Вы тут

Якой стане iнтэр'ерная i музейная экспазiцыя адзiнага ў Беларусi каралеўскага замка ў Гродне


Агляд будзе даступны для наведвальнiкаў у канцы года. На цяперашнi час адноўлена трацiна гiстарычнага аб'екта. Узведзены вежы, а памiж iмi — крапасная сцяна з галерэяй. Адбудавана некалькi аб'ектаў, якiя былi тут у старажытнасцi, у тым лiку камянiца i мерная хата. Зараз рыхтуецца музейная экспазiцыя па гiсторыi замка, а таксама ствараюцца iнтэр'еры, якiя адпавядаюць замку Стэфана Баторыя.


Акцэнт на турызм

Неабходнасць рэканструкцыi замка прадыктавана некалькiмi прычынамi. Як растлумачыла начальнiк упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клiмовiч, занепакоенасць выклiкаў стан замка. Дайшло да таго, што ў памяшканнях фондаў i кабiнетах навуковых супрацоўнiкаў з'явiлiся шчылiны. I хоць на першым паверсе сцены сапраўды тоўстыя i магутныя, але асядала падлога ў аддзеле прыроды. Такi аварыйны стан не спрыяў i развiццю экспазiцыi музея, якая, дарэчы, не аднаўлялася гадоў трыццаць, бо чакалi пачатку рэканструкцыi. Каб вывесцi замак з застою i захаваць яго для нашчадкаў, патрэбны былi дзейсныя меры.

— I калi мы кажам, што адной з прычын была неабходнасць захаваць аб'ект з улiкам яго фактычнага стану, то другой прычынай, i гэта таксама важна, з'яўляецца развiццё турызму i пазiцыянаванне горада як каралеўскага. А замкi ў Гродне якраз i з'яўляюцца такiмi аб'ектамi. Стары замак заўсёды лiчыўся самым папулярным аб'ектам як сярод беларускiх, так i сярод замежных турыстаў, — падкрэслiла Алена Клiмовiч.

Сапраўды, гэта адзiная каралеўская рэзiдэнцыя ў Беларусi, якая дайшла да нашых дзён. А паколькi аб'ект звязаны з гiсторыяй Лiтвы i Польшчы, цiкавасць да яго з боку замежных суседзяў вялiкая. Як вядома, у Старым замку праходзiлi першыя соймы Рэчы Паспалiтай. Пазней для гэтых мэт былi пабудаваны Новы замак i мост, якi злучае яго са старым. Гэты мост, дарэчы, — самы старажытны на тэрыторыi Беларусi. Вядома, такое знакавае месца, дзе вяршыўся лёс усёй Еўропы, не можа не цiкавiць. Таму стаяла задача захаваць аб'ект i выкарыстаць яго турыстычны патэнцыял.

...I аднавiўся Стары замак

Рэканструкцыя Старога замка ў Гродне пачалася ў 2017 годзе. Пасля таго як спецыялiсты ацанiлi стан аб'екта, справа, нарэшце, зрушылася з мёртвага пункта. Праект пачаў набываць канчатковы выгляд, а сам замак — мяняцца.

Сёння завяршаецца першая чарга будаўнiцтва. Гэта прыблiзна трацiна ўсiх работ — ад брамы да новай вежы. Узведзены асноўныя будынкi — дзве вежы з галерэяй памiж iмi, адноўлена мураваная сцяна, ад якой тут захавалiся руiны. Пабудаваны некалькi аб'ектаў, што iснавалi ў ХVI стагоддзi. На вежах устаноўлены купал i флюгеры. I хоць зроблена толькi частка работы, аб'ект неверагодна змянiўся. Цi, правiльней сказаць, значна наблiзiўся да выгляду каралеўскага замка эпохi Стэфана Баторыя. У 1580-х гадах гаспадар стварыў тут сваю рэзiдэнцыю, ператварыўшы былыя руiны ў прыгожы палац. Праўда, да нашых часоў замак дайшоў у выглядзе шэрых будынкаў, але цяпер зноў набывае былую велiч.

Па словах Алены Клiмовiч, гатоўнасць першай чаргi складае 90 %. З пачатку рэканструкцыi асвоена 16 мiльёнаў рублёў, выдаткаваных дзяржавай. Частка сродкаў накiравана на неабходную iнжынерную iнфраструктуру — падстанцыю i цепласеткi. Вядуцца работы па вырабе i мантажы дэкаратыўных элементаў, добраўпарадкуецца ўнутраны дворык. Першую чаргу плануецца здаць да канца года.

Суразмоўнiца падкрэслiла, што рэканструкцыя вядзецца пад наглядам самiх праектантаў i навуковых супрацоўнiкаў. Многiя работы выконвае «Белрэстаўрацыя» — адзiнае ў краiне спецыялiзаванае прадпрыемства па рэстаўрацыйна-аднаўленчых работах. У прыватнасцi, рэстаўратары выканалi ўсе работы па вырабе вокнаў i дзвярэй. Яны ж будуць узнаўляць камiны i печы, якiя былi ў замку, а таксама — вiтражы. У работах актыўна ўдзельнiчае i грамадскае аб'яднанне «Беларускi саюз мастакоў». У стылi сграфiта на вежы Старога замка з'явiлiся профiльныя партрэты ў медальёнах, грыфоны i раслiнны арнамент. Па перыметры размешчана 12 партрэтаў рымскiх iмператараў i караля Стэфана Баторыя.

