Вы тут

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам


Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! Гэта раней школьная форма была адзінай, і праблем з выбарам не паўставала. А цяпер тавараў — мора, цэны і якасць — самыя розныя, школьныя патрабаванні — туманныя: «дзелавы стыль», «светлы верх — цёмны ніз». Плюс сучасная мода, брэнды і трэнды, якія маюць для падлеткаў велізарнае значэнне. Ды яшчэ бацькам хочацца, каб дзіця выглядала «акуратненька»... Раскласці актуальны школьны гардэроб «па палічках» мы папрасілі fashіon-стыліста Вольгу Жураўскую.


— Галоўнае, на што мне хацелася б звярнуць увагу бацькоў, — выбірайце вопратку не «для школы», а для дзіцяці, для яго жыцця, для таго, каб яно адчувала сябе ўпэўнена і падабалася сабе ў гэтых рэчах, — адзначае суразмоўніца. — Для дзяцей і падлеткаў асабліва важна апранацца «кайфова». Калі дзіця хоча скінуць з сябе школьную вопратку, ледзь прыйшоўшы дадому, марыць хутчэй «знікнуць» з яе, значыць, вы купілі няправільныя рэчы. Бо ў школе ў дзіцяці праходзіць практычна ўсё жыццё. Там яно знаходзіць сяброў, складае першае ўяўленне пра самога сябе як пра асобу, там яно знаёміцца і ўлюбляецца. І яшчэ адна заўвага. Апранацца прыгожа — гэта не абавязкова апранацца дорага. Наогул, стыльна апрануцца ў школу магчыма, нават выконваючы дрэс-код.

Збіраем «Лега»

Адзяваць школьніка варта па прынцыпе дзелавога капсульнага гардэробу, раіць Вольга.

Перш за ўсё, разбяромся з паняццем «капсула». Калі яшчэ ў пачатку 2000-х свет стаў захлынацца ў моры брэндаў, з'явілася гэтая простая і лагічная ідэя. Любая капсула ў гардэробе будуецца па прынцыпе «рэчаў — мінімум, іх спалучэнняў — максімум». Капсула — гэта базавы камплект рэчаў для канкрэтных сітуацый (напрыклад, капсула бізнес-вумен, капсула ў стылі casual, капсула для маладой маці). Гэты камплект вытрыманы ў адным стылі і каляровай гаме, і, галоўнае, ён прадугледжвае вялікую колькасць камбінацый. Усе прадметы адзення падбіраюцца такім чынам, каб кожная рэч спалучалася з усімі астатнімі. У выніку мы атрымліваем свайго роду канструктар «Лега», з дэталяў якога можна пабудаваць што заўгодна. Калі капсула складзена правільна, як мінімум паўгода яна дазваляе наогул нічога не купляць, і пры гэтым кожны дзень выглядаць па-новаму. Якраз тое, што нам трэба.

Самая маленькая капсула — гэта 6–8 прадметаў адзення, з якіх лёгка складаюцца 12–15 камплектаў. Пачынаем складаць капсулу з «базы» — прадумваем «вярхі», дадаём некалькі «нізоў» (іх спатрэбіцца менш) і нанізваем на гэтую базу абутак, сумку, аксесуары. Можна, наадварот, пачаць з некалькіх «нізоў» і падабраць да іх «вярхі». У канцы можна прадумаць пару яркіх дэталяў, якія дадалі б вобразам адметнасць.

Ад тэорыі да практыкі: дзяўчынкі

— Для дзяўчынкі-школьніцы я параіла б купіць адну святочную блузку, — адзначае стыліст. — Гэтага будзе дастаткова.

 Такім чынам, святочная блузка. Яна можа быць у модным віктарыян-
скім стылі, з пышнымі рукавамі або карункавым каўнерыкам. Колеры — белы, крэмавы або блакітны.

  • Яшчэ адзін «верх» — абсалютна базавая кашуля з доўгімі рукавамі: прамая, накшталт хлапчуковай, з класічным адкладным каўняром. Колер — па жаданні: кашуля можа быць блакітнай, белай або ў тонкую палоску.
  • Астатнія «вярхі» — гэта вадалазкі светлых спакойных колераў.

— Вадалазкі цяпер у трэндзе, і пры гэтым яны не супярэчаць дзелавому дрэс-коду, нават строгім патрабаванням, якія бываюць у некаторых гімназіях. Яны прадстаўлены ў розных брэндаў, у тым ліку айчынных, у прынцыпе на любы бюджэт.

  • «Нізы» ў капсуле для школьніцы — гэта штаны, мінімум адна спадніца і сарафан. Колеры — не толькі чорны і шэры, але і цёмна-сіні, шакаладны, і нават глыбокі цёмна-зялёны.

— Сарафан не патрабуе частага мыцця, а калі мяняць вадалазкі, атрымліваюцца розныя вобразы.
І дзяўчынцы не будзе надакучваць «школьная форма», — тлумачыць Вольга. — Тым больш што сарафаны будуць актуальныя гэтай восенню не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Можна выбраць фасон у стылі рэтра, з пышнай спадніцай. Можна выбраць сарафан са спадніцай у складку на шырокіх шлейках, можна па фігуры на тонкіх шлейках. Ёсць варыянты з гузікамі наперадзе на планцы — такія сарафаны добра трымаюць форму.

  • Пінжак (хай гэта будзе не празмерны, а разумны аверсайз) і /або камізэлька (а лепш — дзве).

