Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Поп сваё, а чорт сваё

...На вакзал Ганна ледзь прыплялася — рукi, здавалася, адарвуцца ад непад'ёмных сумак — ледзьве ўсцягнула iх у вагон. «I на халеру я столькi падручнiкаў з сабой цягнула, столькi адзення брала, — дакарала сама сябе. — Не спатрэбiлася ж амаль нiчога».

Аднак настрой быў паганы не столькi з-за сумак. Найболей даймала тое, што яна, студэнтка-завочнiца чацвёртага курса педунiверсiтэта i амаль выдатнiца, з гэтай, чарговай сесii вярталася «з хвастом»... Зноў жа — праз сваю дурату: замест таго, каб рыхтавацца да апошняга экзамену цi хоць напярэдаднi проста паспаць, ударылася ў гулi, да позняга святкавала юбiлей сяброўкi...

Факт, што цяпер яе суцяшала хiба адно: нейкiя шэсць гадзiн у дарозе i яна дома — абдымае сваiх дзяцей, мужа, вяртаецца да прывычных спраў. А пакуль, як здавалася, можна адпачыць, хаця...

Сваё месца ў плацкартным вагоне насупраць яе займала нейкая жанчына, не першай маладосцi, але з такiмi жывымi цiкаўнымi вачанятамi...

Толькi глянуўшы на iх, Ганна зразумела, што падрамаць не атрымаецца — дастане размовамi.

I сапраўды: цягнiк крануцца не паспеў, як жанчына залапатала:

— Бачу, ты з цяжкiмi сумкамi... З адпачынку, вiдаць?

— Можна i так сказаць, — усмiхнулася Ганна. — Амаль месяц дома не была.

— А чаму ж тады кiслая?

— Ды з «хвастом» вяртаюся...

— Авоечкi! Як жа так?

— Сама не разумею... Загулялася...

— Вось бяда дык бяда! — паспачувала спадарожнiца. — А яшчэ як муж дазнаецца....

— Ды ён ужо... Я пазванiла.

— Ну i як? Што сказаў?

— Сказаў — хай большай бяды не будзе, а з гэтай справiмся.

— Што? Ён так i сказаў?! Во гэта мужчына! Гэта — чалавек!.. Не тое, што iншыя... Мой далiбог бы галаву адкруцiў... А твой — мае рацыю: медыцына цяпер моцная. Абы не спазнiцца...

— Праз месяц сказалi прыехаць... Толькi пры чым тут медыцына?

— Дык «хвост» жа — гэта залёт?

— Якi залёт?! Студэнтка я! Экзамен завалiла — вось i «хвост»... А вы што падумалi? Як вам не сорамна?

...Жанчыне i сапраўды, мусiць, няёмка было, бо за ўсю дарогу яна не сказала болей нi слова.

Анатоль ПАЛЫНСКI, г. Беразiно


Як клiчуць, так i адклiкаюцца

depositphotos.com

Апынуцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час пашчасцiць не кожнаму. Iрына, мая блiзкая прыяцелька, якраз з такiх. Ну мяркуйце самi: спачатку яна трапiла на чужое вяселле i там знайшла сабе мужа, потым, у радзiльнi, падзялiлася грудным малаком з суседкай па палаце i займела блiзкую сяброўку, а праз яе мужа — i новую работу, аб якой жанчыны хiба што мараць. Загiнайце пальцы: побач з домам i садком — гэта раз, з добрай зарплатай — два, па спецыяльнасцi — тры, у досыць дружным жаночым калектыве — чатыры...

А далей — амаль па Караткевiчу: каб работа мёдам не здавалася, за начальнiка ў iх быў нейкi недарэка... Росту ў чалавека — метра паўтара ў падскоку, а форсу — без фiгi не да носа. Увесь час стараўся паказаць, хто тут хто: ледзь не кожны дзень нарады збiраў, на гадзiну «пяцiмiнуткi» расцягваў, перад кожнай з работнiц «задачы ставiў» — на дзень, на тыдзень (як быццам без гэтага яны не ведалi б, што рабiць), а ўжо дысцыплiну трымаў — як, мусiць, нiхто. Быў час — спецыяльны журнал завёў, у якiм кожны спецыялiст пазначаў, а каторай гадзiне прыйшоў на работу, куды адлучаўся па службовых справах (з указаннем часу ад'езду i часу прыезду), куды адпрошваўся... Калi, напрыклад, да доктара, то павiнен быў запiсаць яго прозвiшча i нумар палiклiнiкi, каб гэта можна было праверыць...

