26 верасня, субота

Вы тут

Што зменіцца ў працы натарыусаў з 2021 года


Сельвыканкамы пачнуць завяраць даверанасцi на атрыманне пенсii, але не змогуць натарыяльна iх засведчваць. Натарыяльная тайна будзе ахоўвацца законам, а натарыус — адказваць за недакладнасць у рабоце сваёй маёмасцю... Гэтыя i многiя iншыя змены чакаюць беларусаў з 3 студзеня 2021 года, калi пачне дзейнiчаць абноўлены закон «Аб натарыяце». Чым карысныя новаўвядзеннi i цi спросцяць яны зносiны са спецыялiстамi, карэспандэнту «Звязды» дапамагала разабрацца Наталля БАРЫСЕНКА, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты.


Матэрыяльная шкода — кампенсуецца, маральная — не

Старшыня запэўнiла, што ўсе змены ў закон дыктуюцца жыццёвай практыкай i нараджаюцца са зваротаў грамадзян. Натарыусы хочуць быць адказнымi i законапаслухмянымi, таму карэкцiроўкi робяцца строга дзеля ўмацавання абароны iнтарэсаў чалавека.

У новым законе з'явiцца, напрыклад, норма, якая дае падставу патрабаваць ад натарыуса кампенсацыю, калi ён сваiм натарыяльным дзеяннем парушыў заканадаўства, выдаў натарыяльную тайну, згубiў дакументы цi пракансультаваў неналежным чынам. Калi падобныя дзеяннi выклiкалi шкоду маёмасцi цi правоў клiента, натарыус адказвае за гэта ўсёй сваёй маёмасцю. У дзеючым жа законе адказнасць натарыуса прапiсана досыць схематычна.

— Якасць натарыяльнага дзеяння можа сур'ёзна паўплываць на маёмасныя правы i iнтарэсы чалавека. Калi натарыус падчас сведчання здзелкi парушыў закон, не вытрымаў iнтарэсы трэцiх асоб, што парушаюцца гэтым дзеяннем, або дапусцiў нейкую прафесiйную нядбайнасць, ён павiнен несцi адказнасць у памеры рэальнага ўрону. Страхаванне адказнасцi натарыуса дапамагае i натарыусу, i чалавеку, iнтарэсы якога ён парушыў, атрымаць выплаты ў памеры рэальнага ўрону, — падкрэслiла Наталля Барысенка. — Пры гэтым абазначаны межы кампенсавання шкоды. Матэрыяльны ўрон можна спагнаць толькi пры наяўнасцi судовага рашэння, дзе ўказаны прычыны шкоды i памеры кампенсацыi. Патрабаваць выплат за ўпушчаную выгаду цi маральны ўрон нельга.

Павялiчыцца таксама i тэрмiн iскавай даўнасцi па страхавым пакрыццi, якi цяпер складае тры гады, а стане дзесяць. Сваю асабiстую адказнасць страхуе, дарэчы, як сам натарыус, так i натарыяльная палата. БНП дадаткова застрахавала адказнасть кожнага натарыуса. Калі па дагавору страхавання адказнасці натарыуса выплаты будзе не дастаткова, каб пакрыць матэрыяльны ўрон, гэта будзе здейснена па дагавору дадатковага страхавання.

Напiсанаму верыць, пакуль не даказана адваротнае

Навеламi ў законе стануць i дакладныя фармулёўкi асобных паняццяў. Так, упершыню абазначаны тэрмiн «натарыяльная дзейнасць» — дзейнасць натарыусаў, ведамасных асоб сельвыканкамаў i замежных устаноў па здзяйсненнi натарыяльных дзеянняў i аказаннi паслуг прававога i тэхнiчнага характару. А таксама тэрмiн «натарыят» — прававы iнстытут, заклiканы выконваць ахову ўласнасцi, маёмасных i ўласных немаёмасных правоў чалавека i сям'i.

— Вельмi важна, што да азначэння тэрмiна натарыяльнай дзейнасцi дадалi фармулёўку «аказанне паслуг прававога i тэхнiчнага характару». Раней натарыусы толькi кансультавалi i хоць пры гэтым адказвалi за якасць гэтых дзеянняў, аднак яны не лiчылiся натарыяльнай дзейнасцю i не ўключалiся ў комплекс паслуг натарыуса. Тым не менш кансультаванне i складанне праектаў здзелак — працэс, якi сур'ёзна ўплывае на вынiк натарыяльнага дзеяння, частка яго падрыхтоўкi.

