Вы тут

Мастак Сяргей Бандарэнка больш за пяць гадоў будуе на прысядзiбным участку дакладную копiю Крэўскага замка


У пачатку XIV стагоддзя вялiкi князь Гедымiн пачаў будаўнiцтва першага ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм цалкам мураванага замка каля злучэння рэк Кравянка i Шляхцянка. А ў пачатку XXI стагоддзя, дакладней крыху больш за пяць гадоў таму, пенсiянер са Смаргонi Сяргей Бандарэнка перабраўся ў вёску Чухны пад Крэвам i пачаў будаваць проста пад вокнамi свайго дома дакладную копiю Крэўскага замка ў маштабе 1:10. Мы вырашылi спытаць у Сяргея, як iдзе рэалiзацыя амбiцыёзнага праекта i навошта яму наогул гэта трэба…


Сяр­гей Бан­да­рэн­ка ка­ля ўлас­на­га зам­ка.

Мой дом — мая крэпасць

Па дарозе па вёсцы Чухны да дома Сяргея Бандарэнкi важна дэфiлюе бусел. Сiгналiць бессэнсоўна: ён толькi раздражнёна азiраецца, але не ляцiць. Вакол — зарослы разнатраўем луг i маляўнiчыя дахi драўляных дамоў, некаторыя з якiх — з забiтымi дошкамi дзвярыма i вокнамi. Калi вы шукаеце творчай адзiноты — вам сюды.

— Чаму ствараю копiю менавiта Крэўскага замка? — усмiхаецца Сяргей. — Воляй лёсу мы апынулiся ў Смаргонскiм раёне, а тут — Крэўскi замак. Калi б воляй лёсу апынуўся ў Мальбарку — будаваў бы копiю замка Мальбарк. А калi сур'ёзна, то хочацца, каб людзi ганарылiся сваёй гiсторыяй. Каб было што паказаць замежным турыстам. Каб нас не абувалi ў лапцi! Мясцовыя жыхары часам зусiм не ведаюць гiсторыi свайго рэгiёна. Напрыклад, герб Гедымiна — Калюмны Трызуб (вось, бачыце, тут над брамай ён выкладзены) — нават адукаваныя людзi блытаюць з трызубцам на гербах кiеўскiх князёў. А людзi без «верхняй» адукацыi — тыя, наогул, кажуць пра нас: «хахлы панаехалi». Хоць прозвiшча Бандарэнка распаўсюджана на Магiлёўшчыне, адкуль родам мой бацька.

Траска-туга i «творчыя ўнiверсiтэты»

— Бацька мой родам з-пад Магiлёва — расказвае Сяргей. — А сам я нарадзiўся ў Архангельску. У часы маладосцi майго бацькi, каб беларусу з калгаснага «рабства» вырвацца, трэба было iсцi або ў шахту, або ў войска. Так мой бацька стаў ваенным мараком. Служыў у Архангельску. Там я i з'явiўся на свет. А калi мне споўнiлася тры месяцы, бацька забраў сям'ю i вярнуўся на радзiму. Сказаў, сыну ў Архангельску жыць не трэба.

— Там так дрэнна?

— У людзей там ёсць прымаўка: «Туга, дошка i траска». Любога мясцовага там спытаеце — ён засмяецца i скажа «так». Гэта не беларус прыезджы кажа, гэта людзi, якiя там жывуць, — у мяне ж там сваякi засталiся, бо мая мама родам з Архангельска. Аднойчы мяне абазвалi русафобам, калi я пра гэта напiсаў. Але нядаўна прыязджаў да нас турыст, хлопец з Архангельска, у яго нават на майцы было напiсана: «Тоска, доска и треска». Пасмяялiся з iм, вядома. Але на самай справе гэта не весела.

— У нас, што, лепш?

