23 верасня, серада

Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


I смех i грэх

solbisco.com

Што праўда, тое праўда: у гарадах цяпер шмат хто гадамi, а то i дзесяцiгоддзямi, жыве з людзьмi ў суседстве i амаль нiкога не ведае — хiба ў твар.

Нам у гэтым сэнсе «пашчасцiла»: не паспелi мэблю ў кухнi развесiць, як са столi ў куце закапала, а потым яшчэ i пацякло: нас затапiлi.

У такiх выпадках хоць-нехаць пазнаёмiшся з суседзямi.

Такiм чынам, над намi, на пятым паверсе, жыве сям'я ў складзе бабулi Цiмафееўны (ёй цяпер, мусiць, добра за 80?), яе дачкi Зоi, зяця Вiктара i ўнучкi Наташы.

Якраз з ёй мы нядаўна ў гастраноме сустрэлiся, у чарзе да касы стаялi, гаварылi, як водзiцца, аб тым, што хвалюе.

...Наташа пачала з таго, што цяпер яны ў кватэры ўдзвюх з бабуляй засталiся, што бацькi яшчэ ў сакавiку з'ехалi на дачу, у так званую самаiзаляцыю. (Мацi, маўляў, прызнала, што калi да яе iнфарктаў яшчэ i вiрус, то з хаты сама ўжо не выйдзе — выносiць давядзецца...). А вось бабуля пакуль што з iмi не паехала — засталася дома.

...У тую ранiцу яна яшчэ моцна спала. Наташа ўстала першая, пайшла на кухню, набрала з крана вады i скрывiлася: пах быў, мякка кажучы, не з прыемных. «I чым гэта бабуля посуд памыла?» — падумала ўнучка i тут жа стала перамываць — кубкi, талеркi...

Часу на гэта ў яе бракавала (бо на работу ж трэба), а яшчэ меней... толку, бо пах чамусьцi не сыходзiў, а наадварот, узмацняўся: нейкай брыдой стала несцi не толькi ад посуду, але i ад губкi, якой яна карысталася, ад уласных рук.

Давялося схадзiць у ванны пакойчык, узяць усё новае, яшчэ раз «прайсцiся» па талерках...

I зноў нiчога не зразумець, бо пах не знiкаў. «Значыць, справа не ў мыйных сродках? Не ў губцы i не ў бабулi? — рабiла высновы ўнучка. — Тады ў чым? Цi... у кiм?»

Ад здагадкi Наташа аж села: «Што там пiсалi пра каранавiрус? Ага, што чалавек, захварэўшы на яго, не адчувае паху?.. Ё-маё, — спужалася жанчынка, — дык гэта ж пра мяне, бо адчуваю толькi адзiн... Няўжо падчапiла?

Але ж дзе? Ад каго заразiлася? З кiм калi сустракалася? Каго магла заразiць сама? I што будзе далей? Хто прыгледзiць за бабуляй? Хто будзе ездзiць на дачу i вазiць прадукты бацькам? Што ўрэшце рабiць самой — вось зараз?..»

Пад цяжарам гэтых зусiм нечаканых праблем у Наташы ўзмакрэла спiна. «Трэба, — падумала, — змераць тэмпературу». Да ўсяго ёй нясцерпна захацелася пiць...

I добра, што бабуля трымае ў кухнi графiн...

Наташа налiла ў шклянку вады, паднесла да вуснаў i...

Ура: вада ў ёй пахла... вадою! А далей — «метадам спроб» — духi духамi, герань — геранню, шампунь — крапiвой! Значыць, не ўсё так дрэнна?!»

Шчаслiвая ад гэтай думкi, Наташа неяк сабралася на работу i выбегла з кватэры...

Па лесвiцы, насустрач ёй, крочыў сусед з дзвюма бутлямi вады з крамы.

— З кранаў нешта незразумелае сёння цячэ, — сказаў Наташы. — У санстанцыю i «Водаканал» ужо многiя пазванiлi. Там сказалi, што будуць разбiрацца. А пакуль во — з магазiна нясу».

Збегала туды i Наташа: купiла вады (пад абед яе ў бочках у двор прывезлi), прыказала бабулi, каб пад кранам нават рукi не мыла.

...Былi, карацей, «прыгоды» з вадою ў двух раёнах сталiцы, у канкрэтных дамах i кватэрах.

Суседка расказала мне пра свае, дзякуй богу — са смехам.