Упершыню ў гiсторыi натарыяту з'явiцца артыкул, у якiм дзяржавай забяспечваюцца гарантыi натарыяльнай дзейнасцi. Адна з такiх гарантый — немагчымасць канфiскацыi дакументаў без падстаў, акрэсленых заканадаўчым актам вышэйшага ўзроўню — дэкрэтам, указам цi кодэксам. Таксама — абавязак дзяржарганiзацый падаваць па запыце натарыуса ўсе дакументы i звесткi, неабходныя для натарыяльнага дзеяння. Пры гэтым такiя гарантыi даюцца не натарыусам, а людзям, якiя карыстаюцца паслугамi спецыялiстаў, падкрэслiла старшыня:

— Натарыят стане гэткiм прафесiйным пунктам доступу, дзе можна будзе атрымаць увесь комплекс паслуг ад збору дакументаў да праверкi фактаў i фармiравання праекта дагавора. Гэта дазволiць натарыусу валодаць абсалютна ўсёй iнфармацыяй, што забяспечыць чысцiню натарыяльнага дзеяння, каб пасля нiхто не мог умяшацца i паспрабаваць яго аспрэчыць. На выхадзе мы атрымаем якасны дакумент, якi ўпершыню ў краiне названы натарыяльным актам.

Заканадаўча вызначана і азначэнне гэтага акта як законнага і дакладнага дакумента, які ўтрымлівае інфармацыю пра правы, абавязкі, юрыдычныя факты, і яны з’яўляюцца праўдзівымі, пакуль судом не будзе даказана зваротнае. Такую законную сілу будзе мець, напрыклад, акт куплі-продажу аўто, пакуль суд не прызнае гэты дагавор несапраўдным па падставам, прадугледжаным заканадаўствам.

Тайна ахоўная i публiчная

Натарыяльная тайна з 2021 года, з аднаго боку, будзе ўключана ў паняцце тайны, якая ахоўваецца законам нароўнi з медыцынскай, банкаўскай i iншымi, а з iншага — з яе будуць выключаны звесткi аб даверанасцях. Старшыня БНП запэўнiла, што супярэчнасцяў тут няма:

— Яшчэ ў 2015 годзе з паняцця натарыяльнай тайны ўжо была выведзена частка звестак аб спадчынных справах i фактах адмены даверанасцяў. Аднак да нас часта сталi звяртацца спецыялiсты, якiя намагалiся праверыць сапраўднасць даверанасцi ўвогуле. I мы прыдумалi, як i не даць лiшнюю iнфармацыю трэцiм асобам, i дапамагчы правяраць звесткi. Разбяром на прыкладзе. Я хачу купiць кватэру, якая належыць вам, але па даверанасцi мне яе прадае iншы чалавек ад вашага iмя. Вядома, я як пакупнiк зацiкаўлена, каб здзелка адпавядала патрабаванням заканадаўства, а я не пазбавiлася сваiх грошай, таму хачу праверыць сапраўднасць даверанасцi. I вось з наступнага года на нашым сайце мы дамо людзям магчымасць уводзiць у спецыяльнай графе звесткi пра даверанасць: iмя i прозвiшча ўладальнiка кватэры, натарыуса, якi засведчыў дакумент, дату яго выдачы, нумар даверанасцi па рэестры. Iнфармацыя адкрыецца толькi пры правiльным уводзе ўсiх чатырох пазiцый. Такiм чынам натарыяльная тайна будзе захавана i пацвярджэнне iснавання дакумента прыадкрыецца толькi таму, хто сапраўды з iм мае справу.

Падобная магчымасць цяпер працуе i для спадчыннiкаў, каб яны маглi праверыць, цi заведзена спадчынная справа. Для гэтага на сайце ўказваецца iмя i дата смерцi спадчынадаўца.

Засведчанне выхаду з ТАА i лiчбавых копiй

Новым законам прадугледжана, што ўсе натарыяльныя дзеяннi павiнны ўспрымацца на ўзроўнi выключна заканадаўчых актаў. У вынiку дзеяннi натарыуса, якiя цяпер не названыя ў законе, прапiсалi ў яго новай рэдакцыi, што абазначыла iх як новыя. Напрыклад, будзе лiчыцца натарыяльным дзеяннем пакрыццё расходаў, якiя звязаны са смерцю чалавека, хоць гэта ў пэўных выпадках i цяпер робiцца. Такiя сродкi выдаюцца, напрыклад, чалавеку, якi даглядаў памерлага i значна патрацiўся на гэта, пры гэтым сума не ўваходзiць у спадчынную маёмасць, сплачваецца да атрымання пасведчання аб праве на спадчыну, i не заўжды спадчыннiку, акрэслiла старшыня БНП:

