Вы тут

Як у Барысаве дапамагаюць часова аб'яднацца дзецям i зняволеным бацькам


Унiкальны сацыяльны праект «Тата побач. Мама, давай пагаворым» рэалiзуецца ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бiблiятэцы. Бацькi, якiя адбываюць пакаранне ў папраўчых установах, займелi магчымасць пагутарыць са сваiмi дзецьмi па вiдэасувязi. Для гэтага ўладкаваны асобны пакой, у якiм наведвальнiкi адчуваюць сябе камфортна i ўтульна. Дамашнюю атмасферу ствараюць мяккая мэбля, кнiгi на палiцах, шматлiкiя цацкi для маленькiх. На сцяне — вялiкi манiтор, дзе яны могуць убачыць сваiх матуль i татаў, па якiх паспелi засумаваць.


На здым­ку ка­ман­да пра­ек­та — спра­ва на­ле­ва: за­гад­чы­ца бiб­лi­я­тэ­кi Але­на Ка­пы­ток,  га­лоў­ны бiб­лi­я­тэ­кар ад­дзе­ла бiб­лi­я­тэч­на­га мар­ке­тын­гу Свят­ла­на Шчэр­ба,  за­гад­чы­ца дзi­ця­ча­га ад­дзе­ла Ма­рыя Ока­ла-Ку­лак,  за­гад­чы­ца ад­дзе­ла бiб­лi­я­тэч­на­га мар­ке­тын­гу Люд­мi­ла Ка­на­шэў­ская.

— У снежнi кiраўнiцтва папраўчай калонii № 14 у Навасадах, што паблiзу Барысава, запрасiла дырэктара бiблiятэкi Алену Капыток i кiраўнiкоў iншых устаноў культуры на спектакль i экскурсiю. Менавiта тады i адбылося знаёмства Алены Сяргееўны з намеснiкам начальнiка калонii па папраўчым працэсе Дзмiтрыем Несцяровiчам, — расказвае загадчыца аддзела бiблiятэчнага маркетынгу Людмiла Канашэўская. — У студзенi–лютым яна ў складзе групы прафесiйнага абмену пабывала на стажыроўцы ў ЗША, дзе пазнаёмілася з работай бібліятэк шасці штатаў, а менавiта ў Бруклінскай публiчнай бiблiятэцы яе зацікавіў вопыт праекта TeleStory для сем'яў асуджаных, i яна вырашыла перанесцi вопыт амерыканцаў на барысаўскую глебу. Галоўны пасыл праекта, які, дарэчы, у Беларусі ўнікальны і адзіны такога накіравання — гэта арганізацыя цыклу анлайн-сустрэч у бібліятэцы асуджаных бацькоў (таты або матулі) са сваімі дзецьмі і сумесныя чытанні кніг, размовы аб прачытаным, пра жыццё. Абавязкова маленькі ўдзельнік сустрэчы атрымоўвае ў падарунак кнігу, якую чыталі падчас сустрэчы. Iдэяй рэалізацыі дырэктар бібліятэкі падзялiлася з Дзмiтрыем Несцяровічам, якi яе актыўна падтрымаў.

Калi ствараўся праект, першапачаткова яго назвалi «Тата побач, давай пагаворым». Але за кратамi сядзяць не толькі таты, але i мамы. Прычым асуджаныя з горада i раёна адбываюць пакаранне i ў iншых месцах зняволення на тэрыторыi Беларусi. I калi iх пачалi шукаць, то выйшлi на Гомельскую жаночую калонiю. Таму давялося памяняць назву праекта на «Тата побач. Мама, давай пагаворым». На першую сустрэчу прыйшла бабуля з дзвюма ўнучкамi. Жанчына не сказала дзяўчаткам, што яны хутка пабачаць сваю маму. Спатканне аказалася нечаканым, вельмi пранiкнёным i эмацыянальным. «Малышы мае родныя, добры дзень!» — павiтала дачушак матуля.

— I мы асэнсавалi значнасць гэтага праекта, бо ён сапраўды стымулюе людзей станавiцца на шлях выпраўлення, каб хутчэй злучыцца са сваiмi сем'ямi, дзеткамi. Каштоўнасць яго яшчэ i ў тым, што мы змаглi сумясцiць самую iзаляваную супольнасць i самую даступную i адкрытую ўстанову — бiблiятэку. Тым самым далi магчымасць аб'яднацца сем'ям на працягу гадзiны, — адзначае Людмiла Мiкалаеўна.

