26 верасня, субота

Вы тут

Ад стану атмасфернага паветра i паверхневых вод залежыць здароўе i чалавека, i навакольнага асяроддзя


За гэтымi паказчыкамi больш чым 25 гадоў сочаць у рамках Нацыянальнай сiстэмы манiторынгу навакольнага асяроддзя (НСМНА).


На свежым паветры

— Калi ў 1993 годзе манiторынг атмасфернага паветра праводзiўся ў 13 прамысловых цэнтрах Беларусi на 47 стацыянарных станцыях, то сёння ён ахоплiвае 19 буйных гарадоў краiны, дзейнiчае 67 пунктаў назiранняў, — расказвае начальнiк службы экалагiчнай iнфармацыi дзяржаўнай установы «Рэспублiканскi цэнтр па гiдраметэаралогii, кантролi радыеактыўнага забруджвання i манiторынгу навакольнага асяроддзя» Мiнпрыроды Алена БАГАДЗЯЖ. — Шматгадовыя даныя паказваюць, што паступова канцэнтрацыi як асноўных, так i спецыфiчных забруджвальных рэчываў у большасцi гарадоў знiжаюцца. Якасць паветра ў цяперашнi час стабiльна добрая.

Так, па словах спецыялiста, у параўнаннi з 2001 годам утрыманне аксiду вугляроду ў атмасферным паветры зменшылася ў 2,4—3,5 раза ў Мiнску, Вiцебску, Гродне, Магiлёве. Аднак у Брэсце i Гомелi назiраецца пэўнае павелiчэнне ўзроўню забруджвання паветра гэтым рэчывам.

У некаторых раёнах гарадоў у асобныя перыяды года бываюць перавышэннi па паказчыках пэўных забруджвальнiкаў. Напрыклад, дэфiцыт ападкаў i вецер, якiя ў апошнiя гады часта назiраюцца вясной, правакуюць павелiчэнне ўтрымання ў паветры цвёрдых часцiц.

— Але паколькi метэаралагiчныя ўмовы змяняюцца ў нас даволi часта, перыяды з павышанай канцэнтрацыяй шкодных рэчываў непрацяглыя, — адзначае Алена Пятроўна.

Хто забруджвае ваду?

У 1993 годзе ў краiне налiчвалася 128 пунктаў назiрання паверхневых вод. Сёння за iх якасцю сочаць на 297 пунктах, размешчаных на 160 водных аб'ектах (86 вадацёках i 74 вадаёмах).

Тэндэнцыi, якiя мы назiраем апошнiм часам, сведчаць пра знiжэнне ўтрымання злучэнняў азоту i фосфару ў паверхневых водах у тры i больш разы ў параўнаннi з пачаткам 1990-х гадоў, адзначае спецыялiст. У цэлым стан паверхневых водных аб'ектаў добры.

Найбольшую антрапагенную нагрузку зазнаюць яны ў басейнах Заходняга Буга, Дняпра i Прыпяцi. Асноўныя крынiцы забруджвання паверхневых вод — сцёкавыя воды i дыфузны сцёк (тое, што трапляе з паверхневым змывам з тэрыторый гарадоў, палёў, жывёлагадоўчых ферм). Самыя ж чыстыя водныя аб'екты знаходзяцца ў басейнах Заходняй Дзвiны i Нёмана.

Акрамя антрапагенных фактараў, на стан паверхневых вод уплываюць i гiдраметэаралагiчныя ўмовы. Так, у межанны перыяд, пры нiзкiх узроўнях вады ў рэках i азёрах узрастае бiягеннае забруджванне водных аб'ектаў. Моцныя лiўнi ў перыяд гарачынi спрыяюць павелiчэнню тэмпературы вады, знiжэнню ў ёй канцэнтрацыi кiслароду i павелiчэнню бiягенных i арганiчных рэчываў.

Стаўка на экатэхналогii

— Планамернае ўкараненне на прадпрыемствах экалагiчных тэхналогiй, якiя ўплываюць на якасць паверхневых вод i атмасфернага паветра, змена транспартнага парку, прыродаахоўная палiтыка дзяржавы — усё гэта разам паўплывала на паляпшэнне стану навакольнага асяроддзя, — кажа Алена Багадзяж. — Што датычыцца паверхневых вод, то цяпер наша краiна паступова адыходзiць ад практыкi, калi ў якасцi прыёмнiкаў сцёкавых вод выкарыстоўвалiся азёры. Разам з павышэннем эфектыўнасцi ачысткi гэта паспрыяла i паляпшэнню стану водных аб'ектаў.

Сiстэма манiторынгу таксама развiвалася. За апошнiя 25-30 гадоў сетка назiранняў значна пашырылася, асаблiва ў пачатку 2000-х гадоў, калi дзяржаўныя праграмы па функцыянаваннi i падтрымцы развiцця НСМНА былi накiраваны на пашырэнне сетак i развiццё тэхналогiй.

Сёння ў гэтай сiстэме выкарыстоўваюцца больш дасканалыя тэхналогii, высокадакладныя прыборы i адпаведныя методыкi, аўтаматызаваныя сiстэмы манiторынгу паветра. Усе лабараторыi, што праводзяць манiторынг паверхневых вод i атмасфернага паветра, акрэдытаваныя на адпаведнасць патрабаванням мiжнароднага стандарту ISO 17025.

Многiя вiды назiранняў у нашай краiне праводзяцца даволi даўно. Так, за станам атмасфернага паветра сочаць з 1965 года, за якасцю паверхневых вод — з 1940-х гадоў, радыяцыйны манiторынг праводзяць з 1980-х. У 1993 годзе ўсе вiды экалагiчнага манiторынгу, якiя iснавалi тады, былi ўключаны ў Нацыянальную сiстэму манiторынгу навакольнага асяроддзя. Арганiзацыю i каардынацыю яе функцыянавання ажыццяўляе Мiнпрыроды.

Веранiка КОЛАСАВА

Прэв’ю: momo78.ru

Загаловак у газеце: Празрыстыя, чыстыя, бяспечныя

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.