Таямнiцы Замкавай гары

Тэрыторыя замка займае ўсю плошчу высокага ўзгорка. Адсюль пачаўся горад у ХI стагоддзi, калi была ўзведзена першая абарончая драўляная крэпасць. Праз два стагоддзi вялiкi князь Вiтаўт пабудаваў тут каменны гатычны замак з пяццю вежамi i зрабiў яго сваёй рэзiдэнцыяй. Дарэчы, гэтая пабудова вiдаць на вядомай гравюры Цюнта ХVI стагоддзя.

Пазней, падчас праўлення Стэфана Баторыя, замак набыў велiчныя рэнесансныя рысы. Усе эпохi так цi iнакш дайшлi да нашых часоў. Штосьцi таiлася пад сучаснай тынкоўкай, штосьцi захоўвалася ў нетрах гары i было выцягнута падчас раскопак.

Менавiта пры археалагiчных работах яшчэ ў 30-я гады мiнулага стагоддзя былi знойдзены рэшткi Нiжняй царквы i княжацкага церама ХII стагоддзя. А сёлета ўдалося раскапаць муры замка Вiтаўта, якiя датуюцца ХIV стагоддзем. З гэтага перыяду сярэднявечча дайшлi рэшткi Верхняй царквы. Затым — ХVI стагоддзе. Знойдзена частка тынкоўкi тагачаснага замка Стэфана Баторыя. Вось колькi гiстарычных пластоў было схавана на невялiкай тэрыторыi! Усе гэтыя ўчасткi будуць экспанавацца.

А што з iнтэр'ерам?

Цяпер гiсторыка-археалагiчны музей рыхтуе музейную экспазiцыю па пяцi тэмах. Сярод iх — i гiсторыя Замкавай гары, i барацьба з крыжаносцамi, i Лiвонская вайна. Асобная тэма будзе прысвечана Стэфану Баторыю — каралю Рэчы Паспалiтай. Дарэчы, свае апошнiя днi ён правёў менавiта ў Старым замку ў Гродне.

Што складзе экспазiцыю? Безумоўна, у першую чаргу тыя рэчы, якiя былi знойдзены на тэрыторыi замка падчас археалагiчных раскопак. Гэта ўнiкальныя прадметы, якiя адносяцца да часоў узнiкнення горада i могуць быць уласнасцю княжацкай дынастыi. Тут i рэшткi адзення, абутку, i шахматныя фiгуры i часткi шахматнай дошкi, аднесеныя навукоўцамi да ХII стагоддзя. Нямала прадметаў побыту тых часоў — жаночыя ўпрыгажэннi, рэшткi посуду з бяросты. Для дэманстрацыi адзення тых даўнiх часоў будуць зроблены манекены. Нешта ёсць у фондах музея, астатняе будзе вырабляцца. Ва ўсякiм выпадку, спецыялiсты гэты аспект прадумалi i стварылi лiчбавую версiю размяшчэння экспанатаў.

— Калi ўсё будзе iсцi па плане i не ўзнiкне нейкiх аб'ектыўных перашкод, экспазiцыя адкрыецца ў канцы года, — растлумачыла суразмоўнiца. — Гэта дазволiць аб'екту жыць і прымаць наведвальнiкаў. Бо iнтарэс да замка вялiкi не толькi ў беларусаў, але i ў замежнiкаў, якiя пакрысе пачынаюць вяртацца ў Гродна.

Ужо вызначаны чатыры памяшканнi, якiя атрымаюць iнтэр'еры ў стылi ХVI стагоддзя. Гэта каплiца, каралеўская лазня, алебастравая зала i пакой чыноўнiка. Работы па iнтэр'ерах, магчыма, зоймуць 2-3 гады.

I хоць аблiчча замка значна змянiлася, галоўныя работы яшчэ наперадзе, у тым лiку i рэканструкцыя непасрэдна самога будынка. На сённяшнi дзень зроблены перадпраектныя работы, а таксама зандажны аналiз кладкi, якi сведчыць пра неаднаразовую перабудову замка. Работы вядзе iнстытут «Гроднаграмадзянпраект». Канчатковы праект будзе зроблены пасля археалагiчных даследаванняў. Раскопкi дазволяць вырашыць многiя спрэчныя пытаннi, у тым лiку i наконт знаходжання цэнтральнага ўвахода.

Дарэчы, плануецца даследаваць не толькi тэрыторыю замка, але i мясцiны па-за iм. Магчыма, i тут удасца раскапаць што-небудзь унiкальнае, як гэта было падчас папярэднiх работ. Бо хто ведае, што яшчэ тоiць у сабе гэтае старажытнае паселiшча...

Маргарыта УШКЕВIЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Рэканструкцыя па-каралеўску

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.