Вы тут

Пасябраваць з «ворагам». Разважанні шматдзетнай маці Наталлі Талівінскай


Хлопчыка частуюць цукеркай. Ён дзякуе i хоча з'есцi ласунак, але раптам бачыць, як глядзiць на яго сястрычка. Брат пяшчотна гладзiць малую па галаве i ўпэўнена дзелiць цукерку напалам. Пасля яны бяруцца за рукi i весела iдуць гуляць разам.


Калi я зацяжарала другiм дзiцем, то менавiта так i ўяўляла сабе адносiны памiж братам i сястрой. У мяне таксама ёсць брат, i не адзiн. Але менавiта той, задуманы як мой сябар i маладзейшы за мяне на два з паловай гады, стаў ледзь не «кроўным ворагам». Памятаю, гуляю ў «садок» з малымi, двума самымi малодшымi брацiкамi. Я — добрая выхавацелька. Усiх паклала спаць i сяджу за сталом, нешта пiшу ў сшытку. I тут урываецца мой «братавораг» i крычыць на ўсё горла: «Пад'ём, фашысты напалi!» Малыя падскочылi i з крыкамi пабеглi за iм. О, як я яго ў той момант ненавiдзела! Якiя будавала планы помсты!.. Калi ж сама ўжо стала мамай, то думала, што мая мацi, вiдавочна, нешта рабiла не так. Трэба было навучыць нас гуляць разам i дружна. Гэтым я збiралася заняцца пасля нараджэння другога дзiцяцi, потым старалася яшчэ больш пасля з'яўлення трэцяга i, нарэшце, чацвёртага... Прызнаюся, што мой план правалiўся. Я не змагла ўвасобiць тую карцiнку адносiн, якую намалявала ў сваёй галаве. Мае дзецi не могуць знаходзiцца разам на адной прасторы даўжэй за дзве гадзiны, калi больш — баталii непазбежныя. Прычынай можа стаць што заўгодна: цацка, сшытак, аловак, печыва, схопленае адначасова, паглядзеў не так, сказаў не тое... Выконваю ўсе парады псiхолага. У кожнага ёсць свая прастора ў доме, кожнаму iндывiдуальна ўдзяляю час, вучу дамаўляцца, расказваю пра мiласэрнасць i любоў у сям'i, больш за тое, — кожны з маiх дзяцей наведвае розныя ўстановы адукацыi, гэта значыць, нават удзень яны не бачаць адно аднаго. Мне здавалася, што так яны будуць сумаваць па родных, але не. Псiхолаг абяцае вынiк, але пазней... Я згаджаюся i чакаю.

Гэтым летам нам выпала паехаць на ўсе летнiя канiкулы ў вёску. Мае дзецi гарадскiя i наогул пераважна занятыя цэлы дзень: гiмназii, гурткi, музычная школа, а тут увесь час разам! Спадзявалася на тое, што iм проста давядзецца дамаўляцца, хоць з мiласэрнасцi i любовi да мяне, але...

— Ах так! — крычыць раз'юшана Уля свайму брату. — Табе капец!

Мiша здзеклiва смяецца ўголас.

— Што ты мне можаш зрабiць, маляўка? — сын вылазiць з пабудаванага дзецьмі дамку, з якога быццам выпадкова выштурхнуў Ульку.

Я з папрокам гляджу на сына. Улька выбягае на вуліцу. Праз пяць хвiлiн вяртаецца i рашуча падыходзiць да Мiшкавага ложка.

— Глядзi, што ў мяне! — крычыць з выклiкам брату.

Мiшка бялее. Ён страшэнна баiцца павукоў. А тут тоўсты i чорны павук спрабуе вырвацца з рук дзяўчынкi. Уля злавесна смяецца i... адпускае яго на ложак брата. Мiша зрываецца з месца, каб правучыць сястру, але перадумвае: мама адбярэ за гэта тэлефон. Бяжыць да мяне i патрабуе пакарання сястры — незадаволены вынiкам, пануры вяртаецца ў пакой. I раптам, на шчасце Мiшкi, туды з iм залятае аса. Хлопчык не адчувае страху перад небяспекай быць укушаным, а вось Уля да iстэрыкi баiцца ўсiх паласатых насякомых. Секунда — i Мiша зачыняе акно, каб аса не паспела вылецець. Уля, разумеючы ўвесь жах сiтуацыi, кiдаецца да дзвярэй, але Мiша паспявае зачынiць дзверы i трымае iх, каб сястра не выбралася. Малая ў адчаi пачынае раўцi...

Першыя тыднi падобныя сiтуацыi здаралiся кожны дзень. I, калi шчыра, я ўжо думала, што iдэя адпачыць летам разам, пэўна, была памылкай... Але апошнi тыдзень усё часцей чую смех малых, бачу, як яны весела гуляюць разам у басейне, катаючы малодшую сястрычку на надзiманым крузе, як разам здымаюць «страшнае вiдэа» на гарышчы, як падчас прагляду любiмага фiльма хвалююцца за Тома Соера, калi той збягае ад злога iндзейца. I цеплiцца ўва мне надзея, што, можа, калi-небудзь яны будуць сядзець за кубачкам гарбаты ды ўспамiнаць сваё дзяцiнства з цеплынёй, як, зрэшты, i я са сваiм «братаворагам».

Наталля ТАЛIВIНСКАЯ

Фота носіць ілюстрацыйны характар, nataliaremish.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.