Вы тут

Уладзiмiр Бокун: Якасць фiльма не звязана з бюджэтам, але нейкi бюджэт усё ж павiнен быць


З рэжысёрам i дырэктарам студыi гiстарычных фiльмаў «Майстэрня Уладзiмiра Бокуна» — уласна Уладзiмiрам Бокунам — мы размаўляем пасля скандалу, што ўзнік у кiнасферы. Некаторы час таму Мiнiстэрства культуры правяло адразу некалькi тэндараў на так званую закупку iгравых фiльмаў, што мы звыкла называем конкурсам кiнапраектаў, — адным словам, Мiнкульт паспрабаваў размеркаваць дзяржаўныя грошы на кiно. Вынiкi аказалiся даволi натхняльныя: меркавалiся быць экранiзаваныя кнiгi «Радзiва «Прудок» Андруся Горвата i «Сфагнум» Вiктара Марцiновiча, перамаглi праекты серыяла пра Уладзiмiра Мулявiна i маладзёжнага фiльма пра Аляксандра Мядзведзя, з рэжысёраў павiнны былi быць задзейнiчаны Андрэй Кудзiненка i Вiктар Аслюк. Але хутка ў МАРГ прыйшло некалькi скаргаў ад тых, хто не згадзiўся з вынiкамi тэндараў, i закупку «Прудка» са «Сфагнумам» раптам адмянiлi. «Майстэрня Уладзiмiра Бокуна», адзiн з самых пастаянных i актыўных гульцоў беларускай кiнасферы, таксама ўдзельнiчала ў конкурсе, але гэтым разам падтрымкi не атрымала. Пра фiнансаванне кiнасферы, акупнасць фiльмаў у пракаце, беларускую «Халодную вайну», аб'ектыўнасць гiстарычнага кiно i крыху пра падзеi апошняга часу — у размове са спадаром Уладзiмiрам.


— Як часта вы атрымлiваеце дапамогу дзяржаўнага бюджэту?

— Да нядаўняга часу наша студыя, а ёй ужо трынаццаць гадоў, амаль цалкам працавала па замовах беларускага тэлебачання, перш за ўсё канала АНТ, для якога ў рамках праекта «Адваротны адлiк» стварыла 319 фiльмаў. У пэўны момант, калi рэклама стала сыходзiць у iнтэрнэт i даходы тэлеканалаў упалi, грошай на такiя складаныя праекты не засталося. Адпаведна, сiтуацыя пагоршылася i для нашай студыi, летась мы нават аказалiся на мяжы закрыцця, таму сталi актыўна звяртацца да Мiнiстэрства культуры, дзе праз тое, што штат, якi адказвае за галiну кiно, змянiўся, адбылiся, як мне бачыцца, пазiтыўныя змены. Раней яно ў прынцыпе не ўспрымала нас як удзельнiка кiнапрацэсу i камунiкавала даволi адхiлена: уся ўвага была накiравана на «Беларусьфiльм». У апошнiя гады мы рэгулярна ўдзельнiчалi ў конкурсах кiнапраектаў, але нi разу нiчога не выйгралi — не таму, што нашыя заяўкi былi горшыя, а таму, што ўсе сродкi ад пачатку меркавалiся для кiнастудыi. Такiя правiлы гульнi, вядома, спараджалi творчую апатыю, прыватныя кампанii амаль не падавалi заяўкi на конкурсы, а супрацоўнiкi самога «Беларусьфiльма» разнявольвалiся — на тым жа «Летапiсе» з яго творчым патэнцыялам пытанне абнаўлення i крэатыву ў нейкi момант стала вельмi вострым. Але летась працэс зрушыўся з мёртвага пункта: мы атрымалi замову на адразу два дакументальныя фiльмы — пра Караля Чапскага i Васiля Каржа. Мы ўзялi грошы i з тымi бюджэтамi зрабiлi iгравыя карцiны. А сёлета на лот дэбюту, на якi з фiльмам паводле дэтэктыва «Акулярнiк» Катажыны Бонды падавалiся i мы, прэтэндавала адразу адзiнаццаць удзельнiкаў — гэта паказвае, што нешта змянiлася.

— А да мiнулага года колькi разоў вы карысталiся дзяржбюджэтам?

