Вы тут

Лукашэнка Нацбанку: Не прад’яўляйце залішнія ўмовы, не стаўце бар’еры


Такую задачу для эканомікі краіны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў на сустрэчы з членамі праўлення Нацыянальнага банка.


Ён адзначыў, што ў апошнія тры месяцы Нацбанк сваімі рашэннямі спрасціў шмат наглядных абмежаванняў, сярод іх зніжэнне стаўкі рэфінансавання. «Рух у гэтым кірунку акуратна, спакойна трэба працягваць. Вы спецыялісты, прафесіяналы, ведаеце, як гэта рабіць не горш за мяне. Калі страцім заводы, то наступнымі будуць банкі. Бягучыя цяжкасці вырашым, але з 2021 года трэба прырастаць сярэднесусветным тэмпамі. Іншага не дадзена. Вы памятаеце, што я прасіў задаць устойлівы трэнд на змякчэнне фінансавай палітыкі і пастаянны рост крэдытавання эканомікі. Пры гэтым, вядома, будзем стрымліваць інфляцыю», — сказаў кіраўнік краіны.

Ён праінфармаваў, што на днях адбудзецца размова з урадам і да яго ёсць пытанне наконт росту цэн: «Як можна так займацца, кантраляваць цэнаўтварэнне і ў той жа час цэны на некаторыя тавары (ужо ў сродках масавай інфармацыі праслізгвае) падняліся амаль у два разы».

Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў Нацбанку пра неабходную падтрымку прадпрыемстваў, якія сапраўды патрапілі ў складанае становішча. «І вы ведаеце маю жалезную пазіцыю, — працягнуў кіраўнік краіны. — Хто склаў рукі або, не дай бог, людзей пачаў звальняць, на падтрымку дзяржавы хай не разлічвае. Пры тым, меры за тое, што выкідваюць людзей на вуліцу, будуць самыя жорсткія. Тым, у каго ёсць „жывыя“ экспартныя кантракты ці хто запусціў інвестыцыйны праект, трэба дапамагчы абавязкова. Яны вернуць гэтыя грошы».

Па словах Лукашэнкі, такія паслабленні ёсць ва ўсіх краінах. «Не прад’яўляйце залішнія ўмовы, не стаўце бар’еры. Ідзіце насустрач па рэструктурызацыі даўгоў, хоць бы ў якасці часовай перадышкі», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка параіў прыцягваць да гэтай працы мясцовыя органы ўлады — яны лепш ведаюць сітуацыю ў сваіх рэгіёнах.

«Банкаўская сістэма — адзін з ключавых элементаў нашай эканамічнай бяспекі, і гэта асабліва адчуваецца ў перыяд бягучага сусветнага крызісу. Прычым не толькі эканамічнага. Я б сказаў, комплекснага, усебаковага крызісу», — упэўнены лідар дзяржавы.

Сёння банкаўскі сектар краіны складаюць 25 банкаў разам з Банкам развіцця. У іх статутных фондах не толькі беларускі, але і расійскі, казахскі, аўстрыйскі і швейцарскі капіталы. Па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі, гэта сведчыць «аб адкрытасці беларускай эканомікі і ўпэўненасці міжнародных партнёраў у яе будучыні».

Перад новым складам урада ён паставіў задачу не проста не дапусціць падзення нашай эканомікі ў гэтым годзе (імкнуцца да ВУП вышэй за 100 адсоткаў): «Трэба знайсці, выхапіць кожны шанец і любую магчымасць для руху наперад. Ад Нацбанка я таксама чакаю больш актыўнага ўдзелу ў дадзеным працэсе. Гэта не мары, мы проста не можам сабе дазволіць скаціцца ўніз, таму што адтуль будзе вельмі складана падымацца. Наколькі гэта магчыма мы павінны ўтрымацца пры ўсіх праблемах у гэтым годзе».

«Новыя інвестыцыі — прыярытэт наступнай пяцігодкі»

Новыя інвестыцыі, заявіў Прэзідэнт, абвясцілі прыярытэтам наступнай пяцігодкі. Ён паставіў для банкіраў задачу папоўніць недахоп «доўгіх і танных грошай» для крэдытавання інвестпраектаў, асабліва з тэрмінам акупнасці 7–10 гадоў.

«Вы бачыце, што некаторыя краіны, у тым ліку расіяне, абмежавалі знешнія ліміты для беларускіх банкаў, таму найважнейшая задача Нацбанка — знайсці альтэрнатыўныя магчымасці прыцягнуць рэсурсы (пажадана знешнія і доўгія) для дыверсіфікацыі базы банкаў», — паведаміў Прэзідэнт.

Такія ж задачы — усім кіраўнікам банкаў.

