Вы тут

Калі дзеці павінны станавіцца самастойнымі?


Бацькi з моманту нараджэння дзяцей клапоцяцца i выхоўваюць iх, бо так задумана прыродай. Але тут вельмi важна вытрымаць баланс: з аднаго боку, правiльна сарыентаваць сына цi дачку ў жыццi, а з другога — не разбурыць iх iнстынкт самазахавання.


Фота носіць ілюстрацыйны характар

«Я лепш ведаю!..»

Адасабленне дзяцей ад бацькоў адбываецца паступова, калi з узростам маленькi чалавек пачынае асвойвацца ў навакольным свеце. Спачатку сын цi дачка спрабуюць самi дацягнуцца да цацкi, якая зацiкавiла, потым выбiраюць, у чым пойдуць гуляць, а там (не паспееш i вокам мiргнуць) — ужо расказваюць пра найлепшага сябра, мару стаць артыстам i iдуць на першы рок-канцэрт. I ў кожным з перыядаў жыцця дзецi робяць адкрыццi, спазнаюць сябе i «правiлы гульнi» ў дарослым свеце, а бацькi з'яўляюцца спадарожнiкамi i дарадцамi. Аднак здараецца, што падтрымка дарослага, якi знаходзiцца побач, не дапамагае, а наадварот — шкодзiць дзецям станавiцца самастойнымi. У псiхалогii ёсць такое паняцце, як сепарацыя. Яно азначае адасобленасць памiж бацькамi i дзiцем. Калi ў трохгадовым узросце малое пачынае ўсведамляць сябе як асобу, то ў 12-13 гадоў запускаецца працэс самаiдэнтыфiкацыi i праяўляецца свая пазiцыя, а блiжэй да заканчэння школы маладыя людзi павiнны быць гатовыя ўступiць у дарослае жыццё. У iдэале накiроўваць чалавека на гэтым шляху павiнны бацькi, але часам пераход з формы зносiн «дзiця—бацькi» ў прастору «дарослы—дарослы» даецца абодвум бакам складана.

Адзначаючы i 18-ы, i 25-ы дзень iх нараджэння, мы не заўсёды бачым ва ўчарашнiх хлопчыках i дзяўчынках людзей, здольных адказна i стала праявiць сябе ў тых цi iншых абставiнах. Нехта з iх працягвае жыць з бацькамi, iншыя скардзяцца на нелюбiмага мужа альбо на шэфа, якi «дастаў». Як правiла, такiя людзi гатовы абвiнавачваць у сваiх праблемах i няўдачах каго заўгодна, толькi не самiх сябе. Прычына такога стылю паводзiн i ўспрымання абставiн у многiм абумоўлена якраз выхаваннем.

Глядзiце самi. Калi ў дзiцячым узросце сын цi дачка пачынаюць iмкнуцца i вучацца рабiць нешта самастойна, iх iнiцыятыва перапыняецца фразамi: «Асцярожна!», «Не лезь туды!», «Давай я табе дапамагу, я лепш ведаю як». Здавалася б, нармальная рэакцыя i жаданне дарослага i клапатлiвага чалавека ў дачыненнi да малечы. Але менавiта ў такiя моманты мы, бацькi, маем усе шансы нашкодзiць.

Бацькоўскi максiмум

— Калi казаць пра аддзяленне ад бацькоў, то гэты працэс пачынаецца ўжо з моманту нараджэння дзiцяцi, але спачатку толькi на фiзiчным узроўнi. У першы год яго жыцця абсалютна нармальна, калi мацi шмат часу i ўвагi прысвячае малому, для якога важна адчуваць сябе любiмым. Калi дзiця пачынае з узростам праяўляць больш актыўнасцi (поўзае, ходзiць), то тут не варта спыняць яго, бо такiм чынам вы не падтрымлiваеце iмкненне сваiх дзяцей да самастойнасцi. Многiя працягваюць рабiць усё замест сына цi дачкi: i кормяць з лыжачкi, i апранаюць i гэтак далей. Аднак важна, каб дзiця рабiла тое, што можа зрабiць само, без дапамогi бацькоў, — кажа Вера Прохарчык, псiхолаг Мiнскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'i i дзяцей. — Той жа трохгадовы ўзрост — гэта перыяд, калi дзецi пачынаюць разумець: я магу i хачу рабiць нешта без мамы, у мяне ёсць iнтарэсы, якiя могуць не супадаць з iнтарэсамi дарослых.

