26 верасня, субота

Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


m.news.yandex.ru

...Што таксама сродак!

Так павялося, што ў прысутнасцi майго мужа нiхто не расказвае анекдотаў пра цешчу, а пры мне — пра свякроў. Тэма — пад забаронай, бо матулi ў нас проста залатыя былi: i з дзецьмi нам заўжды памагалi, i з грашыма... А таму, калi пастарэлi, ужо мы, усёй сям'ёй, часцяком праведвалi, клапацiлiся пра маю матулю (яна, дзякуй богу, блiзка жыла) i на зiму забiралi з хутара свякроў.

Помню, як перавезлi яе ўпершыню, як спачатку яна хадзiла тут з кута ў кут i не знаходзiла сабе нiякiх заняткаў, як да ўсяго прыглядалася. Я, напрыклад, iду на кухню есцi гатаваць, i яна за мной. Сядзе на табурэтку i глядзiць... Альбо нехта ў краму iдзе. I яна тады падхопiцца: «А ў якую? А што трэба купiць? А вазьмiце мяне...»

Я думала, што гэта проста так, з жаночай цiкавасцi, а яна неяк кажа: «Iдзi, адпачнi. Я ж таксама не зломак. Што я, вам блiноў не спяку?»

Вось так, паступова, яна стала браць на сябе частку хатняй работы: пакуль магла, любiла хадзiць у крамы i ездзiць на рынак (ёй гэта вельмi цiкава было, бо сама гадоў з дзесяцi працавала ў гандлi), нешта гатаваць, выпраўляць у школу дзяцей (сачыць, каб пад'елi, добра адзелiся, каб нiчога не забылi)...

I адзiнае, што ёй тады перашкаджала, — гэта галаўны боль: разбалiцца, бывае, галава, а з хворай...

У той дзень ёй на рынак трэба было. Дарога туды вядомая i пад настрой: альбо два прыпынкi пехатой, альбо на аўтобусе.

Бабуля (як потым расказвала) паехала. Спачатку пахадзiла там, паглядзела на цэны — разнервавалася. Галава яшчэ болей стала балець. Тады яна хуценька ўзяла самае неабходнае i падалася назад на прыпынак. На лаўку паставiла свае цяжкаватыя пакеты, кiнула вокам на тавары ў кiёску... Прачытала: «Сродак ад галаўнога болю». Здзiвiлася, што ў яго нiякай назвы няма. Але ж раптам добры? I чаргi нiякай. Дык чаму б не ўзяць?

— Прыгледзьце тут за маiмi клункамi, — папрасiла нейкага дзядка. — Я ад галавы той сродак вазьму.

— Сабе? — здзiвiўся чамусьцi мужчына.

— А каму ж? — кiнула ў адказ. — У маладых цяпер галовы не баляць.

Карацей, шчаслiвая была, што купiла: i ў аптэку iсцi не трэба было, i аўтобус якраз...

Яна хутка прыехала дамоў, распакавала сумкi, вырашыла крыху адпачыць. А перад тым — дастала той куплены сродак ад галаўнога болю, разгарнула яго i... села. Твар тут жа залiўся чырванню, успомнiўся здзiўлены позiрк дзядка... У абгортцы быў... прэзерватыў, што, вядома ж, сродак... I ад галаўнога болю таксама!

Бабуля (як потым прызналася) доўга смяялася сама, а вечарам ужо i са мной.

Што цiкава, галава ёй потым меней балела, бо калi пачынала, у памяцi адразу ўсплывала тая прыгода. А немцы ж, мусiць, недарэмна гавораць, што смех — гэта здароўе?

А. Мурашка, г. Мiнск


Круцi не круцi, а трэба ўмярцi...

Не мной заўважана, што апошнiм часам вельмi шмат хто любiць страшылкi — навiны аб розных
катастрофах, пажарах, землятрусах. I чым цяжэйшыя там наступствы, тым цiкавей, як быццам, тым болей пра iх размоў. Людзей нiбы нават «грэе», што гэта ж недзе там, што далёка, што нас не закране.

