Вы тут

А вам якi памер? Пластычны хiрург пра тое, што выпраўляюць беларускi


Пластычная хiрургiя становiцца ўсё больш даступнай i папулярнай сярод беларусак. Якiм аперацыям яны аддаюць перавагу? Што часцей за ўсё мяняюць на твары? У якiх выпадках пластычны хiрург адмаўляе ў аперацыi? Цi  з'яўляецца ўзрост перашкодай для пластыкi? Пра гэта i iншае мы пагутарылi з пластычным хiрургам, загадчыкам хiрургiчнага аддзялення медыцынскага цэнтра «ЛОДЭ» Iванам Пласконным.


— Наколькi ў сваiх эстэтычных густах беларускi адрознiваюцца ад жанчын Расii, Еўропы, Амерыкi?

— Калi казаць пра заканадаўцаў моды ў пластычнай хiрургii, то найперш гэта Бразiлiя i iншыя краiны Лацiнскай Амерыкi. Iндустрыя прыгажосцi там атрымала шырокае развiццё ў канцы мiнулага стагоддзя, i гэтыя краiны далi свету вялiкую колькасць выдатных пластычных хiрургаў, якiя распрацавалі шэраг новых методык і аперацый. У Лацiнскай Амерыцы свае этнiчныя схiльнасцi да пэўных мадэляў прыгажосцi — усе, напрыклад, ведаюць, што такое «бразiльскiя ягадзiцы». Бразiльянкi робяць пластычныя аперацыi ў любым узросце. Там iснуе культ прыгожай жанчыны, i яны яшчэ да шлюбу звяртаюцца да паслуг пластычных хiрургаў.

Беларускi, я перакананы, самыя прыгожыя жанчыны ў свеце. I калi разглядаць усходнiх славянак — беларусак, украiнак i расiянак, — то гэта дзяўчаты з падобнымi праблемамi i жаданнямi. I вялiкiх адрозненняў у запатрабаванасцi аперацый няма.

— Якiя з iх беларускi робяць часцей за ўсё?

— На першым месцы — хiрургiя твару i грудзей. Бразiльскiя ягадзiцы ў нас не карыстаюцца вялiкай папулярнасцю. Самыя частыя аперацыi — на павеках, грудзях, носе, а таксама лiпафiлiнг (аднаўленне аб'ёму падскурнай тлушчавай клятчаткi шчок, падбародка i iншага ўласнымi тлушчавымi клеткамi), лiпасакцыя i фэтграфтынг (iн'екцыi ўласных тлушчавых клетак для нязначных змяненняў аб'ёму), абдамiнапластыка. Пры гэтым тыя ж азiяткi аддаюць перавагу хiрургii твару, i там самыя высокапрафесiйныя хiрургi адпаведнага профiлю.

— Што беларускi найчасцей паляпшаюць на твары?

— Аперацыi на твары лiчацца малатраўматычнымi, не патрабуюць значнай рэабiлiтацыi i паказаннi да iх ёсць у кожнай другой жанчыны пасля 40 гадоў. У прыватнасцi, да блефарапластыкi (аднаўлення знешняга выгляду i лiквiдацыі ўзроставых змяненняў i прыроджаных асаблiвасцяў павекаў) i лiпафiлiнгу. У сваёй практыцы я часта сумяшчаю дзве гэтыя аперацыi, бо дзяўчатам, у якiх ёсць паказаннi да блефарапластыкi, патрабуецца i лiпафiлiнг. З узростам тлушч на твары атрафiруецца, твар робiцца худзейшы, апускаецца.

— У якiм узросце да вас прыходзяць жанчыны?

