Вы тут

Асіповіцкая школа № 3 будзе натхняць сваіх вучняў на вучобу з дапамогай арт-мастацтва


Сімвалічны малюнак вышынёй на ўсе тры школьныя паверхі з'явіўся тут зусім нядаўна. Дзяўчынка з заплечнікам шпарка бяжыць па лясной сцяжынцы ўверх — насустрач высачэзным гарам, якія ўзвышаюцца на гарызонце. А знізу подпіс «Скары сваю вяршыню». Якая вяршыня можа быць у вучня? Ну, канешне, выдатная вучоба!


Тэму для мурала выдумляць доўга не прыйшлося. Экалогія! Асіповіцкая школа № 3 актыўна займаецца праектнай дзейнасцю ў гэтым кірунку і рэгулярна атрымлівае міжнародныя гранты. Апошні адукацыйны праект, у якім яна задзейнічана, — «Зялёныя школы». На базе ўстановы сёння працуе клуб экалагічнага маніторынгу Магілёўскай вобласці, які аб'ядноўвае ўсіх ахвотных зрабіць наша асяроддзе чысцейшым, — грамадзян, прадпрыемствы, арганізацыі вобласці. На рахунку вучняў — 30 прэзідэнцкіх прэмій за перамогі на рэспубліканскім узроўні па хіміі і біялогіі.

Аформіць школу ў духе сучаснага арт-мастацтва вырашылі пасля таго, як наведалі нацыянальны адукацыйна-аздараўленчы дзіцячы цэнтр «Зубраня». І вучні, і настаўнікі прыйшлі ў захапленне ад убачаных там малюнкаў на фасадах. Высветлілася, што іх аўтары — студэнты БНТУ.

— Калі мы пра гэта даведаліся, адразу ж звярнуліся да кіраўніцтва ўніверсітэта з просьбай зрабіць і нам такую прыгажосць, — кажа настаўніца хіміі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Святлана Зайцава. — Мы ж пастаянныя ўдзельнікі іх конкурсу «Тэхнаінтэлект». Нас выслухалі і пайшлі насустрач. Прыехалі дзяўчаты з архітэктурнага факультэта і на працягу тыдня размалёўвалі тарэц школы. Мы ж, у сваю чаргу, забяспечылі іх усім неабходным матэрыялам.

Эскіз малюнка распрацавала студэнтка трэцяга курса Марыя Анкудовіч, а ўвасобіць яго ў жыццё ёй дапамаглі аднакурсніцы Валерыя Васілевіч, Дар'я Карэцкая, Валерыя Папова і Ганна Цітавец. Кіравала працэсам натхняльнік і вопытная ў такіх справах студэнтка пятага курса Ганна Зянько.
Работа была даволі складаная. Будынак трохпавярховы, і дзяўчаты карысталіся рыштаваннем, каб працаваць на вышыні. Маляваць ім прыходзілася не на суцэльнай паверхні, а проста на цаглінах, што таксама не зусім зручна. І некалькі разоў прыходзілася затрымлівацца на аб'екце нават пасля заходу сонца, каб з дапамогай праектара перанесці малюнак на сцяну. Але, як прызналіся дзяўчаты, для іх гэта работа — перш за ўсё карысны вопыт, які яны заўсёды гатовы ўдасканаліць, тым больш што адміністрацыя школы паклапацілася аб бяспецы сваіх мастачак.

— Для нас супрацоўніцтва са школай было вельмі важнай справай, — адзначыў дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армен Сардараў. — Архітэктар павінен быць мабільны, выязджаць на месца, знаёміцца з людзьмі, мясцовасцю, ландшафтам. Мы ўключаем такія работы ў курсавое і пераддыпломнае праектаванне. Нашы студэнткі аднесліся да справы вельмі адказна — з'ездзілі ў Асіповічы, зрабілі эскізы з улікам пажаданняў адміністрацыі школы, усё ўзгаднілі і толькі потым пачалі працаваць. Малюнак сапраўды атрымаўся красамоўны, у ім закладзена вялікая сэнсавая нагрузка. Скарыць вяршыню не так проста. І шлях да ведаў таксама просты не бывае.

Матывам для арт-афармлення школы стала яшчэ адна важная для горада акалічнасць. Сёлета Асіповічы будуць прымаць герояў абласных «Дажынак», значыць, павінны выглядаць годна. Жыхары райцэнтра ўжо паспелі ацаніць арт-аб'ект і актыўна папулярызуюць яго ў сацсетках. Гэта значыць, што ў іх з'явілася яшчэ адна нагода для гонару за сваю малую радзіму.

Школа вельмі ўдзячная за дапамогу ў афармленні будынка адміністрацыі БНТУ. Тут спадзяюцца, што налета гэта супрацоўніцтва працягнецца, і на яшчэ адным фасадзе з'явіцца не менш сімвалічны малюнак. Педагогі перакананыя: знешняя прыгажосць выхоўвае і ўнутраную.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Асіповіцкай школы № 3

Загаловак у газеце: Скары сваю вяршыню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.