А тут раптам вiрус (i скуль ён толькi ўзяўся?), прычым не дзесьцi, а паўсюль i побач. Можа, у некага на руках, а чалавек глядзiць i нiчога не бачыць. Ён толькi слухае ды тое, што пачуў, далей перадае. Не без таго — крыху дадумаўшы, каб страшней атрымалася... Перафразуючы Ранеўскую, панiка — страшная сiла.

У нас вось адна бабулька захварэла. «Хуткая» да яе на выклiк прыехала — забрала ў бальнiчку. Вулiца ўсё гэта ўбачыла i хуценька свой прысуд: усё, маўляў, капец бабцы Мар'i — вiрус.

Над сям'ёй ды суседзямi («кантактамi ўсiх узроўняў») тут жа павiсла трывога. Людзi пазапiралiся ў хатах. I таму неяк не заўважылi, што тую бабцю абследавалi, нiчога такога не знайшлi i таму больш-менш здаровую прывезлi дамоў...

А не заўважылi — дык значыць i не сцiхлi: чуткi распаўзалiся далей i далей, i пакуль яны да ваколiц дайшлi, тая Мар'я з нейчай падачы ўжо i таго — памерла.

...Таварышку яе, бабку Ганну гэта вельмi засмуцiла — нават да слёз. Але ж плач, не плач — гору не паможаш. «З жывой, — падумала, — мы даўно не сядзелi, дык трэба хоць ля труны... Ну i адвiтацца, у апошнюю дарогу чалавека правесцi».

Карацей, сабралася яна, у хустачку загарнула дзясятку, каб Мар'iнай сям'i пакiнуць. Потым падумала i яшчэ адну дадала...

А ўрэшце захацела пазванiць у хату да нябожчыцы, спытаць, калi ж адпяванне.

Набрала нумар. Ёй хтосьцi адказаў... I нiбыта знаёмы?

— Хто гэта? — папыталася Ганна.

Голас той называе прозвiшча Мар'i...

— ?!

А следам — яе... iмя.

— Дык яна ж памерла?! — устрапянулася Ганна.

— Ага, памерла, — згаджаецца «нябожчыца», — i цяпер з тога свету з табой гаворыць... Кажы, што хацела?

— Дык да цябе на адпяванне прыйсцi... Ужо i сабралася...

Iншая жанчына тут бы ў крыўду, вiдаць, а Мар'я — не.

— Ну сабралася, — кажа, — дык прыходзь, пакуль саму не адпелi.

(Значыць, «камплiмент» за «камплiмент». Абмянялiся.)

Але ж з радасцi, што кабета жывая, баба Ганна падхапiла свайго «канька» (гэта значыць, кавеньку) i «праз магазiн» (трэба ж гасцiнцаў купiць — хоць на адну тую дзясятку) рушыла да таварышкi.

Яны добра пасядзелi тады. Час ад часу казалi адна адной: «Вып'ем, кумка, вып'ем тут, на тым свеце не дадуць...» i чокалiся (вядома ж, не карвалолчыкам). Пра многае пагаварылi. I пра вiрус — таксама, каб яму там пуста было!

А з iншага боку, каб не ён, дык, можа, i не сустрэлiся б?

С. Кузняцоў, Быхаўскi раён


Купанне «Самсунга»

...Гэтую сямейную пару, Алу i Канстанцiна, я ведаю даўно. Паважаныя людзi. Ён — былы мiлiцыянер — выйшаў на пенсiю i гадоў з дзесяць яшчэ працаваў у камунальнай гаспадарцы. Яна таксама адпачываць не спяшаецца, бо хоча i дзецям дапамагчы, i ўнукаў парадаваць, прычым не толькi нейкiмi падарункамi ды прысмакамi.

