Вы тут

Як перажывае пандэмiю санаторый «Сасновы бор»


З-за сiтуацыi з каранавiрусам адзiн з нямногiх сёлетнiх варыянтаў адпачынку i аздараўлення — беларускiя санаторыi. Тым больш што многiя з iх у гэтым сезоне з-за невялiкай колькасцi замежных грамадзян даюць беларускiм адпачывальнiкам знiжкi i бонусы. Наколькi такi адпачынак бяспечны, цi запатрабаваныя ў беларусаў прапановы аздараўленчых арганiзацый i чым яны прываблiваюць замежных турыстаў, мы распыталi ў кiраўнiка аднаго з найлепшых санаторыяў па вынiках работы ў мiнулым годзе, дырэктара фiлiяла «Санаторый «Сасновы бор» ААТ «Белаграздраўнiца» Сяргея Гвардыяна.


— Сяргей Аляксандравiч, калi вы ўпершыню адчулi ўплыў каранавiруса? Цi быў час, калi санаторый не працаваў?

— У сярэдзiне красавiка кiраўнiцтвам ААТ «Белаграздраўнiца» было прынята рашэнне, што ў маi мы будзем закрыты. Звязана гэта, па-першае, з тым, што многiя дзяржавы закрылi гранiцы i iх грамадзяне не маглi прыехаць. Па-другое, паводле распараджэння Рэспублiканскага цэнтра па аздараўленнi i санаторна-курортным лячэннi, спачатку да нас перасталi прыязджаць адпачывальнiкi з iншых, акрамя Мiнскай вобласцi, рэгiёнаў, а потым увогуле цэнтр часова спынiў выдачу пуцёвак. Такiм чынам, у маi персанал быў у адпачынках, мiнiмальнымi сiламi падтрымлiвалася дзеяздольнасць санаторыя. З першага чэрвеня мы адчынiлiся. Санаторый разлiчаны на 319 чалавек. Пакуль аздараўленне праходзiць каля 200 адпачывальнiкаў, i паступова мы нарошчваем магутнасцi.

Прыехалi расiйскiя грамадзяне, але не так шмат. Звычайна ў летнi перыяд iх у нас больш за палову. Шмат гадоў да нас прыязджаюць i iзраiльцяне — яшчэ са студзеня бранiруюць нумары, прылятаюць на чартарах. Як правiла, гэта выхадцы з Беларусi, прадстаўнiкi старэйшага пакалення, многiм з iх 80-90 гадоў. Адметна, што ў апошнiя два-тры гады прыязджае i малодшае пакаленне. Гэтыя людзi нарадзiлiся ў Iзраiлi або пераехалi туды ў дзяцiнстве. Пабываўшы ў нас, яны нанова знаёмяцца з Беларуссю, прывозяць сваiх сяброў. Такiя паездкi становяцца для iх штогадовай традыцыяй. Сёлета па зразумелых прычынах iзраiльцяне прыехаць не змаглi.

Што iх прываблiвае? У Iзраiлi высокi ўзровень медыцыны i для грамадзян гэтай краiны яна бясплатная. Таму яны едуць да нас не столькi па аздараўленне, колькi па магчымасць пабываць на радзiме i пажыць у нашым умераным клiмаце, бо там вельмi спякотнае лета.

— Для беларусаў сёлета адзiн з нямногiх даступных варыянтаў адпачыць — паехаць у санаторый. Наколькi гэта бяспечна ў цяперашняй сiтуацыi?

— Мы прымаем усе меры, рэкамендаваныя Мiнiстэрствам аховы здароўя. У прыватнасцi, штодзень адпачывальнiкам вымяраюць тэмпературу, падчас працэдур захоўваецца дыстанцыя, увесь персанал працуе ў масках, рэгулярна праводзiцца прыборка i праветрыванне нумароў, медыцынскiх кабiнетаў i iншых памяшканняў. Паверхнi, дзвярныя ручкi, медыцынскае абсталяванне рэгулярна апрацоўваюцца дэзынфiцыруючымi сродкамi. З улiкам нашай няпоўнай загрузкi мы можам арганiзаваць i харчаванне, i аздараўленне з улiкам дыстанцыравання.

