Вы тут

Не ўсе хваробы ад нерваў. Своечасова заўважыць «падарунак» Венеры і канчаткова вылечыцца ад яго


Паводле звестак экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на планеце кожны шосты жыхар (а гэта звыш мільярда чалавек) пакутуе на якую-небудзь хваробу, якая перадаецца палавым шляхам. І гэтых інфекцый нямала. Разам з найбольш небяспечнымі — сіфілісам і ганарэяй — іх існуе яшчэ каля двух дзясяткаў. Пра самыя распаўсюджаныя захворванні, праявы такіх інфекцый і іх небяспеку мы паразмаўлялі з урачом — акушэрам-гінеколагам жаночай кансультацыі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Ірынай Барысевіч.


Фота носіць ілюстрацыйны характар. depositphotos.com

— Самымі распаўсюджанымі, акрамя сіфілісу і ганарэі, з'яўляюцца такія інфекцыі, як трыхаманіяз, урэаплазмоз, хламідыёз, мікаплазмоз, мочапалавы кандыдоз, генітальны герпес, востраканечныя кандыломы, генітальны кантагіёзны малюск, гепатыты В і С, цытамегалавірусная інфекцыя, — расказвае Ірына Андрэеўна. — Штогод у свеце рэгіструецца каля 200 мільёнаў хворых на ганарэю, 250 мільёнаў — на трыхаманіёз, 200-250 мільёнаў — на хламідыёз. Самым грозным захворваннем з'яўляецца ВІЧ-інфекцыя, адным з асноўных шляхоў перадачы якой таксама з'яўляецца палавы. ВІЧ, трапіўшы ў арганізм чалавека, з часам разбурае клеткі імуннай сістэмы і вядзе да развіцця сіндрому набытага імунадэфіцыту (СНІД).

У нашай краіне апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да змяншэння захваральнасці на ІППШ. Але, нягледзячы на станоўчую дынаміку, сумарная захваральнасць на сіфіліс, ганарэю, трыхаманіяз, хламідыёз, генітальны герпес, венерычныя бародаўкі за апошнія пяць гадоў склала больш за 230 тысяч выпадкаў.

— Заразіцца такімі інфекцыямі можна толькі пры традыцыйным палавым кантакце?

— Пад выразам «інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам» звычайна маюцца на ўвазе ўсе віды сексуальнай актыўнасці, бо многія ўзбуджальнікі могуць жыць не толькі ў палавых шляхах, але і ў роце, заднім праходзе, вачах і іншых месцах.

— Ці могуць некаторыя з гэтых далікатных праблем прайсці самі?

— Пры ІППШ не можа быць самавылячэння, гэта значыць нельга паправіцца без спецыяльнага лячэння. Справа ў тым, што калі не лячыцца, гэтыя хваробы працякаюць доўга і хвалепадобна, прычым часта знешне непрыкметна. Нярэдка здараецца поўная ці амаль поўная адсутнасць праяў інфекцыі, з-за чаго можна ненаўмысна заразіць партнёра. Адзіная невылечная хвароба з усіх ІППШ — СНІД.

Пры праяўленні сімптомаў неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача — так больш шанцаў вылечыцца хутчэй і не атрымаць ускладненняў. Пры нясвоечасовым лячэнні магчымыя ўскладненні, у прыватнасці, захворванне можа стаць хранічным, а яно, адпаведна, менш праяўляецца і горш паддаецца лячэнню. Інфекцыя можа распаўсюдзіцца па мочапалавых шляхах і выклікаць розныя запаленчыя хваробы, а таксама бясплоддзе ў мужчын і жанчын.

Знаёмімся бліжэй

— Колькі часу праходзіць ад заражэння да з'яўлення праяў такіх інфекцый?

— У кожнай хваробы свой інкубацыйны перыяд — гэта час ад моманту інфіцыравання да ўзнікнення клінічных сімптомаў. Для сіфілісу гэта тры-чатыры тыдні, пасля чаго з'яўляецца цвёрды шанкер — гэта язвачка ці эрозія ў тым месцы, дзе ўзбуджальнік пранік у арганізм чалавека. З гэтага моманту чалавек становіцца заразным і застаецца такім да вылячэння.

У цячэнні сіфілісу вылучаюць тры перыяды: першасны (пра яго я расказала), другасны, які ўзнікае праз сем-восем тыдняў пасля з'яўлення цвёрдага шанкеру і можа доўжыцца да некалькіх гадоў. У гэты перыяд на целе і канечнасцях, на слізістых могуць з'яўляцца высыпанні, могуць паражацца нервовая і косная сістэма, а таксама ўнутраныя органы. Трацічны перыяд, калі хворы не лечыцца, надыходзіць праз тры—шэсць гадоў. У гэты час на скуры, падскурнай клятчатцы, у касцях, унутраных органах, нервовай сістэме ўзнікаюць вузлы, якія могуць распадацца і выклікаць дэструктыўныя незваротныя паражэнні ў органах і тканках. Гэты перыяд доўжыцца ад трох да дзесяці гадоў.

