Вы тут

Рэспубліканскі маладзёжны цягнік «#Беларусь. Моладзь. Натхненне» прыбыў на станцыю Мінск-Пасажырскі


Рэспубліканскі маладзёжны цягнік «#Беларусь. Моладзь. Натхненне», які стартаваў тыдзень таму ў Віцебску, прыбыў на станцыю Мінск-Пасажырскі. Яго ўдзельнікі — актывісты БРСМ — правялі ўрачыстую цырымонію ўскладання кветак да стэлы «Мінск — горад-герой», арганізавалі экскурсію па музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а па завяршэнні ў зале музея адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння сертыфікатаў усім удзельнікам.


Праект Міністэрства адукацыі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай чыгункі аб'яднаў каля 90 хлопцаў і дзяўчат ад 18 да 31 года з розных рэгіёнаў — таленавітых навучэнцаў, студэнтаў, маладых навукоўцаў, пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіяд, стыпендыятаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта, спартсменаў, рабочую і сельскую моладзь, удзельнікаў студатрадаўскага руху, валанцёраў. Усяго за тыдзень на аздобленым сімволікай праекта чыгуначным саставе маладыя хлопцы і дзяўчаты праехалі ўсе абласныя гарады і некалькі раённых цэнтраў па маршруце Віцебск — Шклоў — Магілёў — Гомель — Пінск — Брэст — Гродна — Маладзечна — Мінск. Агульная працягласць склала 1413 кіламетраў.

У кожным з пунктаў прыбыцця моладзь правяла сустрэчы з кіраўніцтвам аблвыканкамаў і райвыканкамаў, адкрытыя дыялогі з кіраўнікамі арганізацый, дэпутатамі, лідарамі грамадскіх арганізацый, наведала мемарыяльныя комплексы і знакавыя аб'екты, сустрэлася з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і працы. Актывісты ўсклалі кветкі да мемарыяльных комплексаў «Буйніцкае поле», «Ала», «Вызваліцелям Пінска», «Брэсцкая крэпасць-герой», да мемарыяльнага комплексу ў гонар вызваліцеляў Маладзечна і да манумента Перамогі ў Мінску. А таксама яны ўдзельнічалі ў дабрачынных і працоўных акцыях, розных трэнінгах, майстар-класах, музычна-патрыятычных канцэртах і спартыўных спаборніцтвах.

Кіраўнік цягніка дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргей СЫРАНКОЎ упэўнены, што такі праект спрыяе развіццю і рэалізацыі грамадска значных ініцыятыў, папулярызацыі маладзёжнага руху краіны, аб'яднанню намаганняў моладзі для рэалізацыі сацыяльна значнай дзейнасці, а таксама падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі. «Мы лічым, што тая энергія, якой мы зарадзіліся, наведваючы рэгіёны, размаўляючы з кіраўніцтвам рэгіёнаў, з найлепшымі прадстаўнікамі маладзёжнага асяроддзя, працоўнымі калектывамі, грамадскімі арганізацыямі, — гэты драйв мы пранеслі па ўсёй краіне. Упэўнены, што гэта стане чарговым крокам да далейшай кансалідацыі маладзёжнага асяроддзя».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Зараджаныя эмоцыямі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.