— За бюджэтныя грошы мы знялi работу «Мы, беларусы, — мiрныя людзi», дзе гаворка iдзе пра беларускiя менталiтэт i гiсторыю як аснову для таго, каб у 2015-м у Мiнску адбылася сустрэча «нармандскай чацвёркi», i фiльм пра Уладзiмiра Мулявiна «Пясняр. Сэрцам i думамi». Такiм чынам, усяго два праекты за тыя гады. Першую карцiну, дарэчы, мы паказваем дагэтуль — з «Кiнавiдэапракатам», з якiм, хоць i накiраваны на тэлевiзiйную аўдыторыю, нядаўна пачалi супрацоўнiчаць. Тры гады таму да нас звярнуўся магiлёўскi «Кiнавiдэапракат» з тым, што гледачам не хапае выразнага кiно пра беларускую гiсторыю, i прапанаваў паказаць нашы фiльмы, маўляў, калi пойдзе, дык пойдзе, — i пайшло. Цяпер у нас доўгатэрмiновыя дамовы з усiмi абласнымi сеткамi пракату, дзякуючы чаму мы атрымлiваем невялiкiя, але жыццёва важныя для студыi грошы.

— З-за вынiкаў апошняга размеркавання дзяржаўных грошай у кiнасуполцы разгарэўся скандал, што адрадзiў спрэчкi пра тое, якой павiнна быць сiстэма фiнансавання кiно. Якой вы яе бачыце?

— Я прыхiльнiк таго, каб фiнансаванне адбывалася праз як мага больш адкрыты конкурс — гэта правакавала б здаровую творчую канкурэнцыю. Сёння ж працэс праходзiць нават не як конкурс, а як закупка фiльма, што не прадугледжвае нi пiтчынгу, нi нейкiх сустрэч. Яшчэ ў савецкi час часопiс «Искусство кино» публiкаваў сцэнарыi нязнятых фiльмаў — думаю, не было б раскрыццём нейкай тайны, калi б удзельнiкi тэндараў таксама публiкавалi свае кiнапраекты ў прэсе, альбо, можа быць, пэўны тэлеканал запрашаў iх, каб тыя расказалi аб сваiх прапановах. Я па жыццi iдэалiст i рамантык: мне ўяўляецца тэлепраграма, на якую па чарзе прыходзяць удзельнiкi конкурсу i прадстаўляюць свой праект, апiсваюць драматургiчныя калiзii, раскрываюць закладзеныя ў фiльм iдэi, адказваюць на пытаннi. Тады б не толькi сябры камiсii пры мiнiстэрстве, але i гледачы прымалi ўдзел у адборы — гаворка ўсё ж пра нацыянальнае кiно. Такая схема выключыла б усякiя iнсiнуацыi, падазрэннi, абвiнавачваннi, што мелi месца пасля апошнiх тэндараў, i манаполiю «Беларусьфiльма», хоць я яго разумею: з-за прыватных кiнакампанiй студыя страчвае замовы i грошы, а наколькi ведаю, яна цяпер знаходзiцца ў складанай сiтуацыi. Тут няма простага рэцэпта, але варта было б раздзялiць фiнансаванне «Беларусьфiльма», калi вырашана, што ён павiнен у нас быць, i конкурс, адкрыты для ўсiх кiнагульцоў. У штаце маёй студыi тры чалавекi, i месцiцца яна ў трох пакоях, дзе мы стварылi амаль чатырыста работ, а ўявiце сабе расходы «Беларусьфiльма» — ён заведама не можа з намi канкурыраваць. Магчыма, у яго структуры трэба раздзялiць тэхнiчную частку i прадзюсарска-творчую, i першую фiнансаваць асобна.

— Вынiкi апошнiх тэндараў былi самыя цiкавыя за апошнiя гады, але кiнасуполка, можна сказаць, сама ўсё сапсавала...

— Не трэба прыраўноўваць меркаванне аднаго-двух чалавек да меркавання кiнасуполкi. Я — таксама кiнасуполка, а думаю iнакш, хоць i прайграў. Я мог стаць у позу, сказаць, якую вялiзную працу мы зрабiлi, i шмат наконт конкурсу напiсаць. Але я за «Радзiва «Прудок». Я добра ведаю задуму Аляксея Раковiча, матэрыял для экранiзацыi вельмi нязручны, мы гэта шмат прагаворвалi i пры першым падыходзе тры гады таму мне здалося, што рэжысёр не гатовы да здымак, а цяпер бачу — калi яму ўдасца вырашыць задачу, фiльм будзе вельмi цiкавы.

— Цi ёсць у вас уяўленне, якiя павiнны быць сувязi памiж студыяй, якая стала стварае гiстарычнае кiно, i дзяржавай, якая па вызначэннi зацiкаўлена ў яго iснаваннi?