«У вас павінна быць, як ва ўрадзе, дзе кожны адказвае персанальна, што прадаў на экспарт і колькі валютнай выручкі прынёс у краіну. Кожны банкір павінен персанальна адказваць, якія ён грошы прыцягнуў са знешніх рынкаў і на якіх лепшых умовах. Седзячы ў канторы Нацбанка, гэтага не зробіш. У вас павінны быць шырокія кантакты і не толькі з расіянамі, але і ў Еўропе, Амерыцы, Кітаі, іншых месцах для таго, каб прыцягнуць грашовыя рэсурсы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Штат у вашай структуры немалы, але, на жаль, нагляд праваліўся»

Такім чынам Прэзідэнт ахарактаразываў працу Нацбанка ў адносінах да «Безгазпрамбанка». На прыкладзе «Белгазпрамбанка» бачна, па меркаванні кіраўніка дзяржавы, што «працы непачаты край» у частцы барацьбы з адмываннем грошай. Па яго словах, старшыня праўлення і кіраўніцтва банка нясуць персанальную адказнасць за тое, што адбываецца ў камерцыйных банках.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пры прызначэнні старшыні праўлення ён папярэдзіў, што той адказвае за сітуацыю ў банкаўскім сектары: «Вам былі дадзеныя ўсе паўнамоцтвы і падтрымка аказвалася ўсебаковая. Тады пярэчанняў не было ні ў рыначнікаў, ні ў кансерватараў. Але да гэтага пытання мы яшчэ вернемся і не адзін раз».

«Гэтая сітуацыя павінна стаць урокам для абноўленага кіраўніцтва Нацбанка. Штат у вашай структуры немалы, але, на жаль, нагляд праваліўся, не спрацаваўшы на апярэджанне. Рабіце высновы, — заявіў беларускі лідар. — Мы праводзім паступовую, спакойную лібералізацыю фінансавага і валютнага рынкаў. Аднак паслабленні — гэта не ўсёдазволенасць», — сказаў Прэзідэнт.

Ён параіў абапірацца на міжнародныя стандарты, асабліва ў частцы барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму. Беларусь даражыць 21-м месцам у рэйтынгу ФАТФ (група распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай). Пры гэтым Расія знаходзіцца на 32-м месцы, Швейцарыя на 35-м, ЗША на 37-м, Кітай на 84-м.

Прэзідэнт загадаў развіваць лічбавыя тэхналогіі ў банкаўскай сістэме

На яго думку, банкі не павінны быць убаку ад сучасных тэндэнцый, а павінны стаць «лакаматывам інавацый», асабліва ў частцы лічбавізацыі.

«Па сутнасці, праз 5–10 гадоў ужо не будзе банкаў у класічным выглядзе. Трэба рыхтавацца цяпер», — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

Распрацоўкі рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій ужо запатрабаваныя швейцарскімі і амерыканскімі банкамі, таму ён даручыў Нацбанку шырэй задзейнічаць патэнцыял ПВТ на практыцы.

Усе пастаўленыя на сустрэчы задачы павінны знайсці сваё адлюстраванне ў абноўленым Банкаўскім кодэксе. Прэзідэнт папрасіў не зацягвайць з актуалізацыяй дакумента.

«Адказны за абнаўленне кодэксу памочнік Прэзідэнта Бельскі (Валерый — „Зв.“). Ён павінен узяць на кантроль гэту работу. І Банкаўскі кодэкс не павінен быць сам па сабе, а эканоміка Беларусі сама па сабе, развівацца ў тым кірунку, як ёй хочацца ў дужках. Банкаўскі кодэкс павінен адпавядаць жыццю і развіццю нашай эканомікі, жыццю нашых людзей», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.

Ад Нацыянальнага банка ён чакае рашучых крокаў па далейшым развіцці фінансавай сістэмы, падтрымцы рэальнага сектара эканомікі, узмацненні давера да нацыянальнай валюты і павышэнні абароненасці насельніцтва.

У канцы нарады Прэзідэнт агучыў прызначэнне на пасады намесніка старшыні праўлення Нацыянальнага банка Ілону Лядніцкую, членаў праўлення Алену Машніну, Дзяніса Горагляда, Дзмітрыя Міруна.


Ілона ЛЯДНІЦКАЯ, намеснік старшыні Праўлення Нацыянальнага банка расказала, што непасрэдна яна будзе курыраваць задачы па ўдасканаленні банкаўскага нагляду (перад усім у частцы процідзеяння легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам), банкаўскіх аперацый, іх лічбавізацыі для грамадзян і для эканамічных суб’ектаў.

Па словах Ілоны Лядніцкай, удасканаленні бухгалтарскага ўліку і пераход банкаўскай сістэмы на міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці дазволіць забяспечыць больш «адкрытую, празрыстую справаздачнасць».

Яна ўпэўнена, што сітуацыя з «Белгазпрамбанкам» не адлюструецца негатыўным чынам на пазіцыі Беларусі ў міжнародных банкаўскіх рэйтынгах.

«Я думаю, што мы дачакаемся вынікаў дзеянняў следчых органаў, і на падставе прынятых рашэнняў прааналізуем тыя вузкія месцы з пэўнымі органамі і прымем меры», — адзначыла спецыяліст.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.