— Прынамсi, нейкiя грошы выдзяляюцца на добраўпарадкаванне. Я доўгi час жыў у Светлагорску. А нядаўна мой сябра пабываў у невялiкiм расiйскiм гарадку. Такi ж маленькi горад, як Светлагорск, толькi нiчога не скошана, старыя дрэвы не спiлаваныя, палова дамоў без вокнаў. Проста памерлая цывiлiзацыя. Можаце выразаць з тэксту гэтыя мае словы, а можаце не выразаць...

— А як вы сталi мастаком?

— Маляваў з дзяцiнства. Проста падабалася. Адукацыя ў мяне не мастацкая, i наогул, я сказаў бы, не творчая — прыборабудаванне. Потым пайшоў у армiю. Там спатрэбiўся мастак. Мяне да гэтага далучыў «дзед» — Вiктар Шварц. Бачыце, да гэтага часу памятаю яго прозвiшча. Яму патрэбны быў хтосьцi з маладых, хто змянiў бы яго ў маляваннi плакатаў, агiтак, выпуску насценгазеты.

У мяне выдатна атрымлiвалася Ленiна маляваць... Такiя вось «творчыя ўнiверсiтэты». Вярнуўся з армii, папрацаваў па спецыяльнасцi ў Светлагорску, а потым у Смаргонi, у фiлiяле трактарнага завода, вызвалiлася месца мастака-афармiцеля. Я падумаў: чаму б i не? Так што акадэмiчнай мастацкай адукацыi ў мяне няма. Проста быў iнтарэс, i я асвойваў сам розныя тэхнiкi — ад работы з глiнай i металам да акварэлi, алею, разьбы па дрэве, скульптуры. I вось ужо 36 гадоў гэтым займаюся.

Лайт-версiя Крэўскага замка i рэчы з гiсторыяй

Замак, якi будуе Сяргей, прывязаў яго да маленькай вёсачкi Чухны. Гэты незвычайны будынак — галоўная славутасць акругi. Не лiчачы, вядома, самога Крэўскага замка, якi сёння ўяўляе сабой маляўнiчыя руiны. У замку-арыгiнале, да якога ад сядзiбы Бандарэнкi можна дайсцi пешшу, рэканструкцыя пакуль толькi пачынаецца, а яго копiя на падворку мастака паступова i няўхiльна наблiжаецца да лагiчнага завяршэння.

Маштаб замка — 1:10. Цаглiнкi, з якiх ён складзены, Сяргей абпальвае ў печы сам: кожная цаглiнка — дакладная копiя тых, з якiх складзены арыгiнал.

— Калi рабiлi першую партыю цэглы, патрэбна была нейкая круглая лiчба. Мы з жонкай узялi сапраўдную замкавую цэглу i паменшылi яе ў дзесяць разоў. Я ж не магнат — пабудаваць замак у натуральную велiчыню. Ад гэтай iдэi, хоць i з жалем, але давялося адмовiцца. Селi мы тады з жонкай, падумалi. У маштабе адзiн да двух — не пацягнем. Адзiн да пяцi — таксама не хопiць грошай. Ну, тады давай зробiм замак у маштабе адзiн да дзесяцi. Гэты замак — наш з жонкай сумесны праект. Дарэчы, якраз тады, калi мы толькi думалi аб будаўнiцтве замка, быў цiкавы выпадак. Ехалi i слухалi ў дарозе «Радыё Гродна». А там навiна: знайшлi дзесьцi скарб, якi ацанiлi ў пяць мiльярдаў долараў. Мы з жонкай думаем: вось бы нам на агародзе каля нашай хаткi знайсцi, напрыклад, скарб Напалеона! Прыйшоў бы я тады ў выканкам i сказаў: хачу выкупiць Крэўскi замак i сам яго аднавiць, па ўсiх гiстарычных канонах! Добра, раз скарбу не знайшлi, сказала жонка, давай рабiць маленькi замак...

