Вы тут

Шэсце. Гулянні. Фантан. Салют


3 ліпеня Беларусь адзначала Дзень Незалежнасці


Памятныя мерапрыемствы і святочныя ўрачыстасці з нагоды Дня Незалежнасці прайшлі па ўсёй краіне. У Мінску адной з галоўных падзей стала патрыятычнае шэсце «Беларусь памятае».

…Дождж, які зарадзіў з самай раніцы, нібы па ўзмаху звыш спыніўся да дзесяці гадзін. У гэты час калона з тысяч мінчан і гасцей горада накіравалася па сталічным праспекце Незалежнасці да плошчы Перамогі. Гучалі папулярныя савецкія і беларускія ваенна-патрыятычныя песні. У руках людзей былі кветкі і партрэты герояў-пераможцаў як сімвал падзякі і памяці. Ветэранаў, што рухаліся на аўтамабілях, сустракала моладзь. І разам з ёй — Прэзідэнт Беларусі. У шматлюднай калоне — сыны Прэзідэнта, ветэраны, воіны-інтэрнацыяналісты, кіраўнікі дзяржаўных органаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў і духавенства, вядомыя артысты і спартсмены. Побач з дарослымі — піянеры і кадэты. Гэта сапраўдная эстафета памяці, якая сімвалізавала моцную сувязь пакаленняў. Наперадзе калоны — шарэнга вайскоўцаў роты ганаровай варты з 16‑метровай кветкавай гірляндай у руках. Яе ўскладалі да Вечнага агню на плошчы Перамогі.

На гэтай цырымоніі з нагоды Дня Незалежнасці Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выступіў з прамовай:

— Паважаныя суайчыннікі, дарагія ветэраны, паважаныя госці нашай сталіцы! Дазвольце ад імя беларускага народа павіншаваць усіх вас з Днём Незалежнасці нашай Беларусі! Тут, на гэтым святым месцы мы аддаем даніну памяці героям, якія змагаліся за нашу зямлю і набліжалі гэты дзень Вялікай Перамогі. У гады Вялікай Айчыннай вайны беларускі народ зрабіў гістарычны выбар — паставіў сваю свабоду вышэй за сваё жыццё. Іншага выбару і быць не магло ў нашчадкаў старажытнага славянскага народа — моцнага, гордага і незалежнага. Народа, які ніколі і нікога не занявольваў. Народа, які сам ніколі не быў рабом. Таму непрымірымая барацьба з захопнікамі ішла на нашай зямлі з першага і да апошняга дня акупацыі. Партызаны, падпольшчыкі, мірныя жыхары, якія ім дапамагалі — мільёны людзей свядома ішлі на смерць, не жадаючы служыць нацыстам. У шэрагах Мінскага падполля з ворагам змагаліся тысячы савецкіх мінчан. Сотні герояў падполля ў Мінску былі закатаваны ў падвалах СД, расстраляны альбо павешаны. І мы не знойдзем у Еўропе іншы такі горад, у якім ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму дзейнічаў такі масавы рух супраціву.

Цяпер менавіта той час, калі трэба, каб яшчэ гучней гучалі імёны Івана Кавалёва, Ісая Казінца, Дзмітрыя Караткевіча, Уладзіміра Амельянюка, Івана Кабушкіна і многіх-многіх іншых. Гэта сапраўдныя патрыёты, рэальныя, непрыдуманыя героі. Нашы суайчыннікі, якія так мала жылі, але так шмат змаглі зрабіць для нашай Айчыны! Разам з імі мы страцілі ў той вайне кожнага трэцяга жыхара краіны. Не стамляемся гэта паўтараць для тых, хто робіць выгляд, што не ведае, якую велізарную цану заплаціў наш народ за жыццё і свабоду будучых пакаленняў. Беларусь памятае і воінаў брацкіх рэспублік, якія прынялі апошні бой на нашай зямлі. Беларусь памятае ўсіх, хто вызваляў ад фашызму Прыбалтыку і Польшчу, Балгарыю і Румынію, Венгрыю і Аўстрыю, Чэхію і Германію і застаўся там навечна пад абеліскамі. Мы смуткуем аб ветэранах, якіх ужо няма з намі. Давайце ж светлую памяць усіх герояў Вялікай Айчыннай вайны ўшануем мінутай маўчання! (Мінута маўчання).

Асаблівыя словы падзякі Прэзідэнт адрасаваў ветэранам, якія і цяпер усё яшчэ разам з намі:

— Дзякуй вам за тое, што выстаялі і абаранілі Радзіму! Ваша бязмежная мужнасць, стойкасць і патрыятызм сталі тым арыенцірам, які дапамагаў і дапамагае нам трымаць любыя ўдары сучаснасці.

