Вы тут

З гэтага боку Месяца


З гэтага боку Месяца

У далёкім-далёкім дзяцінстве я чытаў беларускія легенды і паданні, сярод якіх былі і ўмоўна рэлігійныя. То-бок быццам біблейскія сюжэты, перапрацаваныя народным розумам у штосьці больш займальнае і, мабыць, крыху паганскае. Напрыклад, гісторыя пра Каіна і Авеля завяршалася тым, што і цяпер мы можам паглядзець на поўню і ўбачыць там сярод ценяў, як брат забівае брата. Я глядзеў і не бачыў, але верыў, што так і ёсць.

Цяпер я гляджу курс «Справядлівасць», праведзены ў Гарвардзе. Дзякуй цудоўным людзям, якія перакладаюць і выкладваюць у агульны доступ для азнаямлення. На адной з апошніх лекцый прафесар Майкл Сэндал гаварыў пра Арыстоцеля, на думку якога найлепшую флейту павінен атрымаць той, хто найлепш умее на ёй граць. То-бок, спрашчаючы, усё мае нейкую мэту і існуе для выканання гэтай мэты, ці прызначэння. Пры гэтым пад словам «усё» разумеюцца не толькі прадметы — накшталт флейты, — але і сацыяльныя ролі, прафесіі. Кожны чалавек мае нейкае назначэнне, штосьці лёсавызначальнае, што адрознівае яго ад іншых. Напрыклад, Каін забіў брата і цяпер гэтую сцэну можна пабачыць на поўні. Ці не для таго і свеціць нам поўня ? А хіба яна свеціць?

Як і многія іншыя людзі, я думаю пра сэнс жыцця. Часцей за ўсё гэта ўключае ў сябе думкі пра мэту, прызначэнне ці іх поўную адсутнасць. У адной з маіх любімых кніг «Сірэны Тытана» высвятляецца: усё, што адбывалася і адбываецца на Зямлі, — гэта спроба іншых сіл перадаць паведамленне з аднаго канца Сусвету ў другі. Паведамленне: «Прывітанне». Фантастычна? Неверагодна? Я і не кажу, што паверыў у гэта, але я паверыў у нейкую ўзаемасувязь, у адсутнасць супадзенняў, стаў выглядваць такія сувязі сярод выпадковасцей і шукаць у гэтым сваё месца.

Не ведаю, ці чыталі вы «Чараўнік краіны Оз» альбо «Чараўнік смарагдавага горада». Спадзяюся, што так, бо далей выкарыстаю гэты твор, каб данесці свае думкі, развагі і ўласнае разуменне, для чаго ж над намі свеціць поўня, якое ў яе прызначэнне і ці мае права яна адмовіцца. Смешна? Поўня — нежывая. Так, магчыма, але ж справа не ў гэтым, а толькі ва ўспрыманні.

Неяк дзяўчынку Дораці, ці Элі (я буду называць яе Дораці), панесла разам з яе домікам далёка-далёка (як маё дзяцінства) за горы — у казачны свет. Гэта галоўная гераіня кнігі (нават цыклу кніг), і на яе прыкладзе мы можам пабачыць любоў да Радзімы, амаль як у беларускіх класікаў. У дзяўчынкі ёсць толькі адно жаданне, адна мэта — вярнуцца дадому. Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. А яшчэ ў Скарыны ёсць вядомая прамова пра «знают гнёзды своя». Дораці падмацоўвае дадзены погляд. Выхоўвае веру ў гэтую праўду ў маленькіх чытальніках, але яна не адна. Мы бачым толькі адзін бок поўні, а што на другім? Можа, там з братамі ўсё добра? Можа, там ніхто нікога не забіў, бо яны разышліся па свеце ці, наадварот, пайшлі разам збіраць казкі альбо вынайшлі самалёт?

Жыло-было пудзіла. Так здарылася. Выпадкова. Звалі пудзіла Страшылам. І мела пудзіла магчымасць служыць сваёй маленькай радзіме. Або не мела такой магчымасці. Бо павесілі яго ў полі, сказалі варон палохаць і ўсё. Было б усё, але хацелася пудзілу быць разумным, хацелася пудзілу мазгоў, не хацелася пудзілу бязмозгім заставацца і ўсё жыццё ў полі вісець. Тыповая гісторыя. Шмат такіх герояў-персанажаў ёсць, якія не могуць трываць навязаны ім лёс і жадалі б сысці з месца, глянуць, што там далей, вырашыць самім хоць што-небудзь у гэтым жыцці. Дораці дапамагае пудзілу, і тое ў выніку робіцца правіцелем Смарагдавага горада і атрымлівае імя Страшыла Мудры. Мудры? Пудзіла, якое з’явілася на свет бязмозгім, каб варон пудзіць? Што б сказаў Арыстоцель? У гэтай гісторыі нам падказваюць, што мазгі заўсёды былі, толькі хаваліся за верай у іх адсутнасць. То-бок патрэбна было паверыць у сябе. А як ты паверыш у сябе, калі насаджаны на шост і нават вароны цябе ўсур’ёз не ўспрымаюць?