— Праўда, з'явяцца i два сапраўды новыя дзеяннi. Натарыус будзе завяраць электронную копiю дакумента, якi першапачаткова быў створаны на паперы, i наадварот. А таксама засведчанне заявы аб выхадзе з таварыства з абмежаванай адказнасцю (ТАА) або з дадатковай. Цяпер патрабуецца сведчыць толькi сапраўднасць подпiсу на дакуменце, а ўжо ў 2021-м будзем засведчваць дакумент, то-бок выяўляць волю чалавека, вывучаць, як яна адлюстравана ў заяве, правяраць дзеяздольнасць чалавека. Магчыма, будзем таксама накiроўваць гэты дакумент у Адзiны дзяржаўны рэестр юрыдычных асоб, каб гэта мела адпаведныя юрыдычныя наступствы. Здаралася, чалавек лiчыў, што ён ужо некалькi гадоў як выйшаў з суполкi, а аказвалася, што яго iмя заставалася ў рэестры як дзейснае, i ў выпадку банкрутства арганiзацыi яму даводзiлася сутыкацца з субсiдзiярнай адказнасцю па даўгах.

Даверанасць на зарплату i пенсiю

Натарыят шмат працуе ў межах сямейна-шлюбных адносiн. Пэўныя змены закранулi i гэты аспект, у прыватнасцi адносна кампетэнцый сельвыканкамаў, якiя цяпер могуць натарыяльна засведчваць даверанасцi, пагадненнi i завяшчаннi. Гэтае права мясцовыя органы ўлады нароўнi з судамi набылi ў пачатку XX стагоддзя, калi лiквiдавалi натарыяльныя канторы, расказала Наталля Барысенка:

— Калi натарыяльныя канторы пазней сталi аднаўляцца, натарыяльныя кампетэнцыi ў ведамасных асоб сельвыканкамаў, дзе кантор няма, засталiся. I гэтыя функцыi iм часткова i пакiнуць. Аднак завяшчанне, напрыклад, як i даверанасць на распараджэнне маёмасцю, можна будзе засведчыць толькi ў натарыуса. Мы хочам аказваць сельскаму насельнiцтву паслугi такой жа высокай якасцi, як i гараджанам, i натарыусы ўжо шмат гадоў выязджаюць у аграгарадкi нават пры наяўнасцi дзвюх-трох заявак ад людзей. I мы працягнем ездзiць. У Мiнюсце ўжо гатовы праект пастановы, дзе ўказваецца, як гэта павiнна рабiцца. Раз на квартал будзе складацца графiк выезду пэўнага натарыуса ў канкрэтныя вёскi, а людзей будуць iнфармаваць пра прыезд усiмi магчымымi спосабамi. Пры гэтым абавязкова павiнна быць хоць бы адна заяўка ад насельнiцтва.

Натарыяльны тарыф на засведчанне завяшчання складае адну базавую велiчыню (для iнвалiдаў i пенсiянераў гэтая паслуга, як i шмат iншых натарыяльных дзеянняў, каштуе палову базавай). Шмат iльгот iснуе i ў межах афармлення спадчынных правоў па ступенi сваяцтва. Ветэраны Вялiкай Айчыннай вайны ўвогуле вызвалены ад аплаты абсалютна ўсiх натарыяльных паслуг.

— Даверанасць на пенсiю завяраецца бясплатна, а складанне праекта гэтага дакумента — 20 % ад базавай велiчынi. Дарэчы, штогод прыкладна 20 % усiх натарыяльных дзеянняў натарыусы ажыццяўляюць бясплатна. З больш чым 1,4 мiльёна дзеянняў адзiн працэнт ільгатуецца натарыусамi па заяве людзей, якiя не маюць права на знiжку, але не могуць заплацiць, — падзялiлася старшыня БНП. — Лiтаральна днямi мы вызвалiлi ад аплаты жанчыну з дачкой-iнвалiдам, якiя атрымалi ў спадчыну ад памерлага мужа i бацькi грошы на ўкладзе.

Права завяраць даверанасцi на атрыманне грашовых выплат, пенсiй i дапамог застаецца ў кампетэнцыi сельвыканкамаў i ў 2021-м, аднак яны ўжо не будуць натарыяльна засведчваць гэтыя дакументы. Такую ж магчымасць маюць, дарэчы, i арганiзацыi, дзе давярыцель працуе, вучыцца, жыве цi лечыцца.

Iрына СIДАРОК

Загаловак у газеце: Дапамагчы. Нельга памылiцца

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.