Так, мы разам будуем нашу незалежную дзяржаву. Мы ганарымся сваёй гісторыяй і беражом памяць аб гераічным мінулым. Беларусь — міралюбная дзяржава і будзе такой заўсёды. Мы выступаем за дыялог краін і народаў, за ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва выключна на раўнапраўнай аснове. Але сучасны свет становіцца ўсё больш складаным і небяспечным. І сёння многія задаюцца пытаннем: што будзе заўтра? Адказ просты: наша будучыня залежыць толькі ад нас саміх. Ніхто не ў стане пахіснуць звонку тую стабільнасць і незалежнасць, якія сёння ў Беларусі. Толькі мы можам вяршыць лёсы свайго народа на гэтай зямлі. Усё залежыць толькі ад нас. Моц і сілу дзяржавы, непахіснасць яе суверэнітэту вызначае народ сваёй працай, адзінствам і адданасцю роднай зямлі.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што 3 ліпеня — сімвалічны дзень. Ды і ўсё жыццё чалавека, на яго погляд, тым больш дзяржавы, створана з сімвалаў:

— Гэта вялікі сімвалізм, які мы назіраем сёння па ўсёй краіне. Тут, у гэтай тысячнай калоне разам са старымі, ветэранамі, пакаленнем пасляваенных гадоў — наша моладзь. І гэта галоўны сімвал сённяшняга дня. Памятайце, пакуль мы разам са сваімі дзецьмі прыходзім да мемарыялаў і абеліскаў, Гасподзь будзе з намі, ён нас заўсёды зможа абараніць ад бур і нягод. Але як толькі мы забудзем народную сцежку да гэтых велічных месцаў гісторыі нашай краіны, чакайце бяду. Дзе б вы ні былі: у маленькім гарадку, невялікай вёсачцы, аграгарадку, у абласных цэнтрах або сталіцы нашай Радзімы, — праязджаючы міма, не забывайце спыніцца каля маленечкага помніка, каля велічнага абеліска, у вёсцы Боркі і Ала Магілёўскай і Гомельскай абласцей, у легендарнай Брэсцкай крэпасці, тут, у цэнтры нашай сталіцы, не забывайце прыйсці са сваімі дзеткамі і пакласці кветку на гэтыя магілы, палявую кветку! І гэта нам аддасца ў нашым жыцці. Не павінна зарасці народная сцежка. Мы сваімі дзеяннямі, сваімі ўчынкамі павінны даказаць, што Беларусь памятае!

Пасля заканчэння патрыятычнага шэсця Прэзідэнт цёпла пагутарыў з ветэранамі, прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса, жыхарамі Мінска, якія прыйшлі на ўрачыстасць.

— Пакуль вы жывыя, вайны не будзе дакладна, — сказаў Кіраўнік дзяржавы ветэранам. Словы падзякі ён адрасаваў не толькі тым, хто заваяваў Перамогу на палях бітваў, але і тым, хто аднаўляў краіну і гарады ў цяжкія пасляваенныя гады.

— Усё будзе добра, мы нікому нічога свайго не аддадзім, але і чужое нам не трэба, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

А напярэдадні Прэзідэнт Беларусі выступаў на ўрачыстым сходзе да Дня Незалежнасці. І там таксама былі віншаванні з галоўным дзяржаўным святам, які стаў сімвалам свабоды беларускага народа. Народа, які перамог смерць у самай страшнай вайне ў гісторыі чалавецтва.

Пра што яшчэ было сказана? Пра тое, што Вялікая Айчынная вайна стала вайной за жыццё, за само існаванне нацыі. Вайной за месца беларусаў у гісторыі, за месца маладой савецкай рэспублікі на карце свету. Гады акупацыі наглядна і жорстка паказалі людзям сапраўдны сэнс такіх паняццяў як бяспека, свабода, суверэнітэт і незалежнасць. Гэтыя каштоўнасці маглі быць страчаныя назаўсёды, але былі здабытыя ў дзень вызвалення сталіцы — горада Мінска.

З тых часоў змянілася амаль чатыры пакаленні беларусаў. Але памяць пра герояў, якія падарылі будучыню, жыве ў сэрцах. У ёй шмат болю, але яшчэ больш гонару. У ёй усведамленне, што ўсе мы, сучасныя беларусы, з’яўляемся носьбітамі гена Пераможцаў.

