Вы тут

Выпускнік гімназіі і без пяці хвілін студэнт тлумачыць, чаму фізікай немагчыма не захапіцца


Фізіка традыцыйна лічыцца адной з самых складаных школьных дысцыплін. Нават у чалавека, які ўжо даўно скончыў школу, успаміны пра яе нярэдка выклікаюць думкі кшталту «Дзякуй Богу, што ўсё гэта скончылася». Але зусім іншай думкі прытрымліваецца выпускнік жодзінскай гімназіі № 1 Яраслаў ЯКУБОЎСКІ.


На міжнародным конкурсе навукова-тэхнічных работ школьнікаў «Вучоныя будучыні»  Яраслаў Якубоўскі заваяваў дыплом  другой ступені.

— З усіх прадметаў у школе на першым месцы для мяне стаіць фізіка. Матэматыка, хімія і іншыя дысцыпліны — толькі інструменты, а фізіка знаходзіцца над імі ўсімі, яна аб'ядноўвае веды з многіх навук для нейкай важнай мэты. Гэта вельмі жыццёвы прадмет, які тлумачыць, што і чаму вакол нас адбываецца, — разважае хлопец. — Ну як можа не захапіць навука пра тое, як уладкаваны свет? Можа быць, не ўсім трэба ведаць, як адбываецца ядзерная рэакцыя, але ж ёсць элементарныя законы гэтай навукі, без ведання якіх праблематычна жыць. Усё, што нас акружае, — гэта фізіка. І ўся тэхніка, якой мы карыстаемся, была створана
фізікамі. Мала хто ўнікае, як яна працуе, аднак усе ахвотна карыстаюцца выгодамі цывілізацыі. Як кажуць мае бацькі, «проста не вучы фізіку ў школе, і ўсё тваё жыццё будзе напоўнена цудамі і чараўніцтвам».

Дарэчы, фізіку ў гімназіі Яраславу выкладала яго маці — Эла Мікалаеўна Якубоўская. Яго бацька Аляксандр Уладзіміравіч Якубоўскі — таксама настаўнік фізікі ў адной з жодзінскіх школ.

— І мой брат скончыў факультэт радыёфізікі БДУ. Як вы разумееце, выбару ў мяне не было, — жартуе хлопец. — Фізіка акружала мяне з самага дзяцінства, і я з нецярплівасцю чакаў, калі ў школьнай праграме нарэшце з'явіцца гэты прадмет. А ў восьмым класе захапіўся даследчай работай і пачаў асвойваць новае для мяне поле дзейнасці — навукова-даследчыя канферэнцыі і конкурсы. І ўжо першая спроба аказалася ўдалай. На навукова-інжынерным конкурсе для навучэнцаў Belarus Scіence and Engіneerіng Faіr са сваім дамашнім кандыцыянерам адразу атрымаў дыплом другой ступені. Я прапанаваў дзве мадэлі з падручных сродкаў: у ход пайшлі бутэлька з лёдам, кулеры ад камп'ютарнага працэсара і нават прапелер з CD-дыскаў. Сёння тыя прыстасаванні выглядаюць дзіўна, але для падлетка гэта было проста «ваў»!

На наступны год Яраслаў зноў удзельнічаў у конкурсе Belarus Scіence and Engіneerіng Faіr і зноў атрымаў дыплом другой ступені са сваёй работай «Вывучэнне слізгальнага разраду па паверхні вадкасці». А затым электрычнасць проста ўзяла яго ў палон.

— На сённяшні дзень гэта яго любімы раздзел фізікі, а нелюбімы — малекулярная фізіка. Таму што там пераважна тэорыя, а я люблю практыку — тое, што можна памацаць, праверыць, паставіць эксперымент, — тлумачыць хлопец.

Міжнароднае прызнанне

Для юнага даследчыка найбольш блізкая стэндавая абарона дакладаў. Стэнд — інструмент, які трэба добра прадумаць.

