Вы тут

АЭС стымулюе электраспажыванне і будаўнiцтва электрычных дамоў, катлоў i транспарту


Да 2025 года ў Беларусi плануецца ўвесцi да 1200 МВт новых электрычных магутнасцяў, што супастаўна з магчымасцямi аднаго энергаблока, а каб выраўняць графiкi нагрузкi спажывання электраэнергii, у межах iнтэграцыi АЭС у энергасiстэму ўжо сёлета пачнуць працаваць электракатлы агульнай магутнасцю 916 МВт. Пры гэтым спажыванне дамамi электраэнергii на ацяпленне i гарачае водазабеспячэнне да 2025-га можа дасягнуць 370 млн кВт·г у год, калi захаваюцца штогадовыя тэмпы будаўнiцтва па 3500 кв. м. Пра «электрычныя» перспектывы для Беларусi ад уводу ў эксплуатацыю атамнай станцыi расказалi спецыялiсты.


Электразаправак будзе больш, чым АЗС

Увод у эксплуатацыю Беларускай АЭС прынясе ў краiну новыя тэхналогii, матэрыялы, абсталяванне. Гэта крок наперад, якi дазволiць краiне знiзiць энергаёмiстасць валавога ўнутранага прадукту, павялiчыць сам ВУП i ўкаранiць новыя тэхналогii, лiчаць эксперты эканамiчнай галiны.

У межах уводу прадугледжана 178 мерапрыемстваў, сярод якiх мадэрнiзацыя iснуючых вытворчасцяў i ўвод новых — ад прамысловых да нафтахiмiчных прадпрыемстваў. У прыватнасцi, запланаваныя мадэрнiзацыя i рэканструкцыя «Гроднаазота», Мазырскага НПЗ, Беларускага металургiчнага завода, расказаў Мiхаiл МАЛАШАНКА, намеснiк старшынi Дзяржкамiтэта па стандартызацыi, дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасцi:

— Прадугледжваюцца i дадатковыя мерапрыемствы па-за межамi плана. Гэта замена выкарыстання прыроднага газу на электрычныя тэхналогii: ТВЧ-печы ў кавальных цэхах, цэхах апрацоўкi металу, укараненне iндукцыйных печаў, iнфрачырвоных сiстэм абагрэву, замена паравых тэхналогiй электраэнергiяй. Новыя кiрункi можна ўжыць на 20 прадпрыемствах.

У сiстэме ЖКГ гатовыя замясцiць неэнергаэфектыўныя крынiцы, для якiх сабекошт гiгакалорыi складае больш за 100 рублёў. Укаранiць электранагрэў i тэхналогii кампрэсiйных цеплавых помпаў, якiя дазволяць зменшыць кошт гiгакалорыi да 40-50 рублёў, мяркуецца ў тым лiку i на асобных энергакрынiцах, якiя яшчэ працуюць на дровах, вугалi, мазуце.

— З улiкам iснавання льготнага тарыфу для энергакрынiц сiстэм ЖКГ прадугледжваем i ўвод прамога электранагрэву, — дадаў суразмоўца. — Усё гэта дазволiць павялiчыць электраспажыванне ў краiне да 2 млрд 800 млн кВт·г. Аднак гэта не самамэта — перш за ўсё гэта новыя тэхналогii, якiя зрабiлi рэальнасцю электратранспарт у краiне. У Беларусi пакуль каля 240 зарадных станцый, а сёлета iх стане больш чым усiх iснуючых у дзяржаве АЗС.

Больш электраспажывання — вышэйшы ВУП

Чым большае электраспажыванне на душу насельнiцтва, тым вышэйшы ўзровень эканамiчнага i сацыяльнага развiцця краiны, i патэнцыял для павелiчэння спажывання электраэнергii ў краiне ёсць, падкрэслiў Аляксандр МIХАЛЕВIЧ, навуковы кiраўнiк Iнстытута энергетыкi НАН Беларусi:

— Калi электраспажыванне на ўзроўнi 2-3 тысяч кВт·г у год на чалавека, то гэта не дае нiякага росту ВУП. А вось калi гэтая лiчба ад 3 тысяч да 8-10 тысяч, пачынаецца павелiчэнне валавога ўнутранага прадукту. У мiнулым стагоддзi ў межах БССР чалавек выкарыстоўваў каля 5000 кВт·г у год, у сучаснай Беларусi — 3800. Так што развiццё электратэхналогiй — неабходнасць часу.

Яшчэ адзiн патэнцыйны кiрунак для павелiчэння электраспажывання — будаўнiцтва цалкам электрыфiкаванага жылля ў аддаленнi ад цеплатрас i газаправодаў. У гэтым выпадку электражыллё на 15 % таннейшае, бо не трэба пракладваць да будынкаў дарагiя iнжынерныя камунiкацыi, падкрэслiў вучоны.

Раздавай ды правярай

Акрамя павелiчэння выкарыстання электрычнасцi, трэба сачыць i за якасцю яе падачы. Пра рэгуляванне сутачнага графiка спажывання электраэнергii расказаў Уладзiмiр БАБРОЎ, першы намеснiк гендырэктара, галоўны iнжынер Белэнерга.

У начны час у сiстэме, як правiла, глыбокiя правалы па спажываннi, а зранку пачынаецца пiк. Такi перапад быў заўжды, незалежна ад наяўнасцi АЭС у краiне. Тым не менш у межах iнтэграцыi станцыi ў энергасiстэму краiны спецыялiсты прапанавалi шэраг мер для павышэння надзейнай работы ў базавым рэжыме. У прыватнасцi, прадугледжаны ўвод катлоў магутнасцю 760 МВт на электрастанцыях, у тым лiку Бярозаўскай, Лукомскай ГРЭС, а ў астатнiм — на ЦЭЦ i мiнi-ЦЭЦ. Акрамя таго, 156 МВт — на кацельных з вялiкай магутнасцю энергаспажывання ў абласцях краiны. Пры гэтым агульная iх магутнасць 916 МВт датычыцца толькi катлоў на аб'ектах Мiнэнерга, дзе ўжо ўведзена 170 МВт на цеплаэлектрацэнтралях i 26 МВт — на кацельных. Аднак у планах — арганiзацыя магутнасцяў у 1116 МВт.

— Гэта забяспечыць мяккасць праходжання начных правалаў спажывання электрычнай нагрузкi. У гэты час мы разгружаем наша абсталяванне — цеплавыя i электрычныя цэнтралi — да мiнiмуму. А цяпло, якое патрэбна адпусцiць спажыўцу, даграваем на электракатлах, — расказаў Уладзiмiр Баброў. — З'яўленне электракатлоў на буйных ЦЭЦ, якiя, як правiла, знаходзяцца ў межах горада, выпраўляе i экалагiчную абстаноўку. Мы менш палiм, а таксама дадаткова рэзервуем палiва па вiдах палiўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР). У любым выпадку ўсе ЦЭЦ могуць працаваць i на газе, i на вадкiм палiве (мазут, дызель), а цяпер змогуць яшчэ i на электрычнасцi.

Такiм чынам, да адкрыцця першага блока АЭС энергетыкi рэалiзавалi праграму з электракатламi, павысiлi электраспажыванне i стварылi надзейнае рэзерваванне па электрычнай i цеплавой схеме. А вось з арыентацыяй на далейшую работу двух энергаблокаў АЭС запланавана будаўнiцтва пiкава-рэзервовых крынiц, якiя будуць уведзены налета.

Iрына СIДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».