Вы тут

Аксана Спрынчан: «Быць унучкай і дачкой паэтаў — гэта шэдэўральна»


— У кнізе ўспамінаў пісьменнікаў пра сваё дзяцінства, якая выйшла ў 2011 годзе ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва», ёсць ваша эсэ пра малую радзіму — Лунінец. Я са здзіўленнем даведалася, як багата было розных цікавостак у гэтым палескім горадзе. Ці гэта ўласцівасць паэтычнага зроку — так ператвараць будзённасць? Калі вы адчулі ў сабе цягу да літаратуры?


— Калі б не было Лунінца, Палессе не магло б лунаць! Тады не мела б сваёй адметнасці сярод іншых дзівосных мясцін Беларусі. Гэта праўда, якая супадае з паэзіяй. Мне проста пашанцавала нарадзіцца ў гэтым суладным супадзенні. За гэта дзякую Богу і маёй матулі, якая жыла ўжо ў Мінску, але вырашыла, што на радзіме нараджаць будзе лягчэй. Тут паэзія з праўдай не супала: мама ледзьве не сканала, нараджаючы мяне. Але ж такая вера ў паэзію і радзіму не магла бясследна знікнуць, і я ёю напоўненая. Ужо мая дачка мне неяк патлумачыла: «Мама, я ведаю, чаму ты такая добрая. Бо нарадзілася ў Лунінцы». Больш сцісла цяжка сказаць.
Да таго ж, я мо адзіны чалавек, якога назвалі ў гонар кнігі паэзіі. У 1916 годзе ў Мікалая Асеева выйшла кніга «Аксана», і мама пісала дыплом паводле яго творчасці. Гэтак у сям’і з’явілася «кніга Аксана». Таму з літаратурай я была заўсёды, але вось сама пачала пісаць у тым узросце, у якім Максім Багдановіч памёр. Адвучыўшыся ў аспірантуры Інстытута літаратуры, я пайшла працаваць і выйшла замуж, і, хоць усё было любімым, жыццё «закратавалася». Адзіная ж магчымасць поўнай свабоды ў чалавека — гэта творчасць, найперш вершы, бо іх можна нават на сцяне вязніцы надрапаць. Першы верш я і напісала ў своеасаблівай цемры — мінскім метро — дарогаю ад мужа да працы.
— У жаночым рамане «Беларускі дурань» вы зноўку звяртаецеся да месцаў і людзей, якія сфарміравалі вас як асобу: Лунінец, Лысая Гара. Тэкст напісаны ў форме «гульні ў карты» з жанчынамі вашага роду — Любоўю і Надзеяй. «Жанчыны па мячы, заўжды гатовыя дапамагчы. Жанчыны па кудзелі пакідаюць надзеі». Беларускае «Вялікае Княства Любові» (цытата з рамана) створана жанчынамі? 
— Некалі я напісала: «Лунінец — гэта Ян, мой мужчынскі пачатак, а Лысая Гара — Інь, мой жаночы пачатак. Я жыву паміж Лунінцам і Лысай Гарою». Гэтак і маё Вялікае Княства Любові немагчымае ні без жанчын роду, ні без мужчын. Проста неяк атрымалася, што мужчыны ў маім родзе не гулялі ў дурня, і муж не гуляе.


— Вы — паэтка ў трэцім пакаленні. Падзяліцеся, як гэта — быць унучкай і дачкой паэтаў? Вашы дзядуля і бацька пісалі галоўным чынам па-руску, а вы — аўтарка паэтычных зборнікаў, напісаных па-беларуску. Выбар мовы быў свядомы? 
— «Трэцяе пакаленне» (як у Кузьмы Чорнага) — гэта калі афіцыйна, з чырвоным пасведчаннем. Насамрэч — у пятым, бо яшчэ мой прапрадзед па мячы Васіль Лебедзеў пісаў вершы і прозу ўкраінскай моваю, засталіся яго творы канца ХIХ стагоддзя. Быў ён і фатографам, мастаком, распісваў бажніцу ў сяле Кетрысанаўка Кіраваградскай вобласці. Пісала вершы ўкраінскай мовай і яго ўнучка, мая бабуля Святлана. Ды і дзед, Браніслаў Спрынчан пачынаў з украінскай мовы, але па вайне яго размеркавалі на «Гомсельмаш» і ў Гомелі ён па нейкім часе перайшоў на рускую мову. Па-беларуску не размаўляў, але чытаў вершы на памяць, перакладаў з беларускай і цешыўся, што я абрала беларускую мову яшчэ тады, калі не пісала вершы. Свядома ці несвядома — цяжка разабрацца. Хутчэй, усё складалася так, што іначай не магло быць; у 6-м класе я пастанавіла стацца настаўніцай беларускай мовы. Я не была ў маленстве хрышчаная, дык пазней настаўніца сталася маёй хроснай маці (гэта ўжо быў мой свядомы выбар).
Быць унучкай і дачкой — гэта ўжо шэдэўральна, а калі ўнучкай і дачкой паэтаў — гэтаксама шэдэўральна. Мае хатнія паэты яшчэ надзвычай рэдкія ў тым, што яны жылі толькі паэзіяй і толькі пра яе размаўлялі. Ні грашыма, ні побытам не цікавіліся і цвікоў не забівалі. Гэта я вельмі цаню, усё жыццё назіраючы за іншымі творцамі, а цвікі сама забіваць навучылася.