Карацей, начальнiка тога звалi Фама i, вiдаць, недарэмна: не давяраў ён сваiм падначаленым... А спрабавалi казаць — не чуў.

Вось тады з лёгкай рукi адной гумарысткi ў журнале i сталi з'яўляцца запiсы накшталт: дзевяць гадзiн — прыйшла на работу, дзевяць гадзiн пятнаццаць хвiлiн — пайшла ў прыбiральню, дзевяць гадзiн дваццаць хвiлiн — адтуль вярнулася, што, вядома ж, рэзала вочы.

Мусiць, таму кiдкае слова «прыбiральня» жанчыны «засакрэцiлi»: сталi пiсаць: «Пайшла да... Фамы Пятровiча»... «Прыйшла ад Фамы Пятровiча»... То-бок да начальнiка i ад начальнiка?

...Як вядома, над кожным з iх, гэтых невялiкiх, ёсць начальнiкi большыя, якiя час ад часу наведваюць «нiзавыя падраздзяленнi».

Вось i ў той дружны калектыў завiтаў «шэфаў шэф», генеральны дырэктар.

Удвух яны спачатку пасядзелi ў кабiнеце ў Пятровiча, потым прайшлiся па тэрыторыi, па майстэрнях, завiталi i да жанчын, дзе гаспадар хацеў пахвалiцца навядзеннем парадку — падаў журнал.

Госць разгарнуў яго, уголас прачытаў колькi верхнiх радкоў аб тым, хто куды адлучаўся. А потым, зачапiўшыся за шматлiкiя «...пайшла да Фамы Пятровiча — прыйшла ад Фамы Пятровiча» спытаў:

— Слухай, а чаго ты iх выклiкаеш? Ды яшчэ раз за разам... Ты ж людзям працаваць не даеш...

Фама паспрабаваў быў пярэчыць, што выклiкае зусiм не часта, што гэтыя запiсы трэба праверыць...

Аб чым яшчэ (i ўжо з вока на вока) гаварылi вiзiцёры, жанчыны не чулi. Яны ледзь дачакалiся, пакуль за начальствам зачыняцца дзверы, пакуль яно трохi адыдзецца, а потым, што называецца, пад сталы палезлi ад рогату...

I назаўтра ў iх радасць была, бо журнала, якi папсаваў iм столькi крывi, на месцы не аказалася, нiякiх праверак i разборак з-за яго таксама не было.

А. Ермалюк, г. Пiнск


Сарока сароку бачыць здалёку

Добрая ўсё-такi штука — iнтэрнэт. Некалi мы, старыя, ганьбiлi яго, потым, пакрысе, сталi цiкавiцца ды асвойваць, каб урэшце прызнаць, што гэта ж проста цуд! Радня, дапусцiм, недзе за светам, за тысячы вёрст, а ты сабе сядзiш на канапе i з ёй размаўляеш, бачышся... Ды што там — нават часу не заўважаеш, на гадзiннiк не глядзiш — не баiшся, што гэта ўляцiць у капеечку...

Да таго ж — любую падказку ў iнтэрнэце знойдзеш, розныя крыжаванкi ды гульнi для прафiлактыкi склерозу, анекдоты для падняцца тонусу. Ну сапраўды, нешта пачытаеш-паглядзiш, пасмяешся, а потым яшчэ i абмяркуеш, бо серыялы ўжо не модна...

Дык вось неяк зайшла да нас суседка Анюта. Яна таксама ўсё жыццё ў вёсцы пражыла, нам ёсць аб чым пагаманiць. Але ж тут быў ТiкТок адкрыты, згледзела Аня, як кошка талерачку ссоўвае са стала, каб тая разбiлася, i як зарагоча... Кажа: «Мая нявестка вось так рабiла».

З гэтага, як здагадалiся, i пачалася чарговая «вясёлая i праўдзiвая гiсторыя».

