Вы тут

У Магілёве абмеркавалі праблему захавання старадаўніх помнікаў


Старадаўнія могілкі, упрыгожаныя бронзавымі скульптурамі і літымі металічнымі надмагіллямі, не раз станавіліся прадметам спажывы. Толькі сёлета ў Магілёве былі знішчаны некалькі надмагілляў, сярод якіх пліта чыгуннага ліцця Рыгора Грум-Гржымайлы — граданачальніка Магілёва пачатку ХІХ стагоддзя, дзеда і поўнага цёзкі знакамітага даследчыка Цянь-Шаня і Паміра («Звязда» пісала пра гэта ў нумары ад 25 чэрвеня). На жаль, у краіне не існуе адзінага алгарытму, як абараніць старадаўнія помнікі. І ў Магілёве вырашылі заняцца гэтым пытаннем на лакальным узроўні. Дэпутат Магілёўскага гарсавета Галіна Бяляева і дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў выступілі арганізатарамі круглага стала, прысвечанага набалелай тэме. У абмеркаванні праблемы ўзялі ўдзел дэпутат Магілёўскага гарсавета Раман Крывашэеў, член міжнароднага грамадскага аб'яднання «Экапраект» Віктар Кірэеў, прадстаўнік яўрэйскай суполкі Аляксандр Ліцін, старшы інспектар упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Наталля Ігнаццева, прадстаўнікі Магілёўскай епархіі Таццяна Барысенка і Марына Кальчыба, скульптар Андрэй Вараб'ёў.


Некропаль пад пагрозай

Рыгор Грум-Гржымайла, немаўля Аляксандр Пушкін, Алена Герасімава — іх надмагіллі, якія ўяўлялі сабой своеасаблівы твор пахавальнага мастацтва канца ХІХ стагоддзя, зніклі з Машэкаўскіх могілак бясследна. Убачыць іх цяпер можна толькі на здымках. Злачынцы разбурылі іх на дробныя кавалкі, а потым здалі ў металалом. Зусім нядаўна на яўрэйскіх могілках злачынцы знішчылі надмагілле прадстаўніка знакамітай яўрэйскай дынастыі Рашы Натанавіча Лур'е, памерлага ў 1895 годзе. Яго продкі вядомыя сваімі дасягненнямі ў гісторыі, эканоміцы, медыцыне на працягу, як мінімум, апошніх 250 гадоў. Помнік лічыўся ўнікальным, падобнага яму не было ва ўсёй Беларусі.

Затрымалі вінаватых выпадкова. Якраз дзякуючы таму, што магілёўскія гісторыкі і музейшчыкі своечасова забілі трывогу: у адным з магілёўскіх металапрыёмнікаў міліцыя знайшла разбіты, але пазнавальны крыж Алены Герасімавай. На ім захаваліся даты яе жыцця.

Між тым спецыялісты занепакоены, што старадаўнія помнікі і далей будуць заставацца прадметам лёгкай нажывы. Пад пагрозай надмагіллі знакамітага роду Гартынскіх, тых самых, якія атрымалі дваранства ад польскага караля Яна Казіміра яшчэ ў 1661 годзе і ў Расійскай імперыі былі ўраўнаваны ў правах з імперскімі каранаванымі асобамі. Іх надмагільныя пліты ўпрыгожвае радавы герб са шчытом, мячом і каралеўскай каронай. Па ацэнцы гісторыкаў, у Магілёве засталося ўсяго некалькі дзясяткаў надмагілляў, якія з'яўляюцца ўнікальным сведчаннем той эпохі, калі яны былі створаны.

Беспакаранасць параджае нахабнасць

Выклікае заклапочанасць безабароннасць старадаўніх надмагілляў. Як захаваць помнікі ад замаху тых, хто бачаць у іх толькі прадмет лёгкай нажывы?

— Для рытуальнай службы няма ніякай розніцы, старадаўні помнік гэта або не — яны за гэта не нясуць ніякай адказнасці, — адзначае Аляксей Бацюкоў. — Пераследаваць злачынцу па законе можна толькі тады, калі помнік мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці або ёсць заява ад родных. Толькі тады наступае крымінальная адказнасць. У іншым выпадку — шкода ацэньваецца ў памеры штрафу да 10 базавых велічынь. Даказаць, што ў металалом здадзена каштоўнае надмагілле, а не лом — немагчыма.

— Міліцыя зацікаўлена прыцягнуць да адказнасці злачынцу, — кажа дэпутат Магілёўскага гарсавета Галіна Бяляева. — Складанасць у тым, што мы марнуем час на пошук нашчадкаў. І калі атрымліваецца, што ўласнікаў надмагілля няма, пакараць злачынцаў ужо немагчыма. Трэба абавязкова надаць ахоўны статус старадаўнім пахаванням. Магілёўскія дэпутаты гатовы дапамагчы з юрыдычным афармленнем гэтага працэсу і добраўпарадкаваннем месцаў пахавання. Помнікі вельмі старыя, іх трэба прывесці ў парадак — дзесьці бардзюр паставіць, плітку пакласці. У нас ёсць прыклад Гродна, дзе такім чынам аднавілі 10 надмагілляў і надалі ім статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Антывандальная сістэма

Удзельнікі круглага стала лічаць, што трэба таксама прапрацаваць шэраг антывандальных мер. Аляксей Бацюкоў прыгадаў выпадак, калі падчас следчага працэсу па факце крадзяжу надмагілля Грум-Гржымайлы падазроны паспеў разбурыць яшчэ і скляпенне яго сваякоў.