Напачатку я шчыра думала, што гены ад бацькі і дзеда перадаліся, але неяк Леанід Дайнека сказаў мне: «У цябе паэзія ад мамы», — а тыя, хто ведаў бабулю, казалі, што ад бабулі. І ад прабабулі. Таму ўрэшце Вялікае Княства Любові ў маім разуменні сталася родава-сямейным.
— «У нерыфмаваных вершах заўжды болей самоты, чым у рыфмаваных» — гэта з вашага рамана. У паэтычным зборніку «ЖываЯ» вершы нерыфмаваныя. Гульня з формай, гукапіс, насычаныя фарбы. І самота... але не толькі. «Вочы заплюшчыла: не ведаю, куды глядзець — на мапу радзімак тваіх ці на зорную мапу неба над намі?» Здаецца, пра каханне ўсё сказана папярэднікамі. Ці можа паэт ці паэтка сёння сказаць нешта новае?
— Такія ў вас, спадарыня Алена, прыгожыя пытанні, што падаецца, я ў іх ужо ёсць і адказваць не мае сэнсу. Нібыта такія самыя пытанні мне задавалі і раней, але яны гэтак не краналі, не здаваліся блізкімі. 
Розніца паміж новым і ранейшым можа быць танюткай, але яна істотная, без яе жыццё мярцвее. Ужо большую частку жыцця я жыву пасля раку, таму без увагі да імгненняў ніяк. А каханне — заўсёдна імгненне, шчаслівае ці не — але паэтычнае.
— З нараджэннем дачкі Альжбэты пачаўся новы этап у вашай творчасці. Вы пішаце для дзяцей, выдалі ўжо некалькі кніг. Дарэчы, «Алеся» рэкамендавала для чытання «Смачную кнігу» і «Малочны кактэйль для Вужынага Караля, альбо Калякамп’ютарную казку». Апошнюю з кніг вы напісалі ў суаўтарстве з мужам, гісторыкам і музыкам Ярашам Малішэўскім. Сямейнае жыццё дапамагае творчасці ў вашым выпадку?
— Зазвычай усе скардзяцца, што сямейнае жыццё перашкаджае. Але ў мяне іншае стаўленне. Нават напісала кнігу апавяданняў пра сям’ю «Таташ Яраш, мамана Аксана і дачэта Альжбэта. Поўны эксклюзіў», чаго ў нас амаль нямашака. Разам з мужам стварыла «Незвычайную энцыклапедыю беларускіх народных інструментаў». Кніжачка-маляванка вершыкаў пра жабак, напісаных разам з дачкой, выйшла ў часопісе «Буся». Мы пераклалі ўсёй сям’ёю з украінскай мовы бестсэлер «36 і 6 катоў» Галіны Удавічэнка. Рэдагуем адно аднаго, чытаем і натхняем.


А як нечага я і не паспяваю, дык, па-першае, не сям’я вінаватая, а праца, а па-другое, прытрымліваюся меркавання, што гэтак і лепей, бо бясконцае пісанне часцяком пераходзіць у пісаніну. У маім улюбёным слове «жыццё» дзве літары «ц», адна з якіх кажа, што жыццё цяжкае, а другая — што цудоўнае. Цуды пераважаюць над цяжкасцямі.
— Паэтычны тэатр «Арт. С» — літаратурна-музычны салон, які вы заснавалі разам з паэтам Змітром Арцюхом. У бібліятэцы імя Цёткі праводзяцца літаратурна-музычныя вечарыны, выставы, ладзяцца прэзентацыі кніг. У наш час, калі літаратура ўсё больш робіцца чымсьці рэліктавым, як зацікавіць чытачоў друкаванай кнігай? Маеце свой рэцэпт?
— Тэатр распачынаўся, калі я была цяжарная, ён і стаўся урэшце для мяне сямейным, дачка, можна сказаць, вырасла ў ім. А я ўсё яшчэ расту ў цёпла-паэтычных умовах. Гэта нашая вялікая сям’я. Я імкнуся, каб тым, хто завітаў да нас, было цікава, і натхняльна, і роздумна. Ці ўсе гледачы і ці часта пасля бяруць у рукі кнігу ці часопіс? Мяркую, што не. Але ўсё адно яны любяць бібліятэку, кнігі, пісьменнікаў, музыкаў, гэтыя імгненні для іх істотныя. Зыходжу з таго, што пры сустрэчы са мною чытач мусіць быць шчаслівым і вясёлым, каб у яго пасля было імкненне і ставала моцы на сум і самоту ў судакрананні з маімі творамі.
Я люблю рэкламаваць, люблю прадаваць добрыя кнігі (не свае), але болей за ўсё цаню тых чытачоў, якія знайшлі мяне без рэкламы, выпадкова разгарнуўшы зборнік маіх вершаў у краме ці ў бібліятэцы. Яны найбольш верныя і не будуць вятранікамі-флюгерамі, якія кінуцца на яскравую рэкламу моднага аўтара.

Гутарыла Алена Брава
Фота з асабістага архіва Аксаны Спрынчан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.