Вы тут

Святы агонь памяці


Мінскае выдавецтва «Каўчэг» выпусціла ў свет багатую на сустрэчы з рознымі героямі кнігу эсэ, партрэтаў, роздумаў «Бязмежжа памяці». Аўтар — вядомы беларускі пісьменнік Васіль Жуковіч.


У зборніку мастацкай публіцыстыкі літаратар выступае з разнажанравымі матэрыяламі, напісанымі на працягу многіх гадоў. Адкрываецца кніга трыпціхам «Сузор’я сусветнага зоркі», які прысвечаны народнаму песняру Беларусі Янку Купалу, класіку ўкраінскай літаратуры Тарасу Шаўчэнку, генію польскай паэзіі Адаму Міцкевічу. На старонках зборніка чытача чакаюць сустрэчы з Кастусём Каліноўскім, Максімам Багдановічам, Якубам Коласам, Кузьмою Чорным.

Васіль Жуковіч знаходзіць тыя словы, тыя адметнасці, якія робяць яго матэрыялы пра легендарных асоб беларускай гісторыі арыгінальнымі, вартымі ўвагі. Хаця, зразумела, і пра Каліноўскага, і пра Багдановіча, і пра іншых згаданых персанажаў напісана гэтулькі, што звычайнаму чытачу ўсё засвоіць не пад сілу. А вось мастацка-публіцыстычныя тэксты Васіля Жуковіча раю не абмінуць усім, каго цікавіць лёс беларускай культуры ў рэтраспектыве, для каго клопат пра Беларусь не з’яўляецца пустым гукам.

Большасць артыкулаў, эсэ, нарысаў зборніка «Бязмежжа памяці»  — пра людзей, якія былі добра знаёмы Васілю Жуковічу. Як, напрыклад, у нарысе «Пакутнік XX стагоддзя» — пра Сяргея Новіка-Пеюна (1906—1994). Ледзьве не з першых радкоў аўтар дае характарыстыку гэтаму чалавеку, вылучае галоўнае, пра што далей выкладзе болей падрабязна: «“Таленавіты — значыць небяспечны”  — узгадаўся дарэчы радок з верша Жэні Янішчыц. Менавіта небяспечным бачыўся Сяргей Новік-Пяюн як белапольскаму і нямецкафашысцкаму, так і сталінскаму рэжымам, якія надоўга вырывалі з рук творцы пяро і пэндзлік, скрыпку і ноты, пазбаўлялі самага дарагога  — свабоды, адрывалі ад роднай старонкі, перарывалі сувязь з выдаўцамі і чытачамі, са школаю і сцэнаю, з усім беларускім асяроддзем, з крыніцамі духоўнасці, не давалі на ўсю моц разгарнуцца шматграннаму таленту, стараліся зламаць маральна, знішчыць фізічна. Гады ягоных зняволенняў склалі больш чым усё жыццё Максіма Багдановіча…»

Нарысы, эсэ пра Фёдара Янкоўскага, Ніла Гілевіча, Валянціну Коўтун, Генрыха Далідовіча, Міхася Казлоўскага, Уладзіміра Содаля, Міхаіла Фінберга, Эдуарда Зарыцкага, Яўгенію Янішчыц, Ніну Мацяш, Янку Брыля, Фелікса Баторына, Валерыя Стралко, Тамару Чабан, Яраслава Пархуту і шмат каго яшчэ ўражваюць дэталізацыяй, асабістымі ўражаннямі ад сустрэч з гэтымі асобамі ці з іх творчасцю. Праз расповед пра пісьменнікаў, перакладчыкаў, кампазітараў, проста цікавых аўтару людзей паўстае шырокі, сапраўды бязмежны свет Васіля Жуковіча.

Многія старонкі выдання так ці іначай звязаны з яго ўкраінскімі зацікаўленнямі, яго ўвагай да ўкраінскай паэзіі. На старонках зборніка мы сустракаем імёны Тараса Шаўчэнкі, Валерыя Стралко, Рамана Лубкіўскага, Дзмітро Белауса.

Лейтматывам кнігі мне бачацца і такія словы Васіля Жуковіча з артыкула «Як шануем і ўвекавечваем памяць?»: «Стаўленне да памяці знакамітых — ці не першы паказчык узроўню культуры. Узвядзём жа культуру ў культ!..» Відаць, болей нічога і дадаваць не трэба, акрамя як павіншаваць Васіля Жуковіча і выдавецтва «Каўчэг» з выдатнай кнігай мастацкай публіцыстыкі.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.