А. Клiмковiч, г. Мiнск


Яго звалi Мiша

fazarosta.com

...З дзяцiнства марыла: вось вырасту, скончу iнстытут i тады зажыву каралеўнай. Буду мець свой дом цi кватэру (гэта не вельмi важна)... Важна, што там будзе свая багатая бiблiятэка i, вядома ж, каханы прынц...

Ён, як гэта часта здараецца, не дачакаўся, пакуль я вырасту: з'явiўся куды раней.

Мне было ўсяго 14, i ў нас у Вiцебску афiцыйна адкрываўся парк. Падрыхтоўка да гэтай падзеi пачыналася загадзя: садзiлiся дрэўцы на беразе Дзвiны, стваралiся скульптуры жанчыны з вяслом i вясёлых мядзведзiкаў, будавалася лодачная станцыя, танцпляцоўка...

А побач з ёй напярэдаднi з дошак скалацiлi сцэну, i ўжо адтуль на ўсю моц грымела музыка, гучалi песнi, байкi, вершы, паказвалi сваё майстэрства танцоры i фокуснiкi. Але ж самае галоўнае было не гэта: стоячы сярод дзяўчат, я заўважыла, што ў мой бок пазiрае ну такi прыгожы хлапчук...

З гэткай радасцi (i, вядома ж, каб «з усiх бакоў паказацца»), я стала гучней смяяцца, рабiць нейкiя заўвагi наконт няўдалых нумароў канцэрта, адбiваць далонькi пасля ўдалых... Сяброўкi мяне з ахвотай падтрымалi, i...

Справа была зроблена: той хлапчук падышоў да нас, мы разам сталi глядзець канцэрт, прычым ён таксама час ад часу казаў, што гэтую байку (тады яны часта гучалi са сцэны) трэба чытаць iнакш...

Вось так мы сустрэлiся з Мiшам. Ён вучыўся ў iншай школе, але гэта нам нiколькi не перашкаджала. Мы сталi сустракацца, абмяркоўваць школьныя справы, адзнакi, кнiгi, катацца на лодцы, хадзiць у кiно (тэлевiзараў яшчэ не было)... Мiша мне вельмi падабаўся, i я, што называецца, аж са скуры лезла — старалася спадабацца яму — як Чэхаў пiсаў, i тварам, i адзеннем, i душой, i думкамi.

А палёт iх тады быў вельмi высокi!

Я ў той час хадзiла ў гурток мастацкага чытання, сама трохi пiсала вершы i на кожнай сустрэчы чытала iх Мiшу. Да таго ж пастаянна нешта расказвала, каб паказаць, якая я — нi больш нi менш — найлепшая!

I чым болей я гэта рабiла — выступала, узвышала сябе — тым нейкiм «нiжэйшым» i цiшэйшым рабiўся Мiша.

А ўрэшце ён аднойчы мне выдаў: «Слухай, ты такая таленавiтая, такая разумная... А я? Я — нiхто ў параўнаннi... Просты смяротны. Мы не пара з табой. Прабач».

Сказаўшы так, Мiша... пайшоў! I пайшоў... назаўсёды.

Дурняў, кажуць, i ў царкве б'юць. Правiльна робяць! Абы паразумнелi.

...Праз гады ўжо iншы хлопец, якi вельмi хацеў мне спадабацца, спытаў:

— Слухай, я табе столькi пра сябе расказаў. А ты ўсё маўчыш i маўчыш. Чаму ты такая скрытная?..

Што мне было адказаць? Што мне ўжо трохi больш за 14? Што я такi падрасла i, вiдаць, крыху паразумнела?

(Ну сапраўды: не расказваць жа яму пра маё першае школьнае каханне? Пра тое, што яго звалi Мiша?)

З. М.  Глыбоцкi раён


Паслухмяная дачка

Kostroma.today

Праўду кажуць: што нi хата, то свой комiн (i ў працяг — што нi шафа — свой шкiлет).

Я здаўна i вельмi добра ведала гэтую сям'ю, шчыра паважала гаспадыню, абод-
вух гаспадароў, дзяцей... I толькi цяпер пачула, што не ўсё там было так проста.

Але ж па парадку.

У адным невялiкiм нашым гарадку жыла звычайная маладая пара, гадавала дваiх дзяцей. А потым скуль нi вазьмiся хвароба... I галоўнае, як яны з ёй нi змагалiся, чаго нi рабiлi — а справiцца не змаглi: засталася жанчына ўдавой.

