Вы тут

Навіны спорту


Беларускiя лёгкаатлетычныя гульнi

Менш за два тыднi застаецца да галоўнага старту гэтага лета — чэмпiянату Беларусi па лёгкай атлетыцы, якi трэцi раз пройдзе на Нацыянальным алiмпiйскiм стадыёне «Дынама». Форум адбудзецца з 31 лiпеня да 2 жнiўня пад назвай «Беларускiя лёгкаатлетычныя гульнi» i збярэ найлепшых атлетаў нашай краiны ў сектарах i на бегавых дарожках. Спаборнiцтва будзе напоўнена нацыянальным каларытам, а ўсе прысутныя на стадыёне атрымаюць магчымасць акунуцца ў атмасферу беларускай старажытнасцi.

Арганiзатары падрыхтавалi мноства сюрпрызаў i навiн для беларускiх балельшчыкаў. Напрыклад, у рамках гэтага рэспублiканскага старту пройдуць эстафетныя забегi 4 х 400 метраў для карпаратыўных камандаў, а таксама змешаная сямейная эстафета для ўсiх ахвотных. Удзельнiкi будуць акрэдытаваны як прафесiйныя спартсмены, атрымаюць унiкальныя нагрудныя нумары i будуць змагацца за медалi i спецыяльныя прызы ў прамым эфiры аднаго з вядучых тэлеканалаў краiны. Для ўдзелу ў карпаратыўнай эстафеце можна заявiць мужчынскую (чатыры чалавекi), жаночую (чатыры чалавекi) або змешаную (два мужчыны, дзве жанчыны) каманду на забег 4 х 400 метраў. Адзначым, што ўсе ўдзельнiкi павiнны быць старэйшыя за 18 гадоў.

У заключны дзень чэмпiянату Беларусi пройдуць сямейныя эстафетныя забегi, удзел у якiх могуць узяць тры чалавекi: тата, мама i дзiця ва ўзросце 4—6 гадоў. У гэтай эстафеце тата павiнен будзе пераадолець дыстанцыю 200 метраў, мама — 150, а самы юны ўдзельнiк завершыць забег 50-метровай дыстанцыяй. Па вынiках усiх забегаў будуць вызначаныя тры самыя хуткiя каманды.

Знайсцi падрабязную iнфармацыю i зарэгiстравацца на гэтыя забегi можна на афiцыйным сайце Беларускай федэрацыi лёгкай атлетыкi.


«Зубры» пачалi падрыхтоўку да сезона

На цяперашнi момант ростар мiнскага «Дынама» знаходзiцца ў стадыi фармiравання, кантракты з многiмi хакеiстамi ўжо падпiсаныя, з некаторымi гульцамi перамовы знаходзяцца ў фiнальнай стадыi.

Тым не менш падрыхтоўку каманда пачала ў бягучым складзе: у сувязi з каранавiрусам шэраг замежных хакеiстаў не здолеў прыляцець у Беларусь да пачатку збору, аднак iх прыбыццё чакаецца з дня на дзень. Разам з тым Франсiс Парэ, Дэнi Тэйлар i Дамiнiк Фурх ужо далучылiся да каманды. Днямi кантракты з клубам падпiсалi Iлья Шынкевiч, Аляксандр Паўловiч i Iван Драздоў. Iлья Усаў i Уладзiслаў Суркоў заключылi пробныя пагадненнi.

У сувязi з сусветнай эпiдэмiяй каранавiруса план падрыхтоўкi быў скарэкцiраваны. Так, былi адменены запланаваныя спарынгi з чэлябiнскiм «Трактарам» i мiжнародны турнiр у Нур-Султане. Цяпер трэнерскi штаб клуба прапрацоўвае iншыя варыянты таварыскiх матчаў.

Ранiцай 14 лiпеня хакеiсты здалi тэст на COVID-19, а ўжо на наступны дзень прыйшлi здаваць тэсты па фiзпадрыхтоўцы. У блiжэйшы час каманда будзе працаваць у рэжыме трохразовых трэнiровак — лёд, трэнажорная зала i «зямля». Пры гэтым вырашана прыняць супрацьэпiдэмiялагiчныя меры i iзаляваць каманду на час вучэбна-трэнiровачных збораў. Такiм чынам, жыць «зубры» будуць у закрытым ад староннiх загарадным комплексе, а трэнiравацца ў рэжыме абмежаванага доступу староннiх на «Мiнск-Арэне».

Адзначым, што старт продажу абанементаў i бiлетаў на сезон пакуль адкладаецца. Кiраўнiцтва клуба чакае публiкацыi календара матчаў рэгулярнага першынства, каб зразумець фармат правядзення турнiру i колькасць паядынкаў, а таксама вывучыць рэкамендацыi па прадухiленнi распаўсюджвання вiруса COVID-19, якiя КХЛ разаслала клубам-удзельнiкам.


«Бiтва гарадоў»

Пад такой назвай 18—19 лiпеня на адкрытай летняй пляцоўцы па вулiцы Ляшчынскага, 8 у Мiнску пройдзе турнiр па функцыянальным мнагабор'i сярод аматараў i прафесiяналаў.

«Бiтва гарадоў» — гэта мерапрыемства з сучасным поглядам на спорт, дзе няма перашкод для самарэалiзацыi, заяўляюць арганiзатары. У iм возьмуць удзел 68 спартсменаў, 14 камандаў — мужчыны i жанчыны, якiя займаюцца функцыянальным шматбор'ем больш за паўгода, пакажуць сваё майстэрства i будуць змагацца за званне самай моцнай i падрыхтаванай каманды.

Сярод удзельнiкаў — зоркi шматбор'я з Беларусi i Расii: Мiкiта Юндаў, Вольга Афанасьева, Максiм Макараў, Эраст Палкiн, Аляксандр Iльiн.


Беларусы выступяць на I Гульнях краiн СНД

Каля 300 спартсменаў з нашай краiны возьмуць удзел у турнiры, якi пройдзе ў Казанi з 4 верасня

— Беларуская дэлегацыя будзе налiчваць каля 390 чалавек, у тым лiку трэнераў, урачоў, суддзяў, адмiнiстрацыйны апарат, — адзначыў мiнiстр спорту i турызму Беларусi Сяргей Кавальчук.

Для правядзення Гульняў у Казанi задзейнiчаюць 14 спартыўных аб'ектаў, большасць з якiх былi пабудаваныя да Унiверсiяды 2013 года. Мяркуецца, што ў спаборнiцтвах па 22 вiдах спорту возьмуць удзел атлеты ва ўзросце ад 14 да 23 гадоў. У праграму ўключаныя баскетбол (3х3), бокс, валейбол (пляжны), настольны тэнiс, мастацкая гiмнастыка, воднае пола, дзюдо, бадмiнтон, плаванне, спартыўная барацьба, самба, фехтаванне, футбол (мiнi-футбол), барацьба на паясах, курэш, каратэ, танцавальны спорт, армрэслiнг, мас-рэслiнг, гiравы спорт, тайскi бокс, шахматы.

Беларускiя атлеты выступяць у 20 вiдах. Плануецца разыграць каля 280 камплектаў медалёў.

Дар’я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.