25 верасня, пятніца

Вы тут

Размеркаванне: ведай правілы гульні


Летась з ліку выпускнікоў, якія навучаліся за кошт бюджэтных сродкаў на дзённай форме атрымання адукацыі, былі забяспечаны першым рабочым месцам 19,3 тысячы спецыялістаў з вышэйшай, 18,6 тысячы — з сярэдняй спецыяльнай і 24,4 тысячы — з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Сёлета размяркоўваліся 19 тысяч спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, 18 тысяч — з сярэдняй спецыяльнай і 23 тысячы — з прафесійна-тэхнічнай. Большасць з іх прыступілі да работы па размеркаванні 1 жніўня, а 15 жніўня да іх далучацца і наваспечаныя педагогі.


Адмовіцца — у выключным выпадку

Не сакрэт, што многія выпускнікі ставяцца да размеркавання як да малапрыемнага абавязку. Хутчэй за ўсё, калі маладыя людзі імкнуцца паступіць на бюджэтную форму навучання, мала хто з іх задумваецца, што праз колькі гадоў за дыплом давядзецца расплачвацца сваёй сумленнай працай, прычым не там, дзе ты пажадаеш, а дзе дзяржаве спатрэбяцца твае веды і рукі.

Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што знайсці работу наваспечаным маладым спецыялістам без прафесійнага досведу не так ужо і проста. Але «гэта не перашкаджае выпускнікам марыць быць размеркаванымі ў любы населены пункт, дзе ёсць метро, пажадана ў навукова-практычны цэнтр, прычым адразу «вузкімі» спецыялістамі...» Так жартуюць у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. А вось перспектыва адправіцца ў глыбінку мала каго прываблівае...

Тым не менш адмовіцца ад размеркавання і атрымаць свабодны дыплом можна толькі ў выключных выпадках. Уважлівай прычынай лічыцца паступленне на больш высокі ўзровень адукацыі, напрыклад, у магістратуру, або для выпускніка каледжа — на ўзровень вышэйшай адукацыі першай ступені. Таксама гэта служба ў войску, пытанні, звязаныя з непрацаздольнасцю і здароўем. Па звестках Міністэрства адукацыі, усяго такіх каля сямі працэнтаў выпускнікоў.

Праўда, ёсць яшчэ адзін варыянт — выплаціць дзяржаве выдаткі за сваё навучанне. Яшчэ на этапе размеркавання выпускнік можа заявіць пра сваё нежаданне працаваць па размеркаванні ці мэтавым накіраванні і звярнуцца па разлік сумы сродкаў, выдаткаваных на яго навучанне, а пасля іх унясення — атрымаць даведку аб свабодным працаўладкаванні.

У Беларускім рэспубліканскім прафсаюзе работнікаў адукацыі і навукі канстатуюць: калі раней да іх звярталіся з пытаннямі «а чаму мы павінны плаціць?», то цяпер многія звароты ў прафсаюз гучаць прыкладна так: «Куды і колькі трэба заплаціць, каб не ехаць па размеркаванні?» А з улікам таго, што цяпер у агульную суму, якую трэба вяртаць дзяржаве за сваё навучанне, не ўваходзіць сума выплачанай стыпендыі і плата за інтэрнат, яна значна зменшылася. І моладзь вырашае зарабіць гэтыя грошы, але захаваць свабоду выбару...

Нюансы мэтавай падрыхтоўкі

— Калі мы кажам пра тых, хто не прыязджае на першае рабочае месца без уважлівай прычыны, то лічбы тут невялікія. Напрыклад, па звестках аб вяртанні сродкаў (рашэнні, што прымаліся на ўзроўні ўстаноў адукацыі), у 2018 годзе гэта было крыху больш як 130 чалавек. Падобная лічба і па 2019 годзе, — паведаміў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце за тры апошнія гады не прыступілі да работы пасля размеркавання ўсяго 15 выпускнікоў. З улікам таго, што за згаданы час было падрыхтавана амаль 2,5 тысячы спецыялістаў — гэта прыблізна 0,5 працэнта.

Між іншым, у тым выпадку, калі малады спецыяліст не прыступіў да работы ці звольніўся да заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі і не жадае вяртаць у бюджэт сродкі добраахвотна, грошы спаганяюцца з яго ў судовым парадку.

