Вы тут

Памяняць свае погляды i перакананнi дзеля захавання сям'i нiколi не позна


Якiя праблемы iснуюць у сям'i, як можа дапамагчы ў iх вырашэннi медыяцыя, цi трэба ўвогуле да яе звяртацца? Над гэтымi i iншымi пытаннямi на вэбiнары, прысвечаным захаванню мiру ў сям'i, разважалi спецыялiсты.


«Усё на жонцы, а муж — на рыбалцы»

Добра вядома, што сям'я — аснова станаўлення чалавека. Што ты вынесеш ад бацькоў, тое прынясеш i ў сваю сям'ю. Аднак часта моладзь успрымае шлюб як канчатковую мэту, пасля якой можна расслабiцца i адпачыць. Мiж тым патрэбна пастаянная работа над сабой, над узаемаадносiнамi з навакольнымi: «другой паловай», калегамi, настаўнiкамi сваiх дзяцей, спецыялiстамi розных устаноў.

Жыццёвы цыкл сям'i — гэта яе гiсторыя ад моманту сустрэчы сужэнцаў да старасцi. Час ад часу ў ёй адбываюцца змены, менавiта яны называюцца крызiснымi перыядамi сямейнага жыцця. Важна разумець, што на гэтых этапах шлюб павiнен рэарганiзавацца для вырашэння новых задач i выбару новых правiл. Калi гэтага не адбываецца, сямейная сiстэма дэстабiлiзуецца, папярэджвае Вольга МАЦЮХОВА, начальнiк Рэспублiканскага цэнтра псiхалагiчнай дапамогi:

— Кожны перыяд характарызуецца тыповымi праблемамi, якiя трэба ўмець пераадолець. Калi ж сужэнцы не могуць адразу падстроiцца пад змены чарговага этапу развiцця сям'i, узнiкаюць праблемы. Яны могуць узмацнiцца, калi муж i жонка працягваюць захоўваць на гэтым цыкле свае прыярытэты, не мяняючы iх.

Адзiн з такiх важных этапаў — з'яўленне дзiцяцi i падзел роляў, звязаных з мацярынствам i бацькоўствам. Для гэтага перыяду характэрнае з'яўленне задач па доглядзе малога i звужэнне зоны стасункаў жонкi. Тут важна ўмець дамаўляцца i камунiкаваць. Могуць з'явiцца праблемы з адзiнствам патрабаванняў да дзiцяцi i рознагалоссi па пытаннях выхавання, расказвае Вольга Мацюхова.

— Як паказвае практыка, жанчына ў перыяд догляду немаўляцi намагаецца амаль усё ўзяць на сябе. Так спрадвеку склалася, што жонка адваёўвае гэтую ролю ў мужа. Яна кажа: «не так трымаеш», «лепш паглядзi, як мама мая робiць», «мне не да цябе цяпер, я малым занятая». I калi жанчына праз нейкi час гатовая далучыць мужа да выхавання, ён ужо з сябрамi на рыбалцы цi ў гаражы. Пачынаецца канфлiкт, якi негатыўна адбiваецца на дзiцяцi. Немаўляцi, вядома, патрабуецца догляд, але ж абодвух бацькоў, а не толькi матулiн.

Як паказвае практыка, часта сужэнцы прыходзяць на кансультацыю па дзiцячых пытаннях i ў размове са спецыялiстам выходзяць на канфлiкты памiж сабой, якiя ўзнiклi праз тое, што муж i жонка чакалi адно ад аднаго ўступак i разумення, але не бачылi пры гэтым сваёй ролi i адказнасцi. «Яна сама павiнна разумець, што я ад яе хачу», «ён першы пачаў, цяпер хай сам выпраўляе» — такiя разважаннi спецыялiсты чуюць вельмi часта.

Агрэсiя, патуранне, злоўжыванне...

