26 верасня, субота

Вы тут

Як не стаць хатняй работніцай


Нездарма вопытныя разведчыкі кажуць: слухай уважліва чалавека, і ён усё пра сябе раскажа. Так і з героямі інтэрв'ю часам бывае. Здаецца, расказвае чалавек пра свае працоўныя дасягненні, пра адносіны да справы і людзей, яшчэ трошкі пра асабістае, пра сям'ю — ніякіх нечаканасцяў. І раптам прарываецца маленькая дэталь, якая з галавой выдае адносіны сучасніка да той ці іншай праблемы, скажам, да гендарнага пытання.


abeceda-bydleni.cz

Вось і нядаўна ў адной з раённых газет зачапілася вокам за цікавы праект, у ім аўтар распытвае розных людзей пра іх жыццё і работу. Дык вось адзін з герояў ахвотна распавядае, як рухаецца па службовых прыступках. Ну і сямейныя адносіны не абышоў, пахваліўся: жонка хоць і вырасла ў горадзе, але ўмее пятрушку пасадзіць з гуркамі, агарод у яе дагледжаны, у доме нагатавана і напрасавана, чысцінёй ззяе. Далей — болей, на рабоце паспявае, дома ўсё робіць, і пры гэтым не ператвараецца ў хатнюю работніцу.

Што і казаць, ідэал жанчыны, закладзены ў мужчынскай свядомасці яшчэ з савецкіх часоў: працаўніца, гаспадыня, маці — павінна паспяваць ўсё і ўсюды, дамашняя гаспадарка ў яе ўзорная, дзеці-выдатнікі, муж смачна накормлены, штодня ў свежай кашулі. А выраз «не ператвараецца пры гэтым у хатнюю работніцу» азначае, трэба думаць, што тая няўрымслівая працаўніца-гаспадыня за сабой сочыць, умудраецца добра выглядаць, трымае форму і ўсмешку на твары.

Нехта скажа, вой, так жыве большасць нашых кабет, а раней іхнія маці жылі. Дык цяпер куды лягчэй, шмат бытавой тэхнікі жанчыне ў дапамогу. І адрозненне ранейшай гаспадыні ад сучаснай у тым, што першая з агарода адразу да начовак з бялізнай бегла, каб рукі адмоклі, а цяперашняя — машыну пральную ўключыла ды проста ў манікюрны салон пакрочыла. Яно так, калі без фанатызму, з узаемаразуменнем, маральнай падтрымкай усёй сям'і, фізічнай дапамогай хоць бы ў некаторых сітуацыях, відаць, можна быць гаспадыняй у доме.

Але некаторых падводзіць той самы фанатызм. Шмат гадоў таму мне давялося сустракацца з адной жыхаркай райцэнтра, якая працавала суддзёй. Не вам казаць, якая гэта фігура для маленькага гарадка. Пра яе строгасць, справядлівасць і непадкупнасць легенды хадзілі. Былі і жарты накшталт таго, што хутка адна палова жыхароў будзе сядзець, другая сухары сушыць. Але ж яна з юнацтва была чалавекам мэтанакіраваным, ставіла перад сабой задачы, вырашала іх. І лічыла, што павінна быць узорам ва ўсім, у тым ліку ў асабістым жыцці. Дык вось, нармальным для сябе маладая мілавідная жанчына лічыла пры яе рабоце трымаць дачны ўчастак, яго апрацоўваць. Потым, прыйшоўшы з агарода, праверыць урокі, пакласці дзяцей спаць, затым прыбраць, памыць падлогу, згатаваць нешта для сям'і назаўтра, а ў дзве гадзіны ночы, бо іншага часу не было, сядала за ўласны манікюр. Усе навакольныя лічылі іх сям'ю і іх лад жыцця ўзорна-паказальным. Ну там сапраўды не было да чаго прыдрацца. Ці толькі падавалася?

Усё гэта працягвалася гадамі. А потым муж яе пакінуў. Ну, так бывае часам з узорнымі жонкамі... Яна трымалася, выгляду не паказвала, лічыла, што не мае права на эмоцыі. Яна ж «жалезная лэдзі». Ды праз год-другі звольнілася з работы, перабралася ў сталіцу. Спадзяюся, што тады, на рубяжы развалу былой вялікай краіны, яна нейкім чынам знайшла прымяненне сваім грунтоўным ведам у галіне юрыспрудэнцыі, а можа, і стаўленне да жыцця перагледзела.

Варта сказаць, што ўзорных гаспадынь мне даводзілася сустракаць нямала, а вось шчаслівых з іх, каб прыгадаць, трэба яшчэ падумаць. Трапляліся, праўда, шчаслівыя, не надта ўзорныя. Адна такая ў канцы 90-х працавала намеснікам дырэктара сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы, гадавала трох дзяцей. Заўсёды элегантная, з прычоскай, з макіяжам, праўда, дома ў яе часта бываў вэрхал. Але сама па жыцці аптыміст, з усмешкай казала, што жыццё — гэта выбар. Таму яна выбірае работу і знешні выгляд, бо нельга ж ахапіць усё. Дзеці выраслі, зараз з мужам яны сядзяць на пенсіі, перыядычна наведваюць сыноў і нявестак. А ў кватэры ў яе цяпер поўны парадак, яна жартуе, што генеральную ўборку робіць раз у трыццаць гадоў: усё выкідвае аж да сцен і ставіць новае.

Нехта скажа, што цяпер іншая праблема, наадварот, маладыя гаспадыні часам нічога рабіць не хочуць, праз гэта разводы здараюцца. Бывае, не буду спрачацца, але гэта, як той казаў, зусім іншая гісторыя. Зараз я пра тое, як знайсці баланс паміж працаўніцай і хатняй работніцай, каб не ператварацца ў апошнюю. Дзе той правільны баланс, я не ведаю, можа вы знаеце?

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі.

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».