У горадзе, у кватэры Ала з Канстанцiнам толькi прапiсаны, а жывуць у асноўным на дачы. У iх там — сапраўдны райскi куток! Дай божа, колькi працы, душы i грошай укладзена! Затое цяпер такая прыгажосць, што вачэй не адвесцi. Дыхтоўны вясковы дом, безлiч яблынь i груш, ягадных кустоў, а ўжо на клумбах i градах — дык чаго толькi няма!..

Карацей, руплiвыя гаспадары i надзвычай гасцiнныя. З адкрытай душой прымаюць то родных, то сяброў, то проста знаёмых, i гасцям тады не да вiна з гарэлкай, — яны налюбавацца не могуць усiм, што бачаць, нацешыцца размовамi...

Праўда, у тую нядзелю гасцей чамусьцi не было, неадкладнай работы — як быццам таксама. Вось гаспадыня i захацела адпачыць: пайшла парыбачыць — з вудай пасядзець на блiзкiм возеры.

Праз нейкi час i гаспадар падцягнуўся — захацеў паглядзець, цi клюе...

А як толькi наблiзiўся, — зразумеў: нешта пайшло не так, бо сядзiць яго Ала на кладцы i што — плача?

— Ты чаго? Што зрабiлася? — спытаў у яе. — Нехта пазванiў? (Мабiльнiк Ала заўсёды насiла з сабой).

— Не, — усхлiпнула жонка, — нiхто... I ўжо не пазвонiць, бо ў мяне тэлефона няма... У возера звалiўся... Можа, нырнi, пашукай яго?..

«Ага, зараз — iголку ў стозе сена, — моўчкi выдыхнуў муж, бо возера ў iх сапраўды глыбокае. Ён аднойчы кувалду «ўтапiў», i тое не знайшоў! А тут — можна сказаць, цацка, маленькi тэлефон».

Але ж i праўда, ён грошай каштуе... I жонку шкада.

Давялося раздзецца да трусоў, нырнуць адзiн раз, потым — зноў i зноў.

«Купаўся», карацей, пакуль не ссiнеў ад холаду, пакуль не зазлаваў, не спытаў у жонкi:

— Табе што даражэй, я цi тэлефон? Можа, прасцей будзе новы купiць?

— Але ж там кантакты, — заныла Ала. — Як я iх аднаўлю?

I сапраўды — праблема!

Але ж тут Канстанцiн успомнiў, што ў аднаго суседа па дачы можна ласты ўзяць i маску для падводнага плавання...

У iх таксама «наплаваўся» — да знямогi, можна сказаць...

Не дапамагло.

— Давай я набяру Алiн нумар, — прапанаваў той сусед. — Мабiльнiк зазвонiць — можа, знойдзеш па гуку?

— А навошта? Яго ж пад вадою замкне i ўсё — кранты, — не згадзiўся з прапановай Косця. — Зараз нырну яшчэ раз, але апошнi.

...Не, цуды хай сабе i рэдка, але ўсё ж здараюцца! Варта было Косцю сiгануць у ваду, на самае дно, як там, у глеi i раптам засвяцiўся знаёмы экранчык! Плывец працягнуў руку, схапiў тэлефон i з радасцю паплыў на паверхню: «Ёсць!»

Потым убачылi, што якраз у тую хвiлiну, калi ён нырнуў, Але пазванiла дачка (гуку не было, але ж экран засвяцiўся!). I тым самым дапамагла бацькам у iх нялёгкiм пошуку.

...Аднак самае дзiўнае нават не гэта, а тое, што пасля прасушкi на сонцы тэлефон стаў працаваць як нiчога нiякага, а калi дакладней — дык гэтаксама, як працаваў да свайго «купання» ў возеры, якое доўжылася з добрую гадзiну.

— Вось гэта якасць! — прызнаў тады Канстанцiн. — Трэба вытворцам напiсаць — падзякаваць.

Намеры такiя ў сям'i былi, ды... Не на паперы, як той казаў.

Хiба што зараз: «Дзякуй, «Самсунг»!»

Фаiна Касаткiна, г. Паставы

Рубрыку вядзе Валянцiна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.