25 верасня, пятніца

Вы тут

За першае паўгоддзе бягучага года было канфіскавана з абароту каля 1,5 тысячы найменняў прадукцыі


За першае паўгоддзе бягучага года было канфіскавана з абароту каля 1,5 тысячы найменняў прадукцыі, якая не адпавядае патрабаванням. Пра гэта расказаў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Дзмітрый БАРТАШЭВІЧ.


news.myseldon.com

— Забаронены ўвоз 900 найменняў небяспечнай прадукцыі, спынена дзеянне больш чым 600 дакументаў аб пацвярджэнні адпаведнасці. У ліку найбольш распаўсюджаных парушэнняў — паказчык бяспекі тавару, ён склаў 36 працэнтаў; недакладная або няпоўная інфармацыя для спажыўцоў — 32 працэнты; адсутнасць дакументаў на пацвярджэнне адпаведнасці — 27 працэнтаў. У пералік забароненай і небяспечнай прадукцыі трапілі розныя віды электрапрыбораў, лямпы, гірлянды, цацкі, мэбля, харчовая прадукцыя, тавары лёгкай прамысловасці.

Усяго ў рэестры ўтрымліваецца каля 2,8 тысячы найменняў тавараў, забароненых да ўвозу і абарачэння на тэрыторыі краіны. Адмененых дакументаў аб ацэнцы адпаведнасці — больш за 2 тысячы. «Гэта тыя тавары, якія не адпавядалі патрабаванням і ў дачыненні да якіх былі зафіксаваныя грубыя парушэнні патрабаванняў бяспекі. Мы прапануем усім зацікаўленым выкарыстоўваць рэестр ў сваёй рабоце, каб не дапусціць закупкі такой прадукцыі, а таксама паведамляць, калі падобны тавар сустракаецца на рынку. Да таго ж існуе і механізм выключэння з такога спіса. На сёння прынята каля 80 рашэнняў, калі прадукцыя, выключаная з рэестра, змагла зноў паступіць на рынак», — дадаў спецыяліст.

Што «хаваецца ў абутку»...

За першае паўгоддзе бягучага года ў Мінску і Мінскай вобласці інспекцыя Дзяржстандарта праверыла больш за тысячу найменняў прадукцыі лёгкай прамысловасці. Неадпаведнасць патрабаванням устаноўлена ў больш чым 90 працэнтаў вырабаў, расказала начальнік аддзела дзяржаўнага нагляду за тэхнічнымі рэгламентамі і стандартамі ў лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасці і будаўнічай індустрыі інспекцыі Дзяржстандарта па Мінскай вобласці і Мінску Людміла КУЗНЯЦОВА.

— Гэта ў асноўным прадукцыя, якая ўвозіцца на тэрыторыю Беларусі з Кітая, Расіі, Турцыі, Узбекістана, Кыргызстана. Катэгорыя ахоплівае такія групы тавараў, як абутак, адзенне, трыкатажныя і швейныя вырабы. Сярод парушэнняў — адсутнасць дакументаў аб пацвярджэнні іх адпаведнасці, невыкананне патрабаванняў бяспекі. А менавіта — у швейных, трыкатажных вырабах для дзяцей былі выяўлены нізкія гіграскапічнасць (здольнасць матэрыялу паглынаць і аддаваць вільгаць) і паветрапранікальнасць матэрыялу. Значэнні ў 6-8 разоў ніжэйшыя за ўстаноўленыя нормы. А гэта вельмі важныя паказчыкі для здароўя і самаадчування дзяцей. У абутку трываласць мацавання дэталяў нізу аказалася ў некалькі разоў меншая за норму, а вышыня абцаса ў дзявочых туфлях, наадварот, была перавышана. У сподняй бялізне для дзяцей ранняга ўзросту (да аднаго года) былі выяўлены парушэнні ў частцы ўжывання недапушчальных сінтэтычных матэрыялаў. У таварах для нованароджаных швы выкананы на сподні бок, што не дапускаецца патрабаваннямі тэхнічных рэгламентаў і таксама ўплывае на камфорт дзяцей. У школьных заплечніках былі выяўлены парушэнні патрабаванняў бяспекі, а таксама адсутнічалі святлоадбівальныя элементы.

Людміла Кузняцова адзначыла, што дагэтуль актуальная праблема з маркіроўкамі тавараў лёгкай прамысловасці. На іх часта адсутнічае інфармацыя пра краіну-вытворца, імпарцёра, найменне і прызначэнне прадукцыі, мадэль, артыкул, матэрыял, з якога выраблена прадукцыя.

Лічбы скажуць больш

Па выніках кантрольна-наглядных мерапрыемстваў, праведзеных інспекцыяй Дзяржстандарта, да рэалізацыі забаронена 1331 партыя прадукцыі лёгкай прамысловасці на суму больш за 250 тысяч рублёў, выдадзены прадпісанні і накіраваны рэкамендацыі ліквідацыі парушэнняў 87 суб'ектам гаспадарання. Складзены і накіраваны на разгляд у суд 140 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Выдадзены прадпісанні аб канфіскацыі 67 найменняў прадукцыі. Забаронены да ўвозу і абарачэння 40 найменняў тавараў, спынена дзеянне 27 дакументаў аб ацэнцы адпаведнасці на адзенне і абутак імпартнай вытворчасці.

