Вы тут

Як у Полацку і Наваполацку рэалізуюць iдэй устойлiвай гарадской мабiльнасцi


Такую назву маюць праекты па рэалiзацыi iдэй устойлiвай гарадской мабiльнасцi да 2040 года ў Полацку i Наваполацку. У лiтаральным сэнсе план «зялёнага» горадабудаўнiцтва «Полацк — навядзём масты» мае на мэце аднавiць масты, наладзiць сувязi раёнаў горада з цэнтрам i памiж сабой. А ў пераносным — усталяваць пераемнасць памiж мiнулым i будучым, захаваўшы культурную i прыродную спадчыну для нашчадкаў. Горад хочуць зрабiць яшчэ больш рознабаковым, утульным ды гарманiчным з прыродай.


Эфект на мiльён

Перспектыўнае бачанне i прыярытэты гарадскога развiцця абапiраюцца на рэалiзацыю прасторавай мадэлi «Полацк як архiпелаг самадастатковых пазнавальных раёнаў». У плане «зялёнага» горадабудаўнiцтва тут iмкнуцца рэалiзаваць прасторавую стратэгiю ў трох кiрунках. Развiць гiстарычную частку, умацаваць агульнагарадскi цэнтр i развiць дадатковыя цэнтры на аснове мадэлi транзiтна-арыентаванага развiцця. Звязаць памiж сабой раёны i наладзiць мабiльнасць без лiшнiх аўто. Стварыць клiматычна ўстойлiвую планiровачную iнжынерную iнфраструктуру.

Полацк нельга аддзяляць ад Наваполацка, бо яны фактычна ўжо злiлiся ў адзiн горад. Тут знаходзiцца вялiзны прамысловы цэнтр, якi дае сур'ёзную экалагiчную нагрузку на рэгiён. I хоць нельга паўплываць на нафтавы комплекс, але можна ўздзейнiчаць на гарадскi асяродак, мяркуе Сяргей ЛЕЙЧАНКА, першы намеснiк старшынi Полацкага райвыканкама:

— Мы паказваем жыхарам, што гэта горад новых магчымасцяў. Мы першыя пачалi рабiць веладарожкi на праезнай частцы. Мы гады тры тлумачылi людзям, чаму гэта здорава. Цяпер дарожкамi актыўна карыстаюцца i пытаюцца, як далей будзе развiвацца веларух.

У горадзе скрупулёзна падышлi да арганiзацыi дарожнага руху. За апошнiя тры гады ўжо другi раз перарабiлi генеральны план горада з улiкам змен, якiя ўжо ўкаранiлi i якiя задумалi на перспектыву.

— Нам патрэбны, у прыватнасцi, скрыжаваннi без святлафораў, якiя не будуць затрымлiваць машыны. Будзем рабiць кальцавы рух, як у Еўропе. Збудуем мост з веладарожкай, — падзялiўся намерамi намеснiк старшынi. — Гэта мерапрыемствы, якiя не патрабуюць вялiзных грашовых укладанняў. Вось трэба было вулiцу ўпарадкаваць. Дык мы яе не перараблялi, а размалявалi «за тры капейкi», затое эфект атрымалi «на мiльён рублёў».

Тры сцэнарыi развiцця Грамоў

Абмен ведамi памiж праекцiроўшчыкамi, якiя займаюцца трансфармацыяй прасторы ў межах праграмы ўстойлiвага развiцця, i гараджанамi можа адбывацца на вертыкальным i гарызантальным узроўнях. Апошняе — гэта калi жыхары выказваюць разнастайныя на месца, дзе яны жывуць, i тлумачаць, чаго хочуць. Iм патрэбна дамовiцца не толькi памiж сабой, але i з экспертамi, якiя глядзяць на гэтую тэрыторыю вачыма прафесiяналаў. Калi ж на такiх сустрэчах прысутнiчаюць яшчэ i мясцовыя ўлады, то абмен думкамi i iнфармацыяй адбываецца на вертыкальным узроўнi, тлумачаць эксперты.

Для раёна Грамы ў Полацку, якi знаходзiцца блiзка да цэнтра горада, але адрэзаны ад яго чыгункай, спецыялiсты кампанii MLA+ прапанавалi тры сцэнарыі развiцця: турыстычны цэнтр, Полацк-сiцi i гарадская вёска.

Першы варыянт базуецца на тым, што тут ёсць пэўныя аб'екты, якiя могуць зацiкавiць турыстаў. Акрамя таго, акцэнт робiцца на iснуючых i будучых спартыўных аб'ектах. Магчымасцi вяслярнай базы на рацэ Палата можна выкарыстоўваць, каб ладзiць спускi па ёй, таксама прыцягваючы турыстаў.

У варыянце Полацк-сiцi прапанавана перапрафiляваць iснуючыя плошчы, каб ствараць пункты прыцягнення, напрыклад закiнуты вiнзавод. Пры гэтым трэба вырашаць праблему транспарту, бо раён Грамы адрэзаны ад цэнтра горада чыгункай.

