Вы тут

Гісторыя сям'і з Луганскай вобласці Украіны, якія знайшлі сваё шчасце ў палескім гарадку


Сімпатычны пяціпавярховік у маладым мікрараёне калійшчыкаў у Петрыкаве, што на Гомельшчыне... У новабудоўлі для работнікаў горна-абагачальнага камбіната сваё першае жыллё атрымала сям'я Аляксандра Бандарэнкі і Яны Сцепаненкі. Навасёлы — перасяленцы з Луганскай вобласці Украіны. Менавіта ў палескім гарадку яны знайшлі сваё простае жыццёвае шчасце, а сэрца назаўжды аддалі Беларусі.


«Інтэрн-экстрэмал...»

Пяць гадоў таму маладыя людзі — ураджэнцы Свярдлоўска, што на Луганшчыне, пакінулі родны горад і паехалі шукаць новай долі ў Петрыкаў. Яна Сцепаненка — урач-кардыёлаг, яе сужэнец Аляксандр Бандарэнка — горнавыратавальнік.

— У 2014 годзе я заканчвала навучанне ў медыцынскім універсітэце ў Сімферопалі, — цяпер ужо паўнавартасная петрыкаўчанка Яна Сцепаненка згадвае, як усё пачыналася. — У інтэрнатуру накіравалі ў Луганск. Я прыехала, а на маёй малой радзіме — баі.

Яе родны Свярдлоўск — за 30 кіламетраў ад расійскай граніцы. Баявыя дзеянні праходзілі фактычна тут жа за горадам. На ўскраіне — амаль усе будынкі, кажа, тады знеслі «да крошкі»:

— Былую жаночую калонію цалкам зруйнавалі снарадамі. Аднойчы шахцёры вярталіся з работы на аўтобусе, і хтосьці, незразумела з якога боку, ноччу пачаў страляць па транспарце, загінула шмат людзей. Амаль штодня гучала паветраная трывога. За некалькі соцень метраў ад майго бацькоўскага дому падарвалі машыну з боепрыпасамі, яны дэтанавалі, сыплючы асколкамі ва ўсе бакі.

Інтэрна медуніверсітэта Яну Сцепаненку накіравалі ў райбальніцу Луганска.

— Прыйшла ў тэрапеўтычнае аддзяленне на 70 ложкаў. Высветлілася, што з-за баявога становішча больш за 30 % усіх урачоў з'ехалі. Працаваць няма каму. Атрымалася, што загадчык бальніцы, да якой я прыйшла праходзіць інтэрнатуру, паставіла мяне выконваць абавязкі загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення, а я толькі першы тыдзень пасля ўніверсітэта. Гэта быў сапраўды экстрэмальны вопыт, — успамінае Яна.

Тое, што зарплаты не плацілі, кажа малады ўрач, было паўбяды. Увогуле незразумела стала, як жыць, працаваць. Луганскі медуніверсітэт, які накіраваў у інтэрнатуру, — тэрыторыя непрызнанай Луганскай Народнай Рэспублікі. Выходзіла, што ўвесь час, які яна вучылася ў Крыме, афіцыйна нельга пацвердзіць, бо не маглі растлумачыць, ці будуць увогуле выдаваць дыпломы без украінскіх пячатак і афіцыйных дакументаў.

«Гэтая дзяўчына нарадзілася, каб прыехаць менавіта да нас...»

Яна працавала ў ЛНР дзевяць месяцаў. Потым напісала ліст па электроннай пошце ў Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт. Адказалі даволі аператыўна: ёсць магчымасць прайсці інтэрнатуру ў Беларусі, нават на «бюджэце». Яна не верыла свайму шчасцю. Умовы беларускага боку былі — самастойна знайсці месца для замацавання ў якасці інтэрна і адпрацаваць абавязковыя два гады пасля заканчэння.

— Я адразу падумала пра Петрыкаў. Гэта радзіма маёй маці, тут жывуць яе сваякі. Ёсць стары дом, які застаўся ад бабулі. Хоць гэта маёмасць чужая, але была магчымасць пажыць пэўны час.

Рызыкаваць і пераязджаць у чужую старонку вырашылі разам — доктар і яе малады чалавек — Аляксандр, які пакінуў работу ў вугальнай шахце.

Прыехалі спачатку ў разведку. Шматпакутны інтэрн адразу скіравалася ў Петрыкаўскую райбальніцу, высветліла, ці ёсць магчымасць уладкавацца на работу.

— Мяне сустрэлі літаральна, як кажуць, з распасцёртымі абдымкамі. Спецыялістаў не хапала. Прапанавалі нават некалькі варыянтаў.

Месяцы інтэрнатуры, якія прайшла дзяўчына ў Луганску, не залічылі.

— У Луганску я была ўрачом сямейнай медыцыны — гэта як у Беларусі ўрач агульнай практыкі, — кажа цяпер ужо былы інтэрн Яна Сцепаненка, якая ў Петрыкаве абрала кардыялогію. — Усю інтэрнатуру прайшла тут жа. Нагоды ехаць у Гомель не было, бо існавала магчымасць усё прайсці на практыцы. Маё аддзяленне — тэрапеўтычнае, але з пэўнымі вузкімі кірункамі: кардыялагічныя хворыя, дыябетыкі, пацыенты з цэрэбраваскулярнымі і рэўматалагічнымі захворваннямі.

Урач шчыра прызнаецца: было ўражанне, што лёс нездарма прывёў яе ў гэты куток Палесся.