Вельмі паказальны выпадак і з помнікам Лур'е. Унікальнае надмагілле не выратавала нават тое, што яно знаходзілася на ўчастку са статусам гісторыка-мемарыяльнага пахавання.

— Нашчадак Лур'е падаў заяву, але справы рухаюцца вельмі марудна, — абураецца Аляксандр Ліцін. — І нават статус пахавання ніякай ролі не сыграў.

Як жа абараніць старадаўнія магілы? Тут, як той казаў, усе сродкі добрыя, пачынаючы ад мерапрыемстваў па павелічэнні вагі магільных пліт да фотапастак і камер назірання. Але дзе ўзяць сродкі? Бо, нягледзячы на тое, што хапае энтузіястаў, якія гатовыя працаваць бясплатна, абсталяванне каштуе грошай. Да таго ж, трэба за нешта купляць матэрыял для аднаўлення старадаўніх помнікаў. Удзельнікі круглага стала збіраюцца ў найбліжэйшы час распрацаваць механізм збору сродкаў і прыцягнуць спонсараў. Паралельна музей гісторыі Магілёва і дэпутаты шукаюць магчымасць аднавіць знішчанае злачынцамі надмагілле Рыгора Грум-Гржымайлы. Магілёўскі скульптар Андрэй Вараб'ёў згодны зрабіць яго бясплатна, патрэбны толькі матэрыял. А ён каштуе 3,5 тысячы долараў.

Тое, што грошы будуць знойдзены, актывісты не сумняваюцца, бо шмат зацікаўленых у справе захавання спецыфічнай даўніны. Актыўна ўдзельнічае ў справе па аднаўленні старадаўніх помнікаў Свята-Мікольскі манастыр, таму што шмат старадаўніх пахаванняў належаць менавіта свяшчэннікам і іх родным. У работу ўключаецца шмат валанцёраў. Яны актыўна адгукаюцца на просьбы аб дапамозе, якія актывісты размяшчаюць у сацсетках.

Павінен быць уласнік

Занепакоенасць выклікае і тое, што старадаўнія помнікі могуць трапіць пад знос. Шмат якія з іх сёння знаходзяцца ў непрыдатным стане і патрабуюць, як той казаў, капітальнага рамонту. Па законе магілы павінны даглядаць нашчадкі, але ў гэтых пахаванняў гаспадароў, як правіла, ужо няма.

— Чуў, што калі пахаванне ніхто не даглядае некалькі гадоў, яго знішчаюць, — кажа Аляксандр Ліцін. — Але толькі на яўрэйскіх могілках 160 помнікаў, якім болей чым 100 гадоў. І помнікі шыкоўныя, з мармуру, граніту, якія можна прыраўнаваць да помнікаў мастацтва. Ці выратуе іх статус гісторыка-мемарыяльнага месца? Мы рабілі каталог, дзе перапісалі кожны помнік, але горад іх усё роўна на свой баланс не бярэ.

Выйсце са складанага становішча адно — у старадаўніх могілак павінен паявіцца ўласнік. У гэтым пераканана і старшы інспектар упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама Наталля Ігнацьева, якая займаецца пытаннямі аховы помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны па Магілёве.

— Заканадаўчымі актамі прадугледжана наданне статусу гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання, але няма механізма захавання на дзяржаўным узроўні месцаў пахавання знакамітых і выдатных асоб. Гэтыя магілы, па сутнасці, безгаспадарчыя. Іншая справа — воінскія пахаванні. На дзяржаўным узроўні прынятая асобная праграма, якая прадугледжвае ўвесь комплекс дзеянняў па іх ахове. Створана база, на кожнае пахаванне ёсць пашпарт. Трэба распаўсюдзіць нешта падобнае і на старадаўнія помнікі.

Генадзь Міхалап, адвакат Магілёўскай абласной калегіі адвакатаў:

— Арганізацыя работ па ўтрыманні і добраўпарадкаванні месцаў пахавання, уключаючы надмагільныя збудаванні, ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь «Аб пахаванні і пахавальнай справе». Спецыялізаваныя арганізацыі выконваюць гэтыя работы, згодна з пералікамі, якія ўстаноўлены мясцовымі выканкамамі. Каб абараніць старадаўнія пахаванні, якія могуць мець гісторыка-культурную або рэлігійную каштоўнасць для горада, трэба скласці іх пералік і зацвердзіць адпаведнымі рашэннямі мясцовай улады. А разам з гэтым замацаваць іх для ўтрымання і рамонту за тымі ці іншымі арганізацыямі. Пры гэтым абарона такіх надмагільных збудаванняў ад крадзяжоў або знішчэння будзе ажыццяўляцца праваахоўнымі і іншымі органамі ў агульным парадку, у рамках нормаў крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».