Вы тут

Дырэктар РІКВ Юрый Міксюк: Ад закрытых заданняў мы адмовiцца не можам


338 стабальных вынiкаў было зарэгiстравана на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi ў гэтым годзе. Усяго дасканалымi сертыфiкатамi могуць пахвалiцца 323 удзельнiкi ЦТ, а 15 абiтурыентаў атрымалi такiх адразу два.


Як зазначыў на сустрэчы з журналiстамi дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Юрый МIКСЮК, цэнтралiзаванае тэсцiраванне праходзiла сёлета ў няпростых умовах пандэмii COVID-19. I хоць рэгiстрацыя на праходжанне тэстаў распачалася як звычайна — 2 мая, але хутка давялося пераносiць тэрмiны правядзення ЦТ, змяняць графiк i раздзяляць патокi абiтурыентаў па самых масавых дысцыплiнах — рускай мове i матэматыцы.

Новаўвядзеннi закранулi таксама тэхнiчныя аспекты падачы дакументаў i здачы ўступных iспытаў. Так, усе абiтурыенты перад наведваннем пунктаў рэгiстрацыi на ЦТ праходзiлi папярэднюю анлайн-рэгiстрацыю i запаўнялi заяву ў электронным выглядзе, атрымлiвалi асабiсты рахунак, на якi пералiчвалi плату за прыём i афармленне дакументаў. Затым у парадку электроннай чаргi яны наведвалi пункты рэгiстрацыi ў прызначаны для iх дзень i час. Галоўнай мэтай было скарацiць час знаходжання абiтурыентаў у памяшканнях пункта рэгiстрацыi i зменшыць колькасць людзей, якiя там адначасова знаходзяцца. Замест абiтурыента пропуск дазвалялася атрымаць яго прадстаўнiку. Натарыяльна завераная даверанасць для гэтага не патрабавалася.

— Мы рабiлi ўсё, каб стварыць максiмальна камфортныя i бяспечныя ўмовы для маладых людзей, — дадаў Юрый Мiксюк. — Падчас правядзення ЦТ было забяспечана надзейнае сацыяльнае дыстанцыраванне, абiтурыентаў размяшчалi на адлегласцi не менш за метр. Максiмальная колькасць абiтурыентаў у адной аўдыторыi не перавышала 50 чалавек. Усё гэта запатрабавала задзейнiчаць дадатковы аўдыторны фонд i прыцягнуць значна большую колькасць арганiзатараў, якiя павiнны былi прысутнiчаць у кожнай экзаменацыйнай аўдыторыi.

Сваiм правам здаваць чатыры тэсты замест трох скарысталiся 48 працэнтаў ад агульнай колькасцi тых, хто прайшоў рэгiстрацыю. Дзве дзяржаўныя мовы (беларускую i рускую) здавалi 13 працэнтаў удзельнiкаў ЦТ.

Усяго ў цэнтралiзаваным тэсцiраваннi ўзялi ўдзел 62 384 абiтурыенты. Каля 3 % тых, хто рэгiстраваўся, не з'явiлiся на экзамен. Калi казаць пра выяўленыя парушэннi падчас ЦТ, то сёлета iх было менш — 13 выпадкаў (у 2019 годзе — 17). Пераважна парушальнiкаў выдалялi з экзаменацыйных аўдыторый за мабiльныя тэлефоны, якiя трэба было здаць для захоўвання арганiзатарам яшчэ на ўваходзе. Але былi таксама выпадкi выкарыстання шпаргалак i iншыя парушэннi парадку правядзення ЦТ.

У рэзервовыя днi тэсты здавалi 1043 абiтурыенты (у 2019 годзе — 927). У Рэспублiканскiм iнстытуце кантролю ведаў чакалi, што iх будзе больш. Дарэчы, сёлета ўпершыню для здачы ЦТ у рэзервовы дзень не трэба было ехаць у Мiнск — гэта можна было зрабiць i ў абласных цэнтрах.

Сярод удзельнiкаў ЦТ у рэзервовыя днi абсалютных вынiкаў зафiксавана не было, хоць сустракалiся i дастаткова высокiя балы.

Найбольшая колькасць стабальных вынiкаў зарэгiстравана сёлета на ЦТ па беларускай мове — 78. На ЦТ па рускай мове iх было 27, па матэматыцы — 30, грамадазнаўстве — 44, бiялогii — 55, замежных мовах — 47, хiмii — 29, фiзiцы — 3, гiсторыi Беларусi — 19, Сусветнай гiсторыi найноўшага часу — 6.