— Калi мы скончылi «Адваротны адлiк», у нас да запуску быў гатовы праект «100 iмёнаў Беларусi», дзе ў стылiстыцы дакументальнай драмы мы хацелi расказваць пра выбiтных ураджэнцаў беларускай зямлi. Усе мае звароты ў высокiя iнстанцыi, што характэрна, падтрымлiвалiся абедзвюма рукамi, усе казалi, што так, гiстарычнае кiно вельмi патрэбна, так, студыя робiць карцiны высокага ўзроўню, так, стылiстыка дакудрамы тут аптымальная, але сiстэмнага рашэння пытання дагэтуль няма. За гэты час мы знялi чатырнаццаць фiльмаў праекта, i з iх нiводзiн, апроч двух апошнiх i стужкi пра Мулявiна, не фiнансаваўся з бюджэту. У якасцi крынiцы фiнансавання мы знаходзiлi ў першую чаргу прыватныя фонды. Фiльмы пра вучоных, напрыклад, Соф'ю Кавалеўскую, Якава Зельдовiча, Бенедыкта Дыбоўскага, здымалiся за кошт некамерцыйнага фонду «Навука вакол нас» — ён знаходзiцца ў Вялiкабрытанii i працуе за кошт беларускiх вучоных, якiя, у сваю чаргу, заклапочаны папулярызацыяй дасягненняў беларускай навукi. Без падтрымкi гэтага фонду два гады таму студыя спынiла б iснаванне.

Фота Чэслава СТАШКО.

— Наколькi часта вашы фiльмы акупляюцца i цi ёсць у нас увогуле ўмовы для таго, каб яны акуплялiся?

— У Беларусi складана казаць пра акупнасць. Мы спрабавалi пралiчыць варыянты — гэта павiнен быць вельмi маленькi бюджэт i вельмi вялiкi поспех у гледача, то-бок у прынцыпе магчыма, але малаверагодна. У нас акупiўся толькi фiльм «Мы, беларусы, — мiрныя людзi», а нават вядомы цыкл «Хронiкi Мiнскага гета», што паказваўся на тэлебачаннi ў Беларусi, Польшчы, Iзраiлi i ЗША, вярнуў менш за палову патрачаных сродкаў. Дарэчы, сярод пазiтыўных перамен у сiстэме дзяржаўнага фiнансавання ёсць адна дэталь: раней, калi студыя атрымлiвала грошы, мы падпiсвалiся на тое, што сто працэнтаў сродкаў ад рэалiзацыi фiльма пойдуць у бюджэт, цяпер жа, паводле дамовы з мiнiстэрствам, даходы ад пракату застаюцца ў стваральнiка, на развiццё. А возьмем польскае кiно, што для нас недасяжная велiчыня, зрабiць нешта накшталт «Халоднай вайны» цi «Божага цела» тут пакуль немагчыма. Калi я глядзеў «Халодную вайну», стаў плакаць — не ад таго, якiя там гiсторыя i характары, а таму што думаў: чаму мы не можам зняць нешта падобнае, там жа, здавалася б, нiчога надзвычайнага. Дык вось я запытаўся ў знаёмай прадзюсаркi з Польшчы, i аказалася, там акупляюцца таксама адзiнкi. У вераснi я спадзяюся пад слоганам «Беларускi характар» запусцiць у пракат альманах з дзвюх нашых iгравых карцiн — пра Iгнацiя Дамейку i Васiля Каржа. Абедзве зроблены на беларускай мове i абедзве расказваюць пра асоб з няпростым лёсам — паглядзiм, якую рэакцыю альманах выклiча.

— А чаму, як вы думаеце, з'яўленне нечага кшталту «Халоднай вайны» ў нас немагчымае?

— Маё тлумачэнне ненавуковае: тут няма творчага поля. Помню, у 1980-я заходзiў у абшарпаныя калiдоры «Беларусьфiльма», а там была «дзвiжуха», туды-сюды хадзiлi Пташук, Рубiнчык, Нячаеў, гэта было нейкае варыва, дзе з'яўлялася добрае кiно. У нас сёння ёсць здольныя рэжысёры, адзiн-два, i ёсць сцэнарысты, таксама адзiн-два, чаму няма кiно — вiдаць, зоркi не сышлiся. Хоць аб'ектыўна няма i не можа быць ключавой фiгуры — паўнавартаснага прадзюсара, якi працуе толькi ў гэтай сферы. Тым не менш у мяне ўзнiкла адчуванне, што мы знаходзiмся на парозе нейкага прарыву — асаблiва пасля конкурсу дэбютаў, на якi падалося адзiнаццаць хворых на галаву, бо ўсе разумеюць нашу сiтуацыю, але амбiцыёзных людзей. Спадзяюся, хутка мы ўбачым, што атрымалася з «Купалам», — можа быць, прарыў ужо здарыўся, а мы не ведаем.

