Вы тут

Няроўны шлюб. Чаму б i не?


Калi гадоў 30–40 таму адносiны, у якiх рознiца ва ўзросце партнёраў складае 15–20 i больш гадоў, асацыiравалiся з вядомай карцiнай «Няроўны шлюб», то сёння — з галiвудскiмi славутасцямi i расiйскiмi селебрыцi. «Няроўныя шлюбы» ў нашы днi нiкога не здзiўляюць. Хоць па-ранейшаму часам выклiкаюць асуджэнне, асаблiва калi старэйшая ў пары — жанчына. Пра плюсы i мiнусы адносiн, у якiх адзiн партнёр значна старэйшы за другога, мы размаўляем з псiхолагам-сексолагам Юлiяй Хiнавай.


Фота: akloni.com

— На падсвядомым узроўнi ў аснове любых працяглых адносiн памiж мужчынам i жанчынай ляжыць тэма працягу роду (нават калi тыя не плануюць нараджэнне дзяцей). Пошук партнёра ажыццяўляецца ў магутным поле канкурэнцыi. Для здаровай мужчынскай канкурэнцыi неабходна наяўнасць двух складнiкаў: сваёй справы, якая вылучае мужчыну з iншых, i жанчыны (пажадана легальнай — то-бок жонкi) для падмацавання мужчынскага статусу. Для здаровай жаночай канкурэнцыi неабходныя: наяўнасць мужчыны (пажадана легальнага — то-бок мужа) i дзiцяцi (хоць аднаго) для пацвярджэння сваёй дзетароднай функцыi. Чым можа быць цiкавы маладой жанчыне мужчына ва ўзросце? Тут на першы план выходзяць яго вопыт i мудрасць, гатоўнасць прымаць жанчыну такой, якая яна ёсць, паважлiвае стаўленне да жанчыны, iмкненне да стабiльнага i спакойнага жыцця, самастойнасць, адказнасць за сям'ю, уменне зарабляць i ўкладваць свой даход у сумеснае жыццё (падарожжы, шопiнг i iншае). Пакуль маладыя мужчыны-эксперыментатары шукаюць сябе метадам спроб ды памылак, у поле зроку маладых жанчын трапляюць узроставыя мужчыны. У сваю чаргу, многiм маладым мужчынам падабаюцца жанчыны, старэйшыя за iх. Яны могуць сябе падаць, уважлiвыя, самастойныя, дасведчаныя (у тым лiку i ў сексуальным жыццi), ураўнаважаныя, з дабрабытам, маюць сваё меркаванне.

Калi старэйшая — жанчына

— Лiчыцца, што пiк сексуальнай актыўнасцi жанчын — 35-40 гадоў, у мужчын жа «гармоны кiпяць» у юнацтве. Можа быць, адносiны, дзе жанчына старэйшая на 15-20 гадоў, — з фiзiялагiчнага пункту гледжання разумны саюз?

— Пiк сексуальнай актыўнасцi мужчын — у раёне 25 гадоў, а пiк сексуальнай актыўнасцi жанчын прыпадае на ўзроставы дыяпазон 37-39 гадоў. У пары, дзе жанчына старэйшая, сексуальная патрэба можа быць вельмi сугучная. Абодва партнёры маюць прыблiзна аднолькавыя фiзiялагiчныя характарыстыкi: жанчыны жывуць даўжэй за мужчын i адрознiваюцца мацнейшым здароўем. Таму калi мужчына выбiрае жанчыну, старэйшую за яго на 5-10 гадоў, на самай справе ён усяго толькi выбiрае партнёра, роўнага яму па фiзiчных параметрах. Гэта датычыцца фiзiялагiчнага саюзу. На псiхалагiчным узроўнi сiтуацыя выглядае не так добра.

— У чым небяспека такога партнёрства? У адсыланнi да сцэнарыя «мама — сын»?