Для задавальнення патрэбу рэгіёнаў існуе таксама мэтавы набор. Мэтавае накіраванне гарантуе яго ўладальніку бясплатнае навучанне і стыпендыю, але «адмазацца» ад адпрацоўкі ці памяняць месца работы амаль нерэальна. Выпускнік мусіць адпрацаваць на прадпрыемстве, з якім ён і яго ВНУ заключылі дагавор. Напрыклад, перад паступленнем у педуніверсітэт малады чалавек падпісвае з аддзелам адукацыі дагавор і абавязуецца пасля заканчэння вучобы вярнуцца працаваць у родныя мясціны. І нават калі за час навучання зменіцца яго сямейнае становішча і жыццёвыя планы, пасля атрымання дыплома ён усё роўна будзе абавязаны туды вярнуцца.

Па-другое, калі працаваць па размеркаванні прыйдзецца пасля заканчэння ВНУ два гады, то па мэтавым накіраванні — аж пяць гадоў. Таму трэба добра падумаць, перш чым заключаць дагавор на мэтавую падрыхтоўку. Адпрацаваць пяць гадоў пасля размеркавання павінны будуць і выпускнікі педагагічных класаў, якія паступалі ва ўніверсітэт па выніках сумоўя без экзаменаў. Таму не ўсе рашаюцца скарыстацца такой ільготай, бо спрагназаваць сваё жыццё на столькі гадоў наперад праблематычна.

Гарантыі для маладых спецыялістаў

Як ставіцца да будучага размеркавання — як да сацыяльнай перавагі або як да малапрыемнага абавязку — кожны вырашае для сябе сам. Але відавочныя плюсы ў яго таксама ёсць. Размеркаванне — гэта не проста гарантаванне выпускніку, які яшчэ не мае практычнага досведу, першага рабочага месца. Малады спецыяліст у гэтым выпадку падстрахаваны з усіх бакоў. Па-першае, наймальнік абавязаны даць яму работу па той спецыяльнасці і той кваліфікацыі, якая ўказана ў яго дыпломе і занатавана ў накіраванні. Але самая галоўная прывілея — абарона ад звальнення на працягу двух гадоў. Наймальнік не мае права ўстанаўліваць маладым спецыялістам выпрабавальны тэрмін і не можа звольніць маладога спецыяліста на аснове такой фармулёўкі, як «неадпаведнасць займаемай пасадзе ці выконваемай рабоце з прычыны недастатковай кваліфікацыі».

Здараецца, што наймальнік падае заяўку на адну колькасць спецыялістаў, а яму накіроўваюць у два разы больш. І што хочаш з імі рабі — шукай ім работу.

— Маладому спецыялісту могуць прапанаваць занятасць на палову стаўкі, прычым не па атрыманай спецыяльнасці. У такім выпадку ёсць законныя падставы адмовіцца ад прапановы ды пайсці на пераразмеркаванне, — тлумачыць галоўны прававы інспектар працы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса МАНЮК. — Калі іх не змогуць пераразмеркаваць, павінны выдаць даведку аб самастойным працаўладкаванні. Дырэктар можа сказаць маладому спецыялісту, што калі той адмовіцца, то будзе абавязаны выплаціць дзяржаве грошы за сваё навучанне. Такія пагрозы можна смела ігнараваць. Калі мы сустракаемся з выпускнікамі, тлумачым ім, што на работу іх павінны ўзяць па той спецыяльнасці, якая прапісана ў накіраванні на размеркаванне.

Правы і абавязкі

А ці можна адмовіцца ад размеркавання з прычыны адсутнасці ў патэнцыйнага наймальніка жылля?

Умова аб выдзяленні маладым спецыялістам жылога памяшкання наймальнікам можа быць агаворана ў накіраванні на работу і працоўным дагаворы (кантракце). Аднак забеспячэнне маладога спецыяліста жыллём — гэта права, а не абавязак наймальніка. Адзіная гарантыя ў гэтай сферы, замацаваная на дзяржаўным узроўні, — права маладога спецыяліста, які прыбыў па месцы размеркавання, стаць на ўлік асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, без дадатковых патрабаванняў па неабходным тэрміне пражывання ў адпаведным населеным пункце. У тым ліку ў Мінску і Мінскім раёне.

