Вы тут

Што хвалюе жыхароў Гомельшчыны?


Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка правёў прамую тэлефонную лінію для жыхароў рэгіёна. Звароты грамадзян прымалі ў аблвыканкаме. За дзве гадзіны на прамую лінію да памочніка Прэзідэнта паступіла больш за два дзясяткі званкоў з розных куткоў вобласці.


Гамяльчанін Віктар Васілевіч паскардзіўся, што яшчэ ў маі атрымаў ключы ад кватэры ў новабудоўлі на вуліцы Пенязькова, але святла ў доме няма да гэтага часу. Самотны пенсіянер Дзмітрый Міхайлавіч прасіў растлумачыць, як па ўсіх правілах атрымаць сацыяльнае жыллё. Мужчына прызнаўся, што жыве ў інтэрнацкім пакоі, яму прапануюць выпісацца і перавесці атрыманае арэнднае жыллё ў статус сацыяльнага.

— Баюся застацца каля разбітага карыта і згубіць усё, — папрасіў парады пенсіянер і атрымаў аператыўную інфармацыйную падтрымку.

Яшчэ адна жыхарка Гомеля Таццяна Віктараўна звярнулася з просьбай разабрацца ў законнасці прыбудовы ў доме па вуліцы Жаркоўскага. Жанчына жыве па першым паверсе, але, з яе слоў, сонца ў вокны не заглядвае ўжо чатыры гады. Зацяняе кватэру лоджыя, якую прыбудавалі суседзі зверху. У адміністрацыі раёна жанчыне растлумачылі, што ёсць праект і дазвол на будаўніцтва, а згода іншых жыхароў не патрабуецца. Між тым дадзена даручэнне разабрацца ў аб'ектыўнасці звароту гамяльчанкі.

На адрас аднаго з абанентаў прамой тэлефоннай лініі Юрый Шулейка паабяцаў выехаць асабіста. Жыхарка вуліцы Гогаля ў Гомелі паскардзілася на падтапленне яе зямельнага ўчастка падчас дажджу. Прычына — у розніцы вышынь з суседнімі домаўладаннямі.

Прыпынак грамадскага транспарту ў аграгарадку Краснае Гомельскага раёна будзе ўсталяваны да канца жніўня. Вычарпальны адказ на свой зварот атрымала жыхарка населенага пункта Любоў Супічэнка, якая ўжо раней задавала гэтае пытанне.

Паўторна звярнулася на прамую лінію і шматдзетная маці з Раманавіч. Раней яна прасіла пасыпаць друзам дарогу, бо аўтамабілі падымаюць пыл. Як растлумачыла жанчына, просьбу выканалі часткова: пасыпалі толькі невялікі ўчастак побач з яе домам. Шматдзетная мама таксама прасіла ўладкаваць штучную няроўнасць каля стадыёна. Пытанні ўзятыя на кантроль, дадзены распараджэнні канкрэтным адказным асобам.

У тэрміновым парадку неабходна разабрацца і ў сітуацыі інваліда-калясачніка — жыхара пасёлка Піянер, які некалькі гадоў дамагаецца атрымання кватэры на першым паверсе.

У размове з журналістамі пасля заканчэння прыёму Юрый Шулейка адзначыў:

— Усе ўзнятыя тэмы аб'ектыўныя. Адны з іх патрабуюць тлумачэння, іншыя — разгляду з выездам на месца і прысутнасці ўсіх бакоў. На жаль, яшчэ ёсць пытанні, якія не вырашаюцца на працягу доўгага часу, хоць людзі звярталіся да мясцовых улад. Адказы на звароты не могуць быць палавіністымі, па кожным неабходна прымаць вычарпальныя рашэнні.

Памочнік Прэзідэнта адзначыў, што ў агучаных праблемных пытаннях ёсць момант зацягвання справы:

— Звярнулася сям'я з Ельска, у якой згарэў дом пасля работ па газіфікацыі. Гэта недапрацоўка органаў, якія павінны даць заключэнне аб вінаватых і кампенсацыі шкоды, каб маладая сям'я магла працягнуць рамонт жылля. На жаль, ёсць шэраг пытанняў, якія не вырашаны мясцовымі ўладамі. Дадзена даручэнне разабрацца і прыняць канчатковае рашэнне.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Прэв’ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.