Вы тут

Павел Сапоцька. Абвяргаючы стэрэатыпы


Павел Сапоцька. Абвяргаючы стэрэатыпы

— Ведаеце, што мяне ўразіла? Калі вам прапанавалі стаць дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музея, вы спыталі, ці застанецца за вамі права выкладаць у БДУКіМ. Я тады падумала: наш чалавек! А цяпер хачу ўдакладніць: што гэта вам дае?

— Універсітэт культуры, мой родны, не адпускае. Ды і выкладчыцкая праца даволі цікавая, гэтым яна і прываблівае… Я, ведаеце, не любіў вучыцца ў школе…

Вось тут, на словах, пад якімі і мне хочацца распісацца ўпэўненым росчыркам, перапынімся, каб прадставіць чытачам суразмоўцу. Хоць ён нібыта ўжо і прадстаўлены: Павел Сапоцька, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея. Некаму гэтая гутарка можа падацца цэбрам халоднай вады, але мусім рашуча заўважыць: халодная вада вяртае цвярозасць, гэта па-першае, а па-другое, істотна загартоўвае не толькі цела, але і дух.


— У школе я пакутаваў, таму што быў вельмі закрыты і ў класе мяне не любілі. Але вучыўся добра, і, калі б не фізіка, атрымаў бы залаты медаль. А вось выкладаць у школу я пайшоў бы з задавальненнем. Вучыць прадмету, працаваць з вучнямі, сустракацца з бацькамі, арганізоўваць пазашкольныя мерапрыемствы, займацца паперамі… Дарэчы, мяне пужалі: выкладаць, маўляў, цікава, але колькасць дакументаў, якія трэба весці, адбівае ахвоту. А я, па праўдзе кажучы, люблю працаваць з дакументамі. Для мяне гэта ніякая не праблема, а нармальны парадак рэчаў. Ва ўніверсітэце, у адрозненне ад школы, я адчуваў сябе вельмі добра: цікавыя выкладчыкі, многія з якіх — дастаткова вядомыя людзі, стварылі псіхалагічна камфортны і інтэлектуальна моцны асяродак. У такім адначасова навуковым і творчым дыялогу мне заўсёды было прыемна знаходзіцца: ён і веды ўмацоўвае, і эмоцыямі ўзбагачае, і абдорвае ўражаннямі. Гэта па-першае. А па-другое, мне цікава працаваць са студэнтамі. Хоць адразу адзначу, што назіраецца сярод іх кантраст: ёсць вельмі моцныя і вельмі слабыя, і не заўсёды лёгка працаваць пры такім балансе. Але калі ты рыхтуешся да заняткаў на кафедры міжкультурных камунікацый, то многа чытаеш па гэтай тэме і сочыш за падзеямі ў краіне і свеце, а гэта ўсё вельмі пасуе той працы, якой я займаюся ў гістарычным музеі на пасадзе яго дырэктара. Адна праца другую ўраўнаважвае, але я падкрэслю: натхняе мяне асяродак універсітэта, фундаментам любых новых ідэй з’яўляецца цікавасць да камунікацый. Яна праяўляецца і пры ўдзеле ў навуковых канферэнцыях, і пры падрыхтоўцы навукова-метадычнага дапаможніка па лініі культурнай дыпламатыі, і пры наладжванні супрацоўніцтва гістарычнага музея са шматлікімі дзяржаўнымі і прыватнымі ўстановамі, грамадскімі арганізацыямі, консульскімі аддзеламі і г. д. Наш музей як паўнавартасны культурны цэнтр мае мноства кантактаў, праектаў, напрамкаў дзейнасці, і калі ты знаходзішся ў кантэксце ўсёй той праблематыкі, якая мае месца ў галіне культуры Беларусі, гэта, безумоўна, робіць тваю працу не сказаць каб больш лёгкай, але больш кампетэнтнай. Таму я заўсёды з радасцю ўдзельнічаю ў круглых сталах, канферэнцыях і курсах павышэння кваліфікацыі. Такая работа заўсёды жывая і творчая, заўсёды прадугледжвае дыялог найцікавейшых людзей. Гэта вельмі карысна яшчэ і ў якасці прыемнага антракта паміж тымі адміністрацыйнымі, гаспадарчымі і эканамічнымі справамі, якія ў музеі даводзіцца вырашаць штодзённа.