Інкубацыйны перыяд іншых ІППШ вагаецца ад трох-пяці дзён пры ганарэі і трыхаманіязе да 30 дзён пры хламідыёзе і мікаплазмозе. Пры ганарэі праз тры-сем дзён пасля заражэння з'яўляюцца гнойныя выдзяленні, пачырваненне і пачашчанае балючае мочаспусканне. Гэта самае «папулярнае» захворванне. Цягам 10—14 дзён скаргі могуць знікнуць нават без лячэння, але радавацца рана: хвароба схавалася да часу — перайшла ў хранічную форму.

Пры трыхаманіязе першыя прыкметы захворвання з'яўляюцца ў тэрмін ад чатырох дзён да трох тыдняў пасля заражэння. Звычайна ярчэй трыхаманіяз праяўляецца ў жанчын, але даволі часта працякае без выражаных праяў як у мужчын, так і ў жанчын. Тыповыя сімптомы — сверб і раздражненне ў вобласці прамежнасці, значныя выдзяленні з непрыемным пахам.

Пры хламідыёзе праз 10—30 дзён з'яўляюцца шклопадобныя мізэрныя выдзяленні. Пры ВІЧ-інфекцыі інкубацыйны перыяд доўжыцца ад аднаго-двух да 10—15 гадоў. Чалавек можа нават не падазраваць, што інфіцыраваны. У гэты час могуць быць сімптомы, падобныя на прастуду, — тэмпература, панос, павялічаныя лімфавузлы.

— Якія сімптомы ўвогуле павінны насцярожыць?

— Найбольш характэрнымі для ІППШ з'яўляюцца выдзяленні з мочаспускальнага канала ці прамой кішкі, незвычайныя выдзяленні з похвы — істотныя ці мізэрныя, жаўтаватага колеру, або тварожыстыя, якія суправаджаюцца пахам, крывяністыя ў перыяд паміж менструацыямі; рэзь, сверб, пякота ці пачуццё дыскамфорту падчас мочаспускання, пачашчанае мочаспусканне; болі ўнізе жывата ці у вобласці паясніцы ў жанчын, у вобласці яечак у мужчын; балючыя адчуванні падчас палавога акта; язвачкі, пухіркі, эрозіі на палавых органах, у вобласці задняга праходу і ў поласці рота; сып на целе, палавых органах, падэшвах і далонях; павелічэнне лімфатычных вузлоў.

Такія праявы могуць змяншацца ці нават знікаць і без лячэння, але гэта сведчыць не пра выздараўленне, а пра пераход хваробы ў хранічную форму. Падобныя сімптомы, асабліва калі яны з'явіліся пасля выпадковай сувязі, з'яўляюцца важкай падставай для візіту да ўрача. Гэта можа быць акушэр-гінеколаг ці ўролаг тэрытарыяльнай паліклінікі або венеролаг скурнага дыспансера. Прычым толькі пасля агляду і лабараторнага абследавання можна зрабіць выснову аб наяўнасці ці адсутнасці ІППШ.

Забудзьце пра інтэрнэт!

— Якія правілы лячэння гэтых інфекцый? Ці можна самастойна набыць антыбіётык і пралячыцца?

— Варта памятаць, што ІППШ ніколі не праходзяць без лячэння. Нельга займацца самалячэннем, расцэньваць гэтыя сімптомы як «звычайныя» гінекалагічныя захворванні ці «прастуду» пасля пераахалоджання. Большасць ІППШ, акрамя СНІДу, цалкам вылечныя. Варта толькі своечасова звярнуцца да доктара. Лячэнне, як правіла, комплекснае і ўключае ў сябе антыбіётыкатэрапію, імунастымулюючыя і вітамінныя прэпараты, мясцовае лячэнне.

Для поўнага выздараўлення важна прайсці поўны курс лячэння і кантрольнае лабараторнае абследаванне. Нельга перарываць лячэнне, гэта можа прывесці да рэцыдыву хваробы ў цяжэйшай форме. Неабходна цалкам выключыць алкаголь падчас лячэння і спыніць палавыя сувязі на ўвесь перыяд тэрапіі і кантрольнага назірання. Інакш вы заразіце партнёра, а затым зноў заразіцеся ад яго.

— Калі падчас абследавання ў партнёра не выявілі інфекцыю, яму таксама варта лячыцца?

— Ні ў якім выпадку нельга забываць пра лячэнне партнёра нават у такім выпадку. Важна паведаміць яму пра неабходнасць звярнуцца да ўрача для абследавання і назначэння тэрапіі.

— Што абараняе ад інфекцый?

— Самым надзейным спосабам з'яўляецца ўзаемная шлюбная вернасць і недапушчэнне занадта ранняга палавога жыцця. Важна ўстрымлівацца ад выпадковых сувязяў. Гэтая парада распаўсюджваецца на асоб любой сексуальнай арыентацыі, бо ІППШ перадаюцца пры любых відах сексу — пры аральных, анальных і генітальных кантактах. Выкарыстоўваць прэзерватыў — гэта класічны сродак прафілактыкі. Але варта памятаць, што ён не абараняе ад інфекцый на 100 %. Важна прытрымлівацца правіл асабістай гігіены ў інтымным жыцці і патрабаваць таго ж ад партнёра. А пры ўзнікненні нават нязначных прыкмет ІППШ звяртацца да доктара.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.