Вы тут

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус


З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу. Яно платнае і каштуе для беларусаў у сярэднім 18—22 рублі. Усё проста: папярэдні запіс па тэлефоне ў любой тэрытарыяльна зручнай паліклініцы (за дзень да аналізу), аплата, здача крыві — і праз некалькі гадзін гатовы вынік. Іншая рэч, што калі вы перахварэлі даўно (месяц і больш таму), антыцелы могуць не захавацца ці ўвогуле не выпрацавацца, калі хварэлі ў лёгкай форме. Таму ў большасці з тых, хто цяпер правяраецца, антыцел не выяўляюць.


Загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі 11-й гарадской паліклінікі Вікторыя Сачак.

Штосьці падобнае да каранавіруса — з тэмпературай і болем у горле — я перанесла месяц таму, і хоць шанцаў выявіць антыцелы няшмат, цікава ўсё ж дакладна ведаць свой «статус». Па тэлефоне ў рэгістратуры 11-й гарадской паліклінікі Мінска мяне запісваюць на наступны дзень, на 11.40, папярэджваюць, што варта прыйсці нашча і з пашпартам. У азначаны час накіроўваюся ў касу для аплаты. Прапануюць падпісаць стандартную дамову на платныя паслугі, аплачваю 21 рубель 77 капеек і атрымліваю накіраванне на аналіз пад парадкавым нумарам 13. Менавіта столькі чалавек у гэты дзень вырашылі праверыцца тут на COVІD-19. У працэдурным кабінеце чаргі няма, забор крыві з вены займае лічаныя хвіліны — і ўсё, застаецца чакаць вынік.

Менавіта такі экспрэс-тэст у бюджэтных медыцынскіх установах робіцца кантактам першага ўзроўню, а таксама тым, хто атрымаў станоўчы ПЦР-тэст і знаходзіцца пад медыцынскім назіраннем ці лечыцца. Цяпер магчымасць праверыцца на платнай аснове ёсць ва ўсіх ахвотных.

— Людзям цікава ведаць, хварэлі яны на каранавірус ці не, — расказвае ўрач лабараторнай дыягностыкі, загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі 11-й гарадской паліклінікі Вікторыя Сачак. — На экспрэс-тэсціраванне прыходзяць людзі розных узростаў, найперш тыя, хто сочыць за сваім здароўем ці баіцца гэтай інфекцыі. Абследуюцца і тыя, хто едзе за мяжу, — проста для сябе. Як правіла, калі чалавек моцна хварэе, тэст будзе станоўчы. А пры лёгкай форме антыцел можа не быць.

Мінчанка Маргарыта вырашыла зрабіць тэст якраз перад паездкай на адпачынак — менавіта для ўласнага заспакаення, што за мяжой яе стан здароўя не пагоршыцца і не спатрэбіцца медыцынская дапамога. А вось малады чалавек, які прадставіўся Аляксандрам, кажа, што хоча праверыцца, бо некалькі дзён таму ўвечары ў яго паднялася тэмпература да 38,5, трымалася да раніцы, праз дзень зноў павысілася да 37,5.

— Вырашыў праверыцца для ўпэўненасці — хварэю ці не. Днём адчуваю сябе нармальна, тэмпературы няма, урач нават бальнічны, напэўна, не дасць, але адкуль гэта тэмпература ўвечары, не зразумела, — разважае малады чалавек.

Кожны дзень у паліклініцы каля 15—20 ахвотных здаюць экспрэс-тэст. Станоўчым ён аказваецца дзесьці ў дваіх з 15.

— Як правіла, першымі выпра-цоўваюцца імунаглабуліны М — у самым пачатку імуннага адказу арганізма. Гэта азначае, што чалавек у цяперашні момант хварэе, — тлумачыць Вікторыя Сачак. — Часта сустракаюцца імунаглабуліны М і G. Гэта пераходная фаза, калі М слабеюць і пачынаюць праяўляцца G — познія антыцелы. Як правіла, гэта адбываецца на 12—20-ы дзень хваробы. Імунаглабуліны G удзельнічаюць у нейтралізацыі вірусных таксінаў, і іх наяўнасць азначае, што чалавек перахварэў. Дарэчы, «злавіць» толькі імунаглабуліны G вельмі складана. І не ва ўсіх яны ёсць, бо далёка не ва ўсіх выпрацоўваюцца антыцелы.

Калі імунаглабуліны G усё ж выяўляюцца, інфармацыя пра такога пацыента паступае ў тэрытарыяльны цэнтр трансфузіялогіі. Там займаюцца нарыхтоўкай плазмы з антыцеламі, якая выкарыстоўваецца ў нас для лячэння цяжкіх хворых. Патэнцыйнаму донару патэлефануюць і прапануюць здаць кроў.

Экспрэс-тэсты, якія выкарыстоўваюць цяпер, кітайскай вытворчасці. Спецыялісты кажуць, што яны зручнейшыя, чым папярэднія. Тыя паказвалі сумарны ўзровень антыцел M і G, і было складана вызначыць, хварэе чалавек ці ўжо перахварэў. Лепш, калі відаць этапы захворвання.

Калі экспрэс-тэст выяўляе імунаглабуліны М, інфармацыя пра хворага паступае ў тэрытарыяльны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, таксама ў паліклініку па месцы жыхарства пацыента. Гэта значыць, што такога пацыента возьмуць на кантроль. І, безумоўна, адразу інфармуюць самога хворага. Калі хвароба ў пераходнай стадыі (прысутнічаюць імунаглабуліны M+G), то пацыента накіроўваюць да інфекцыяніста і дзейнічаюць у залежнасці ад наяўнасці сімптомаў.

Карэспандэнт «Звязды» падчас здачы крыві на антыцелы да COVID-19.

Справа ў тым, што нават калі тэст станоўчы, сімптомы назіраюцца далёка не ва ўсіх. Вікторыя Сачак згадвае: на піку захваральнасці каля 70 % кантактаў першага ўзроўню мелі станоўчыя тэсты, пры гэтым далёка не ўсе мелі адпаведныя сімптомы. Дарэчы, калі раней кантактныя групы паліклінікі, якія працуюць з хворымі на COVІD-19, рабілі па тры дзясяткі тэстаў штодзень, то цяпер іх менш за дзясятак.

Для выканання экспрэс-тэста ў пацыента бяруць, як правіла, вянозную кроў. Можна і з пальца, але ў такім выпадку дакладнасць тэста не такая высокая, таму так робяць толькі ў экстранных выпадках.

З крыві атрымліваюць сываратку ці плазму і наносяць яе на тэст-палоскі. Дастаткова 15 хвілін, і вынік гатовы. Праўда, гэтаму папярэднічаюць рэгістрацыя тэста і тое, што спецыялісты называюць пробападрыхтоўкай. Таму забор крыві праводзіцца з 8 да 12 гадзін, а пра вынік можна даведацца пасля 14.

Мой чакана аказваецца адмоўным. Гэта азначае, што на працягу некалькіх апошніх тыдняў я не хварэла на каранавірус (і значыць, тэарэтычна маю ўсе шанцы захварэць).

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.