Вы тут

Фермер-прадпрымальнік вырошчвае садавіну і агародніну, займаецца аграэкатурызмам, атрымлівае льготы


Фермерскія гаспадаркі Беларусі сёння дэманструюць дынамічнае развіццё. Зямельныя ўчасткі вясковых прадпрымальнікаў за апошні час выраслі ў сярэднім з 50 да 90 гектараў, а ўсяго  фермеры апрацоўваюць 150 тысяч гектараў ворных зямель. Пры гэтым 90 % гаспадарак займаюцца раслінаводствам, аднак яны будуць узбуйняцца і набываць спецыялізацыю, у тым ліку ў кірунках аграэкатурызму і арганічнай сельскай гаспадаркі. Такімі лічбамі і прагнозамі дзяліліся на прэс-канферэнцыі эксперты галіны.


На плантацыі лаванды, якую ў Веткаўскім раёне вырошчвае фермер Алег Дабуляк.

Безакцызнае паліва і крэдыт на жыллё на 40 гадоў

Пра развіццё фермерскіх гаспадарак у краіне сведчаць дакладныя лічбы. Летась 2790 фермераў, у якіх працуе каля 8800 чалавек і якія займаюцца выключна вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, стварылі яе на 556 мільёнаў рублёў. Гэта 2,7 % ад агульнага аб'ёму сельскагаспадарчай вытворчасці краіны ўсімі катэгорыямі грамадзян. Для параўнання, у 2016-м у Беларусі было каля 2500 фермерскіх гаспадарак, дзе працавала 7500 чалавек, якія выдалі 1,9 % прадукту, падзялілася інфармацыяй Алена ЦЫКУНОВА, начальнік упраўлення дзяржаўнай уласнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання:

— Дзяржава аказвае пэўную падтрымку для развіцця фермерскага сектара. Паколькі фермерскія гаспадаркі — юрыдычныя асобы, то яны сёння нароўні з буйнатаварнымі сельгасвытворцамі могуць удзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах дзяржаўнай праграмы аграпрамысловага комплексу. Гэта і развіццё племянной справы, і вырошчванне пладовых і ягадных культур, і першапачатковае ўладкаванне зямельнага ўчастка (будаўніцтва дарог, падвядзенне газу, меліярацыя). Сёлета па гэтых мерапрыемствах заяўлена і праведзена конкурсаў на 4,5 мільёна рублёў. Летась фермеры заплацілі дзяржаве 4,4 мільёна рублёў падаткаў, а атрымалі па мерапрыемствах дзяржпраграмы — 2,2 мільёна.

У якасці дзяржпадтрымкі фермеры могуць таксама атрымліваць дызельнае безакцызнае паліва, набываць на льготных умовах тэхніку ў лізінг, заявіць жаданне на крэдыт для будаўніцтва жылля на 40 гадоў пад 3 % гадавых з адтэрміноўкай плацяжоў на тры гады.

Нерухомасць за адну базавую і дармавая арэнда

Сёння ў краіне прадаецца больш за тысячу аб'ектаў маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, прычым каля 300 з іх аддаюць за адну базавую велічыню. Пераважна яна знаходзіцца ў сельскай мясцовасці і ўяўляе сабой былыя аб'екты сацыяльнай сферы: акушэрскія пункты, школы, клубы.

Летась, са ўступленнем у сілу ўказа Прэзідэнта № 169, яшчэ больш спрасціліся падыходы да выканання ўмоў пры продажы такіх аб'ектаў, расказала Жанна ПАДАБЕДАВА, начальнік упраўлення па рабоце з дзяржаўнай маёмасцю галоўнага ўпраўлення распараджэння маёмасцю Дзяржкамітэта па маёмасці:

— Набываючы аб'ект за адну базавую, пакупнік павінен выканаць адну ўмову: у пэўны тэрмін распачаць на аб'екце прадпрымальніцкую дзейнасць, перабудаваць яго пад жыллё ці вядзенне падсобнай гаспадаркі, або аформіць пад знос. Змянілася таксама норма па забеспячэнні растэрміноўкі пры продажы дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, на тэрмін да пяці гадоў. Прычым тэрмін вызначае сам пакупнік падчас заключэння дагавора куплі-продажу.

Яшчэ адна навела ўказа № 169 дазволіла выстаўляць на продаж за адну базавую адразу ўсе аб'екты, якія не выкарыстоўваюцца, акрамя такой нерухомасці ў сталіцы і абласных цэнтрах. Нароўні з продажам на аўкцыёне такую маёмасць можна перадаваць бязвыплатна ў прыватную ўласнасць, калі мяркуецца нейкі інвестыцыйны праект, або здаваць у дармавую арэнду пад стварэнне рабочых месцаў.

Пры падзеле зямлі — шукаць кампраміс

У галіне зямельных адносін у частцы спрашчэння і патаннення працэдуры афармлення сялянска-фермерскімі гаспадаркамі (СФГ) землеўпарадкавальных матэрыялаў, неабходных для вызвалення і выдзялення зямельных участкаў, праекты адводу з 2018 года, згодна з указам Прэзідэнта № 463, распрацоўваюць непасрэдна структурныя падраздзяленні землеўпарадкавання мясцовых выканаўчых улад. Гэта значыць, што фактычна ўвесь комплекс па афармленні неабходных дакументаў для адводу зямлі фермерскай гаспадарцы для яе ўладальніка бясплатны, растлумачыў Сяргей КАСТРОЎ, начальнік упраўлення землеўпарадкавання Дзяржкамітэта па маёмасці:

— Адзінае выключэнне — калі былы карыстальнік зямлі, якая адводзіцца новаму ўладальніку, заяўляе, што ён нясе страты. Тады новы гаспадар аплачвае кошт страт, які разлічвае зямельная служба. Пытанні з набыццём зямлі, тым не менш, узнікаюць. Напрыклад, фермерскую гаспадарку рэгіструюць у раёне, а ў выдзяленні зямлі (у тым ліку для пашырэння надзела) ёй чамусьці адмаўляюць. Такія праблемы трэба вырашаць сумесна з аблвыканкамамі, Мінсельгасам і з намі, асабліва калі адмовы неабгрунтаваныя.

Перш чым забраць прывабны кавалак зямлі ад аднаго руплівага гаспадара (калгаса) і перадаць іншаму добраму ўласніку (фермеру), трэба ўзважыць усе «за» і «супраць» і дамовіцца, каб не было канфлікту інтарэсаў, падкрэсліў спецыяліст. Летась дадаткова выдзеленых зямель больш за ўсё было ў Магілёўскай вобласці (6000 гектараў). А вось самай «праблемнай» у гэтым плане аказалася Мінская (1500 гектараў).

Многія фермерскія гаспадаркі цяпер з'яўляюцца паўнавартаснымі буйнатаварнымі вытворцамі, адзначыў Андрэй ПІЛІПУК, дырэктар Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі:

— Малыя формы гаспадарання паспяхова развіваюць таксама і нетрадыцыйныя віды дзейнасці, напрыклад, такія як аграэкатурызм і арганічная сельская гаспадарка. Некаторыя арганізацыі нават сертыфікаваліся ўжо як вытворцы арганічнай прадукцыі. 11 з іх спецыялізуюцца на раслінах, дзве — на жывёлагадоўлі.

Усяго ў Беларусі цяпер налічваецца 3042 фермерскія гаспадаркі. Летась зарэгістраваліся яшчэ 200 новых СФГ, а 99 — самастойна спынілі дзейнасць.

Ірына СІДАРОК

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».