Нядаўна закупiлi тэсты на антыцелы. I пры любых падазрэннях на хваробу ў супрацоўнiка цi адпачывальнiка мы робiм аналiз. У найблiжэйшы час магчымасць зрабiць тэст на антыцелы на платнай аснове з'явiцца ва ўсiх ахвотных. Пакуль выпадкаў захворвання не было. Робiм усё магчымае, каб людзям у нас было бяспечна.

— Пуцёўкi ў свабоднай рэалiзацыi ў беларускiя санаторыi нятанныя. У сёлетнiм сезоне многiя аздараўленчыя арганiзацыi робяць беларусам знiжкi i прапаноўваюць бонусы...

— У нас яны таксама ёсць. Акрамя таго, мы прапаноўваем адпачывальнiкам бясплатна веласiпеды, катамараны i iншы спартыўны iнвентар — як кампенсацыю таго, што не праводзяцца некаторыя масавыя забаўляльныя мерапрыемствы.

— Летась па вынiках конкурсу Рэспублiканскага цэнтра па аздараўленнi i санаторна-курортным лячэннi ваш санаторый прызнаны найлепшым. А якiя ўнiкальныя працэдуры вы прапануеце?

— На конкурсе ўлiчвалася развiццё iнфраструктуры, а мы летась пабудавалi нямала, у прыватнасцi, спа-комплекс i новы кардыялагiчны корпус. Апошнi прызначаны для абследавання i лячэння людзей з захворваннямi сiстэмы кровазвароту. Аддзяленне прапануе комплекс дыягнастычных працэдур — УГД-апарат экспертнага класа, дзякуючы якому можна зрабiць дыягностыку сэрца i сасудаў, ёсць магчымасць сутачнага манiтарыравання рытму сэрца i артэрыяльнага цiску, выконваецца электракардыяграма. У нас працуе свая лабараторыя, дзе праводзяцца даследаваннi ўзроўню халестэрыну i лiпiдаў крывi, вызначаецца ўзровень глюкозы, глiкiраванага гемаглабiну, гармонаў шчытападобнай залозы, палавых гармонаў i гармонаў кары наднырачнiкаў, выконваюцца клiнiчныя даследаваннi мачы i крывi.

Кансультантамi аддзялення з'яўляюцца вопытныя ўрачы-кардыёлагi, у прыватнасцi, з РНПЦ «Кардыялогiя». Пацыенты пасля заканчэння лячэння атрымлiваюць выпiску з гiсторыi хваробы з падрабязнымi рэкамендацыямi спецыялiстаў.

Далёка не ўсе санаторыi маюць такi спа-комплекс, якi ёсць у нас. Гэта комплекс лазняў, джакузi, водных працэдур. Цана, на мой погляд, даступная — за 20 рублёў час знаходжання неабмежаваны.

Наш санаторый прапануе каля 200 працэдур. Адна з унiкальных — «Сон на вуллях», яе няма больш нi ў адным санаторыi Беларусi. Лячэнне ажыццяўляецца пчалiным бiярэзанансным iанiзуючым уздзеяннем, або бiяполем пчол. Такой методыкай у адной са сваiх рэзiдэнцый карыстаўся экс-прэзiдэнт Украiны Вiктар Януковiч для аднаўлення сiл.

У нас такi метад аздараўлення з'явiўся з красавiка гэтага года, мы набылi 12 вулляў. У памяшканнi з чыстага дрэва ўтульна i цёпла, цiха гудуць пчолы (яны адмежаваны ад наведвальнiкаў перагародкай), пахне мёдам i воскам. Такi адпачынак на вуллях дапамагае наладзiць неабходны рэжым сну, аднавiць здольнасць арганiзма расслабляцца, нармалiзуе артэрыяльны цiск, цыркуляцыю крывi, дапамагае аднаўляцца пасля нагрузак i аперацый. Я i сам люблю гэтую працэдуру — прачынаешся поўны сiл i энергii.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Адпачынак толькi снiцца?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».