З верасня 2019-га ў Цэнтр паступiла 407 зваротаў па пытаннях вырашэння канфлiктаў. Пры гэтым спецыфiка зваротаў звязана перш за ўсё з дзiцяча-бацькоўскiмi адносiнамi (81 %), 16 % — праблемы са школьным асяроддзем, 3 % — канфлiкты памiж сужэнцамi.

Псiхаэмацыянальнае напружанне ў дзяцей можа ўзнiкаць праз асаблiвасцi камунiкацыi памiж членамi сям'i. Дзецi капiруюць рэакцыi i паводзiны бацькоў, у прыватнасцi агрэсiю.

А вось патуранне капрызам малога вядзе да таго, што дзiця перастае ўспрымаць дарослага як прыклад, а выкарыстоўвае яго для задавальнення сваiх патрэб, манiпулюючы iм. Неспрыяльна адбiваюцца на малых i пастаянныя канфлiкты, звязаныя з эканамiчнымi i бытавымi праблемамi, а таксама развод, якому папярэднiчаюць спрэчкi. Яшчэ адна праблема, калi хтосьцi з членаў сям'i псiхатропнымi рэчывамi злоўжывае. Гэта цягне канфлiкты сям'i з соцыумам.

— Сям'я — сiстэма ўзаемаадносiн, у праблемах сям'i закладзена кругавая прычыннасць — перадача мадэлi паводзiн ад аднаго пакалення да наступнага. Калi самi бацькi не ўмеюць камунiкаваць, то i ў дзяцей з гэтым узнiкнуць праблемы, — расказала начальнiк Цэнтра.

Досыць шмат запытаў паступае i з адмiнiстрацый устаноў адукацыi аб дапамозе ў вырашэннi канфлiктных сiтуацый. Гэта падкрэслiвае, што медыяцыя — кiрунак, якi сёння вельмi запатрабаваны.

— У iм зацiкаўлены не толькi кiраўнiкi школ, але i бацькi, якiя звяртаюцца ў Цэнтр. Пасля яны разумеюць, што самi не ўмеюць узаемадзейнiчаць канструктыўна, але ёсць iншыя шляхi вырашэння iх праблем. Калi прыходзiць усведамленне гэтага, мы можам рушыць далей i пераадольваць цяжкасцi, — удакладняе Вольга Мацюхова.

Супрацоўнiцтва лепшае за прымус

За мяжой медыяцыя паспяхова ўжываецца яшчэ з мiнулага стагоддзя. 70–85 % спраў, якiя перадалi на медыяцыю, заканчваюцца паспяхова, i бакi ўвогуле не звяртаюцца ў суд. А вось у заканадаўстве Беларусi да нядаўняга часу не было дзейсных працэдур, якiя б дазвалялi паспрыяць захаванню сям'i, дзе сужэнцы хочуць развесцiся. Механiзм прымiрэння мужа i жонкi ў выглядзе адтэрмiноўкi на тры i шэсць месяцаў пры разглядзе iскавай заявы аб скасаваннi шлюбу з'яўляецца толькi пасiўнай спробай вырашыць праблему. Станоўчы эфект па захаваннi сям'i назiраецца менш чым у 0,4 % выпадкаў, заўважыла Наталля ГУЙВIК, дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi 5-га i 6-га склiканняў, суддзя з 13-гадовым стажам, медыятар. Яна была адной з тых, хто актыўна ўдзельнiчаў у падрыхтоўцы змен у закон аб шлюбе i сям'i, якi пашырыў магчымасцi медыяцыi ў сферы сямейна-шлюбных адносiн i з 1 лiпеня ўступiў у сiлу.