Ну, скарб не скарб, а сёе-тое са старажытнасцяў у майстэрнi Бандарэнкi з'явiлася — мясцiны ж вакол гiстарычныя, запаветныя i нават па адчуваннях нейкiя казачныя. Ва ўласным агародзе майстар знайшоў iржавы штык напалеонаўскiх часоў. А ў склепе свайго дома — артылерыйскi ствол часоў Першай сусветнай. Мясцовыя жыхары спачатку глядзелi на незвычайных аднавяскоўцаў з асцярогай, але потым прынялi «дзiўных» суседзяў i нават сталi прыносiць iм старыя рэчы — раптам спатрэбяцца? Напрыклад, расказвае Сяргей, нядаўна прынеслi ўнiкальны абраз XVIII стагоддзя.

— Бачыце, вось тут пацёртасць ад пальца, — паказвае Сяргей. — За гэты абраз шмат дзесяцiгоддзяў, мабыць, хавалi грошы, а калi даставалi, увесь час бралiся за адзiн i той жа рог.

Рэчы з гiсторыяй, як i гiсторыя наогул — захапленне i любоў сям'i Бандарэнкаў. I, здаецца, тут iм дапамагае само гэта старажытнае, запаветнае месца, дзе яны пасялiлiся. Напрыклад, за сваiм домам Сяргей знайшоў велiзарны валун з дзiўнай формы ямiнкай — цi то след вытанчанай ножкi, цi то вока, цi то вуха. На Беларусi кажуць, што гэта iшла Божая Мацi i пакiнула след. Гэтыя камянi лiчылiся святымi. Калi ў следзе запасiлася дажджавая вада, ёй прыпiсвалi магiчную сiлу.

— Мой знаёмы, выкладчык БНТУ i адзiн з найлепшых у нашай краiне спецыялiстаў па вывучэннi камянёў, прыязджаў глядзець наш валун i сказаў, што, магчыма, гэты камень быў паганскiм алтаром, — кажа Сяргей. — Валун прыцягнула ледавiком са Скандынавii. Таму я вырашыў, што на iм не след Божай Мацi, а вуха Одзiна. Ён слухае, што тут адбываецца, на Крэўскай зямлi.

— Одзiн — бог воiнаў...

— А мы якраз i ваюем. З забыццём сваёй гiсторыi, з абыякавасцю да яе.

Калi плануецца завяршэнне будаўнiцтва замка, Сяргей адказаць пакуль не гатовы. Кажа, абавязацельствы «пяцiгодку за тры гады» браць на сябе не хоча. Над замкам працуе дзень цi два на тыдзень. I многае ўжо зроблена. Але ж ёсць i iншыя творчыя праекты, якiя таксама патрабуюць часу.

— Замак — дарагi праект?

Ка­лi скон­чыц­ца бу­даў­нiц­тва, за­мак бу­дзе та­кi ж, якi быў ары­гi­нал у свае най­леп­шыя га­ды. Толь­кi ў маш­та­бе 1:10.

— Не вельмi, калi расцягнуць выдаткi па часе. Да таго ж, мы эканомiм як можам. Напрыклад, для работы па метале купляем абрэзкi, якiя iдуць на металалом. I так шмат у чым. У Сярэднявеччы ж не iснавала будаўнiчых фiрмаў i прадпрыемстваў па выпуску будаўнiчых матэрыялаў — у справу iшлi матэрыялы, якiмi былi багатыя наваколлi. Так што мы прытрымлiваемся гiстарычных прынцыпаў.

Дарэчы, у замку на падворку Бандарэнкаў ужо з'явiўся ўласны прывiд. Па словах Сяргея, у адным з кутоў замкавага двара компас пачынае «вар'яцець».

— А чаму б i не? У Крэўскiм замку адвеку «жыве» свой прывiд — знакамiтая дзяўчына з сабакам. Цяпер у яе «доме» рэканструкцыя. Трэба ж ёй дзесьцi перачакаць «рамонт».

Нетраянскi конь i «вольныя муляры»

Сяргей не ўтойвае, што адна з галоўных мэт яго праекта — прыцягненне турыстаў. З гэтай жа мэтай хутка каля ўвахода ў сядзiбу Бандарэнкаў з'явiцца скульптура воiна на канi. Конь (памерам з сапраўдную здаравенную жывёлiну) ужо амаль гатовы, стаiць на сапраўдных падковах i шалёна косiць вокам на ўсiх, хто праходзiць мiма. Турысты пагалоўна абзываюць яго «траянскiм».