— Пакаленне, якое ў нас без сарамлiвасцi i аглядкi на блiзкiх, калег i сяброў можа пайсцi i зрабiць аперацыю па павелiчэннi грудзей, — гэта 30—35 гадоў. Ужо ў 35—40 на гэта вырашаюцца з цяжкасцю. Жанчын 45—50 яшчэ менш, а старэйшыя за 50 — гэта проста кансерватыўныя з маладосцi натуры, якiя прагнуць у сваiм жыццi нешта памяняць. Цяпер пераважна да хiрургаў прыходзяць 30—35-гадовыя. Яны яшчэ маладыя i прыгожыя, i калi iм будзе 45, яны ўсе будуць нашымi пацыенткамi. Таму ў Беларусi ў пластычнай хiрургii дастаткова вялiкi патэнцыял.

— Хто звычайна прыходзiць павялiчваць грудзi?

— Гэтых жанчын можна падзялiць на тры групы. Першая, i не самая шматлiкая — дзяўчаты, у якiх ад прыроды невялiкi памер. Тут не важны ўзрост — яны прыходзяць у той момант, калi асэнсавалi, што iм гэта трэба, цi разумеюць, што iншымi спосабамi ад комплексаў не пазбавiцца. I, як правiла, многiя з iх пасля аперацыi рэзка мяняюць сваё жыццё — выходзяць замуж, уладкоўваюцца на лепшую работу, пачынаюць сябе любiць, i, адпаведна, мяняецца стаўленне навакольных да iх.

Другая група — жанчыны маладыя, прыгожыя, паспяховыя, але яны ўжо мамы. У iх ёсць каханы мужчына, якога ўсё задавальняе, але хочацца павялiчыць сваю прывабнасць. Гэта жанчыны 35-45 гадоў, самая вялiкая група. Рэч у тым, што апошнiм часам крыху змянiлiся стандарты прыгажосцi. Тон задаюць iнстаграм-мадэлi — на фота нерэальныя прыгажунi з iдэальнымi фiгурамi i тварамi. У жыццi ж, як правiла, аказваецца, што прыгажуня, ад якой у мужчын захоплiвае дыханне, — звычайная дзяўчына з сярэднестатыстычнай знешнасцю. Але не ўсе гэта разумеюць. I дзяўчаты, якiя глядзяць сацсеткi, пачынаюць адчуваць уласную непаўнацэннасць. Тут важна разумець, што ўсе мы ўнiкальныя, асаблiвыя, i на кожны вобраз знойдуцца свае прыхiльнiкi. Да стандартаў прыгажосцi не заўсёды варта iмкнуцца. Ёсць паняцце ювенiльных, падлеткавых грудзей, а ёсць жаночыя грудзi — зусiм iншай формы i тэкстуры, але яны таксама прыгожыя. I часам трэба задаць сабе пытанне: а цi трэба мне штосьці мяняць?

Трэцi тып — гэта дарослыя жанчыны, якiя прыходзяць на пластыку грудзей у сувязi з узроставымi зменамi, гэта жанчыны 55-60 гадоў. I тут ужо ставiцца пытанне не пра павелiчэнне грудзей, а наадварот: жанчына стамiлася ад 6-7-га памеру, бо развiваюцца гiпертрафiя плечавога пояса, астэахандроз, боль у шыi. Сярод iх нямала жанчын, у якiх рэзка змянiлася жыццё — яны сталi багацейшыя, у iх маладзейшы партнёр i трэба адпавядаць.

— Цi ёсць свае трэнды ў пластычнай хiрургii? Цi праўда, што цяпер вялiкi памер не актуальны?

— У свой час, калi толькi з'явiлiся методыкi павелiчэння грудзей, быў бум, усе хацелi большы памер. Цяпер тэндэнцыi змяняюцца. Усё больш з'яўляецца дзяўчат, якiя просяць толькi падцягнуць, а не павялiчыць.

— Танней павялiчыць з дапамогай iмплантаў цi падцягнуць?

— Аперацыя па падцяжцы больш складаная, менш прадказальная па наступствах i вынiках. Гэта 2,5-3 гадзiны напружанай працы. Таму яна атрымлiваецца даражэйшая. Але гэта без улiку кошту iмплантаў, а камплект якасных каштуе ад тысячы еўра.