— Жанчына, старэйшая за свайго выбраннiка, можа свядома цi неўсвядомлена дыктаваць свае ўмовы, правiлы ў адносiнах на аснове таго, што ў яе больш жыццёвага вопыту. Маладому мужчыну прасцей слухаць i слухацца партнёрку, чым ёй пярэчыць. Не заўсёды ў маладога мужчыны атрымлiваецца ў такi момант адчуваць сваю самадастатковасць i сiлу, часцей за ўсё ён несвядома згаджаецца, што жанчына вышэйшая за яго, i не рашаецца ёй супрацьстаяць. Яго спробы прад'явiць сваё меркаванне i бачанне нярэдка падаўляюцца жорсткай пазiцыяй суразмоўнiцы. Часта ў такiх мужчын у дзяцiнстве быў няпросты вопыт узаемадзеяння з мацi. Яна магла выступаць у ролi дамiнуючай, кантралюючай фiгуры, зносiны з якой адбывалiся толькi па яе правiлах. Любое дзiця моцна прывязана да бацькоў, прагне iх цяпла, клопату i любовi, баiцца быць ад усяго гэтага адлучаным i адрынутым. Яно ўлоўлiвае пасланне мацi быць зручным для яе, развiвае гiперадчувальнасць да яе патрэб i набывае ў дадатак вопыт неадчувальнасцi да сваiх сапраўдных жаданняў (не пажаданых бацькам), падмяняючы iх iлжывымi (больш прыемнымi для мацi). Такая ахвярнасць нараджае ў хлопчыка-дзiцяцi мiф аб тым, што ён будзе патрэбны i не будзе адкiнуты. З гэтым светапоглядам ён вырастае i пачынае жыць у дарослым свеце. I несвядома знаходзiць сярод жанчын тую, што падобная на яго мацi сваiм «пасланнем».

А бываюць i такiя сiтуацыi, калi жанчыне ўласцiвы iншы тып узаемадзеяння, але мужчына несвядома арганiзуе працэс адносiн так, што яна вымушана рэагаваць па-новаму для сябе: па яго дзiцячым сцэнарыi адраджаць у сабе яго мацi. Такая сiтуацыя ў псiхалогii называецца адыгрываннем: на партнёра ўскладаецца перанос раннiх падзей дзяцiнства, а разам з iмi — надзеi i чаканнi ад бацькоўскiх постацяў.

— Лiчыцца, што адносiны ў пары, дзе жанчына значна старэйшая, не бываюць працяглыя. Цi так гэта? Што часцей за ўсё перашкаджае? Пытанне дзетанараджэння?

— У кожнай пары свая гiсторыя. Пытанне дзетанараджэння таксама iндывiдуальнае. Ёсць мужчыны, для якiх гэтая тэма вельмi важная. Ёсць i тыя, для каго гэтая тэма не цiкавая цi нават непераносная. Яны задавольваюцца тым, што «вядзёныя» сваёй старэйшай партнёркай i атрымлiваюць свае выгоды ў гэтым саюзе, а дзiця такiм мужчынам разглядаецца (часта неўсвядомлена) як канкурэнт. Калi мужчына, нягледзячы на дзiцячую траўму, набытую ў адносiнах з мацi, змог прабiцца да сталення або стаў смялей пазначаць сваё жаданне расцi, ён пачне ўсведамляць свае патрэбы, якiя, несумненна, падштурхнуць яго да пошуку новых адносiн, дзе ён зможа атрымаць для сябе новы, важны вопыт — быць галоўным, старэйшым. Гэта i ёсць позняя сепарацыя ад вобразу мацi, якую ён у свой час не прайшоў.

Калi старэйшы — мужчына

— Чаму маладыя дзяўчаты выбiраюць мужчын узросту сваiх бацькоў?

— Рэсурсным складнiкам тут з'яўляецца тое, што дарослы мужчына — гэта чалавек, якi адбыўся, прафесiянал, цiкавы суразмоўца. Ён ведае, чаго хоча, i гатовы выступаць настаўнiкам для юнай спадарожнiцы. Ён — носьбiт таго самага вопыту, якога не хапае маладой жанчыне. Яму ўласцiвыя ўсвядомленасць учынкаў, уменне слухаць i чуць, праяўляць клопат — ад душэўных момантаў да матэрыяльнай падтрымкi. Даход сталага мужчыны не заўсёды адыгрывае галоўную ролю ў зацiкаўленасцi iм маладой жанчыны. Для такога мужчыны вельмi важна вернасць з боку маладой жонкi. Адчуванне «я — патрэбны, я — важны, я — лiдар, я — вядучы ў адносiнах» — гэта i ёсць для яго галоўны энергетычны элемент такога саюзу.