— Вы часта выбачаецеся за недасканаласцi фiльмаў сваёй студыi, што ўзнiклi праз нiзкi бюджэт. Як абмежаванасць у сродках уплывае на кiно?

— Нiяк. Можна ўбухаць вялiзныя грошы i атрымаць «пшык» (такiя прыклады ёсць у нашай нядаўняй гiсторыi), а можна зрабiць недарагi, але генiяльны фiльм, як, скажам, «Мужчына i жанчына», зняты Клодам Лелушам, якi за ўсё жыццё не здолеў стварыць нiчога лепшага — вось драма рэжысёра. Калi грошай, магчымасцяў i нiчога няма, але вельмi хочацца, пачынаеш прыдумваць, i прыдумкi не тое каб кампенсуюць нiзкi бюджэт, але прынамсi даюць кiно цiкавыя рашэннi. У «Адваротным адлiку» мы рабiлi сапраўды, я лiчу, вартыя гiстарычныя фiльмы, а 26-хвiлiнная карцiна стваралася за восем тысяч рублёў. Калi мы здымалi «Хронiкi Мiнскага гета», людзi прыходзiлi i дапамагалi нам бясплатна. Якасць фiльма не звязана з бюджэтам, але нейкi бюджэт усё ж павiнен быць.

— А калi казаць канкрэтна пра вашу студыю?

— Мы працуем з гiстарычным кiно, а тут важная даставернасць, перш за ўсё, вядома, у самiм матэрыяле, але таксама ў дэталях — iнтэр'ерах, дэкарацыях i касцюмах, узнавiць якiя, нават нядаўнiх перыядаў, шмат каштуе. Каб усё было пераканаўча, патрэбны паўнавартасны бюджэт, таму ў нашых фiльмах нават дзецi i падлеткi часам адзначаюць недакладнасцi, маўляў, герой выходзiць са старой машыны, а на фоне — сучасная архiтэктура. За такiя недасканаласцi я сапраўды перад гледачом выбачаюся. У цэлым фiльм складаецца з некалькiх цаглiнак, якiя закладваюць сцэнарыст, рэжысёр, аператар, мантажор цi кампазiтар. Я заўсёды кажу, што сцэнарый павiнен быць такой якасцi, каб нават калi замест цэглы рэжысёра будзе дзюрка, аператар здыме дрэнна, мантажор няважна зманцiруе цi здарыцца што яшчэ, карцiну будзе ўсё роўна цiкава глядзець.

— Вы кажаце пра важнасць даставернасцi, а цi магчымая ў гiстарычным кiно аб'ектыўнасць?

— Не стамляюся паўтараць нашым аўтарам, што ў фiльме катэгарычна забароненыя асабiстыя заключэннi. Мы даём гледачу матэрыял, дакументы, сведчаннi аб падзеях жывых людзей, але нiколi не канстатуем, скажам, добры Цанава цi дрэнны. Калi мы за гледача робiм завяршальныя вывады, ён перастае думаць, а трэба наадварот — даваць пажытак для розуму. Без гэтага прынцыпу нас з нашым гiстарычным кiно ўжо даўно б закрылi, а нават з такiм падыходам, помню, на тэлебачанне прыйшоў лiст ад паважанага ваенна-гiстарычнага органа, якi пачынаўся фразай: «Iдэалагiчны вораг прабраўся ў рады тэлеканала...» Гэта быў водгук на фiльм пра спробу ў 1943 годзе прарваць лiнiю абароны, што называўся «Баграцiён», якi не ўдаўся», i ў лiсце пiсалi: «Як «Баграцiён» мог не ўдацца?» У нас атрымлiвалася выходзiць з такiмi неадназначнымi тэмамi, як Армiя Краёва, Слуцкае паўстанне, Заходняя i Усходняя Беларусь — проста мы нiколi не рабiлi «разумных» заключэнняў, задавалi пытаннi i дазвалялi гледачу адказаць на iх самастойна.

Гутарыла Сафiя ПАЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».