А потым чуюць: «ты яшчэ маленькi», «дай, я хутчэй усё зраблю». Такiм чынам мацi зноў аддаляе маленькага чалавека ад самастойнасцi.

А мiж тым вельмi важна дазваляць дзiцяцi рабiць нешта самому, бо ў яго няма iншага спосабу спазнаць свет i набыць свой уласны вопыт, якi спатрэбiцца яму ў жыццi...

Раздзяленне — гэта працэс, за якi адказныя двое, дзiця i дарослы. Напрыклад, у тым жа падлеткавым узросце (яшчэ адзiн крытычны перыяд) канфлiкты памiж пакаленнямi абвастраюцца, бо дзецi пачынаюць ярчэй заяўляць пра свае жаданнi, iнтарэсы, iм цiкавей быць сярод аднагодкаў, а бацькам яны часам могуць агучыць i сваё незадавальненне. Мамы i таты аказваюцца не падрыхтаваныя да такiх перамен, у сваю чаргу, уступаюць у спрэчку з пазiцыi «што ты бачыў у жыццi?» i такiм чынам падаўляюць тую самастойнасць. Лепш, каб вашы дзецi чулi: «Я гатовы ў любы час выслухаць цябе! Я проста яшчэ не прывык да таго, што ты так хутка вырас».

Вельмi важную ролю адыгрывае прызнанне з боку бацькоў падлеткавай самастойнасцi, павага да iх поглядаў i поспехаў — гэта ўзмацняе веру маладога чалавека ў сваю значнасць i падтрымлiвае яго самаацэнку. Вось той максiмум, якi бацькi могуць даць сваiм дзецям.

Як мама скажа...

Разгледзiм сiтуацыю з фiнансавай дапамогай. Зразумела, што ў любым узросце ў дзяцей ёсць пэўныя iнтарэсы i жаданне iх задавальняць: набываць кнiгi, цацкi, хадзiць з сябрамi ў кiно цi кавярню. Пакуль дзiця не зарабляе, яго жаданнi аплачваюцца з бацькоўскага кашалька, i гэта нармальна. Аднак варта таксама тлумачыць яму, як зарабляюцца грошы, якiя ў яго ёсць магчымасцi падзарабiць. Тады вы будзеце стымуляваць дзяцей, каб у будучым яны выбралi такую прафесiю, якая задаволiць iх патрэбы i жаданнi.

Калi мы маем сiтуацыю, дзе дзiця пазбаўлена магчымасцi нармальна сталець, то атрымлiваем iнфантыльнага чалавека, якi i ў дарослым жыццi працягвае арыентавацца на бацькоўскую падтрымку ва ўсiм. У калектыве такi супрацоўнiк рэдка выказвае сваю думку, адстойвае ўласную пазiцыю, а для стварэння сям'i шукае таго, хто будзе працягваць ва ўсiм апякаць, як рабiлi гэта ўвесь час мацi i бацька. Наўрад цi побач з такiм чалавекам людзям будзе камфортна i цiкава, а тая ж яго сям'я атрымаецца шчаслiвая. А бацькi потым здзiўляюцца, маўляў, «дзецi нiчога не ўмеюць, не ведаюць, чаго хочуць»... Каб чалавек меў сваё меркаванне i ведаў, да чаго iмкнецца, яму патрэбна магчымасць самому дайсцi да адказаў на тое цi iншае пытанне пра сябе i навакольны свет. Толькi так фармiруецца характар i сталее асоба, адшукваюцца маршруты да ўласнага шчасця, да самога сябе.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.