Ёй, вядома ж, цяжка было, але рук не апусцiла, хiба што грубаватая трохi зрабiлася, не па гадах суровая... Што, як нi дзiўна, нават болей вабiла мужчын. Бо гэта ж не нейкая там шалахвостка цi «развядзёнка», а сур'ёзная жанчына, удава — дагледзела хворага мужа, адна гадуе дзяцей...

Словам, закахаўся ў яе адзiн малады, працавiты, прыгожы хлопец, настойлiва заляцаўся i праз нейкi час дамогся свайго: стаў законным мужам i бацькам для сiрот (нават лепшым, людзi казалi, чым асобныя родныя)... А ўжо як свая дачушка з'явiлася — дык на сёмае неба ўзляцеў!

Песцiў малую — сваю крывiначку, але i на «чужых» нi голас не павышаў, нi папругай не страшыў — лiчыў, што права не мае, ды i «што ж тады людзi скажуць?»...

А вось мацi з дзецьмi па-ранейшаму строгай была, усiх прывучала да працы i да парадку...

Хоць Аню, старэйшую, як быццам i не трэба было: яе змалку ў прыклад ставiлi i дома, i ў школе, бо выдатнiца, акуратыстка. I ва ўсiм паслухаецца. I зробiць што нi скажы...

Так яно было: равеснiцы ўжо пра свае «любовi» расказваюць, а яна толькi вочкамi лыпае. Яны ўсiм класам на дыскатэкi бегаюць, а ёй нельга — не можа аслухацца бацькоў, хоць у самой аж пяты гараць: музыка на ўвесь гарадок, вясна... Ну як тут утрымацца?

Рызыкнула раз (дзе адзiн, там i два... Там тры ды чатыры...): усе палеглi спаць, а яна — у акно i на танцы. Сястрычцы, каб не выдала (у iх ложкi побач), паабяцала «чаргу адбыць»: замест яе i посуд памыць, i ў кватэры прыбраць... (Абедзвюм, выходзiць, выгада, бацькi ўжо i малую нахвальваюць: бач, падрасла, усяму навучылася...)

Вось так праляцелi вясна ды кароткае лета — пачалiся заняткi ў школе. Апошнi год, выпускны... Тут ужо не да танцаў.

...Карацей, можа, бацькi i не ведалi б, што яны, тыя танцы, былi, калi б мацi не «развяла» чарговае мыццё ды перад iм не праверыла кiшэнi ў Анюцiных джынсах i не дастала адтуль паперку, якая аказалася сапраўднай «бомбай»: квiтанцыяй... з выцвярэзнiка (?!) на 15 рублёў... I на ёй — чорным па белым — прозвiшча, iмя ды iмя па бацьку Анi (?!), яе хвалёнай, яе паслухмянай дачкi.

У мацi спачатку нейкi ступар быў, нявер'е, потым — слёзы, крык ды сапраўдны допыт. I невядома яшчэ, чым бы ён скончыўся, калi б за дачку не заступiўся бацька, калi б тая сама ва ўсiм не прызналася, не расказала — шчыра, як на духу — i пра вылазкi на дыскатэкi, i пра тое, як у сяброўкi на дзень народзiнаў яны выпiлi трохi вiна, вечарам выйшлi на вулiцу, дзе iх, усю кампанiю, «замялi» ў выцвярэзнiк... Адтуль i ў той самы вечар дзяўчат забрала мацi iмянiннiцы, яна ж заплацiла штраф... А грошы Аня ёй аддала — сваiмi, з тых, што зарабiла на ягадах.

...Добра ўсё, што добра канчаецца: мацi тады адпаiлi валяр'янкай (бацька таксама яе хлебануў), а дзецi iх на свае вочы ўбачылi, што ўсё таемнае становiцца яўным.

I ўсё дрэннае таксама, на жаль, нiдзе не знiкае — застаецца ў памяцi. Часам — на ўсё жыццё.

Л. Чыгрынава, г. Мiнск

Прэв’ю: flickr.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

Гімнаст Андрэй Ліхавіцкі: Зараз акцэнт робіцца на складанасці элементаў, таму гімнасты цяпер больш масіўныя і мускулістыя

Гімнаст Андрэй Ліхавіцкі: Зараз акцэнт робіцца на складанасці элементаў, таму гімнасты цяпер больш масіўныя і мускулістыя

Андрей Ліхавіцкі — прыклад таго, што геаграфічныя межы спорту не перашкода. Чаму?

Грамадства

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску ў Індустрыяльным парку «Вялiкi камень» з грандыёзным размахам.