Так, тое, што ў далёкім 45‑м беларускі народ абараніў сваю незалежнасць са зброяй у руках, — гэта сур’ёзны аргумент супраць любога ўмяшання ў жыццё краіны. Але сёння мала падхапіць гістарычны Сцяг Перамогі бацькоў і дзядоў, з гонарам пранесці яго і перадаць дзецям. Надышоў час абараніць гонар сцяга пераможцаў. Калі мы бачым, што нават нашчадкі народаў, выратаваных 75 гадоў таму ад фашысцкага рабства і генацыду, бураць помнікі савецкім воінам і гераізуюць нацыстаў, мы разумеем, што вайна, на жаль, не скончылася. Яна працягваецца ў культурнай, інфармацыйнай, палітычнай і эканамічнай сферах.

Усведамленне таго, што нашы продкі былі вялікімі людзьмі, — гэта тое, што дае кожнаму новаму пакаленню пачуццё самадастатковасці і гонару за сваё паходжанне, робіць нацыю моцнай і незалежнай. Менавіта гераічныя падзеі мінулага фарміруюць нацыянальную ідэнтычнасць народа і аб’ядноўваюць яго.

Таму любыя спробы дыскрэдытаваць пакаленне пераможцаў варта расцэньваць як замах на суверэнітэт, носьбітам якога з’яўляецца і беларускі народ, адзначаў Прэзідэнт. І трэба разумець, што нашчадкі і ідэйныя паслядоўнікі тых, хто стаяў па іншую лінію фронту, не пакінуць спробы перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны або аддаць яе забыццю. Але мы не можам, проста не маем права дапусціць гэтага. Не маем права ў імя памяці тых, хто аддаў жыццё за свабоду беларускай зямлі, за яе сучаснасць і будучыню. Гісторыяграфія Вялікай Айчыннай вайны — гэта больш за 260 лагераў смерці, больш за 140 карных аперацый на тэрыторыі Беларусі, больш за тры гады нечалавечых пакут беларусаў у акупацыі — у балотах, зямлянках. Гэтая памяць ушанаваная ў больш чым васьмі тысячах мемарыяльных помнікаў, у архіўных кінастужках і дакументах. Яна жыве ў народнай ініцыятыве «Беларусь памятае». І сёння важна не толькі захаваць, але і аддаць галоснасці ўсе архіўныя фонды. Гэта пакет контраргументаў, які дапаможа будучым пакаленням беларусаў захаваць гераічную спадчыну сваёй краіны.

У гэты святочны дзень традыцыйна ўспамінаюць савецкую эпоху, якая дала беларусам магчымасць упершыню ў сваёй гісторыі пабудаваць эканамічны падмурак будучыні легітымнай дзяржавы — рэспубліку з усімі нацыянальнымі атрыбутамі: беларускімі сцягам, гербам і гімнам. Але ў найноўшы час нашаму пакаленню выпаў гонар рэалізаваць абсалютнае права на дзяржаўны суверэнітэт і незалежнасць. На шчасце, без крыві і ўзрушэнняў. І мы зрабілі гэта, падкрэсліў Прэзідэнт, выбраўшы шлях пераемнасці палітычных, культурных і сацыяльных традыцый — свой, а не навязаны знешнімі сіламі гістарычны шлях. Калі мы хочам быць суверэннымі і незалежнымі, нам трэба ісці на гэта спакойна, не ўступаючы ў канфлікты ні з якімі суседзямі, далёкімі або блізкімі. І важна тое, што за гады незалежнасці мы здолелі захаваць у грамадстве гармонію розных традыцый і моў, навучыліся прымаць і шанаваць дасягненні розных гістарычных эпох, паважаць канфесійны выбар адзін аднаго, гаварыць аб нацыянальнай і палітычнай сталасці нашага народа. Гэта значыць, мы гатовыя канчаткова пабудаваць нашу незалежную краіну.

Відавочна, што шматвяковая гісторыя Беларусі прадвызначыла яе духоўную блізкасць з брацкімі народамі, знешнеэканамічную і знешнепалітычную шматвектарнасць. Мы з’яўляемся не толькі гістарычным, але і сучасным цэнтрам Еўропы. За чвэрць стагоддзя сфарміраваліся ў культурна і духоўна адзіны незалежны беларускі народ. Але час ставіць нас перад новым выклікам. Выклікам, які выпрабоўвае на трываласць многія дзяржавы, саюзы, а таксама адносіны паміж краінамі. Свет на мяжы змены эпох, якая зноў падзеліць яго гісторыю на «да» і «пасля». І кожны думаючы чалавек задаецца сёння пытаннем: якое месца ў геапалітычнай прасторы ў найбліжэйшай будучыні зойме Беларусь?