Жыў-быў дрывасек. Можаце здагадацца, чым ён займаўся. Так атрымалася, што пасля пэўнай трагедыі стаў ён жалезным. Жалезнасць не перашкаджала яму быць дрывасекам, але справа не ў гэтым. Я думаю пра вайну. Не ведаю, чаму ў галаве «Адна ноч» Быкава. Людзі, якія механічна абавязаны выконваць загад за загадам, забіваць, паліць, нішчыць, не могуць не быць жалезнымі дрывасекамі. Не могуць не адчуць у пэўнае імгненне, што ім нечага не хапае. Сэрца. Жалезнаму дрывасеку не хапала сэрца, і ён пайшоў па яго. У яго было назначэнне ў жыцці, прафесія, якую ён выконваў лепш за іншых, бо не ведаў стомы, але яму было мала. Дрывасеку было недастаткова верыць у гэтую муць пра малюнак на Месяцы, яму хацелася пабачыць месяц. Ступіць на яго, дакрануцца да рэальнасці, а не да механічных бязглуздых паўтораў. У выніку ён зрабіўся правіцелем Фіялетавай краіны, але па-ранейшаму заставаўся дрывасекам.

Жыў-быў леў. Памятаеце, як у Хогвартсе галаўны ўбор размяркоўваў студэнтаў згодна з рысамі іх характару? Наш леў не трапіў бы ў Грыфіндор. Ён быў баязлівы. Ён ведаў, што ён баязлівы. Усе ведалі, што ён баязлівы. Цяпер дзіўная ўзнікла звычка, тэндэнцыя выкопваць старыя твіты ці пасты вядомых людзей, якія «закранаюць чые-небудзь пачуцці», «абражаюць каго-небудзь», і ганьбаваць за гэта. За думкі, погляды, меркаванні, якія былі даўным-даўно. Быццам сунуць у твар даросламу чалавеку яго мокрыя паўзункі з дзяцінства. А вось як ты раней рабіў! Давай, выбачайся перад усімі — і на каленях! — думай пра чужую годнасць, пра чужы гонар! Мы яшчэ твае двойкі не паказвалі! Ха-ха-ха!!!

Я гэта пра што? Леў хацеў быць мужным. Ён жыў у казачным свеце, дзе ты маеш права хацець змяніцца, стаць лепшым, адмовіцца ад сваіх заган. Арыстоцель бы ніколі не накіраваў ільва ў войска. Не ў гэтым прызначэнне такога баязліўца. Быццам тое, што ёсць, — ёсць назаўжды. Быццам нічога няма больш. Быццам у Месяца толькі адзін бок, і ён свеціць нам, як жоўтае вока нябеснай яечні. Ён жа нават не свеціць. Леў зрабіўся царом звяроў. Хэпі-энд.

Жыў-быў я. Неяк даўным-даўно я пазнаёміўся з творчасцю Фрэнка Запы. Пра гэта я расказваў крыху. Цікавасць прывяла мяне да кніжкі пра яго: інтэрв’ю і не толькі. Там я даведаўся (крыху), адкуль растуць ногі ва узроставага рэйтынгу ў кніжках, музычных альбомах, фільмах, нашага часопіса. Я цяпер не хачу разбіраць гэтую з’яву, вяду да іншага. Існуюць людзі, якія ўпэўненыя, што яны ведаюць мэту і прызначэнне мастацтва, мэту і прызначэнне кожнага з нас. Яны дакладна ведаюць, што месяц свеціць і нагадвае нам пра страшную трагедыю. Яны ведаюць, што мы ўсе Дораці. Мы павінны вярнуцца дадому і заняцца сваімі справамі. Пудзіць варон. Секчы дрэвы. Трэсціся ў кустах ад страху. Яны ведаюць, якія фрагменты якіх песень бітлоў патрэбна развярнуць, каб атрымалася штосьці сатанінскае. Яны ведаюць, што «Чараўнік краіны Оз» — гэта твор пра наркаманію, і ў пацвярджэнне прывядуць музычны альбом The dark side of the moon гурта Pink Floyd: калі ўключыць адначасова альбом і фільм, то можна пабачыць, як дзіўна некаторыя фрагменты супадаюць, а супадзенняў не бывае. Ха-ха.

Даўным-даўно, у юнацтве, я думаў, што ва ўсіх ёсць нейкае прызначэнне і той, хто трапляе ў маё жыццё, апынаецца ў ім з нейкай мэтай. Сёння я гляджу на поўню. Адтуль, з нашага боку Месяца, ідзе дарога з жоўтай цэглы, для кожнага свая, і кожны ідзе па ёй сам.

Дзмітрый ШУЛЮК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.