Уздзеянне слізгальнага разраду па паверхні вадкасці ён вывучае ўжо некалькі гадоў, дапаўняючы сваю даследчую працу ўсё новымі эксперыментамі. Дзесяцікласнікам выступаў з гэтай тэмай на XXІІІ рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару, дзе яго намаганні былі адзначаны дыпломам трэцяй ступені. Марай было трапіць на міжнародны конкурс навукова-тэхнічных работ школьнікаў «Вучоныя будучыні», які праходзіць у Маскве ў рамках Усерасійскага фестывалю навукі. Сам фестываль — гэта проста грандыёзная падзея, якую трэба хоць аднойчы наведаць. А заявак на конкурс прыходзіць больш за тысячу, з іх адбіраюць для ўдзелу ў фінале толькі сто. Таму запрашэнне ў фінальную частку міжнароднага спаборніцтва, якое прыйшло Яраславу ў верасні мінулага года, ужо можна было лічыць перамогай. У секцыі, дзе была прадстаўлена работа беларускага гімназіста па даследаванні слізгальнага разраду, удзельнічалі са сваімі даследчымі работамі і кітайцы, і іранцы, і сербы. Але Яраслаў не разгубіўся і заваяваў у расійскай сталіцы дыплом другой ступені. Прызнаецца, што для яго гэта быў выдатны досвед спаборніцтва і знаёмства з такімі ж, як і ён, апантанымі людзьмі.

Пасля ў сям'і Якубоўскіх вырашылі ўзяць паўзу, каб засяродзіцца ў выпускным класе на падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, але бліжэй да новага года  выпускнік і яго навуковы кіраўнік, у ролі якога заўсёды выступала маці, засумавалі і сталі шукаць тэму для ўдзелу ў XXІV рэспубліканскім конкурсе. У выніку работа Яраслава «Вызначэнне структуры па дыфракцыйным малюнку» заваявала там дыплом другой ступені. Юны даследчык прасвечваў птушынае пяро і па дыфракцыйным малюнку, які атрымліваў у ходзе эксперымента, змог расказаць, што ў ім утрымліваецца.

Але і на гэтым дасягненні жодзінскі гімназіст не спыніўся. На Міжнароднай навуковай канферэнцыі школьнікаў «ХХХ Сахараўскія чытанні» ў Санкт-Пецярбургу, якая прайшла ў канцы вясны, ён зноў атрымаў за вывучэнне слізгальнага разраду па паверхні вадкасці дыплом другой ступені. Праўда, з-за пандэміі фармат канферэнцыі давялося сёлета змяніць, таму ўбачыць белыя ночы хлопцу і яго маці пакуль так і не давялося, хоць яны вельмі на тое разлічвалі. Канкурсантам, акрамя тэзісаў, трэба было зняць і даслаць журы відэаролік — прэзентацыю сваёй работы: коратка пераказаць яе сутнасць і вынікі, якія былі атрыманыя.

— Упершыню карцінку размеркавання разраду іскры па паверхні цвёрдага дыэлектрыка назіраў Георг Крыстаф Ліхтэнберг у 1777 годзе, але высветлілася, што разрад можа слізгаць не толькі па цвёрдых, але і па вадкіх дыэлектрыках, — тлумачыць сутнасць свайго даследавання Яраслаў. — Таму мэтай маёй работы стала вывучэнне залежнасцяў незавершанага слізгальнага разраду па паверхні вадкасці і пастаўлены наступныя задачы: правесці аналіз звестак аб тэхналогіях стварэння слізгальнага разраду, стварыць устаноўку для вывучэння паверхневага разраду ў вадкасці, атрымаць залежнасці характарыстык разраду ад розных фактараў, вывучыць яго паводзіны ў моцным магнітным полі і вызначыць магчымасць выкарыстання разраду для ачышчэння вады ад нафтапрадуктаў. Апошні пункт, на мой погляд, можа ўяўляць практычны інтарэс. Гэта не проста навука дзеля навукі.

— А як ты ўвогуле знаходзіш тэмы для сваіх даследчых работ? — пацікавіліся мы ў маладога чалавека.

Гімназію Яраслаў скончыў з залатым медалём і сярэднім балам атэстата 9,7.

— Гэта наш сумесны пошук. Я шукаю, і маці шукае. Мы раімся, вывучаем тэмы, якія ўжо былі на папярэдніх канферэнцыях, каб не паўтарацца. Хачу заўважыць, што ў навуковых канферэнцыях у школьныя гады ўдзельнічаў і мой старэйшы брат. За пяць-шэсць гадоў, якія прайшлі з тых часоў, было прадстаўлена вельмі шмат тэм, таму знайсці штосьці свежае і новае ўсё больш праблематычна. Вывучаем адкрыцці ў сферы навукі, актуальныя кірункі і адштурхоўваемся ад гэтых пошукаў.