«Ажанiўся, значыць, мой сын, — расказвала Анюта, — прывёз дадому нявестку — гарадскую, але ж ласкавую-ласкавую. Ну хоць ты да раны яе прылажы: камплiменты вакол рассыпае, усё хвалiць, за работу хапаецца... I родных сваiх у госцi прывозiць. Мне што, — я не супраць, бо каўбаса з вяндлiнкай у хаце нязводныя, масла з сырам таксама. I гароднiны — хоць на градах, хоць у слоiках недзе ў склепе — да гiблоты, як той казаў... Ёсць чым людзей частаваць.

Але ж пасля гэтага i посуду... «Я памыю!» — бярэцца Танечка. Ну i памый, калi хочаш... Хто ж тут будзе пярэчыць? Тым больш што ў сына свае клопаты (ён, дзякуй богу, сам работу бачыць, загадваць нiчога не трэба). У мяне таксама — свiннi, кароўка, гарод. Ды i гасцей з пустымi сумкамi ў горад не выправiш — палажыць нешта трэба...

Значыць, iдзе мая нявестачка посуд мыць. I з кухнi следам то «дзынь», то «бразь»: кожны раз хоць нешта ды паб'ецца... Гляджу, ужо сiротамi, а не камплектамi ў секцыi крыштальныя фужэры стаяць (першымi пабiлiся самыя прыгожыя — на тонкай ножцы). I сервiз сталовы ўжо не сервiз, а так — горка талерак (як для вялiкай кампанii дык i на стол непрыемна ставiць)...

Шкада iх, вядома ж, бо за кожным наборам памяць: не сама ж iх купляла — блiзкiя людзi дарылi...

I, што крыўдна, не скажаш, што ў нявесткi рукi крывыя, што яна калi чарку лiшнюю п'е. Тады што?

Стала я неяк у кухнi ля дзвярэй i назiраю. Бачу, гаспадынька мая кiлiшак на край стала паставiла, а потым — быццам незнарок — локцiкам яго, на асколачкi...

Азiрнулася, згледзела мяне — зачырванелася... Я ж зрабiла выгляд, што нiчога такога не заўважыла. Кажу ёй: «Посуд на шчасце б'ецца!»

А яна ж, вiдаць, чакала, што я яе з кухнi адпраўлю, не даверу болей пасудак мыць...

Ага, якраз: не такая ў цябе свякроў.

Каб пераканаць, я да наступнага прыезду як след падрыхтавалася: сабрала колькi каструль з патэльнямi, растапiла плiту, трохi ссунула кругi — патрымала посуд, каб закапцiўся.

А тут у выхадныя i госцi мае. Паабедалi, пагаварылi, а потым я i кажу, што талеркi сёння мыю сама (у нявесткi, бачу, аж вочкi заблiшчэлi: ура, маўляў, дамаглася!). Я ж, «не заўважаючы», гну сваё: «А ты, дачушка, пачысцi каструлi з патэльнямi. I глядзi ж, спаласнi, як след... Саша табе вадзiчкi наносiць».

...Цяжкавата тады Танi прыйшлося — папрацавала, бедная. Але ж не марна: пасля тога жалезнага ды чыгуннага посуду шкляны з яе ручак больш нiколi не падаў. Мы з ёй паразумелiся, што важна — без нiякiх сварак».

Любоў Чыгрынава, г. Мiнск

Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар

Ад яе ж. Гiсторыi (паводле слоўнiка эпiтэтаў беларускай лiтаратурнай мовы) бываюць абсурдныя, амурныя, анекдатычныя, банальныя, дзiвосныя, iдыёцкiя, камiчныя, кранальныя, небывалыя, павучальныя, пацешныя, скандальныя, трагiкамiчныя... Усяго — цi паверыце? — каля сотнi слоў!

I яшчэ адна лiчба (мо такая ж неверагодная): газета «Звязда» iх збiрае амаль дваццаць гадоў!

Удзячная справа! А таму — далучайцеся, гэта значыць пiшыце!

Калi ласка, са зваротным адрасам i (пажадана) нумарам тэлефона для аператыўнай сувязi.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.