— Сёння можна з гонарам казаць, што ўключэнне iнстытута сямейнай медыяцыi ў заканадаўства краiны было недарэмным. Пра станоўчыя вынiкi кажуць самi медыятары, i гэта толькi пачатак. Хутка i большасць насельнiцтва зразумее ўсе плюсы медыяцыi. З 2008 года ў гаспадарчых судах краiны ўжо працуюць прымiрыцелi, з дапамогай якiх вырашаецца большасць гаспадарчых спрэчак. Прыклад iх работы фактычна стаў асновай для фармiравання медыяцыi ў Беларусi, — адзначае Наталля Гуйвiк. — У сiстэму сям'i ўцягнуты i бацькi сужэнцаў, i iх сябры, i суседзi. На кожныя 100 шлюбаў у Беларусi прыходзiцца 50 разводаў, якiх можна было б пазбегнуць, калi б да дапамогi ў прымiрэннi прыцягвалi трэцi, незалежны бок не падпарадкаваны строгiм правiлам судовага працэсу, — медыятара. Медыятыўная дапамога больш дзейсная, чым тэрмiн для прымiрэння, якi прызначаецца судом.

Выкарыстанне iнструментаў медыяцыi — надзейны i правiльны крок, якi мае шэраг пераваг перад судовым разборам. Працэдуру медыяцыi нельга разглядаць як адзiн з вiдаў апошняга. Удзел у медыяцыйным працэсе цалкам добраахвотны, не мае строгiх рамак правядзення, як суд, а рашэннi прымаюць самi бакi, а не суддзя.

— Мараль i супрацоўнiцтва заўжды лепшыя за догмы i прымус. Падчас медыяцыi можна захаваць таямнiцу канфлiкту i цалкам абмеркаваць усе яго нюансы, а прымiрыцца не пасля судовага рашэння, а шляхам дамаўлення, пасля чаго захаваць добрыя адносiны, — запэўнiла Наталля Гуйвiк.

На жаль, многiя медыятары пакуль працуюць на грамадскiх пачатках, а грамадства дагэтуль не вельмi давярае гэтым спецыялiстам i iдзе ў суд. Першапачаткова яшчэ пры распрацоўцы змен у закон аб медыяцыi меркавалася ўвядзенне гэтай працэдуры як абавязковага дасудовага парадку ўрэгулявання асобных спрэчак у межах шлюбна-сямейных адносiн. Суду хацелi даць паўнамоцтвы накiроўваць бакi на абавязковую iнфармацыйную сустрэчу з медыятарам.

— Адстаяць гэтыя нормы, на жаль, не ўдалося, — заўважыла медыятар. — Такi падыход, на думку некаторых экспертаў, парушае галоўны прынцып медыяцыi — добраахвотнасць. Аднак абавязковая медыяцыя не супярэчыць прынцыпу добраахвотнасцi, а з'яўляецца адным са спосабаў рэалiзацыi публiчнага iнтарэсу дзяржавы па гарманiзацыi сямейна-прававых адносiн. Добраахвотнасць прадугледжвае наяўнасць у бакоў волевыяўлення на вырашэнне канфлiкту. Заканадаўства, як правiла, абавязвае бакi пайсцi на iнфармацыйную сустрэчу з медыятарам i на ёй даведацца, што гэта за працэдура. А ўжо пасля сужэнцы самi вырашаць, цi трэба iм у ёй удзельнiчаць. Я ўпэўнена, што будучыня ў нашай краiне — за абавязковай медыяцыяй, бо многiя краiны даўно i паспяхова выкарыстоўваюць яе як абавязковы этап на шляху ўрэгулявання сямейных канфлiктаў.

Гэта практыкуецца, напрыклад, у ЗША, Аўстрыi, Фiнляндыi, Iталii, Новай Зеландыi, Вялiкабрытанii, Канадзе i iншых краiнах. У апошнiх дзвюх аплату працэдуры для бацькоў, якiя спрачаюцца, бяруць на сябе дзяржава цi грамадскiя арганiзацыi.

Iрына СIДАРОК

Фота носіць ілюстрацыйны характар, 7ya.ru

Загаловак у газеце: Ёсць такi iнстытут

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.