Вы тут

У Маларыцкай раённай бальнiцы будзе праведзена рэканструкцыя хiрургiчнага корпуса


Якi змяшчае прыёмнае, гiнекалагiчнае, неўралагiчнае, рэанiмацыйнае аддзяленнi.


Уся сiстэма аховы здароўя Маларыцкага раёна за апошняе дзесяцiгоддзе перажыла паэтапнае грунтоўнае абнаўленне. Зроблены рамонт i ўстаноўлена новае абсталяванне ў амбулаторыях, ФАПах, карпусах цэнтральнай раённай бальнiцы. I вось — добрая навiна пра будучую рэканструкцыю хiрургiчнага корпуса. Работа прадугледжана распараджэннем кiраўнiка дзяржавы «Аб дадатковых мерах па вырашэннi актуальных пытанняў жыццядзейнасцi насельнiцтва». Навiну абмяркоўваюць не толькi ў горадзе, але i ў раёне.

Старшыня Лукаўскага сельскага Савета Алена МАРУК кажа, што раённая бальнiца — аб'ект першарадны для кожнага жыхара раёна, i працягвае:

— Для нас, сельскiх жыхароў, вельмi важна, што перад раённымi дажынкамi 2018 года Лукаўская амбулаторыя лiтаральна перамянiлася. Маю на ўвазе не толькi i не столькi рамонт, паляпшэнне знешняга выгляду i ўмоў працы, колькi найперш сучаснае абсталяванне цэлага шэрагу кабiнетаў. Урач агульнай практыкi Вiкторыя Яраш i яе памочнiкi аказваюць дапамогу насельнiцтву на сучасным узроўнi. Па графiку прыязджае стаматолаг.

— Летась грунтоўна абнавiлi Дарапеевiцкi ФАП, — расказвае галоўны ўрач Маларыцкай цэнтральнай раённай бальнiцы Пётр СЕЛIВОНIК. — Варта сказаць, што ў нас усе сельскiя медыцынскiя ўстановы ўладкаваныя за апошняе дзесяцiгоддзе. Новае аблiчча набылi Ляхавецкая амбулаторыя, Чарнянскi i Гвознiцкi ФАПы.

Ну i вялiкая работа праведзена па абнаўленнi нашай цэнтральнай бальнiцы. Рэканструкцыя пачыналася таксама напярэдаднi дажынак 2010 года i паспяхова працягвалася ў наступных пяцiгодках. Найперш быў праведзены рамонт у дзiцячым, тэрапеўтычным, iнфекцыйным аддзяленнях. Тады адрамантавалi памяшканнi, з'явiлiся новыя санвузлы, набылi новую мэблю i абсталяванне. Сучасны выгляд атрымала палiклiнiка.

Вялiкая работа зроблена ў 2013—2014 гадах. Абноўлены дзённы стацыянар. Пазней прыступiлi да запланаванай работы па рэканструкцыi харчовага блока. Акрамя рэканструкцыi i рамонту памяшкання аднаго з найважнейшых падраздзяленняў бальнiцы, яго аснасцiлi сучасным абсталяваннем для гатавання ежы i захоўвання прадуктаў. Гэта важны аспект дзейнасцi бальнiцы, бо любы ўрач скажа вам, што якаснае харчаванне — неабходны складнiк усяго комплексу лячэння хворага.

— Шмат чаго новага з'явiлася ў бальнiцы апошнiм часам, — працягвае аповед галоўны ўрач. — Новы рэнтген-апарат на два рабочыя месцы мы атрымалi пазалетась. Цяпер у нас задзейнiчаны тры апараты разам з флюарографам. Таму зрабiць любы здымак як у плане прафiлактыкi, так i ў плане дыягностыкi цяпер не праблема, чэргаў у гэтыя кабiнеты не збiраецца.

Асобная размова пра транспарт. Для маларыцкай бальнiцы, якая ў многiм арыентавана на ўстановы абласнога цэнтра, гэта, без перабольшвання, пытанне жыцця. Скажам, у горадзе няма радзiльнага аддзялення, парадзiх адсюль вязуць у Кобрын альбо Брэст. Таму пра важнасць абнаўлення аўтапарка нават гаварыць не трэба. Летась станцыя хуткай дапамогi атрымала два новыя аўтамабiлi. Дарэчы, у мiнулым годзе таксама з'явiлася новая машына для транспарцiроўкi пацыентаў у Брэсцкую абласную бальнiцу на працэдуру гемадыялiзу — думаю, усе ведаюць пра такую паталогiю, якая вымушае тры разы на тыдзень праходзiць названую працэдуру, каб захаваць жыццё.

Дарэчы, усе амбулаторыi i фельчарска-акушэрскiя пункты раёна забяспечаны транспартам для мабiльнасцi медперсаналу.

Ну i лагiчным працягам абазначанай вялiкай работы Пётр Селiвонiк назваў капiтальны рамонт хiрургiчнага корпуса, запланаваны на 2021—2022 гады. Пётр Мiхайлавiч растлумачыў, што корпус называецца хiрургiчным, хоць умяшчае ў сябе нашмат больш падраздзяленняў лячэбнай установы. Гэта двухпавярховы будынак 1963 года пабудовы. Там размешчаныя прыёмнае аддзяленне, рэанiмацыя, а таксама хiрургiчнае аддзяленне з аперацыйным блокам, гiнекалагiчнае i неўралагiчнае аддзяленнi.

Праектна-каштарысная дакументацыя ўжо ёсць. З пачаткам фiнансавання стартуе цеплавая рэабiлiтацыя, будуць замененыя iнжынерныя камунiкацыi, пракладзеныя новыя трубы, затым пачнуцца рамонт, мадэрнiзацыя палат, санвузлоў, памяшканняў для персаналу. Ну i фiнальным акордам стануць замена абсталявання, купля новай мэблi. Па сутнасцi, абновiцца паўбальнiцы. Вядома, палепшаюць умовы знаходжання пацыентаў, дый якасць аказання медыцынскай дапамогi ўздымецца на прыступку вышэй, — адзначае галоўны ўрач.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Загаловак у газеце: Новы ўзровень

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.