— Пластычныя аперацыя робiцца адзiн раз на ўсё жыццё цi тыя ж iмпланты з часам трэба мяняць?

— Нiшто ў жыццi не бывае пастаянным, i час нiкога з нас не шкадуе. Чым большыя грудзi мы робiм, тым больш яны iмкнуцца ўнiз. На iмплант сапраўды пажыццёвая гарантыя. Але ёсць рэкамендацыя, што праз 10-15 гадоў —у залежнасцi ад аб'ёму — iх варта мяняць. Знаходзячыся 15 гадоў у агрэсiўным асяроддзi нашага арганiзма, iмплант патрабуе замены на новы або выдалення, каб не ўзнiкла аддаленых наступстваў. Здараецца, што яны i разбураюцца.

Гэтак жа i з iншымi пластычнымi аперацыямi. Пацыенткi часта пытаюць: павекi на ўсё жыццё? Так не бывае. Аперацыi можа хапiць на 10 гадоў, але ж чалавек мяняецца — пад вагой адбываецца гравiтацыйнае апусканне нашых скiвiцы, вачнiц. Косцi мяняюцца, што ўжо казаць пра мяккiя тканкi.

— Цi ёсць пацыенткi, незадаволеныя вынiкам?

— У мяне ёсць пэўны вопыт работы звычайным хiрургам, i выратоўваць жыццё ў нейкiм сэнсе нават прасцей. Калi робiш усё правiльна, то i вынiк, як правiла, добры. У эстэтыцы бываюць розныя сiтуацыi. Пацыент прыходзiць пасля аперацыi, i ты разумееш, што можна было выкарыстаць iншы спосаб аперацыi, i, напэўна, трэба было падцягнуць крышачку вышэй, цi прыбраць больш, цi ўгаварыць на большы аб'ём. А пацыент шчаслiвы i кажа, што ўсё выдатна. Бывае i наадварот: ты бачыш цудоўны вынiк, а чалавек незадаволены. I гэта больш пытанне дааперацыйнага кансультавання. Часам даводзiцца i адмаўляць, калi я разумею, што немагчыма зрабiць так, як хоча пацыент.

— У якiх выпадках найчасцей даводзiцца адмаўляць?

— Часта чалавеку зусiм не патрэбна лiпасакцыя. Для пацыента з ростам 160 см i вагой 130 кг гэта вялiкiя грошы, цяжкая праца хiрурга i вынiк, якi можна атрымаць за два месяцы правільнага харчавання і адэкватных нагрузак. Дастаткова часта даводзiцца адгаворваць ад выпраўлення вушэй. Тут вялiкую дамiнанту мае псiхалагiчная падаплёка. Калi ў пацыента нязначныя адхiленнi ад нормы, то гэта больш псiхалагiчныя праблемы.

Я ў сваёй практыцы карыстаюся прынцыпам: рабiць трэба тое, што падыходзiць чалавеку. Часта прыносяць здымкi з часопiса i просяць зрабiць такi ж нос, але я разумею, што ён не вельмi падыдзе гэтай жанчыне. Аперацыя павiнна быць накiравана на паляпшэнне знешняга выгляду i пазбаўленне ад узроставых змяненняў. Добрая аперацыя — гэта калi пасля яе сябры цi калегi кажуць: «А ты добра выглядаеш, напэўна, добра адпачыла», а не «Паглядзi, яна вусны зрабiла».

— Цi ёсць у вас пацыенты, якiм пастаянна хочацца штосьцi выпраўляць i ўдасканальваць?

— Яны ёсць у кожнага пластычнага хiрурга. Калi пацыент просiць нешта змянiць, i ты бачыш, што праблему можна вырашыць сваiмi навыкамi, i гэта палепшыць сiтуацыю, калi пацыент асэнсоўвае той вынiк, якi атрымаецца, то я буду аперыраваць. Але часта ў такiх людзей бываюць гiперчаканнi. Тут даводзiцца тлумачыць, што яны прыйшлi рабiць павекi, а не амаладжэнне ўсiх вачэй. Бо блефарапластыка вырашае некаторыя пытаннi, але не ўсе. I такiя пацыенты нярэдка атрымлiваюць адмову.

