Вы тут

Чаму маладыя мацi не спяшаюцца ўступаць у шлюб?


У краiне наладжана выдатная сiстэма сацыяльнай падтрымкi сем'яў, асаблiва шматдзетных. Але ёсць пытаннi ў плане псiхалагiчнай i матэрыяльнай падтрымкi маладых сем'яў, падахвочваннi маладых людзей да больш ранняга ўступлення ў шлюб i нараджэння дзяцей. Такiм меркаваннем падзялiлася кiраўнiк Цэнтра падтрымкi сям'i i мацярынства «Матуля» Веранiка СЯРДЗЮК.


— Цяпер у грамадстве мяняюцца рэпрадуктыўныя ўстаноўкi: узрост уступлення ў першы шлюб павялiчыўся ў жанчын да 26 гадоў, у мужчын — да 28 гадоў. Сярэднi ўзрост нараджэння першынца — 29 гадоў. Калi ў мiнулыя гады ў нас нараджалася прыкладна 100 тысяч немаўлят, то летась — 87 тысяч. Каля 10 працэнтаў з iх — гэта захаваныя дзецi ад абортаў дзякуючы перадабортнаму кансультаванню. Акрамя таго, 60 працэнтаў усiх народжаных дзяцей — гэта другiя, трэцiя i наступныя. Такiя паказчыкi сведчаць аб тым, што маладыя людзi на сёння настроены больш на кар'еру, чым на стварэнне сям'i. Нават сярод школьнiкаў 6—10 працэнтаў тых, хто ўвогуле не бачаць сэнсу ў рэалiзацыi сябе як бацькоў у далейшым. Але дзяржава павiнна быць зацiкаўлена ў больш раннiх нараджэннях — гэта дае больш шанцаў на тое, што ў перспектыве ў сем'ях будзе больш за адно дзiця.

Веранiка Сярдзюк заўважыла, што на дзяржаўным узроўнi ў краiне пакуль што няма курсаў падрыхтоўкi да сямейнага жыцця для моладзi (не для школьнiкаў, а менавiта маладых пар). Але ёсць адзiнкавыя iнiцыятывы.

— Напрыклад, распрацавана праграма сем'язнаўства ў Беларускiм дзяржаўным педагагiчным унiверсiтэце iмя М. Танка. Упэўнена, што такiя курсы трэба ўводзiць у ВНУ, а не ў школах, бо старшакласнiкi звычайна не вельмi хочуць наведваць факультатывы пра сямейныя каштоўнасцi, калi iм трэба рыхтавацца да паступлення ва ўнiверсiтэт. Таксама ў Мiнскiм гарадскiм цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'i i дзяцей вырашаюць цэлы комплекс праблем, аказваюць псiхалагiчную падтрымку. Было б добра, калi б такi вопыт па выхадзе з крытычных сiтуацый i дапамозе сем'ям, якiя апынулiся ў сацыяльна небяспечным становiшчы, трансляваўся на ўсю краiну. Думаю, што неабходна i пераймаць вопыт iншых краiн, але адаптуючы iх мадэлi пад традыцыi славянскага менталiтэту.

Важныя пытаннi ў сферы падтрымкі маладых сем'яў на сёння — гэта наяўнасць месцаў у сямейных iнтэрнатах, фiнансавая дапамога або магчымасць адправiць дзяцей, напрыклад, у дзiцячы сад пры ВНУ, лiчыць спiкер. «Дагэтуль няма нейкiх забаўляльна-педагагiчных, асветнiцкiх праграм на тэлебачаннi, якiя дапамагалi б спраўляцца з сямейнымi праблемамi. Хацелася б, каб яны з'явiлiся ў нашай iнтэрнэт-прасторы. Увогуле меркаванне амаль кожнага фармiруецца пад уздзеяннем СМI, iнтэрнэту i асяроддзя, аднагодкаў. Калi ў маладога чалавека ёсць вопыт клопату аб маленькiм дзiцяцi, напрыклад, пляменнiку або пляменнiцы, малодшым браце або сястры, гэта збольшага рыхтуе да будучага ўласнага бацькоўства, здымае страх», — упэўнена Веранiка Сярдзюк.

— Сёння ўсюды падтрымлiваецца актыўная роля жанчыны ў грамадскiм жыццi. Разам з тым несумненна трывожыць тое, што ўсё гэта часам шкодзiць ролi жанчыны як мацi. Праблема ляжыць у поле каштоўнасных арыенцiровак, а не ў тым, як арганiзавана падтрымка сем'яў на дзяржаўным узроўнi, — лiчыць старшыня Сiнадальнай камiсii Беларускай праваслаўнай царквы па пытаннях сям'i, абароны мацярынства i дзяцiнства, настаяцель прыхода храма Свяцiцеля Мiкалая Японскага горада Мiнска протаiерэй Павел СЯРДЗЮК. — Цяпер можна пачуць аб тым, што шлюб як iнстытут сям'i ўжо непатрэбны, разам з тым прапануюцца альтэрнатыўныя мадэлi, такiя як грамадзянскi шлюб. Аднак цi ведаеце вы, што напрыклад 90 працэнтаў жанчын у такiх шлюбах лiчаць сябе замужнiмi i 80 працэнтаў мужчын — свабоднымi? Дзяржава можа прапанаваць добры сацыяльны пакет кожнаму, але трэба захацець iм скарыстацца, для гэтага трэба перабудаваць свой светапогляд, падрыхтавацца да дзяцей. На жаль, гэта ляжыць не побач з тымi трэндамi ў грамадстве, якiя транслююцца цяпер. Маладыя людзi не iмкнуцца заводзiць сем'i ў раннiм узросце, бо шукаюць камфорт i спакой не ўнутры сябе, а ў навакольным свеце. А дзецi, дамашнiя клопаты ў iх разуменнi часам могуць гэтаму перашкаджаць. Мiж тым сям'я на сёння з'яўляецца iдэальным асяроддзем для цвёрдага станаўлення ў гэтым свеце, яна закладвае асновы светапогляду.

У праваслаўнай суполцы фармiруюцца беражлiвыя адносiны да сям'i, атмасфера прыняцця i эмпатыi адзiн да аднаго. У прыходзе пры падрыхтоўцы да шлюбу звычайна праводзяцца дзве глыбокiя сур'ёзныя гутаркi. Будучым маладым ставяцца вострыя пытаннi, каб яны з усёй сур'ёзнасцю зiрнулi на перспектывы iх шлюбу i тыя задачы, якiя трэба будзе вырашаць. «У вынiку працэнт тых, хто абярэ шлюб, вельмi невялiкi. Аднак менавiта яны гатовы сур'ёзна будаваць сумеснае жыццё. Дарэчы, у нашым прыходзе заўсёды шмат дзяцей, для iх ёсць гульнявыя пляцоўкi, заўсёды побач тыя, хто наглядае за дзецьмi. Гэта вельмi важна. Ёсць магчымасцi для зносiн сем'яў, што стварае важныя гарызантальныя сувязi. Сем'i з розным дастаткам знаёмяцца, пазнаюць адна адну, расце давер i з'яўляюцца механiзмы ўзаемадапамогi», — адзначыў Павел Сярдзюк.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Прэв’ю: 4mama.ua

Загаловак у газеце: Камфорт не ўнутры сябе, а ў навакольным свеце

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.