Іншымі словамі, як важна застацца беларусамі, якія ў самыя цяжкія часы выходзілі пераможцамі. Беларусамі, якія заўсёды ставіліся з вялікай павагай да таго, што было зроблена папярэднікамі. Беларусамі, якія заўсёды абапіраліся на спрадвечныя традыцыі ў культурным, навуковым, вытворчым, палітычным і грамадскім жыцці краіны. Менавіта гэтая пераемнасць зрабіла нас незалежным народам, самадастатковым і самастойным ў выбары свайго лёсу. І сёння як ніколі мы павінны моцна трымаць у руках сваё мінулае, сучаснасць і, галоўнае, будучыню. Мы павінны захаваць суверэнітэт краіны, яе незалежнасць!

Вядомы расійскі банкір Герман Грэф менавіта 3 ліпеня прыехаў у Беларусь з місіяй паўдзельнічаць у адкрыцці эфектнага фантана на рацэ Свіслач. Гэта падарунак да Дня Незалежнасці ад Ашчадбанка Расіі і сімвал добрага супрацоўніцтва. А перад прыгожай цырымоніяй Аляксандр Лукашэнка знайшоў час, каб абмеркаваць з Германам Грэфам важныя эканамічныя пытанні:

— Мне прыемна вас бачыць у Мінску як чалавека неабыякавага да развіцця Беларусі. Я вельмі часта думаю пра нашы стасункі і пачынаю задаваць сабе пытанне: як магло так здарыцца, што людзі з адносна рознымі не палітычнымі нават, а эканамічнымі поглядамі могуць вось так блізка сысціся і нават сябраваць? Я рады нашым адносінам. І паколькі ў нас банкаўскае гэтае пытанне раптам паўстала, я пачынаю супастаўляць і параўноўваць. Нядаўна я публічна сказаў пра гэта: ёсць жа ў нас расійскія банкі, якія сумленна і прыстойна працуюць.

Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі актыўна ўкараняюць тыя тэхналогіі, якія прыўносіць гэты буйны расійскі банк:

— І заўсёды вы мне нешта новае, перспектыўнае расказваеце, што мы потым паволі ўкараняем у Беларусі. Ну і, вядома, сёння адзін з такіх інавацыйных праектаў, які вы народу Беларусі ў Дзень Незалежнасці вырашылі падараваць, — гэта сістэма фантанаў.

Герман Грэф заўважыў, што Ашчадбанк ужо будаваў фантаны ў розных гарадах Расіі, але такі — упершыню:

— Мы падарылі фантаны многім расійскім гарадам на плошчах, але ніколі не будавалі фантан на вадзе. І атрымаўся ён грандыёзным… Мне падаецца, што гэта сапраўды будзе ад нас з вамі падарунак жыхарам Мінска і жыхарам рэспублікі.

Герман Грэф таксама дадаў, што яму вельмі прыемна быць у гэты дзень у Мінску.

— У мінулым годзе мы праводзілі тут Ашчадбанкіяду, прыязджалі больш за 2,5 тысячы ўдзельнікаў. І мы з вамі год таму дамовіліся, што 3 ліпеня адкрыем тут фантан, — адзначыў ён.

Пасля перамоў Аляксандр Лукашэнка і Герман Грэф прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця святламузычнага фантана, размешчанага ў акваторыі Свіслачы. Паглядзець на мультымедыйнае шоў, аналагаў якому ў краіне яшчэ не было, у мінскім Парку імя Янкі Купалы познім вечарам сабраліся тысячы гледачоў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзякуючы гэтаму праекту набярэжная Свіслачы зайграе новымі фарбамі і стане цэнтрам прыцягнення для моладзі і новай пляцоўкай для рэалізацыі цікавых праектаў:

— Я вельмі хачу, каб іх было як мага больш. Цікавых, дынамічных, крэатыўных, такіх, якія зробяць жыццё горада яшчэ больш яркім. Безумоўна, гэты святочны летні вечар належыць нашай моладзі. Хай ён падорыць усім вам незабыўныя ўражанні і стане пачаткам новай культурнай гісторыі начнога Мінска.

Мультымедыйны фантанны комплекс, выкананы ў форме прамавугольніка даўжынёй 90 метраў і шырынёй 16 метраў, стаў самым буйным у краіне. Водную феерыю ўтвараюць каля двухсот струменяў, падымаюцца яны на вышыню да трыццаці метраў і могуць ствараць разнастайныя эфекты. Канцэпцыя разумнага фантана — гэта таксама магчымасць «трансляцыі» асветніцкіх праграм на спецыяльным водным экране.

Яшчэ больш эфектную кропку, а дакладней, клічнік у святкаванні Дня Незалежнасці ў Мінску паставіў феерычны салют — маляўнічы і красамоўны.

Уладзімір Веліхаў

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».