— Я рэкамендавала б спыніцца менавіта на камізэльках замест традыцыйных жакетаў. Фасон трэба выбіраць класічны — як ад мужчынскага касцюма-тройкі. Камізэлькі зараз носяць са штанамі, спадніцамі, на любую вадалазку, кашулю і нават як топ (але гэта, вядома, не школьны варыянт). Такую камізэльку дзяўчынка зможа надзець не толькі ў школу, але і ў вольны час — з джынсамі, на футболку.

  • Калготкі — гэта тое, што можа дадаць цікавінку ў строгі вобраз.

— Калі няма жорсткага дрэс-коду, можна выбраць шчыльныя каляровыя калготкі. І нават калготкі ў клетку: яны вельмі актуальныя. Гэта стыль прэпі, які прыйшоў да нас з элітных навучальных устаноў Заходняй Еўропы. Сёння гэта трэнд, і, думаю, дзяўчынкам-падлеткам такая дэталь прыйдзецца даспадобы. Дарэчы, клетка актуальная і ў вопратцы. Можна спадніцы і штаны купіць аднатонныя, а сарафан — клятчасты. Або наадварот. І дапоўніць капсулу вадалазкамі ў колеры клеткі.

  • Дадаём абутак.

— Гэта могуць быць нават кеды. Але не з тканіны, а з тонкай скуры на шырокай падэшве (у іх не будзе горача, таму такі абутак падыдзе дзяўчынцы-падлетку ў якасці «зменкі»). Можна выбраць менш правакацыйны, але таксама актуальны варыянт — туфлі ў стылі рэтра з раменьчыкам. Іх носяць са шкарпэткамі, якія надзяваюцца зверху на тонкія калготкі — гэта той жа стыль прэпі. З кароткай спаднічкай або сукенкай гэта будзе выглядаць вельмі крута.

Ад тэорыі да практыкі: хлопчыкі

  • Пачнём з «нізоў». Спатрэбяцца адны штаны — базавыя, класічныя, «ад касцюма». Можна дадаць яшчэ адны, актуальнай даўжыні — па костачку. А можна другім «нізам» абраць класічныя прамыя джынсы — без пацёртасцяў, цёмна-сіняга, а лепш цёмна-шэрага або чорнага колеру.

— Ні адзін дрэс-код, калі гэта не фармальны дрэс-код банка або юрыдычнай фірмы, не забараняе класічныя, строгія прамыя джынсы цёмных колераў, — тлумачыць стыліст.

  • «Вярхі». Адна строгая класічная кашуля светлага колеру для ўрачыстых выпадкаў. Астатняе — футболкі з акуратным каўняром і любыя вадалазкі. Іх можна будзе насіць з джынсамі, кедамі або красоўкамі і пасля школы.
  • Пінжак. Ён можа быць класічны, а можа быць клубны — у клетку, з воўны або нават вельветавы; у класічнай бэжавай, шэрай ці карычневай гаме.

— Хачу сказаць пра касцюмы. Многія мамы тут пакрывяцца: лічыцца, што касцюм для школьніка — пустое ўкладанне грошай. Маўляў, надзене яго хлопчык ад сілы два разы на год, 1 верасня і 31 мая. Ды і выглядае дзіця або падлетак у ім пацешна, як маленькі офісны работнік. Але касцюм патрэбны, каб насіць яго дэталі не разам, а паасобку. Пінжак — з джынсамі і светлай базавай футболкай. Штаны — з вадалазкай, футболкай, кашуляй, нават з худзі. Калі з дзяцінства навучыць хлопчыка насіць касцюм стыльна, асобна і разам — ён будзе ўмець добра апранацца ўсё жыццё.

  • Падбіраем правільны абутак.

— Тут падыходзіць любы базавы абутак: чэлсі, туфлі-дэрбі, оксфарды ў сучасным выкананні і нават красоўкі (цёмныя і без усялякіх флікерных уставак). Калі ў гэтым абутку хлопчыку некамфортна, можна абуць нават сліпоны — чорныя ці цёмна-сінія.

  • Дадаём у вобраз цікавінку.

— Для школьніка такой цікавінкай могуць стаць, напрыклад, каляровыя шкарпэткі. Цяпер яны ў модзе. Калі штаны правільнай даўжыні, па костачку, шкарпэткі могуць быць з малюнкам або прынтам (зразумела, не з чарапамі), досыць яркія. Але яны павінны спалучацца па колеры з астатнімі дэталямі вобраза.

  • Рукзак.

— Рукзак спалучаецца практычна з любым дрэс-кодам. У школу і для хлопчыка, і для дзяўчынкі выбіраем класічны рукзак, максімальна набліжаны да сумкі-партфеля, базавых цёмных колераў, без надпісаў, не спартыўнага тыпу.

— Вольга, дзе ўсё гэта можна набыць?

— Варыянтаў — маса. Дзяўчынкам класа з пятага-шостага ўжо падыдзе памер XS у мас-маркеце (Bershka, Stradіvarіus), хлопчыкам можна зазірнуць у Colіn's: хоць там рэчы не ў класічным стылі, сёе-тое можна знайсці і для школы. Ёсць сэнс прайсціся па гандлёвых цэнтрах, пабываць у ГУМе і ЦУМе. За «вярхамі» зазірніце да беларускіх вытворцаў — напрыклад, у той жа Mark Formelle. Выбірайце вопратку абавязкова разам з вашым школьнікам. Арыентуйцеся на тое, ці будзе дзіця насіць гэтыя рэчы толькі ў школу, або пажадае апранаць нейкія «школьныя» рэчы ў іншых спалучэннях у вольны час. Калі пажадае — значыць, гэта правільная і патрэбная рэч.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Апрануты як лонданскі дэндзі

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.