— А ці не даводзілася чуць папрокі кшталту таго, што за ўсімі тваімі даследаваннямі стаіць твая маці? Усё ж такі настаўніцкім дзецям пастаянна трэба штосьці даказваць, — зноў пытаемся мы.

— Ну, па-першае, ніхто дзіцяці такога адкрыта не скажа, — не крыўдзіцца на наша пытанне Яраслаў. — А па-другое, вельмі проста ўстанавіць, хто насамрэч рабіў даследчую работу, — па ўзроўні яе разумення. Члены журы задаюць табе канкрэтныя пытанні, і калі ты проста завучыў падрыхтаваны тэкст, не ведаеш нюансы праекта, не можаш дакладна апісаць ход даследавання і растлумачыць яго вынікі, гэта вельмі хутка высвятляецца. Калі мая работа ў дзявятым класе датычылася раздзела, які вывучаўся ў школе толькі ў дзясятым класе, я вельмі добра рыхтаваўся па тэорыі. Каб ні ў кога не ўзнікла сумненняў!

Уменне сябе прэзентаваць

Юны даследчык прызнаецца, што для яго найбліжэйшая стэндавая абарона дакладаў, якая дае магчымасць зносін не толькі з членамі журы, але і з вялікай колькасцю іншых дакладчыкаў, выкладчыкамі і студэнтамі ВНУ, прадстаўнікамі бізнесу.

— Ёсць маладзёжнае і навуковае журы. Да цябе можа падысці адзін член журы або адразу некалькі. Ты павінен расказаць яму коратка сутнасць сваёй работы, выкарыстоўваючы стэндавую прэзентацыю, — тлумачыць хлопец. — Стэнд — гэта твой інструмент, таму яго трэба добра прадумаць. Мая задача — расказаць самае каштоўнае, каб зацікавіць і зачапіць. Напрыклад, калі да цябе падыходзіць не фізік, а хімік, ты робіш упор на тую частку даследавання, якая можа быць цікавая менавіта яму. У Маскве я камунікаваў з выкладчыкамі МДУ і Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута. А з навуковым кіраўніком адной з даследчых работ у нас атрымалася вельмі цікавая дыскусія: у маім даследаванні было адно нявырашанае пытанне з бар'ерным разрадам, і мы разам з ім шукалі спосабы яго вырашэння. Ён прапанаваў цікавую ідэю, і, калі будзе адпаведнае абсталяванне, яе можна будзе праверыць.

Яшчэ тры гады таму я нават не мог падумаць, што змагу так спакойна выступаць і выкладаць свае думкі. Добра пастаўленая мова, уменне дакладна і лаканічна адказваць на пытанні, правільна сябе прэзентаваць — вельмі каштоўныя ўменнні. Нават калі ты выступаеш з дакладам, то ўсё роўна табе адводзіцца максімум 10 хвілін і за рэгламентам вельмі пільна сочаць. Калі не ўпісаўся ў адведзеныя рамкі — гэта твая праблема, цябе ўсё роўна спыняюць і пачынаюць задаваць пытанні.

Карыснае хобі

Гэты столік для кавы быў зроблены хлопцам для свайго любімага навуковага кіраўніка.

Гімназію Яраслаў скончыў з залатым медалём і сярэднім балам атэстата 9,7. «Дзявяткі» ў яго па рускай і беларускай мовах, хіміі, біялогіі і сусветнай гісторыі. Затое на цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай мове ён набраў 96 балаў, а па беларускай мове — 82. У сям'і нават жартавалі, што, можа быць, ён памыліўся са сваёй прафесійнай будучыняй. Прызнаецца, што да ЦТ па рускай мове рыхтаваўся з рэпетытарам, а беларускую мову, матэматыку і фізіку здаваў без прыцягнення знешняй дапамогі. Рыхтавацца па матэматыцы дапамагала школьная настаўніца Тамара Дзмітрыеўна Серада ў рамках дадатковых заняткаў. Па фізіцы шмат рашаў тэстаў за папярэднія гады і трэніраваўся на інтэрнэт-рэсурсах educon.by і web-physіcs.ru.
У выніку ў яго 94 бала на ЦТ па матэматыцы і 96 балаў — на ЦТ па фізіцы. Хоць, як прызнаецца выпускнік, змест ЦТ па фізіцы стаў для яго і аднакласнікаў нечаканасцю:

