26 верасня, субота

Вы тут

Адходы: не на сметнiк, а на перапрацоўку


У гаспадарчае абарачэнне вяртаецца 85-87 % адходаў вытворчасцi.

Прававое рэгуляванне абыходжання з адходамi ў нашай краiне бярэ свой адлiк з 1993 года, калi быў прыняты першы Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб адходах». З таго часу заканадаўства пастаянна ўдасканальваецца, укараняюцца новыя тэхналогii, а самае галоўнае — змяняецца стаўленне грамадства да «смеццевай праблемы».


Адным з першых наяўнасць праблемы абыходжання з адходамi прызнаў Еўрасаюз, што прывяло да распрацоўкi розных дырэктыў i канвенцый, заклiканых знiзiць адмоўнае ўздзеянне адходаў на навакольнае асяроддзе i здароўе чалавека. Асобныя нормы дырэктыў Еўрапейскага саюза замацаваны на заканадаўчым узроўнi i ў нашай краiне, у прыватнасцi, у дзеючым Законе Рэспублiкi Беларусь ад 20 лiпеня 2007 года № 271-З «Аб абыходжаннi з адходамi». Такая ўзаемасувязь дае Беларусi магчымасць у тым лiку атрымлiваць тэхнiчную i фiнансавую дапамогу ад краiн ЕС для ўдасканалення сiстэмы абыходжання з адходамi. Асноўнымi прынцыпамi ў гэтай галiне з'яўляюцца прыярытэтнасць выкарыстання адходаў, якiя адносяцца да другасных матэрыяльных рэсурсаў, i вяртанне iх у гаспадарчае абарачэнне.

Па словах кансультанта ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамi Мiнпрыроды Таццяны ГОЛУБ, Беларусь першая сярод краiн СНД прыняла норму забароны захавання другасных матэрыяльных рэсурсаў на палiгонах цвёрдых камунальных адходаў. Гэта дало свой плён: па вынiках 2019 года ўзровень выкарыстання ЦКА склаў 22,5 %, што ў 2,5 раза больш за ўзровень выкарыстання ЦКА ў 2010 годзе. У гаспадарчае абарачэнне вяртаецца 85-87 % адходаў вытворчасцi.

Мiнпрыроды праводзiць вялiкую тлумачальную работу з насельнiцтвам, заклiкаючы да сартавання смецця. Гэта ўжо стала добрай звычкай у гараджан i вяскоўцаў. Да таго ж развiваецца сетка стацыянарных i перасовачных пунктаў збору другаснай сыравiны, выплачваюць кампенсацыi за паперу, пластык i шкло.

Часта гараджане абуралiся: мы сартуем другасную сыравiну, а затым паперу i пластык загружаюць у адну машыну, якая вязе ДМР на дадатковае сартаванне. З 1 верасня такая практыка спынiцца: машыны будуць вывозiць кожны вiд ДМР асобна, але адначасова ўзмоцнiцца адказнасць грамадзян, якiя iгнаруюць сартаванне смецця.

Неабходна адзначыць, што змяняецца i састаў смецця. Калi 30 гадоў таму мы выкiдвалi ў асноўным шкло, паперу i харчовыя адходы, то цяпер пераважае розная палiмерная i камбiнаваная ўпакоўка.

У iдэале трэба iмкнуцца да прадухiлення i мiнiмiзацыi з'яўлення адходаў. Для гэтага дзяржавай узмоцнена палiтыка, накiраваная на знiжэнне выкарыстання палiмернай упакоўкi з замяшчэннем яе на экалагiчна бяспечную, а таксама ўкаранёны прынцып пашыранай адказнасцi вытворцы.

Сёння можна канстатаваць, што людзi адмаўляюцца ад аднаразовых пакетаў, бутэлек, посуду. Калi немагчыма абысцiся без пластыку, то свядомая частка насельнiцтва аддае перавагу таварам шматразовага выкарыстання. Папяровы пакет i сумка-шопер з тканiны сталi маркерам экалагiчна свядомых паводзiн чалавека.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Аляксандра ПУКШАНСКАГА

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.