— Мне пашанцавала застаць «старую школу» ўсёй петрыкаўскай медыцыны. Мой хросны бацька ў спецыяльнасці, настаўнік па прафесіі Канстанцін Ісакавіч Лапета, тады загадчык аддзялення, вельмі цёпла прыняў у свой калектыў. Чалавек шчодры на веды — дзяліўся вопытам, рыхтаваў мяне да работы вельмі шчыра, нават натхнёна. Я ўдзячная, бо за час інтэрнатуры Канстанцін Ісакавіч зрабіў з мяне сапраўднага ўрача і ўвогуле дазволіў праверыць свае веды, сваю прыдатнасць як спецыяліста.

«Прырастаеш не да месца, а да тых, хто побач...»

Калі прыехалі ў Петрыкаў, атрымалася, што Яна хутка знайшла работу, яе прынялі людзі і калектыў. Аляксандр, наадварот, сустрэўся з цяжкасцямі пасля пераезду. З юрыдычнага боку для Яны палёгкай сталі яе этнічна беларускія карані па маці.

А вось сужэнец доктара Яны — Аляксандр Бандарэнка, вопытны горнарабочы шахты імя Свярдлова ў Луганскай вобласці, — тут, у Петрыкаве, не мог працаўладкавацца. На работу не бралі нават па рабочай візе. Яна і Саша пажаніліся. Аформілі пасведчанне на права жыхарства, а пасля «спакусілі» перабрацца ў Петрыкаў са Свярдлоўска бацькоў Яны. Жылі разам з імі ў старым бабуліным доме.

— Спачатку быў смутак па родных месцах, але вельмі добра пераключала і нават выратоўвала тое, што мы ж абралі самае прыгожае месца: вакол такія мясціны — лес, прырода, няма калі сумаваць, — згадвае Яна, а ў размове міжволі ўсё ж такі домам называе родную Луганшчыну. — У Свярдлоўску засталася мая бабуля па бацьку. Ездзілі туды раз на паўгода. Спачатку нават меркавалі, што скончацца ваенныя дзеянні — і мы вернемся назад. Пасля хутка прызвычаіліся да добрага. Адчулі кантраст: у родных мясцінах, на жаль, бедна, брудна, няўтульна і, здаецца, няма ніякай перспектывы. На Беларусі — чыста, парадак паўсюль. Цяпер больш нікуды не збіраемся.

Аляксандр неспадзявана для сябе менавіта ў Петрыкаве знайшоў самае добрае месца работы.

— Выпадкова наш сваяк, які вучыўся ў Салігорску, прачытаў у мясцовай газеце, што для работы на Петрыкаўскі горна-абагачальны камбінат, які толькі пачыналі тады будаваць, шукаюць горных выратавальнікаў, — тлумачыць сямейная пара. — Саша паехаў на сумоўе — адразу ж прынялі на работу.

У рабоце ўчарашняга інтэрна Яны Сцепаненка таксама неспадзявана для яе адбыліся значныя перамены:

— Я не лічылася маладым спецыялістам, бо паводле закона прыехала толькі на інтэрнатуру. З аднаго боку, гэта пазбавіла мяне магчымых прывілеяў, але з другога, мяне як «немаладога інтэрна» адразу, як скончыла інтэрнатуру, назначылі загадчыкам паліклінікі, пасля і загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення.

«Уходзіны...»

Аляксандр і Яна былі шчыра ўражаны, што, нягледзячы на сваё становішча перасяленцаў з пасведчаннем на права жыхарства, у Петрыкаве для іх не рабілі ніякіх абмежаванняў у плане сацыяльнай падтрымкі маладой сям'і.

— Нас паставілі ў чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Былі варыянты атрымаць нават сацыяльнае жыллё. Калі для работнікаў Петрыкаўскага ГАКа сталі будаваць новыя дамы — арэнднае жыллё — мы падалі свае дакументы.

Дзевяць месяцаў таму ў сям'і нарадзілася дачушка Марыя. Маладая маці атрымлівае дапамогу на дзіця і зноў прыемна дзівіцца, што магчыма такая падтрымка ад дзяржавы.

А не так даўно Яна, Аляксандр і маленькая Маша засяліліся ў новую кватэру. Атрымалі трохпакаёвую. Маладая маці жартуе — гэта на будучыню, каб яшчэ нарадзілі новых жыхароў Петрыкава.

Дарэчы, добра абжыліся ў новай мясціне і бацькі перспектыўнага кардыёлага, доктара Яны — Ірына Барысаўна і Вячаслаў Гарыевіч Сцепаненкі. Тры гады таму ў вёсцы Макарычы, што за шэсць кіламетраў ад Петрыкава, яны набылі праз аўкцыён стары сельскі Дом культуры. Спачатку ідэя здавалася на мяжы дзівацтва, але рызыкнулі. Памяшканне ў 240 «квадратаў» сваімі сіламі адрамантавалі, перавялі ў статус жылля. Цяпер робяць касметычны рамонт і рыхтуюцца ў хуткім часе адкрыць уласную аграсядзібу.

Дарэчы, адзначае сям'я Сцепаненка, іх поспеху з гэтым праектам у пэўнай ступені паспрыяла вельмі спагадлівая дапамога раённых службаў дзяржмаёмасці.

У маладой сям'і доктара і гарняка цяпер іншая мара — каб Аляксандр паступіў ва ўніверсітэт і далей будаваў кар'еру на камбінаце.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва гераіні

Загаловак у газеце: Дзе першы раз спазнала шчасце...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».