Вы тут

Што робяць у Мінскай вобласці, каб замацаваць людзей на зямлі?


Вёска з кожным годам страчвае ўсё больш людзей. Ажывіць сельскую мясцовасць, удыхнуць у яе новае жыццё могуць маладыя кадры. Што робяць у Мінскай вобласці, каб прыцягнуць іх і замацаваць на зямлі?


Падрыхтоўка кадраў для сельскагаспадарчай вытворчасці рэгіёна вядзецца ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце і чатырох сельскагаспадарчых каледжах, размешчаных на Міншчыне.

Няма жылля — няма кадраў

Каб заахвоціць школьнікаў да паступлення ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю, у школах кожнага раёна ладзяцца семінары, круглыя сталы з удзелам прадстаўнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, кіраўнікоў і спецыялістаў сельскагаспадарчых арганізацый. Апошнія, а таксама прадстаўнікі аблсельгасхарчу прысутнічаюць на размеркаванні выпускнікоў. З кожным з іх праводзіцца індывідуальная гутарка. З улікам іх пажаданняў адбываецца адбор для далейшага накіравання на работу ў гаспадаркі цэнтральнага рэгіёна.

Як сказалі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні, сёлета ў сельскагаспадарчыя арганізацыі па размеркаванні накіравана 558 маладых спецыялістаў, у тым ліку 174 выпускнікі з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія навучаліся на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Чакаецца, што прыбудзе 216 маладых спецыялістаў зоаветэрынарнага, 62 — агранамічнага і 214 — інжынернага профілю. На месцах разумеюць, што моладзь цікавяць не толькі належныя ўмовы працы, але і жыллёвыя. Таму ў першую чаргу імкнуцца забяспечыць ім дах над галавой. У прыватнасці, летась 43 спецыялістам былі выдзелены дамы, 38 — кватэры, 166 — інтэрнат, а 289 жывуць з бацькамі.

Вядома, у пачатку прафесійнай кар'еры моладзь падтрымліваюць і матэрыяльна. У прыватнасці, у сельгасарганізацыях усім маладым спецыялістам налічваецца даплата да заработнай платы на працягу двух гадоў работы ў памеры 0,46 базавай стаўкі, устаноўленай урадам для аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы. Спецыялістам, якія працягваюць па заканчэнні двух гадоў з дня прыбыцця на работу працоўныя адносіны з сельскагаспадарчымі арганізацыямі, на працягу наступных трох гадоў з рэспубліканскага бюджэту даецца даплата да іх заработнай платы ў памеры 0,69 базавай стаўкі, якая ўстанаўліваецца Саветам Міністраў для аплаты працы работнікаў бюджэтных і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх пры-
роўнены па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый. Гэта прадугледжвае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 жніўня 2013 года № 353 «Аб некаторых мерах па забеспячэнні арганізацый аграпрамысловага комплексу кадрамі». Са зменамі (у рэд. указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23.03.2016 № 105, ад 18.10.2019 № 386).

— У пагадненні, заключаным паміж камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама, Мінскім абласным камітэтам прафсаюза работнікаў АПК і Мінскім абласным аграпрамысловым саюзам прадугледжаны раздзел «Сацыяльная абарона моладзі». Ён складаецца з дваццаці пунктаў і падпунктаў. З улікам таго, што адной з прычын адтоку кадраў з сельскай мясцовасці з'яўляецца адсутнасць добраўпарадкаванага жылля, пагадненнем прадугледжана выдзяляць жыллё ў першую чаргу маладым спецыялістам, якія прыбылі ў арганізацыі па размеркаванні, а таксама запрошаным. Акрамя таго — даваць маладым сем'ям пры наяўнасці сродкаў з фонду арганізацыі доўгатэрміновыя льготныя або беспрацэнтныя крэдыты на будаўніцтва жылля і набыццё прадметаў працяглага карыстання для хатняга ўжытку, — расказала намеснік старшыні Мінскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Аксана Бельская.

Не толькі абавязкі, але і правы

У пастаянную практыку работы прафсаюза ўвайшлі абласныя спаборніцтвы на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. Умовамі спаборніцтва прадугледжаны прызавыя месцы для маладзёжных экіпажаў камбайнераў, а таксама для маладых кіроўцаў, якія ажыццяўляюць перавозку збожжа ад камбайнаў. Навучэнцам, якія атрымліваюць прафесійную адукацыю і знаходзяцца на прафсаюзным абслугоўванні Мінскай абласной прафсаюзнай арганізацыі, устаноўлена 24 стыпендыі на кожны семестр навучальнага года. Ім ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюць пасведчанні стыпендыята, а бацькам дасылаюць лісты падзякі.

Мінскі абласны камітэт прафсаюза работнікаў АПК штогод праводзіць форум маладых спецыялістаў. За гэтыя гады яго ўдзельнікамі сталі каля 600 чалавек. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць пазнаёміцца з калегамі, абмеркаваць праблемы, адказаць на пытанні, падзяліцца вопытам. Падчас форуму праводзіцца анкетаванне. Гэта дапамагае даведацца, што ў першую чаргу хвалюе моладзь.

Як высветлілася, асноўнымі прычынамі сыходу маладых спецыялістаў з сельскай гаспадаркі з'яўляюцца нізкі ўзровень заработнай платы, рэжым рабочага дня, адсутнасць паўнацэнных выхадных, фізічная і псіхалагічная напружанасць працы.

Вядома, маладыя спецыялісты павінны ведаць не толькі свае абавязкі, але і правы. Маладзёжным саветам Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК былі распрацаваны і раздадзены метадычныя рэкамендацыі «Правы і гарантыі маладых спецыялістаў». Інфармацыйны матэрыял падрыхтаваны на падставе дзеючых у Рэспубліцы Беларусь нарматыўных прававых актаў.

Формы падтрымкі моладзі розныя. Згодна з калектыўнымі дагаворамі, маладым спецыялістам робіцца аднаразовая выплата ў памеры пяці базавых велічынь пры прызыве работніка — члена прафсаюза на службу ва Узброеныя Сілы Беларусі і па вяртанні на ранейшае месца работы.

У Чэрвеньскім раёне ў дзесяці калектыўных дагаворах арганізацый аграпрамысловага комплексу ёсць нормы аб штомесячных кампенсацыйных выплатах выпускнікам, размеркаваным (накіраваным), пераразмеркаваным на работу па-за пастаянным месцам жыхарства і забяспечаным наймальнікам жылымі памяшканнямі. Выплаты на гэтых падставах робяцца ў адкрытых акцыянерных таварыствах «Раванічы», «Чэрвеньскі райаграсэрвіс», «Валевачы».

На месцах работа з моладдзю ажыццяўляецца праз Саветы маладых спецыялістаў. Менавіта яны вывучаюць пытанні эфектыўнасці і арганізацыі работы з гэтай катэгорыяй грамадзян у арганізацыях і на прадпрыемствах, арганізуюць злёты, творчыя і спартыўныя мерапрыемствы, тэматычныя вечары адпачынку, турыстычныя паходы, штогадовыя сустрэчы з кіраўніцтвам раёна і вобласці.

Што да звальнення маладых спецыялістаў пасля абавязковай адпрацоўкі, то яно, як правіла, назіраецца ў гаспадарках з нізкім узроўнем эканамічнага развіцця. У паспяховых арганізацыях пытанні з замацаваннем выпускнікоў устаноў адукацыі ўзнікаюць рэдка. Больш ахвотна застаюцца маладыя людзі, якія накіроўваюцца па размеркаванні ў родныя мясціны.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.