпiйскiм камiтэтам

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.