— Студэнты, якім выкладаеце вы, і вы як студэнт — наколькі вялікая розніца паміж вамі? Ці назіраецца эвалюцыя студэнцкай моладзі ў тым, хай сабе і невялікім, прамежку часу, які вас ад іх аддзяляе?

— Так, розніца паміж намі заўважная, нават вельмі. Я скажу па праўдзе, як ёсць: агульнае ўражанне кепскае. Я ўвогуле лічу, што краіну і нацыю цягнуць не больш як некалькі адсоткаў людзей, самаадданых, ахвярных, інтэлектуальных і творчых. Мы проста працуем сярод іх, цікавых і неабыякавых, і таму нам здаецца, быццам такія ўсе. Так, у нас многа таленавітых людзей. Я гэта ведаю, таму што амаль чатыры гады рыхтаваў сустрэчы з таленавітай моладдзю ў межах Фонда Прэзідэнта. Знаёміўся з вялікай колькасцю матэрыялаў, аналітычных даведак, ужывую назіраў праяўленні сапраўднага таленту — і гэта, канечне, стварала моцнае ўражанне: вось гэта — беларусы, вось іх здольнасці і дасягненні, вось за што нас і ведаюць, і паважаюць. Я лічу сябе патрыётам і не перастаю адзначаць, што сваімі талентамі беларусы вядомыя ва ўсім свеце. Калі ўзяць адну толькі Акадэмію мастацтваў, можна ўбачыць, што яе выпускнікі працуюць і ў Каралеўскай оперы ў Лондане, і ў Мюнхенскім вялікім тэатры, і ў Марыінскім тэатры, і ў Вялікім тэатры ў Маскве, і ў Ла Скала і г. д. Усё ж выразны паказчык. Але… На агульным фоне гэта адзінкі. І калі паглядзець на моладзь, адышоўшыся на адлегласць, з якой можна бачыць больш, то выглядацьме ўсё вельмі кепска. Мы былі горшай моладдзю, чым нашы маладыя бацькі, нашы дзеці будуць горшай моладдзю, чым маладыя мы. Падобна на тое… З сотні сённяшніх студэнтаў застанецца, можа, толькі адзін, хто будзе цікавіцца гісторыяй і культурай, праяўляць неабыякавасць да нацыянальнай спадчыны і захоча нешта зрабіць для агульнага росквіту. Усе астатнія — без ніякай цікаўнасці. Прымаючы залікі і курсавыя работы, я часта адчуваю сябе не выкладчыкам установы вышэйшай адукацыі, а ўрачом-псіхатэрапеўтам. Гавару як ёсць, на вялікі жаль. Але я вельмі люблю Беларусь, лічу, што мы маем велізарнейшы культурны пласт і цудоўнейшых яго прадстаўнікоў. Усё, што зрабілі беларусы для Беларусі на яе тэрыторыі і за межамі, вельмі ўражвае. Але мне ўсё роўна трывожна: сітуацыя разгортваецца не ў лепшы бок.

— А што, калі гэта ўвогуле не тэндэнцыя? І не прыкмета часу? У любым часе, у любой краіне самаактуалізаванымі не могуць быць усе. Можа, гэта агульная рыса чалавецтва, якую мы проста абвострана адчуваем?

— Так, хутчэй за ўсё, гэта назіраецца ў любым грамадстве. Але калі я слухаю бабулю і маму — тое, што яны распавядаюць пра сваё жыццё, стаўленне да адукацыі, сямейных каштоўнасцей і сяброўства, а потым пераношу гэта на сябе і свой асяродак… Адно з другім не стасуецца. Два гады я працаваў тэхнічным сакратаром у прыёмнай камісіі. Самае моцнае негатыўнае ўражанне атрымаў там і тады. Да таго часу мне яшчэ здавалася, што вучыцца ідуць арыентавана, мэтанакіравана. І вось табе маеш: і працаваць хочуць не па спецыяльнасці, а ў іншай галіне, і многія не ў Беларусі, а дзе-небудзь за мяжой. Студэнт чацвёртага курса ведае менш, чым ранейшы выпускнік школы. Прабачце мне гэтае слова, але я назіраю татальны, магутны і агрэсіўны пафігізм ва ўсім.