— Каб вырашыць гэтае пытанне, самае простае i, напэўна, найбольш эфектыўнае рашэнне — стварыць чаўнок або скласцi схему руху мiкрааўтобусаў. Яны змогуць курсiраваць па пэўным маршруце i падвозiць жыхароў да месцаў пераходу цераз чыгуначныя шляхi, замест таго каб тут ездзiў грамадскi транспарт, якi ходзiць у цэнтр i рызыкуе на 40 хвiлiн захраснуць на пераездзе, — расказала ўрбанiстка Надзея Царанок.

Паколькi ў Грамах прэвалiруе прыватны сектар, разглядаецца таксама трэцi варыянт — ператварэнне яго ў гарадскую вёску, якая будзе шматфункцыянальным цэнтрам, сфармiраваным з улiкам уважлiвага стаўлення да прыродных тэрыторый пры арганiзацыi грамадскiх прастор.

Агратэхнапарк замест завода

Асноўныя прынцыпы, якiмi кiравалiся эксперты пры распрацоўцы праекта для Грамоў, — эклектычнасць, уключанасць у гарадскую структуру, структураванасць i здольнасць да будучых змен.

Задумкi для трансфармацыi тут добрыя, i можна рэалiзоўваць на практыцы пэўныя прапановы з усiх трох варыянтаў развiцця. Увогуле трансфармацыя павiнна прадугледжваць гнуткасць, бо ўсе змяненнi — гэта пытанне 10—15 гадоў, а не трох-чатырох. Гэтая якасць дазволiць развiвацца ў нагу з часам, бо праз нейкi перыяд папярэднiя прапановы экспертаў могуць стаць неактуальнымi i неабходна будзе iх змянiць, перш чым рэалiзаваць, адзначылi эксперты.

У Грамах прапануецца, напрыклад, стварыць транспартны мост, якi дапаможа аб'яднаць раён з цэнтрам, i зладзiць пешаходныя масты з рампамi i лiфтамi, каб
людзям было зручна трапляць у цэнтр Полацка. Пры пераходзе чыгункi ў адным узроўнi можна зладзiць велапалосы i тратуары, агараджальныя бар'еры. Такiм чынам кожнае перасячэнне чыгункi ператворыцца ў транспартна-перасадачны вузел з прыпынкамi грамадскага транспарту, велапаркоўкамi i перахапляльнымi стаянкамi.

Каманда працавала i над стварэннем структураванай «зялёнай» сеткi грамадскiх прастор i тэрыторый, каб стварыць унутраныя сувязi для аб'яднання Грамоў з горадам.

Цiкавыя таксама прапановы арганiзацыi разнастайных грамадскiх прастор на базе iснуючых аб'ектаў i iндустрыяльных плошчаў, якiя сёння не выкарыстоўваюцца. Напрыклад, можна стварыць музей чыгункi на тэрыторыi чыгуначнага дэпо, iснаванне якога цяпер перашкаджае развiццю Грамоў, калi вывесцi яго ў Light-Industrial зону, што ствараецца. А на тым месцы збудаваць сучасны раён сярэднепавярховай забудовы.

Добрая прапанова i па добраўпарадкаваннi тэрыторыi каля стадыёна «Лакаматыў» — стварэнне там спартыўнага цэнтра i пляцоўкi для экстрэмальных вiдаў спорту. На тэрыторыi вiнзавода можна арганiзаваць адкрытую прастору, а ў цэхах зладзiць офiсы i майстэрнi, падзейную пляцоўку для выставак, фестываляў, лекцый.

Аўтарамонтны завод можа паспрыяць паляпшэнню iмiджу раёна, калi пасля прыцягнення iнвестыцый гэтае месца стане агратэхнапаркам — унiкальным цэнтрам навукi i практыкi. Пасля рэкультывацыi тэрыторый можна атрымлiваць на iх ураджаi, ангар пераўтварыць у сельскагаспадарчы рынак i цяплiцы, а плошчу перад рынкам зрабiць выставачнай прасторай i стварыць музей беларускай аграрнай прамысловасцi.


Наваполацк iзноў новы. Версiя 2.0

Дакумент па пераўтварэннi горада аналагiчны полацкаму, аднак ён мае i сваю спецыфiку. Трансфармаванне скiравана на павышэнне прывабнасцi горада як месца для жыцця, работы, iнвеставання на аснове рэалiзацыi нацыянальных прыярытэтаў развiцця, забеспячэння ўстойлiвага эканамiчнага росту i паляпшэння якасцi навакольнага асяроддзя.

Аў­тар фо­та-кар­цi­нкі — сту­дэнт­ка Ган­на ПУТ­РЫ­НА.

Актуальнае развiццё Наваполацка да 2040-га ставiць у прыярытэт задачы зрабiць горад папаўняльным, разумным, зручным. Распрацавана транзiтна-арыентаваная мадэль узаемаўвязвання старых i новых цэнтраў у маштабе рэгiёна. Яна прадугледжвае агламерацыю Полацка i Наваполацка вакол цэнтра iснуючага Наваполацка на вулiцы Маладзёжнай.

