Вы тут

Анатоль Ісачанка: Жыццё даказала запатрабаванасць паслуг спажыўкааперацыі


У гэтым змог пераканацца віцэ-спікер Савета Рэспублікі падчас наведвання Мядзельскага раёна Міншчыны. І вяскоўцы, і работнікі аўтакрам, і нарыхтоўшчыкі прыёмных пунктаў упэўнены — такія паслугі на вёсцы патрэбны.


— Самае галоўнае — меркаванне людзей, наколькі гэтая паслуга запатрабаваная і неабходная людзям, — агучвае парламентарый у размове з журналістамі самы галоўны крытэрый эфектыўнасці работы спажывецкай кааперацыі. Безумоўна, эканамічны эфект ад дзейнасці фарміруе прыбытак, але ці ж толькі ў ім уся справа?

Сенатар прывёў некалькі лічбаў. Сёння сістэма спажывецкай каапарацыі абслугоўвае 23 тысячы беларускіх вёсак, з якіх 15 тысяч карыстаюцца паслугамі аўтакрам. Такая форма абслугоўвання запатрабаваная, і жыхары Мядзельшчыны гэта пацвердзілі: яны прызвычаіліся, задаволеныя асартыментам прадукцыі і графікам работы. Але ёсць і яшчэ адна лічба: 4,5 тысячы вёсак, дзе насельніцтва складае да 10 чалавек, таксама абслугоўваюцца спажывецкай кааперацыяй, і ў гэтыя, як сёння кажуць, паміраючыя вёскі таксама выязджаюць аўтакрамы.

У такім выпадку можна весці гаворку, хутчэй, не аб прыбытку, а аб выкананні нейкай сацыяльнай паслугі, якая патрэбна людзям, перакананы сенатар.

— Гэта робіцца па даручэнні кіраўніка дзяржавы, бо галоўная палітыка нашай краіны — клопат пра людзей, — падкрэсліў ён. Гэта відаць і па лічбах: там, дзе ёсць эканоміка, шмат людзей карыстаюцца паслугамі спажывецкай кааперацыі, але там, дзе жывуць 10 чалавек, пра эканоміку і прыбыткі казаць складана.

— Але там жывуць нашы людзі — туды трэба пад'ехаць і абслужыць, — звяртае ўвагу Анатоль Ісачанка. У размове з тымі, хто працуе на аўтакрамах, з вяскоўцамі, якія карыстаюцца іх паслугамі, сенатар пераканаўся, што паслуга аказваецца ў любым выпадку. — Прыязджаюць, заходзяць у хату, пытаюцца, што трэба, і падвозяць. Я мяркую, гэта зроблена абсалютна правільна, і самае галоўнае, што гэта запатрабавана.

Акрамя таго, падчас візіту віцэ-спікера зацікавіла работа стацыянарных крам сістэмы спажывецкай кааперацыі. Яны таксама трансфармаваліся, перайшлі на іншы фармат работы. У размове з вяскоўцамі гучалі толькі станоўчыя ацэнкі. Іншая справа — цэнаўтварэнне.

— Зноў жа спрадвечнае пытанне, і яно абсалютна правільнае: цэны павінны быць ніжэйшыя, — упэўнены Анатоль Ісачанка. Ён лічыць, што да гэтага трэба імкнуцца.

Не абмінуў сенатар падчас наведвання Мядзельшчыны і тэму сезонных нарыхтовак, якія таксама ажыццяўляе сістэма спажывецкай кааперацыі.

— У людзей ёсць лішкі рознай прадукцыі — яблыкаў, ягад — канешне, мы павінны гэта прыняць і разлічыцца з імі. Мала таго, што прыём лішкаў запатрабаваны, гэта яшчэ і дадатковы заробак для тых, хто карыстаецца гэтым відам паслуг, — звяртае ўвагу Анатоль Ісачанка.

Падводзячы вынікі свайго візіту, ён упэўніўся, што сістэма спажывецкай кааперацыі ў прынцыпе сваю ролю выконвае. Анатоль Ісачанка прыгадаў, што калісьці размоў на гэты конт было шмат: патрэбна яна ці не — маўляў, ёсць сеткавыя крамы, гіпер- і супермаркеты, навошта гэтая сістэма? Але, тым не менш, жыццё паказала, што спажывецкая кааперацыя неабходная людзям і запатрабаваная. А тое, што ёсць канкурэнцыя, — добра: яна заўсёды спрацоўвае на зніжэнне цэн, павышэнне якасці паслуг.

— Таму ўсе формы гандлю, якія існуюць, — прымальныя. Галоўнае — каб было зручна людзям, — падсумаваў парламентарый.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.