— Я б яшчэ дадала завышаную самаацэнку: цяпер усе геніі.

— Так, геніі, зоркі… Хоць падстаў сябе такімі лічыць у большасці выпадкаў няма. І вось яшчэ што заўважыў: дастойны і сапраўды таленавіты чалавек паводзіць сябе адэкватна — сам сабе ацэнкі не раздае. Іншым жа ўдзел у якой-небудзь акцыі грамадскага аб’яднання дае чамусьці права патрабаваць датэрміновую сесію і залік «аўтаматам». Такі эгацэнтрызм сведчыць пра інфантыльнасць, калі не пра дэградацыю… Але я ўпэўнены, што ўсё будзе добра: краіну выцягнуць самаадданыя, улюбёныя ў справу, такія, якія працу ўспрымаюць хутчэй не як абавязак, у сэнсе павіннасці, а як захапленне, як хобі, у самым пазітыўным значэнні гэтага слова. Наш калектыў трымаецца на гэтым фоне годна. Маладыя людзі прыходзяць сюды працаваць за невялікія грошы, але маюць да гэтай працы цікавасць. Тут, дарэчы, працуюць і некалькі былых маіх моцных студэнтаў.

— Людзі будучыні не дзеляць асабістае і працоўнае: яны проста выконваюць тое, дзеля чаго нарадзіліся... А як на вашу думку, якія людзі патрэбны будучыні?

— У першую чаргу сумленныя і прыстойныя. Канфлікты і розныя непрыемныя моманты, спрэчкі і нейкія негатыўныя нюансы — гэта ўсё непазбежнае, гэта ўсё зразумела. Але сумленнасць і прыстойнасць — павінны заставацца апорай. Ні інтэлект, ні прафесіяналізм, ні нават самаадданасць я не стаўлю на першае месца, а стаўлю гэтыя якасці — сумленнасць і прыстойнасць. Можна, ведаеце, быць высокаінтэлектуальнай асобай і звышпрафесіяналам, можна аддаваць сябе працы, нягледзячы на заробак, але пры гэтым быць чалавекам, якому не захочацца падаваць руку. Трэцяе, што я лічу важным для чалавека, па-сапраўднаму патрэбнага будучыні, — гэта ўменне шанаваць тых, хто побач: бацькоў, бабуль і дзядуль, сужэнцаў і тых людзей, з якімі працуеш, робіш агульную справу. І чацвёртае: уменне заставацца ўдзячным, памятаць тых, каму абавязаны. Прывяду ў прыклад Новы год. Рассылаюцца віншаванні, сярод іх — «пратакольныя» (неабходныя як праява этыкету) і для тых, каго проста нельга забыць. І так бывае прыкра, калі сярод агульнай колькасці па-сапраўднаму дарагіх людзей нехта ды выпадзе з-пад увагі… А такое, на жаль, здараецца. Бывае ад вялікай занятасці. Але гэта так непрыемна...

— Дарэчы, як вы ставіцеся да таго, што сацсеткі нагадваюць пра віншаванні? Часам думаецца: лепш бы яны гэтага не рабілі. Ёсць тут нешта ад кепскага. Бо нашмат даражэй віншаванне, якое адбылося без іх удзелу, а проста таму, што чалавек памятае.