Людміла Кузняцова расказала, што асаблівая ўвага ўдзялялася мерапрыемствам у адносінах да суб'ектаў гаспадарання, якія рэалізуюць прадукцыю лёгкай прамысловасці імпартнай вытворчасці па нізкіх цэнах. «У дачыненні да іх праведзена 41 праверка — гэта амаль траціна ўсіх кантрольна-наглядных мерапрыемстваў, якія выконваюцца па прадукцыі лёгкай прамысловасці. Увогуле быў праведзены маніторынг у дачыненні да 603 найменняў такіх вырабаў, з іх 601 не адпавядала патрабаванням. Да рэалізацыі забаронены 592 партыі тавараў, канфіскавана з абарачэння 26 найменняў, складзена 35 пратаколаў, прыпынена работа чатырох гандлёвых аб'ектаў».

Увага — на маркіроўку

Абласныя інспекцыі Дзяржстандарта ў першым паўгоддзі бягучага года праверылі больш за 5 тысяч найменняў харчовай прадукцыі. Парушэнні выяўлены ў 78,9 працэнта выпадкаў. Пра гэта расказала намеснік начальніка ўпраўлення дзяржаўнага нагляду за тэхнічнымі рэгламентамі і метралагічнага кантролю Дзяржстандарта Вольга МАЖЭЙКА.

— Больш за ўсё прыпадае на маркіроўку — прыкладна 55 працэнтаў. На якасць і бяспеку — каля 21 працэнта, прычым з іх больш за палову — гэта рэалізацыя прадукцыі са скончаным тэрмінам прыдатнасці ўжывання. Яшчэ амаль 25 працэнтаў — на адсутнасць дакументаў аб пацвярджэнні адпаведнасці. Па маркіроўцы выяўляюцца выпадкі поўнай яе адсутнасці або нечытэльная інфармацыя, недакладныя звесткі. Асноўную частку парушэнняў па бяспецы прадуктаў складаюць тыя, што датычацца мікрабіялагічных паказчыкаў, — гэта перавышэнне колькасці мікраарганізмаў, дапушчальнага ўзроўню ўтрымання цвілі і дрожджаў, а таксама сінтэтычных фарбавальнікаў і іншых харчовых дабавак. Акрамя таго, у некаторых таварах былі выяўлены недапушчальныя бактэрыі групы кішэчных палачак, патагенная мікрафлора.

Яшчэ адно распаўсюджанае парушэнне — выкарыстанне пры вытворчасці харчовай прадукцыі маслатлушчавай сыравіны з утрыманнем транс-ізамераў тлустых кіслот, вышэйшым за дапушчальны ўзровень. «Апошнім часам на рынку мы сталі заўважаць, што павялічылася колькасць такой прадукцыі з Украіны (мучныя, кандытарскія вырабы), яна па гэтых паказчыках забараняецца да ўвозу і абарачэння на тэрыторыі нашай краіны. Увогуле больш падрабязную інфармацыю аб парушэннях можна знайсці ў рэестры небяспечнай прадукцыі, які размешчаны на сайце Дзяржстандарта. Кожны можа звярнуцца да гэтага рэсурсу і ўбачыць прадукты, якія варта абыходзіць бокам пры наведванні крам», — звярнула ўвагу Вольга Мажэйка.

Без праверак не будзе якасці

Актыўная работа па абароне ўнутранага рынку ад небяспечнай прадукцыі праводзіцца санітарна-эпідэміялагічнай службай па двух кірунках, расказала загадчыца аддзела гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вія ШУКЕВІЧ.

— Першы — гэта забеспячэнне санітарна-ахоўных мер супраць завозу ў краіну патэнцыйна небяспечнай прадукцыі. У 36 пунктах пропуску на шляху міжнародных аўтамабільных, паветраных і чыгуначных зносін праводзіўся эпідэміялагічны нагляд. За першае паўгоддзе бягучага года было агледжана каля 110 тысяч партый тавараў аб'ёмам звыш 570 тысяч тон, што ў два разы больш за паказчык аналагічнага перыяду мінулага года. Прыпынены або часова забаронены ўвоз на тэрыторыю ЕАЭС звыш 3,6 тысячы партый тавараў, а гэта больш за 61 тысячу тон. Другі кірунак датычыцца правядзення санітарнага нагляду для абароны ўнутранага рынку ад небяспечнай прадукцыі. За першае паўгоддзе асноўныя парушэнні, якія былі выяўлены, — гэта рэалізацыя тавараў без маркіроўкі або з няпоўнай маркіроўкай, продаж харчовай прадукцыі са скончаным тэрмінам ужывання, без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку тавару, а таксама парушэнні ўмоў захоўвання. Забаронена рэалізацыя звыш 70 тон прадуктаў, з іх больш чым 26 тон — імпартнай вытворчасці (кандытарскія вырабы, арэхі, сухафрукты, свежамарожаная рыба, спецыі).

Вія Шукевіч адзначыла, што ў структуры небяспечнай нехарчовай прадукцыі ўдзельная вага цацак складае 25 працэнтаў, парфумерыі і касметыкі — 9 працэнтаў, тавараў для дзяцей — 3 працэнты. Усяго забаронена рэалізацыя звыш 41 тысячы тавараў нехарчовай групы. Ужыты меры адміністрацыйнага ўздзеяння, прыпынена выкананне работ і паслуг на 2,5 тысячы аб'ектаў. Выдадзена звыш 10,5 тысячы прадпісанняў і рэкамендацый па ліквідацыі парушэнняў.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Арыенцір на бяспеку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі.

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».

Грамадства

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

У гэтым праекце знаёмім вас з бяздзетнымi парамi, якiя хацелі, але праз стан свайго здароўя не маглі мець дзяцей.