Ёсць людзi з яўным спажывецкiм экстрэмiзмам, i мы ў сваiм асяроддзi iх ведаем. Яны атрымалi вынiк, але кажуць, што ўсё дрэнна, i патрабуюць кампенсацый. Такiм людзям таксама адмаўляеш, каб не папасцiся на iх хiтрыкi, бо любая аперацыя — гэта рызыка. Але нi адзiн доктар не хоча зрабiць горш.

— Пластычныя аперацыi — наколькi гэта рызыкоўна для здароўя?

— Любая аперацыя — гэта рызыка. I кожнага пацыента я папярэджваю, што стапрацэнтнага вынiку не можа гарантаваць нiхто. I рызыкi могуць быць як падчас аперацыi, так i пасля, так i адкладзеныя. Нюансаў, якiя могуць пацягнуць сур'ёзныя змены, шмат. Задача хiрурга — папярэдзiць, расказаць пра гэта, i былi выпадкi, калi пацыенты адмаўлялiся ад аперацыi на этапе перадаперацыйнага кансультавання. Таму ўсе пацыенты, якiя iдуць са мной у аперацыйную, уяўляюць магчымыя наступствы.

— Цi ёсць узроставыя абмежаваннi для пластычных аперацый?

— У эстэтычнай медыцыне асноўным паказчыкам да аперацыi з'яўляецца наяўнасць эстэтычнага дыскамфорту. Прасцей кажучы, гэта нейкая асаблiвасць, з якой некамфортна жыць. I гэта рашэнне ўзважанае, якое прымае толькi паўналетнi чалавек. Усе пластычныя аперацыi выконваюцца пасля 18 гадоў. Найстарэйшы ўзрост не абмежаваны, калi дазваляюць стан здароўя i сродкi. Мая самая ўзроставая пацыентка — 73-гадовая жанчына. Яна, нягледзячы на ўзрост, працавала бухгалтарам на прадпрыемстве, i яе на рабоце вельмi цанiлi, не адпускалi на пенсiю. Яна захацела палепшыць знешнi выгляд, зрабiць блефарапластыку. Праблем са здароўем не было — нi высокага артэрыяльнага цiску, нi лiшняй вагi, а вось праблема з павекамi была. Усё выправiлi, i жанчына засталася задаволенай вынiкам.

— Што мяняюць у сабе беларускiя мужчыны?

— Колькасць мужчын, канешне, павялiчылася ў апошнiя гады, бо яны таксама пачынаюць даглядаць сябе. Але iх усё роўна няшмат. З падцяжкамi твару ў мяне асабiста не было нiводнага пацыента, блефарапластыку робяць адзiнкi, прычым так, каб нiхто не западозрыў, што была аперацыя, — толькi прыбраць «мяшкi». Звяртаюцца пацыенты з гiнекамастыяй — павелiчэннем грудных залоз. Асаблiва гэта актуальна для хлопцаў да 30 гадоў, яны займаюцца ў трэнажорнай зале, прымаюць стымулюючыя дабаўкi. Пасля 40 прыходзяць мужчыны для лiпасакцыi.

Нярэдка даводзiцца выконваць уралагiчныя эстэтычныя аперацыi. Дарэчы, знешнi выгляд для мужчын другасны, а больш важны функцыянальны аспект. Гэта, напрыклад, лiпафiлiнг палавога члена — павелiчэнне за кошт тлушчавых клетак. Робяцца эстэтычныя аперацыi пры гiпертрафii скуры машонкi, выступаннi вен, для змянення формы галоўкi (уводзяцца фiлеры). Магчыма сёння i фалапратэзаванне, калi, скажам, у дастаткова маладога мужчыны пасля раку прастаты страчана функцыя. Але гэта нятанна. У Беларусi гэтыя аперацыi не папулярныя ў тым лiку з-за свайго кошту.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.