— Гэта добрая опцыя, якая сапраўды дапамагае не прапускаць пэўныя даты і рабіць людзям прыемнае, але я з вамі згодны… Хоць сацыяльныя сеткі, на маю думку, рэч усё ж добрая. Здавалася б, «Фэйсбук» — гэта звалка. А з другога боку, я бачу ў ім усю прафесійную супольнасць: калег, студэнтаў, выкладчыкаў. Нібыта афіцыйны рэсурс, праз які мы даведваемся, хто чым жыве: нехта падзеліцца радасцю ад узнагароды, іншы раскажа пра цікавы праект, а хтосьці праанансуе падзею, да якой і табе захочацца далучыцца. І папулярызацыі дзейнасці музея гэта спрыяе, і ўвогуле ў сферы культуры іграе вялікую ролю. А паколькі я прынцыпова дадаю ў кантакты ўсіх, з кім знаёмлюся на навуковых канферэнцыях ці іншых форумах у Беларусі і за мяжой, то гэта яшчэ і сродак міжкультурных камунікацый.

Падрыхтоўка да выставы «Свет ваенных тапографаў» у РУП «Белкартаграфія»

— Наша гісторыя — не самая стандартная. Можа быць, Італія, Францыя, ЗША маюць яшчэ менш тыповыя мінуўшчыны, але і наша не такая сабе шараговая. Пацвярджэннем можа служыць ужо толькі тое, што адны з нас лічаць сябе нашчадкамі ВКЛ ці Рэчы Паспалітай, другія — Расійскай імперыі, нехта наўмысна апалячвае сваю мову, нехта даказвае, што ён літвін, нехта пад гітару спявае ля вогнішча «Прадмаскоўныя вечары»… Мне здаецца, на якім бы ўзроўні мы гісторыяй ні валодалі, як толькі мы робім нейкі ўхіл, адразу сабе забяспечваем памылковае самавызначэнне. Але як нам з гэтай нашай блытанай гістарычнай спадчынай правільна сябе вызначаць?..

— У адным зборніку трапляеш на артыкул, у якім са спасылкамі на крыніцы выказваецца адна пазіцыя, у другім тая самая тэма раскрываецца з тымі ж спасылкамі, але яны ўжо інтэрпрэтуюцца неяк іначай, часам проста дыяметральна... Моладзь падхоплівае і дадае свае разважанні, выносіць іх на абмеркаванне ў сацсеткі і блогі… На вялікі жаль, нікога тут не абмяжуеш. І нібыта кожны мае рацыю, бо ў яго ёсць падставы так ці інакш меркаваць — у выглядзе тых самых крыніц, даследаванняў. А нехта, знайшоўшы ў архіве адзін дакумент, робіць свае высновы, не абапіраючыся ні на якія кантэксты, — і ўжо пачынаюць спасылацца і на яго. Гэта страшна… Летась адзначалася 90-годдзе Інстытута гісторыі НАН Беларусі, у сувязі з чым мне трапілі ў рукі папкі з рознымі матэрыяламі. І вельмі мяне зацікавіў праект канцэпцыі гісторыі Беларусі, распрацаваны нашымі вядучымі навукоўцамі, акадэмічнымі і ўніверсітэцкімі, супольна. Я прачытаў гэты праект, бо займаюся выкладчыцкай працай, і быў уражаны. Гісторыя ў ім падаецца так, каб мы пачалі ганарыцца сабой. Чым гэта кепска?

Я згодны з тым, што трэба ўвесь час шукаць і знаходзіць нешта для кансалідацыі, а не для разрозненасці. Пасля ўсіх недарэчных трактовак і вольных інтэрпрэтацый, пасля ўсяго, што мы назіраем як іх уплыў, такая канцэпцыя здаецца наўпрост жыватворнай. Чаму б яе не пакласці ў аснову і не дэманстраваць «агрэсіўна»: і ў СМІ, і праз падручнікі, і праз шырокую сістэму асветніцтва і ідэалогіі? Можа, не заўсёды яна і патрэбна — гістарычная дакладнасць і праўда? Можа, усё ж лепш разгортваць міжкультурны дыялог і прапагандаваць каштоўнасць сяброўства? Аднаго разу я апынуўся ў цікавым становішчы: 2019 год, 200-годдзе з дня нараджэння Станіслава Манюшкі, унесенае ў спіс памятных дат ЮНЕСКА, і я, прызначаны Міністэрствам культуры каардынатарам гэтага святкавання, трапляю ў Польшчу, дзе такім самым каардынатарам выступае калега — дырэктар Нацыянальнай польскай оперы, спадар Дамброўскі. Легенда! Быў некалі міністрам культуры і нацыянальнай спадчыны. Мы з ім садзімся, ён дастае бутэльку і кажа: «Слухай, такая праблема. Што мы пачынаем усё прыватызаваць? Манюшка наш — Манюшка ваш, на якой мове пісаў — на якой не пісаў, дзе, якіх, колькі памятных дошак і знакаў… Хто больш правёў канферэнцый... Слухай, ёсць прапанова: пра ўсё гэта забыць — і разам, беларусам і палякам, паслаць вельмі далёка ўсіх тых, хто будзе вышукваць і ўзважваць гэтыя падрабязнасці, а зрабіць добра, якасна і прыгожа. Прадэманстраваць, як Польшча і Беларусь могуць супольна аддзячыць знакамітай асобе, якая належыць культуры свету». На мой погляд, у нас атрымалася гэта зрабіць.