У бiблiятэцы ўлiчылi i той момант, што гэта сямейная сустрэча. Калiсьцi цяперашнiя зняволеныя чыталi перад сном сваiм дзецям любiмыя казкi, вершы. Такую магчымасць яны атрымалi i цяпер — па вiдэасувязi. Напрыклад, адзiн з мужчын прачытаў сваiм дзецям урывак з твора Мiхася Лынькова «Васiлькi». Варта дадаць, што бацькi карпатлiва рыхтуюцца да такой падзеi, дэкламуюць творы старанна, выразна, з душой.

— Вельмi шчымлiвай стала другая сустрэча, калi мацi прывяла на яе пяцярых малых. Мы зразумелi, што патрэбны не толькi цацкi, але i салодкiя пачастункi, што трэба пашырацца, прыўносiць у праект нешта новае. Мы выйгралi гран-пры рэспублiканскага конкурсу Social Weekend i атрымаем 10 тысяч рублёў, на якiя купiм пазлы, мазаiкi, канструктары, наборы для творчасцi, ратоны, настольныя i магнiтныя гульнi, розныя салодкiя наборы, камплекты лiтаратуры — па адным для бiблiятэкi, гасцей i калонii, — кажа Людмiла Канашэўская.

Сустрэчы арганiзатары стараюцца прымеркаваць не толькі да нейкiх асаблiвых дат, але і запрасіць на сустрэчы знакамітых людзей. Напрыклад, напярэдаднi 9 Мая на ёй прысутнiчала намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii па правах чалавека, нацыянальных адносiнах i сродках масавай iнфармацыi Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Лiлiя Ананiч.

Адна з жанчын прыехала з сынам з Мiнска. Тата пачытаў малому яго любiмую казку «Тры парасяці». Пасля сустрэчы хлопчыка запрасілі пазнаёміцца з лялечнымі героямі казкі, а таксама — з незвычайнымі кнігамі і настольнымі гульнямі структурнага падраздзялення Залы літаратуры на замежных мовах — партнёрскага цэнтра BorisovInvoUSA.

Як высветлiлася падчас адной з сустрэч, 13-гадовая дзяўчынка вельмi захапляецца Японiяй, анiмэ. Для яе супрацоўнiкi бiблiятэкi падрыхтавалi карту гэтай краiны з адметнымi месцамi. Бацька прачытаў дачцэ верш японскай дзяўчынкi, так што сустрэча атрымалася тэматычная. Мужчына запэўнiў, што пасля вызвалення ён абавязкова наведае бiблiятэку i будзе дапамагаць яе супрацоўнiкам, магчыма, у якасці валанцёра.

Работнiкам установы вельмi ўдзячны i зняволеныя, i члены iх сем'яў, i дзецi, пра што сведчаць запiсы, пакiнутыя ў спецыяльнай кнiзе, малюнкi дзяцей. А бабуля, якая прывяла на вiдэасувязь з мацi дзвюх дзяўчынак, нядаўна зноў зазiрнула ў бiблiятэку, каб падзялiцца радасцю — ёй дазволiлi спатканне з дачкой. Яны згадвалi з ёй пра тую вiдэаканферэнцыю, жанчына была вельмi ўдзячная, што пабачыла сваiх дачушак.

Праект разлiчаны на год, ужо адбылося пяць сустрэч. Яны праходзяць два разы ў месяц, звычайна па пятнiцах. А гэта значыць, што яшчэ шмат сем'яў могуць уз'яднацца i атрымаць масу пазiтыўных эмоцый. Няхай часова, няхай па вiдэасувязi.

У планах на будучыню — праект будзе развівацца, праводзяцца перамовы на ўдзел у ім усіх папраўчых устаноў краіны. Значыць, што яшчэ больш маленькіх сардэчак будуць прыемна ўсхваляваны сустрэчай не толькі з мамай і татам, але і з добрымі кнігамі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: I смех, i слёзы, i... вiдэасувязь

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.