А ў 134 выпадках абiтурыенты ўмудрылiся атрымаць нуль балаў нават па новай сiстэме падлiку балаў, якая па-ранейшаму выклiкае шмат пытанняў. Журналiсты пацiкавiлiся ў Юрыя Мiксюка сярэднiмi баламi на ЦТ па розных прадметах, але дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў адмовiўся агучваць лiчбы, якiя ўсiх цiкавяць, бо лiчыць, што «гэтая велiчыня не нясе нiякай карыснай iнфармацыi».

— Сярэднi бал, як i па ўсiх методыках у свеце, будзе ў межах 50, — растлумачыў ён. — Калi абiтурыентаў насамрэч цiкавiць гэта пытанне, яны могуць паглядзець апублiкаваныя сярэднiя балы за мiнулы год: адхiленне будзе плюс-мiнус адзiн-два балы. Выключэнне складае толькi iспанская мова, дзе сярэднi бал знiзiўся на пяць пунктаў. Абiтурыенту трэба ведаць толькi сваю суму балаў i прахадныя балы на спецыяльнасцi, куды ён збiраецца паступаць.

Паколькi ЦТ па рускай мове праходзiла сёлета не адзiн, а два днi, у абiтурыентаў склалася ўражанне, што тыя, хто здаваў тэст па рускай мове ў другi дзень, апынулiся ў больш выйгрышным становiшчы, таму што сутнасць прапанаваных iм заданняў была iдэнтычная тым, якiя абiтурыенты здавалi ў першы дзень. Пасля заканчэння ЦТ «першапраходцы» падзялiлiся з сябрамi iх зместам, i тым было прасцей сарыентавацца i падрыхтавацца да тэста. У Рэспублiканскiм iнстытуце кантролю ведаў з такой пастаноўкай пытання катэгарычна нязгодныя.

— Наша задачай было стварыць для абiтурыентаў роўныя ўмовы i, нягледзячы на нестандартную сiтуацыю, не змяняць правiлы гульнi. Калi паглядзець на тэсты па рускай мове за многiя гады, то можна пераканацца, што заданнi ў iх гучаць аднолькава, тое ж самае i з варыянтамi, што прапануюцца на рэпетыцыйным тэсцiраваннi. Але напаўненне ў iх рознае, — кажа Юрый Мiксюк. — Кожнае заданне правярае да дзесяцi правiл. Таму магчымасць варыятыўнасцi напаўнення кожнага з iх канкрэтыкай вельмi вялiкая. Дарэчы, усiм было цiкава параўнаць вынiкi ўдзельнiкаў ЦТ па рускай мове ў першы i ў другi дзень. Калi ў першы ў нас было 23 абсалютныя вынiкi па гэтым прадмеце, дык у другi 100 балаў набралi толькi чатыры абiтурыенты. Калi казаць пра сярэднiя паказчыкi, то ў абiтурыентаў, што здавалi тэст у першы дзень, яны аказалiся вышэйшыя.

Крытыку наконт магчымасцi ўгадвання правiльных адказаў арганiзатары ЦТ лiчаць не зусiм аб'ектыўнай, хоць i пагаджаюцца, што такая iмавернасць усё яшчэ захоўваецца.

— Мы праводзiм пэўную работу, каб зменшыць такую магчымасць, — каментуе Юрый Мiксюк. — Так, у частцы А, дзе прапануюцца заданнi закрытага тыпу з варыянтамi адказаў, павялiчылi колькасць дыстрактараў з чатырох да пяцi па шэрагу прадметаў. Але адмовiцца цалкам ад закрытых заданняў мы не можам: яны ўжываюцца ў многiх краiнах свету i даюць магчымасць за кароткi час праверыць веды абiтурыента па шырокiм коле пытанняў i тэм. Але набраць вялiкую колькасць балаў за такiя заданнi немагчыма.

Абiтурыентам нагадалi, што 31 лiпеня заканчваецца падача дакументаў у ВНУ на бюджэтную форму навучання, а таксама падача дакументаў у сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы на бюджэт на базе дзевяцi класаў. Графiк прыёму дакументаў пабудаваны такiм чынам, каб у абiтурыентаў, якiя не паступяць у ВНУ, была магчымасць паспець падаць свае дакументы ў сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы. Прыём дакументаў на базе 11 класаў у ССНУ вядзецца да 12 жнiўня на бюджэтную форму навучання i да 18 жнiўня — на платную форму.

Надзея НIКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.