Калісьці я меў дачыненне да праграм да 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. На першай сустрэчы з нашымі літоўскімі калегамі мы гатовыя былі адзін аднаго пакусаць. А калі рэалізавалі вялікія сумесныя праекты — цалаваліся і плакалі, што ўсё скончылася. Ну гэта ж здорава! Віктар Іванавіч Скарабагатаў вельмі любіць прыводзіць прыклад з кампазітарам Лістам. Некаторыя, маўляў, гавораць «Франц Ліст», некаторыя — «Феранц Ліст», але ён Ліст — выдатны кампазітар сусветнай вядомасці. На мой погляд, цяпер такі падыход вельмі важны. Канечне, трэба займацца даследаваннямі, вывучаць архівы, бібліятэчныя і музейныя фонды, ладзіць выставы, выдаваць манаграфіі. Але, па праўдзе кажучы, многія з гэтых дзеянняў самі сябе пазбаўляюць сэнсу, таму што выніковая каштоўнасць іх даволі сумніўная. Гэта як у гісторыі з кавярняй, размешчанай каля Курапатаў. Нягледзячы на тое, што яна знаходзіцца па-за межамі зоны аховы, было да яе шмат пытанняў. А калі паглядзець на ўсё з іншага боку?  Ветраныя млыны ў нас — у жахлівым стане, аб’екты археалагічнай спадчыны — зруйнаваныя, і сродкаў не хапае, каб аднавіць, упарадкаваць, музеіфікаваць... Чаму б нашай так званай апазіцыі не папрацаваць па-сапраўднаму — хаця б у якім-небудзь валанцёрскім летніку? Калі б яны ўзялі рыдлёўкі і паехалі ў Крэўскі замак, зрабілі б значна больш для ўсёй нацыянальнай культуры.

З кінарэжысёрам і пісьменнікам Уладзімірам Арловым

— Што, па-вашаму, быць беларусам? Пра нас гавораць: памяркоўныя, талерантныя. Можна пачуць: абыякавыя, ажно занадта. Ці правільна мы самі сябе ацэньваем і ці справядліва ацэнены іншымі?

— На мой погляд, ніякія мы не талерантныя. Абыякавыя — так. Мы абыякавыя ў сваёй асноўнай масе. Але быць беларусам — гэта ў першую чаргу паважаць гісторыю і культуру і мець жаданне зрабіць усё магчымае для таго, каб краіна квітнела.

У мяне беларускай крыві вельмі мала. Ёсць польская, украінская, руская, літоўская, армянская, а беларускай — можа, якіх пяць адсоткаў. Але я беларус, лічу сябе беларусам і жыву ў Беларусі. Неяк у мяне ў гасцях быў Уладзімір Арлоў, рэжысёр, які прынёс у падарунак сваю кнігу, і я папрасіў яе падпісаць. Ён напісаў: «Пацалункі высахнуць, абдымкі расціснуцца, цукеркі з’ядуцца, каньякі вып’юцца, паштоўкі згубяцца, сувеніры перадорацца, кубкі пакрыюцца пылам, кнігі — застануцца». Вельмі прыгожыя словы… Праўдзівыя. Я цаню такія імгненні… Дык што такое быць беларусам… Я думаю, ёсць нейкае адчуванне, што ты беларус. Мая бабуля лічыць сябе рускай, яна скончыла Тамбоўскі ўніверсітэт. І яна руская, і дзядуля. Жывуць у Беларусі з 1970-х гадоў і вельмі яе любяць, але называюць сябе рускімі. Бабуля пры гэтым прачытала «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча, не ведаючы беларускай мовы. Аб’ехала многія нашы гістарычныя аб’екты і нават наведвала з вучнямі (яна была настаўніцай матэматыкі) этнаграфічныя летнікі. Гаворыць: «Я закаханая ў Беларусь, але я — руская».

Падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве з дырэктарам Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі І.Я. Веліканавай ў Санкт-Пецярбургу

— Разумнаму чалавеку ніхто і нішто не перашкаджае ганарыцца сваёй нацыяй і любіць іншыя краіны і народы.

— Так, абсалютна. А я гадоў шэсць таму быў у Томску, у Сібіры, мы там арганізоўвалі канферэнцыю. Адным з арганізатараў была нацыянальная культурная аўтаномія беларусаў свету. «Да пабачэння» адно аднаму мы прамаўлялі скрозь слёзы. Яны сказалі: «Томск мы любім, гэта месца, дзе мы жывём, але мы — беларусы». Хутчэй за ўсё, вось гэты гісторыка-культурны канцэпт — ці аспект, як тут лепш сказаць — з’яўляецца галоўным у вызначэнні, беларус ты, ці жыхар Беларусі, ці ўвогуле чалавек, які тут апынуўся як у пункце кароткатэрміновага знаходжання, а далей — што будзе, тое і будзе.

Дарэчы, вы ведаеце, што ёсць хвароба дыпламатаў? Я сябрую з рознымі пасламі, сакратарамі, саветнікамі, якія працавалі ў Беларусі. Яны расказваюць што жывуць ледзь не з думкамі пра самагубства. Іх ніхто не чакаў, ніхто не ведае, яны нібы не належаць сваёй краіне, нягледзячы на тое, што працавалі на яе з дыпламатычнымі місіямі. Адзін такі чалавек цяпер жыве ў Чэхіі. Ён быў дыпламатам у сямі краінах, пакінуў Радзіму ў трыццаць тры гады. Цяпер яму семдзесят чатыры, і ён не ведае, што рабіць: у яго няма такога пачуцця, як патрыятызм. Здавалася б, яны ўсё жыццё нешта робяць дзеля сваёй краіны, але ёсць вось такія праявы. І не кожны іх вытрымае.

У снежні мяне запрашаў на вячэру пасол Латвіі. Новы пасол. Чатыры гадзіны мы сядзелі ў кавярні, і я не прыпомню іншай такой жа змястоўнай гутаркі. Гэта асоба. Быў момант, калі ён праслязіўся і сказаў: «Я калісьці прадаў бацькоўскую хату, — і схапіўся за галаву. — Што я нарабіў! — потым крануў мяне за лацканы са словамі: Дзе б ты ні быў, кім бы ні працаваў, маючы ці хату ў вёсцы, ці кватэру ў горадзе, — ніколі не прадавай. Грошай не будзе — ідзі на будоўлю. Заклінаю — не прадавай». Ён дыпламат у шостай краіне. Гаворыць: «Я так люблю Латвію. Я гатовы для Латвіі на ўсё. Але я вельмі паважаю ўсе тыя краіны, традыцыі, культуры, чыноўніцкія падыходы, з якімі сустракаўся ў краінах, дзе працаваў». Мы і не заўважылі, як прабеглі чатыры гадзіны… Гэта было вельмі шчыра і ад душы. Такія размовы, дарэчы, вельмі падтрымліваюць.