— Хутка давядзецца павесiць на нашага каня шыльду: «Гэта не траянскi конь, гэта конь Чухноўскi», — смяецца Сяргей.

— А хто будзе сядзець на гэтым канi? Вiтаўт? Гедымiн? Альгерд?

— Iмя пакуль не выдаю. Няхай будзе сюрпрыз. Скажу толькi, гэта будзе сур'ёзны хлопец, у сапраўдных гiстарычных даспехах i з мячом. Цэментны каркас будзе схаваны пакрыццём пад медзь, з пацiнай. Сучасныя тэхналогii дазваляюць зрабiць вельмi многае.

Турысты ў гэтую незвычайную сядзiбу прыязджаюць кожны дзень. Часам — даволi вялiкiмi групамi, але часцей — сем'ямi. Убачылi сайт Сяргея — i захацелi паглядзець на «мiнi-замак» i iншыя славутасцi сваiмi вачыма.

— Учора, напрыклад, прыязджала сям'я. Муж — аўстрыйскi прадпрымальнiк, а жонка — з Беларусi. Купiлi ў нас некалькi работ.

Пражыць мастацтвам у наш час, вядома, нерэальна, кажа Сяргей. Жыць толькi творчасцю, на жаль, не атрымлiваецца — даводзiцца думаць аб хлебе надзённым. Гэта раней у творцаў былi мецэнаты. Але свет не без добрых людзей i ў нашы днi.

— Калi была пандэмiя i ўвялi масачны рэжым, у нас быў крызiс. Гэта было ў красавiку-маi. Перасталi ездзiць турысты, людзi баялiся лiшнi раз выйсцi з дому. I раптам прыязджае турыст. Мы яму ўсё паказалi. Ён, сыходзячы, дастаў сто долараў i кажа: «Гэта вам на развiццё».

Экскурсii па сваiм замку i iмправiзаваным музеi-майстэрнi Сяргей i Марына Бандарэнкi праводзяць бясплатна. Але просяць турыстаў купiць цаглiнку з надпiсам «Крэва» за сiмвалiчную суму.

— Свайго роду ўваходны квiток. Толькi не папяровы, а каменны. Мы ж вольныя муляры, — мой суразмоўца кiвае на вежы i галерэю замка, складзеную з сотняў маленькiх цаглiн. — Амаль што масоны.

У майстэрнi Сяргея пачэснае месца займаюць копii гiстарычных рэчаў. Але яны здаюцца цiкавымi далёка не ўсiм, кажа суразмоўца.

— Напрыклад, вось беларускi «веджвуд», старадаўнiя «пальцамi лепленыя» вазачкi. Часам турысты пытаюцца: а чаму вы не купiце сабе ганчарны круг? Навошта пальцамi ляпiць? Я адказваю: дык проста яго не вынайшлi яшчэ.

— А якое пытанне вам задаюць часцей за ўсё?

— «Вы не хочаце рэстаран тут у вас адкрыць?» Мне ўжо амаль 60, i я не хачу займацца рэстаранам. Гадоў у 30–40 можна было б аб гэтым падумаць, але не цяпер. Хоць у чымсьцi турысты маюць рацыю. Бо ў Крэве, куды людзi часам прыязджаюць за сотнi кiламетраў, нават няма дзе нармальна выпiць кавы. I калi рэканструкцыя замка завершыцца, гэта будзе недапушчальны прабел. Бо гiстарычны аб'ект — гэта цэнтр «сонечнай сiстэмы», вакол яго павiнна быць сур'ёзная iнфраструктура. Кафэ, рэстараны, гасцiнiца, пляцоўка для кемпiнга, мастакi, музыкi i г. д. Тады гэта будзе па-сапраўднаму цiкава турыстам.

Аляксандра АНЦЭЛЕВIЧ

Загаловак у газеце: Уласны замак

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.