Вы тут

«Гарадскім хочацца цішыні, а нам — адпачыць ад яе»


З ранку свіней пачысціць, потым — карову падаіць, а ўвечары — на дыскатэку. Прадстаўнікі моладзі з дзвюх суседніх вёсак Столінскага раёна — Асаўца і Асавой — расказваюць пра свой лад жыцця.


Мікалай Аляшкевіч, 16 гадоў:

— Вольнага часу ў сельскай мясцовасці не так шмат, так што кожны адпачынак хочацца правесці карысна, весела, з душою. Усе забавы, якія тут ёсць, працэнтаў на 80 — ініцыятыва самой моладзі. Але пад-трымлівае і школа, збольшага ў спартыўным кірунку. Што наконт творчасці, то ў Доме культуры ёсць творчае аб'яднанне, але... Тут можна казаць пра разрыў пакаленняў. Гэта музычны гурток, удзельніцамі якога з'яўляюцца бабулькі 65+ у народных касцюмах з гармонікам. Але што там моладзі рабіць? Не разумею. Нашаму пакаленню такое ўжо нецікава. Актыўных хлопцаў і дзяўчат хапае, але ў поўнай меры яны не могуць раскрыць свой патэнцыял.

Для сябе я ўжо вырашыў, што ў горад перабяруся абавязкова. Паступлю ў ВНУ, адвучуся ды і застануся. У горадзе зарплаты вышэйшыя, ёсць магчымасць рэалізаваць сябе як асобу. Чым вёска адрозніваецца ад горада? У горадзе не сорамна быць іншым, быць яркім, быць самім сабой. У вёсцы ўсе прывыклі злівацца, быць аднолькавымі, не высоўвацца, быць стрыманымі: у знешнім выглядзе, думках, пачуццях. Але гэта не пра мяне.

Лілія Квятко, 15 гадоў:

— Як на вёсцы моладзі жывецца? Працуем, бацькам дапамагаем гаспадарку весці. Але, як і ўсякая моладзь, пра забавы не забываемся: блізкія сябры побач, вогнішча, бульба з салам ды песні — прыгажосць! Калі сілы і энергія застаюцца, можам у валейбол ці футбол па-гуляць. Што да дыскатэк — менавіта для нашай вёскі гэта неактуальная тэма. Хоць кожныя выхадныя ў Доме культуры яе ладзяць, але туды ніхто не ходзіць... У суседніх вёсках усё інакш: збіраюцца, танцуюць. Там і людзей больш. У нас усе сарамлівыя ці грошай шкадуюць, бо наведванне танцпола платнае. Наш вясковы DJ дзядзька Мікола так і сядзіць з музыкай хвілін сорак, потым, разумеючы, што чакаць наведвальнікаў сэнсу няма, вырубае музыку, дастае ключ з кішэні і зачыняе дзверы. Вы не падумайце, наведвальнікі ў Доме культуры ёсць, але яны ходзяць не на дыскатэку, а на тэніс: на другім паверсе будынка ёсць і стол, і ракеткі.

Калі ўжо гаварыць на больш сур'ёзную тэму, напрыклад, пра самаразвіццё, дык у вёсцы гэта рэальна. Мясцовыя юнакі і дзяўчаты могуць праявіць сябе са спартыўнага, творчага і інтэлектуальнага боку. У першым выпадку дапаможа школа. Што наконт творчасці, то тут усё схіляецца ў бок рукадзелля. А факультатывы пры школе дапамагаюць узбагаціцца інтэлектуальна. Што хачу сказаць: патэнцыял моладзі тут можна раскрыць, але на базавым узроўні. Калі нехта пажадае скокнуць вышэй, заняцца нечым нетыповым, то ў вёсцы не дапамогуць. Ну, напрыклад, захацелася мне танцаваць vogue на прафесійным узроўні, дзядзька Мікола не навучыць жа! Ці захачу на скрыпцы навучыцца граць. Па-першае, у вёсцы такога інструмента ні ў кога няма — пазычыць немагчыма, а па-другое, няма чалавека, які б навучыў.

З кожным годам у нашай вёсцы ўсё менш моладзі: паступаюць у ВНУ, а потым і застаюцца ў гарадах. Вясковым не хапае дзвіжу, ужо ў 22.00 мала каго можна сустрэць на вуліцы. Для нас тут занадта спакойна. Калі гарадскія прыяджаюць сюды, каб адпачыць ад шуму, людзей, то нашым хочацца адпачыць ад той самай цішыні і ўбачыць новыя твары.

Кацярына ЯРАШЭВІЧ, студэнтка ІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.