— Калі заданні па рускай мове і матэматыцы на ЦТ амаль не адрозніваліся ад зместу рэпетыцыйных тэстаў, то на фізіцы стваральнікі тэстаў зрабілі сюрпрыз — з іх зніклі тэмы, якія былі на ўсіх трох раўндах рэпетыцыйнага тэсціравання, і ўвогуле тэсты аказаліся больш складаныя, чым репетыцыйныя, нічога агульнага з «репетыцыяй» экзамену яны не мелі. Усе выходзілі з тэсціравання разгубленыя, бо разлічвалі крыху на іншае.

Маючы ў суме 383 балы, можна замахнуцца на самыя прэстыжныя ў моладзі спецыяльнасці, але Яраслаў даўно для сябе вырашыў, што хоча навучацца на факультэце радыёфізікі ў БДУ, як і старэйшы брат. Хоць многія яго аднакласнікі з фізіка-матэматычнага профілю збіраюцца ісці ў праграмаванне.

— ІТ-сфера вельмі імкліва развіваецца, і я думаю, што знайсці ў ёй для сябе месца не складзе праблемы. Заўсёды будуць патрэбныя людзі, якія пішуць коды. А я хачу займацца «жалезам», ствараць фізічныя аб'екты, для якіх яны пішуцца, — разважае Яраслаў. — Мне падабаецца працаваць на толькі галавой, але і рукамі. З вялікай ахвотай наведваў у школе ўрокі працоўнага навучання. Дапамагаў бацьку з рамонтам.

Дарэчы, менавіта дзякуючы настаўніку працоўнага навучання Васілю Мікалаевічу Захараву гімназіст захапіўся разьбой па дрэве. Яго маці з гонарам дэманструе аўтарскія работы сына: шкатулку, хлебніцу, вешалку для ручнікоў і стол для піцця кавы.

— Разьба — вельмі карпатлівая праца, але гэтае хобі дапамагае развіваць і дробную маторыку, і прасторавае мысленне, — кажа яна. — Я бачу, што ў майго сына інжынерны тып мыслення, таму спадзяюся, што ён пра свой выбар факультэта і спецыяльнасці ніколі не пашкадуе. У любым выпадку ціснуць на дзяцей у нашай сям'і не прынята, ды гэта і бэссэнсоўна...

Ёсць у Яраслава яшчэ адно хобі — баскетбол. Ён тры гады наведваў секцыю і выступаў за школьную каманду. А трэнерам быў усё той жа Васіль Мікалаевіч Захараў.

— Ён унікальны педагог, — кажа Яраслаў. — Васіль Мікалаевіч вучыў і майго старэйшага брата. Той таксама займаўся ў яго баскетболам. Ён заўсёды вітае ініцыятыву ў вучняў, не будзе моцна ўмешвацца, але ў той жа час абавязкова падтрымае і падкажа, калі гэта патрэбна.

Маючы суму ў 383 балы, можна замахнуцца на самыя прэстыжныя ў моладзі спецыяльнасці.

Падчас вучобы ў БДУ хлопец спадзяецца таксама гуляць у баскетбол. Ці будзе ён далей займацца навукай і даследчай работай, пакуль адказаць не бярэцца.

— З інжынернай сферай трэба будзе пазнаёміцца бліжэй, — кажа ён. — Разглядаю розныя варыянты: работу ў канструктарскіх бюро, робататэхінку... Але, напэўна, несур'ёзна сёння загадваць, што будзе праз чатыры гады, бо ўсё вакол нас так імкліва змяняецца. Трэба паспрабаваць сябе ў розных ролях. Але лічу, што толькі калі работа табе падабаецца, у гэтай сферы можна самарэалізавацца і чагосьці дабіцца.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з архіва героя

Загаловак у газеце: Трапіць у палон да фізікі

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.