— Кажуць, з узростам мужчыны набываюць схiльнасць у адносiнах «гуляць у бацьку». Цi так гэта? Цi гэта датычыцца толькi прадстаўнiкоў моцнага полу пэўнага складу?

— Калi ў сям'i абодва партнёры псiхалагiчна дарослыя, правiлы ўстанаўлiваюцца сумесна: муж кiруе, жонка кiруе. I такому мужчыну не здаюцца прывабнымi адносiны з юнай партнёркай. А вось мужчыну псiхалагiчна няспеламу адчуць сябе дарослым дапамагае роля «бацькi» ў адносiнах. Быць «мужчынам-мужам» для яго няпроста, незразумела. А вось роля «бацькi» — больш бяспечная, каб праявiць сябе. У такiм мужчыну моцная пасiўная, жаночая энергiя. Менавiта з дапамогай гэтай энергii ён клапоцiцца пра сваю жонку-«дачушку».

— Цi праўда, што каханне да партнёра — равеснiка бацькоў сведчыць пра наяўнасць глыбокай дзiцячай псiхалагiчнай траўмы, звязанай з недахопам увагi з боку ўласнага бацькi або мацi?

— Маладая жанчына па шэрагу прычын можа цiкавiцца пошукам сталага партнёра. Напрыклад, калi яна расла ў поўнай i шчаслiвай сям'i, дзе бацька быў старэйшы за мацi i добра спраўляўся са сваёй мужчынскай роляй. Яна можа iмкнуцца паўтарыць бацькоўскi сцэнарый. Iншы варыянт, калi яе бацькоўская сям'я хоць i была поўная, але бацька быў адхiлены, адсутнiчаў псiхалагiчна пры фiзiчнай прысутнасцi, не ўдзельнiчаў у яе жыццi — пошук партнёра тут будзе ажыццяўляцца па прынцыпе насычэння свайго голаду па бацькоўскай постацi. Трэцi варыянт — мацi цягнула ўсё на сабе i жыла без мужчынскай падтрымкi ў шлюбе. Тады для пабудовы адносiн дачка будзе шукаць мужчыну, якi дапамагае i абараняе. Чацвёрты (i не апошнi) варыянт у спiсе перадумоў — гэта калi дзяўчына расла ў няпоўнай сям'i i ў будучым мужу шукае свайго непазнанага бацьку.

— Якiя небяспекi магчымыя пры такiм тыпе адносiн?

— Для здаровых адносiн у пары (не важна, якога партнёры ўзросту) важныя тры складнiкi: якасны секс, падтрымка i ўзаемнае развiццё. Калi адзiн з партнёраў няўважлiвы цi здымае адказнасць за асабiсты ўнёсак у якасць адносiн, то парушаецца баланс парнага ўзаемадзеяння. Гэта i прыводзiць да рознага кшталту складанасцяў. Адносiны «бацька —
дачка» з часам прыводзяць да асексуальнасцi i праз гэта завяршаюцца.

— Цi могуць адносiны партнёраў з рознiцай ва ўзросце, напрыклад, у 15-20 гадоў духоўна ўзбагачаць абаiх i быць гарманiчным саюзам?

— Шчасце ў сям'i не залежыць ад узросту. Адносiны — гэта штодзённая праца. Гэта ўсведамленне сваiх патрэб, здольнасць iх даступна прад'яўляць партнёру, развiваць у сабе ўменне заўважаць патрэбы партнёра i з увагай ставiцца да iх. А пры рознасцi жаданняў i меркаванняў неабходна ўмець дамаўляцца i нават у нейкiя моманты саступаць. У любых адносiнах можна шукаць сакрэт шчасця. I часам яго знаходзiць.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фотаздымкі носяць ілюстрацыйны характар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».