У наймальнікаў ёсць шмат магчымасцяў, каб падтрымаць маладога спецыяліста. Падтрымка можа заключацца як у асаблівых падыходах пры фарміраванні яго заробку, так і ў кампенсацыі аплаты за здымнае жыллё аж да вырашэння жыллёвага пытання ўжо на пастаяннай аснове.

Першае, што павінен зрабіць малады спецыяліст, які прыбыў на месца размеркавання, — гэта схадзіць у прафкам, дзе яму растлумачаць яго правы, і абавязкова трэба азнаёміцца з калектыўным дагаворам, бо там ёсць важныя пункты, якія датычацца гарантый маладым спецыялістам, — раіць Ларыса Манюк. — Трэба азнаёміцца і са службовай інструкцыяй. У сістэме адукацыі ў маладых спецыялістаў ёсць выбар: заключыць кантракт або бестэрміновы працоўны дагавор. Звычайна ўсе выбіраюць кантракт, бо па ім прадугледжваецца павышэнне тарыфнай стаўкі (акладу) плюс даюцца дадатковыя дні адпачынку.

Між іншым, сёння і студэнты-платнікі, якія пажадалі размеркавацца, атрымліваюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, прадугледжаныя для маладых спецыялістаў, што і выпускнікі бюджэтнай формы навучання. У прафсаюзе заўважылі, што яны часта нават больш зацікаўленыя ў атрыманні першага рабочага месца, чым бюджэтнікі.

Рашэнне маладога спецыяліста застацца і далей працаваць па месцы размеркавання пасля двухгадовага тэрміну залежыць выключна ад зацікаўленасці наймальніка і ад створаных для жыцця і прафесійнага росту маладога спецыяліста ўмоў. Тым больш што даплаты і іншыя прэферэнцыі, устаноўленыя дзяржавай для маладых спецыялістаў, распаўсюджваюцца пераважна на работнікаў бюджэтных арганізацый і дзейнічаюць толькі на час іх работы па размеркаванні.

Завышаныя чаканні

Калі казаць пра замацаванне маладых спецыялістаў, то тут трэба аналізаваць, колькі з іх працягнулі працоўную дзейнасць пасля тэрміну абавязковай работы па размеркаванні. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце пастаянна манітораць 23 раёны Мінскай вобласці: ад 80 да 100 працэнтаў выпускнікоў 2014, 2015 і 2016 гадоў засталіся ў сістэме адукацыі, замацаваўшыся на тых месцах, куды яны былі размеркаваныя. У Міністэрстве адукацыі сцвярджаюць, што ў сістэме адукацыі адзін з самых высокіх паказчыкаў па замацавальнасці маладых спецыялістаў: на першым месцы застаюцца і надалей працаваць не менш як 80 працэнтаў выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў.

Аднак, ёсць і іншыя назіранні: не ўсе наймальнікі зацікаўленыя ў так званым замацаванні маладых спецыялістаў. Па неафіцыйнай інфармацыі, якая паступае ад выпускнікоў, іх бацькоў і з прадпрыемстваў, многіх наймальнікаў у прынцыпе задавальняе такая сітуацыя, калі танная рабочая сіла ў асобе маладых спецыялістаў выкарыстоўваецца на працягу двух гадоў, а затым маладыя людзі звальняюцца, паколькі не бачаць перспектыў далейшай сваёй работы ў гэтай арганізацыі. Наймальнік таксама не бачыць у гэтым асаблівай праблемы, паколькі штогод па размеркаванні на месца выбылых ён зноў набірае маладых спецыялістаў.

Цікава, што маладыя людзі, якія толькі збіраюцца выйсці на рынак працы і звяртаюцца па дапамогу ці кансультацыю ў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, арыентуюцца на заробак у тысячу — паўтары тысячы рублёў. Такія завышаныя чаканні моладзі — тэндэнцыя апошніх гадоў. А вось крытычнае стаўленне да сябе для многіх нехарактэрнае. Як заўважае Ларыса Манюк, розніцу паміж тым, што чакаюць маладыя спецыялісты, і тым, што яны атрымліваюць, апошнія ўспрымаюць сама меней як катастрофу. Таму моладзь трэба прывучаць да думкі, што перш, чым штосьці мець, трэба гэта зарабіць, і нічога з неба не падае.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Каго чакае глыбінка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі.

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».

Грамадства

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

У гэтым праекце знаёмім вас з бяздзетнымi парамi, якiя хацелі, але праз стан свайго здароўя не маглі мець дзяцей.