У плане прапiсана рэалiзацыя чатырох тэм. Гэта фармiраванне адзiнай водна-зялёнай сiстэмы; развiццё iнфраструктуры эканомiкi замкнёнага цыкла; павышэнне камфортнасцi пражывання з дапамогай разумных тэхналогiй; транзiтна-арыентаванае развiццё.

У сучасным дзявятым мiкрараёне Наваполацка не выкарыстоўваецца дзве трацiны з 27 гектараў яго плошчы. Тут можна дадаткова пасялiць яшчэ 3000 жыхароў, i ў вынiку 10 % горада будзе жыць у адным раёне. Шчыльнасць насельнiцтва пры гэтым узнiмецца да максiмальных паказчыкаў (хоць Наваполацк i так чэмпiён па гэтым крытэрыi), затое паверхавасць дамоў знiзiцца ад васьмi да чатырох з паловай, лiчаць эксперты.

Трансфармаваць прастору тэрыторый Наваполацка, якiя знаходзяцца ў чарзе на капрамонт, паспрабавалi студэнты Полацкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта i Цэнтра ўрбанiстыкi i дызайну (ЦУД).

У горадзе шмат дрэў i вялiкi патэнцыял, аднак тэрыторыя не запатрабавана жыхарамi, а ўсе пешаходныя прасторы — у профiлi вулiц. Скверы i iншыя зялёныя кавалачкi, якiя першапачаткова закладвалiся праекцiроўшчыкамi мiкрараёнаў, так i засталiся кавалачкамi, куды максiмум дасаджваюцца дрэвы. Грамадскiя прасторы не iнтэграваны ў сiстэму гарадскога цэнтра i не спакушаюць людзей рухацца пешшу, нават гуляць з дзiцячай каляскай можна толькi ўздоўж магiстральнай вулiцы Маладзёжнай.

— Пры гэтым ёсць магчымасць уключыць у сiстэму «зялёных» зносiн увесь горад. Планiровачная структура горада, якая склалася, мае вялiкi патэнцыял для стварэння адзiнай пешаходнай сiстэмы, што аб'яднала б гарадскi цэнтр са значнымi грамадскiмi прасторамi, — заўважыла Вiкторыя МАЦВЯЙЧУК, кiраўнiк праектаў, старшы выкладчык кафедры архiтэктуры Полацкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. — Я хацела даць студэнтам не нейкiя абстрактныя вучэбныя заданнi, а такiя, каб яны сваiмi праектамi змаглi прынесцi карысць гораду i зрабiць яго сваiмi прапановамi лепшым.

Сярод мноства студэнцкiх прапаноў два праекты ўжо рэальна спадабалiся кiраўнiцтву Наваполацка i, магчыма, з часам будуць рэалiзаваны.

Напрыклад, сквер, якi прылягае да вулiцы Дзяржынскага, студэнты вызначылi як адзiн з цэнтраў прыцягнення людзей. Праз яго месцiчы часта ходзяць на работу цi проста выбiраюць яго для шпацыру.

— Мы iмкнулiся зразумець, як выкарыстоўваецца гэтая тэрыторыя. Аказалася, што хоць людзi i бываюць у ёй штодня, аднак пераважна толькi для транзiту, — расказалi студэнты.

Аўтары праекта вырашылi, што пры мiнiмальных выдатках у гэтай грамадскай прасторы трэба стварыць нешта такое, у што маглi б уцягнуцца мясцовыя жыхары. Галоўнай iдэяй пераўтварэння сквера стала стварэнне iнтэрактыўных гульнявых зон. У прыватнасцi, плануецца зрабiць настольныя гульнi ў вялiкiм маштабе, якiя аб'яднаюць людзей, вымусяць iх выйсцi на вулiцу i камунiкаваць.

— Гэта могуць быць нейкiя простыя формы з натуральных матэрыялаў, якiя можна стварыць самiм. Падвесныя крэслы, гамакi, драўляныя гульнёвыя элементы накшталт паласы перашкод, — прапанавалi юныя трансфарматары.

Асноўную транзiтную частку сквера вырашана зрабiць прагулачнай, але каб там хацелася не толькi прагуляцца, але i затрымацца.

Другi праект датычыцца тэрыторыi насупраць бiзнес-цэнтра «Эдэм». Яна таксама найчасцей выкарыстоўваецца для транзiту. Зрабiць яе больш прывабнай прапануецца за кошт стварэння зоны цiхага адпачынку, або зоны grandparents, дзе людзi, старэйшыя за 50, маглi б пасядзець i згуляць у «настолкi». Для павышэння камерцыйнай прывабнасцi тут можна стварыць участкi для вулiчнай ежы, напрыклад, у выглядзе перасоўных вагончыкаў food truck. А простая вулiчная мэбля дапаможа арганiзаваць месцы, дзе можна будзе ладзiць пiкнiкi.

— Асноўная iдэя абодвух гэтых праектаў у тым, што людзей можна аб'яднаць яшчэ на стадыi будаўнiцтва. Усе iдэi можна рэалiзаваць сiламi людзей, што жывуць на гэтых тэрыторыях. Гэта дапаможа i з суседзямi лепш пазнаёмiцца, i прымусiць ставiцца да створанага больш беражлiва, — упэўнена кiраўнiк праектаў.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.