Вы тут

Вобразы легенды. Вера ў чалавека ў графіцы Арлена Кашкурэвіча


Нібыта прывітанне з дзяцінства: гэты малюнак я бачыла ў кніжцы казак, а той разглядала ў падлеткавым узросце, узрушаная сюжэтам «Дзікага палявання караля Стаха». Выстаўка — як уласная гісторыя сталення, бо гартаваць свядомасць і характар нам дапамагалі кнігі. У многіх, што выпала прачытаць мне і якія хацелася чытаць, былі ілюстрацыі Арлена Кашкурэвіча. Гэта былі кнігі беларускіх пісьменнікаў, з характарам — і ў сутнасці напісанага, і ў выявах. Але калі выбіралі пісьменніка, імя аўтара ілюстрацый заставалася нібыта «за кадрам», пры тым, што ў свядомасці ўсё роўна замацоўваліся менавіта яго вобразы.


Да канца жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць мемарыяльная выстаўка графікі Арлена Кашкурэвіча як нагода прыгадаць тое, што было і для нас, і для гэтага чалавека істотным.

Летась адзначалася 90-годдзе мастака: экспазіцыя была падрыхтаваная да гэтай даты, каб паказаць найлепшае, што створана аўтарам — афорты, літаграфіі, акварэлі, жывапісныя творы. Кашкурэвіч валодаў рознымі тэхнікамі, але, здаецца, найбольш яркімі па эмацыянальным уздзеянні з'яўляюцца якраз яго графічныя творы.

Народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч быў з тых творцаў, што склалі гонар беларускай школы графікі. Прыйшоўшы ў мастацтва ў пасляваенны час, калі людзі жылі з верай у новае жыццё, ён найперш шукаў веры ў чалавека. Магчыма, спачатку шукаў у самім сабе, намацваў, нібыта тонкую, але экспрэсіўную лінію, якая будзе вызначаць почырк майстра, не зважаючы на прынятыя «правільныя» падыходы. Нездарма, скончыўшы тэатральна-мастацкі інстытут, ён застанецца там выкладаць — выхавае творцаў, якія самі стануць майстрамі з адметным поглядам на мастацтва і на свет.

Уласны погляд на свет Кашкурэвіч уклаў у аўтарскія серыі, дзе кожная з работ нясе прапушчаны праз сябе адбітак рэальнасці — ці не таму яны скіраваныя не столькі на сюжэт, колькі на настрой. Напрыклад, серыі «Горад і людзі» ці «Майстры»: што ні работа — тое асобнае пачуццё, што ствараецца адметнай экспрэсіяй Кашкурэвіча. Што ні мікрарэальнасць — тое эмоцыя: захопленасць, боль, радасць, любоў, страсць. У чалавечым свеце ён здолеў выхопліваць тое, што ператварае цялесных істот у асоб з характарам.

Нават у кніжныя ілюстрацыі ён умудраўся ўкладваць уласны погляд, што часам выклікала здзіўленне пісьменнікаў. З тым жа Уладзімірам Караткевічам, як калісьці прызнаваўся Кашкурэвіч, даводзілася спрачацца, каб адстойваць права на мастацкую праўду, на тое самае «я так бачу». Не гістарычныя дэталі цікавілі Кашкурэвіча як ілюстратара кніг, а самі героі, іх псіхалогія, боль, адчай і сіла характару.

Варта паглядзець на твары герояў у ілюстрацыях Кашкурэвіча да кніг Купалы — мастак часта звяртаўся да яго твораў. Ілюстраваная ім кніга «Тры паэмы» была адзначана ўзнагародай другой ступені на Усесаюзным конкурсе «50 найлепшых кніг года» ў Маскве ў 1963 годзе. Але калі паглядзець на адлюстраваныя ў графіцы вобразы герояў паэм «Бандароўна», «Магіла льва» ці «Курган» — яны пададуцца знаёмымі сучаснікам, бо існуюць па-за часам: усё ж мяняцца могуць дэталі, антураж, але не беларускі характар. На гэтай зямлі і сёння жывуць такія людзі, як мужны гусляр, што спяваў праўдзівыя песні, як прыгажуня Бандароўна, для якой годнасць на першым месцы, як Машэка з паэмы «Магіла льва», што востра адчувае крыўду, але лёгка ператвараецца ў злачынцу, не саўладаўшы з пачуццямі і паставіўшы ў аснову жыцця нянавісць. Калі кнігі з гэтымі ілюстрацыямі ўжо аджылі сваё, бо зачытаныя некалькімі пакаленнямі, то графіка Кашкурэвіча — па-ранейшаму жывая: вызначальныя рысы народа не змяніліся. Можа, таму ілюстрацыі з кніг, прачытаных у школьныя гады, чапляюць і цяпер.

Мастак рабіў ілюстрацыі да кніг Быкава, Адамовіча, Караткевіча, Шамякіна. Кніжная графіка Арлена Кашкурэвіча сёння — гэта выдатны праваднік у свет беларускай літаратуры, якая адлюстравала самыя драматычныя моманты гісторыі народа і сказала пра нас галоўнае: мы моцныя. Ілюстрацыя — гэта сканцэнтраваная думка, таму нават у малюнках, дзе, здаецца, беспрасветная цемра (да аповесцяў Быкава ці «Хатынскай аповесці») праз цемру прарываецца святло. У чалавечым свеце мастака цікавіла прырода дабра і зла (таму прыцягвалі біблейскія сюжэты, «Фауст» Гётэ) альбо адчайнае жаданне адстойваць праўду, нават цаной уласнага жыцця ды ў ліхія часы войнаў і гістарычных пераломаў, альбо што вымушае рабіць выбар у адзін ці другі бок.

Калі трэба знайсці супакаенне і ў складаны час атрымаць адказы, як жыць далей, мы звяртаемся да розуму папярэднікаў. Каб, прайшоўшы скрозь эпохі, часіны, прасторы, спыніцца ў тым пункце, у якім твой лёс можа атрымаць штуршок. Нашы папярэднікі самі траплялі ў такія лёсавызначальныя пункты і станавіліся на шлях, дзе перамагала жыццё. Энергія жыцця можа выплёсквацца эпізодамі, карцінкамі, малюнкамі, мастацкімі творамі, але разам яны складаюцца ў бясконцую гісторыю чалавечага свету. Бо энергія не знікае, у ёй захоўваюцца характары людзей, якія жывуць, як нам здаецца, тут і цяпер, але па факце — бясконца. Таму Беларусь — з такімі характарамі, як у Кашкурэвіча, — не стала легендай у гісторыі. Але яна можа быць легендарнай краінай, з характарам яе жыхароў, таму што створана дзеля іх.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».