Падчас круглага стала по актуальных пытаннях беларускага мастацтва

— У дадатак да тэмы «быць беларусам». Вось і ў вас у музеі прадаюцца сувеніры, прыгажэнныя і цікавыя ў сваёй разнастайнасці. Але ж вось у чым справа: усе сувеніры, дзе б яны ні прадаваліся, купляюцца часцей кім? Гасцямі. Людзі вязуць з падарожжаў тое, што з’яўляецца атрыбутам чужой, проста наведанай імі краіны. Нашто беларусу талерка з Пізанскай вежай? Чаму не з Камянецкай?.. Нам бы ўпрыгожваць свае лядоўні сваімі магніцікамі, а не прывезенымі з Турцый ды Грэцый. Да гэтага і пытанне: ці павінна, на вашу думку, у беларусаў у доме быць нешта, што даказвала б, што гэта жытло беларусаў?

— Ведаеце, я б сказаў не павінна, але пажадана. Цяпер так многа цікавых прадметаў выпускаюць «Белмастацпромыслы». І каштуюць яны нядорага, і прыгожыя, і свае. Мне вельмі прыемна сустракаць у кватэрах і офісах творы народнага прыкладнога мастацтва. У нас вельмі багатая матэрыяльная культура: і нацыянальныя строі, і ганчарная справа, і вырабы з саломы і лазы, і выцінанка. Вось гэта ў мяне выцінанка, зробленая студэнтамі кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нашага БДУКіМ. Па старадаўніх тэхналогіях. А гэтая выцінанка-выбіванка — падарунак Наталлі Клімко з Навагрудка. Для кітайцаў наша выцінанка — гэта «наша ўсё». Яны гавораць: вось тое, што нам хочацца бачыць у экспазіцыях, мастацкіх галерэях, музеях, а тое, што вы, маўляў, везяце — нумізматыка, пейзажы, сармацкія партрэты, — не так і цікава. Усіх захапляе народнае. Вось саламяны конік. Я не памятаю, адкуль ён у мяне, але вельмі мне падабаецца. У мяне такіх прадметаў даволі многа: і дома, і ў працоўным кабінеце. На ўсіх нашых фестывалях я заўсёды з задавальненнем іду ў горад майстроў. Прыемна, калі да цябе прыязджае замежны госць — і яго ўвага звяртаецца на нейкую нацыянальную адметнасць твайго дома. Гэта адзін з элементаў шанавання сваёй культуры. «Шануй чужое аж да пакланення, сваё любі да самазабыцця», як пісаў Пятро Бітэль. Дзе б я ні быў, а я пабываў прыблізна ў трох дзясятках краін, паўсюль мне вельмі падабалася. Любыя адметнасці і фарматы жыцця — усё цікава. Але Беларусь — Радзіма. Для мяне — з Маладзечнам у якасці цэнтра важкасці.

 

— У працяг тэмы прадметаў — і на завяршэнне: часам здараецца, што абсалютна «жывы», канкрэтна гістарычны прадмет — ніяк не ўражвае, і наадварот, які-небудзь, як кажуць, «наватвор» можа вельмі моцна ўразіць. Чаму так?

— Людзям цікавая прыгажосць, а не гісторыя. І гэта наша справа, музейшчыкаў, зрабіць у нейкім сэнсе наадварот, каб выклікаць цікавасць да артэфакта, які сапраўды з’яўляецца каштоўнасцю. Добра ў гэтым плане працуюць кітайцы. Я быў у Шанхайскім гістарычным музеі і Нацыянальным музеі Пекіна. Уявіце вялікую залу, а ў ёй пяць маленькіх прадметаў. Этыкетка фармату А3 — да археалагічнага аб’екта памерам з запалкавы карабок. А яны вось так падаюць экспанаты: глядзіш на прадмет — і быццам з’яўляешся сведкам падзеі, у цэнтры якой ён знаходзіўся. Так зроблена экспазіцыйная прастора, такая ўвага праяўлена да прадмета і такое, прабачце, шоу вакол яго сродкамі музейнай дзейнасці арганізавана, што гэта ўражвае, сапраўды ўражвае. І гэта правільна. Наша задача — прадставіць гісторыю праз музейны прадмет, праз сродкі дапоўненай рэальнасці, але ўсё ж з акцэнтам на тую каштоўнасць, якая сапраўды была сведкай, сапраўды належала гістарычнай асобе. А дапаўненне — яно і ёсць
дапаўненне…

Святлана ВОЦІНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».