Вы тут

Студатрад «Парачанка» некалькі гадоў прыязджае ў Парэчча, каб сабраць як можна больш ягад — буякоў


Студэнцкі сельскагаспадарчы атрад «Парачанка» імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Ціханавіча Аўчыннікава Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта апошнія два гады прызнаваўся найлепшым у краіне ў сваёй намінацыі па выніках Усебеларускага злёту студэнцкіх атрадаў «Час руху». Яго ўдзельнікі на працягу некалькіх гадоў прыязджаюць у аграгарадок Парэчча Гродзенскага раёна, каб сабраць як можна больш ягад — буякоў. Студэнтка пятага курса факультэта ветэрынарнай медыцыны дваццаціаднагадовая Віталія СЕЛІВОНЧЫК не раз станавілася першай сярод іншых: як на пасадзе камісара атрада, так і камандзіра (двойчы). У дзяўчыны ўжо даўно не ўзнікае пытання, як правесці сваё лета. Зразумела, працуючы. 


Таццяна Урбановіч (злева) упершыню займаецца зборам ягад.

— На першым курсе было цікава паспрабаваць нешта новае і падзарабіць, такім чынам апынулася ў камандзе сэрвіснага студэнцкага атрада. Тады вяла экскурсіі ў агратурыстычным комплексе «Каробчыцы». А ўжо праз год абрала для сябе атрад «Парачанка». Калі паступіла прапанова заняць адказную пасаду камісара, а пасля камандзіра, ні хвіліны не разважала над адказам, — вельмі хацелася хутчэй прыступіць да работы, — расказала суразмоўніца.

Сёлета ў камандзе атрада 13 студэнтаў з розных факультэтаў і курсаў: дзесяць дзяўчат і тры хлопцы. Працоўны семестр у іх доўжыцца да 30 жніўня. Байцы ўжо адпрацавалі амаль месяц, столькі ж і засталося.

— Мы збіраем буякі на полі, бывае, што працуем і на сунічных палях, — працягвае Віталія. — Часам выконваем і іншыя сельскагаспадарчыя работы. Заробак залежыць ад таго, колькі ягад збяром. Працоўны дзень пачынаецца ў 8 гадзін раніцы і заканчваецца ў 17 гадзін вечара. Ёсць перапынак на абед. Трэба разумець, што такі занятак дакладна не для ўсіх, гэта вялікая фізічная нагрузка, у прыватнасці, з-за ўмоў надвор'я. Калі ідзе дождж, мы ўсё роўна працягваем збіраць ягады, толькі надзяваем плашчы. Калі пячэ сонца — таксама складана вытрымаць, асабліва навічкам. Таму і адбор у каманду быў сур'ёзны, аддавалі перавагу больш адказным і зацікаўленым. Ужо падчас работы, калі бачым, што хтосьці стаміўся, абавязкова дапамагаем адно аднаму, гэта матывуе і натхняе кожнага. Акрамя таго, каб не засумаваць, размаўляем, часам спяваем, слухаем музыку, абмяркоўваем планы на вечар.

Байцы і пра адпачынак не забываюць.

Перад пачаткам работы з намі праводзілі інструктаж, і мы вырашылі, што нам патрэбны свой медык, бо бывае, што кусаюцца розныя насякомыя або можна парэзацца лістамі раслін. Выбралі адну са студэнтак, і цяпер пры ёй заўсёды аптэчка, калі што — дапамога будзе забяспечана.

Хлопцы і дзяўчаты жывуць на базе адпачынку «Высокі бераг», што недалёка ад самога месца працы. Як кажа Віталія, ён чымсьці нагадвае летні дзіцячы лагер: там вельмі ўтульна і весела. «Адпачываем па-рознаму: гэта конкурсы, гульні, спартыўныя і культурныя мерапрыемствы. Нам пашанцавала, бо наша база адпачынку знаходзіцца на беразе возера Малочнае, і па вечарах, асабліва калі цёпла і прыгожыя змярканні, сустракаемся на прыродзе».

Работа кіпіць незалежна ад умоў надвор'я.

Суразмоўніца падзялілася, што для яе праца ў студатрадзе — гэта перш за ўсё магчымасць уцячы з гарадской мітусні, пранікнуцца традыцыямі і святамі студатрадаўскага руху, а таксама неблагі спосаб зарабіць.

— Памятаю, пасля першага курса бацькі не разумелі, чаму я гэтым займаюся, — прызнаецца Віталія. — Казалі «лепш адпачні, у цябе наперадзе вучоба, трэба набрацца сіл», але я не слухала і была ўпэўненая, што раблю ўсё правільна. Цяпер жа яны ведаюць, што кожнае лета для мяне — працоўнае, і добра да гэтага ставяцца. З упэўненасцю магу сказаць, што ў выніку такога вопыту ў мяне развіваюцца стрэсаўстойлівасць, лідарскія якасці, адказнасць. Для мяне як для камандзіра гэта вельмі важна. Таксама такая дзейнасць — магчымасць наладзіць стасункі з кіраўніцтвам гаспадаркі, рознымі спецыялістамі, што дакладна спатрэбіцца ў далейшым жыцці. Прыемна, што мерапрыемствы і сустрэчы для ўдзельнікаў студатрадаў праходзяць на працягу ўсяго года, так мы становімся яшчэ больш згуртаванымі. А яшчэ нават тыя, хто ўжо выпусціліся з універсітэта, часта цікавяцца, як у нас прайшло лета. Студатрады — асаблівая частка студэнцкага жыцця, у наступным годзе я заканчваю ўніверсітэт, і мне будзе вельмі іх не хапаць.

У ліпені адсвяткаваць Новы год? Лёгка! (камандзір Віталія — у ніжнім радзе ў цэнтры).

Таццяна УРБАНОВІЧ, студэнтка трэцяга курса факультэта ветэрынарнай медыцыны, праводзіць лета ў студатрадзе першы раз, хоць жаданне папрацаваць у «Парачанцы» з'явілася ў дзяўчыны яшчэ на першым курсе.

— Тады, на жаль, не атрымалася, бо мне не было васямнаццаці гадоў. Памятаю, што ва ўніверсітэце пастаянна казалі, што тут вельмі крута, шмат знаёмых таксама былі часткай каманды атрада і засталіся задаволеныя. Зразумела, большасць студэнтаў ідуць сюды, каб зарабіць, а ў мяне была і іншая матывацыя — атрымаць карысны вопыт, пазнаёміцца і пасябраваць з новымі людзьмі. Калі сказала маме, што хачу паспрабаваць сябе «ў полі», яна папярэдзіла, што гэта вельмі складана і лёгка не будзе. Ну і добра, падумала я. Мне ўсё роўна не хацелася дарма марнаваць час на канікулах. Перад работай наша каманда праходзіла пасвячэнне, камандзір праводзіла з намі розныя трэнінгі і гульні, якія дапамаглі згуртавацца. Першыя дні былі самыя цяжкія, але цяпер прывыкла і ўсё даецца лёгка. Настолькі ўцягнулася, што па начах бывае сніцца: збіраю ягады! Неапрацаваных радоў яшчэ вельмі многа, таму цалкам настроены на працу. Увогуле хацелася б і налета прыехаць, але ў нас будзе вытворчая практыка і мы павінны будзем працаваць на прадпрыемстве. Аднак, калі раптам з'явіцца магчымасць уладкавацца сюды, буду толькі рада.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота дадзены гераінямі

Загаловак у газеце: Вабіць іх ягада, або Буяковыя будні «Парачанкі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».