Вы тут

Што прапануюць вучням беларускiя вытворцы адзення


Бясплатная падгонка адзення, знiжкi да 70 % на мадэлi мiнулых гадоў. Новыя тканiны i ўборы. Павышэнне цаны на школьныя ўборы айчыннай вытворчасцi не больш як на 10 %. Усё гэта i не толькi чакае беларусаў, якiя рыхтуюцца да новага навучальнага года. Што сёлета апрануць на лiнейкi вучнi, у колькi гэта абыдзецца бацькам i як не спусцiць сямейны бюджэт на школьных базарах, расказалi спецыялiсты.


Айчынны асартымент i дадатковыя паслугi

Для вучняў сёлета выпускаюць 500 мадэляў дзелавога адзення для школы, 285 з якiх новыя, а таксама 200 варыянтаў абутку i больш за 70 мадэляў трыкатажнай прадукцыi.

Мяркуецца, што айчынная прамысловасць (дзесяць прадпрыемстваў швейна-трыкатажнай галiны, якiя ўваходзяць у склад канцэрна «Беллегпрам») пашые каля 600 тысяч швейных i трыкатажных вырабаў. Хоць пару гадоў назад толькi швейнай прадукцыi для школы выпускалася больш за мiльён. Сёлетняе змяншэнне заказу абумоўлена вялiкай колькасцю мадэляў, якiя засталiся з мiнулых гадоў, растлумачыў Вадзiм ЛАМКОЎ, намеснiк старшынi «Беллегпрама».

— Школьны сезон сёлета пачаўся крыху пазней, чым звычайна. На гэта паўплывала сiтуацыя на рынку краiны праз каранавiрус — прадпрыемствы ў красавiку—маi арыентавалiся ў асноўным на выпуск сродкаў аховы. Таму мы не праводзiлi паказы школьнага адзення i прэзентацыi. Аднак увесь комплекс работ мы правялi i працягваем iх. Прадпрыемствы гатовыя на працягу тыдня адшыць любую разумную колькасць дадатковых заказаў да запланаванага аб'ёму, калi яны будуць.

Асартымент тавараў для школы сфармiраваны ў асноўным за кошт прадукцыi айчыннай вытворчасцi. Для поўнага задавальнення спажывецкага попыту недахоп дапаўняецца iмпартнымi таварамi. У гандаль ужо паступiла больш за 400 тысяч вырабаў: 260 тысяч швейных i 145 тысяч — трыкатажных. Школьнiкам прапануецца да 100 мадэляў ранцаў, заплечнiкаў i сумак са святлоадбiвальнымi элементамi. Прадстаўлены разнастайны асартымент школьных пiсьмовых i канцылярскiх прылад, расказала Наталля МЕЛЬНIКАВА, намеснiк начальнiка ўпраўлення арганiзацыi гандлю i грамадскага харчавання, начальнiк аддзела спажывецкага рынку МАРГ:

— У рэгiёнах краiны арганiзавана работа больш як 350 школьных базараў, кiрмашоў, праводзяцца выстаўкi-продажы, кiрмашы выхаднога дня. Аформлены куткi першакласнiка i школьнiка, выдзелены дадатковыя месцы для продажу. Тэматычна аформлены гандлёвыя залы i вiтрыны, размешчаны шыльды i планшэты-ўказальнiкi. Прадукцыю для школьнiкаў можна набыць у больш чым 10 тысячах рознiчных гандлёвых аб'ектах.

Графiк правядзення школьных кiрмашоў у сталiцы, абласных гарадах i райцэнтрах змешчаны на сайце канцэрна «Беллегпрам».

Пакупнiкам будуць аказваць i дадатковыя паслугi, накшталт папярэднiх заказаў на тавары школьнага асартыменту або падгонкi адзення па фiгуры. У сталiчным ЦУМе, прынамсi, з 15 да 31 жнiўня прыладзiць убор пад камплекцыю вучня дапамогуць бясплатна.

Выцiскаем з цэн лiшнiя капейкi

Сёлета мадэльеры запусцiлi ў вытворчасць шмат мадэляў сучаснага адзення для хлопчыкаў i дзяўчынак. Больш стала трыкатажных вырабаў, а ў вытворчасцi абутку арыентуюцца на мадэлi з натуральных тэкстыльных валокнаў. Для школьнiкаў прадугледжана даволi шмат нестандартных мадэляў, а таксама вырабаў з рэгулятарамi, якiя можна падагнаць па фiгуры дзiцяцi.

Арыенцiровачны кошт камплектаў адзення дзелавога стылю для вучняў — ад 60 да 303 рублёў. А цана на набор школьна-пiсьмовых прылад i канцылярскiх тавараў можа вар'iравацца ад 22 да 183 рублёў.

— У асноўным удалося захаваць цэны на ўзроўнi мiнулага года. Яны падраслi на 3—10 % пераважна з-за выкарыстання новых матэрыялаў i iмпартных закупак, — запэўнiў Вадзiм Ламкоў. — Мы хочам захаваць канкурэнтаздольнасць ва ўмовах, калi прадукцыя лёгкай прамысловасцi паступае ў краiну неабмежавана. Каб утрымацца на рынку, мы змагаемся за цэны i выцiскаем з iх лiшнiя капейкi. Уся адзежа для школьнiкаў адпавядае стандартам, якiя iснуюць для гэтай групы тавараў. А ўключэнне хiмiчных i сiнтэтычных нiтак у касцюмы адпавядае патрабаванням хiмiчнай i бiялагiчнай бяспекi.

Прываблiваюць айчыннага пакупнiка да набыцця тавараў беларускага легпраму i знiжкамi.

— Скiдкi на школьны асартымент, якiя прадпрыемствы гандлю прапануюць сумесна з айчыннымi вытворцамi тавараў, даходзяць да 70 %. На мадэлi дзелавога стылю, якiя выпушчаны ў 2016—2018 гадах, прадпрыемства «Калiнка», напрыклад, дае знiжкi
ад 45 да 70 %. А на асобныя леташнiя мадэлi — да 40 %, — падзялiлася Наталля Мельнiкава. — Удвая танней можна набыць мадэлi 2017—2018 гадоў i ў фiрменных крамах «Камiнтэрна» i «Палесся». А некаторыя прадпрыемствы змяншаюць цэны i на вырабы 2020 года.

Каб падрыхтавацца да школы, прапануюцца таксама праграмы крэдытавання i растэрмiноўкi за ўласныя сродкi i сумесна з банкамi, у крамах праводзяцца днi знiжак. На 15—16 жнiўня запланаваны, дарэчы, адзiны дзень знiжак, якiя будуць даходзiць да 40 %. Адбудуцца таксама акцыi са скiдкамi да 25 % для шматдзетных сямей, дамоў сямейнага тыпу, сем'ям, якiя выхоўваюць дзяцей-iнвалiдаў. У буйных крамах арганiзуюцца дабрачынныя акцыi «Збяром партфель разам».

Строгая класiка i яркiя дэталi

Дакладных патрабаванняў да школьнага стылю няма, аднак ёсць рэкамендацыi. Галоўную ролю ў вызначэннi вонкавага выгляду навучэнцаў iграе савет установы адукацыi, падкрэслiла Iрына БУЛАЎКIНА, галоўны спецыялiст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыi Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай i спецыяльнай адукацыi Мiнадукацыi:

— Адзенне дзелавога стылю вельмi разнастайнае, i яго можна камбiнаваць, што дазваляе вучням выглядаць элегантна, прыгожа i сучасна. Пры гэтым адзенне школьнiка павiнна настройваць на рабочы лад i не адцягваць ад навучальнага працэсу яго i навакольных. У гэтым навучальным годзе ў краiне будзе працаваць каля трох тысяч устаноў адукацыi для навучання больш як мiльёна школьнiкаў, 114 тысяч з якiх першакласнiкi.

Асартымент адзення для школы вельмi разнастайны: ад строгiх цёмных касцюмаў да яркiх вырабаў. Сярод навiнак штаны-кюлоты, сарафаны-камiзэлькi, кроп-топы, бомберы, спаднiцы-плiсэ.

У строях для хлопчыкаў прадугледжаны элементы з замшу, вышыўкi, кантрасных гузiкаў, петляў i дэкаратыўных закрэпках. Дапаўняецца вобраз штанамi свабоднага стылю тыпу кэжуал i смарт-кэжуал. Папулярнымi застаюцца штаны-чынасы з бавоўны i вузкiя штаны з полiвiскознай тканiны.

— Больш шырока, чым летась, у гэтым годзе прадстаўлены кашулi ў класiчным стылi, трыкатажныя кашулi i «двойкi» — трыкатаж плюс тэкстыль. Гэта досыць новы i модны кiрунак. Прадстаўлены як насычаныя, так i стрыманыя колеры, — ахарактарызаваў школьныя ўборы Вадзiм Ламкоў. — Укараняюцца новыя вiды малюнкаў жакардавых палоцен: клеткi, дыяганальны рубчык, варыянты дробнай крошкi, трохколерны жакардавы малюнак. А таксама дэкаратыўныя элементы: манжэты, планкi, лампасы, дэкаратыўная тасьма, здымныя дэталi, штучная пячаць i iншае.

Дзяўчынкам акрамя класiчных блузак са змешаных баваўняных тканiн прапануюцца святочныя ўборы, упрыгожаныя шыфонам, гiпюрам, карункамi, плiсэ, зборкамi, атласнай тасьмой, стразамi. А таксама камбiнаваныя блузкi з трыкатажных палоцен, блузкi з прынтованай вiскознай тканiны.

З'яўляецца тэндэнцыя да таго, каб элементы школьнага адзення можна было насiць i ў штодзённым звычайным ужытку. Для гэтага ўборы шыюць з тканiн, якiя лёгка мыць, i яны не камечацца, — дадаў ён. Прадпрыемствы легпрама выконваюць таксама заказы для асобных устаноў адукацыi, якiя просяць шыць для сваiх навучэнцаў мадэлi па iндывiдуальных эскiзах.

Iрына СIДАРОК

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.